Грані пераемнасці

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Аб'ёмны тэкстыль, які пакуль не сустрэнеш ва ўжытку
У сталічнай арт-гасцёўні “Высокае месца” працуе выстава работ выхаванцаў кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яна называецца “Грані” і мае мэтай прадставіць грамадзе творчы патэнцыял маладога пакалення і выразныя магчымасці сучаснага тэкстылю. Выстава з’яўляецца чыннікам праграмы святкавання 40-годдзя факультэта дызайна і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ.

Па экспазіцыі відаць, што насамрэч існуе беларуская школа тэкстылю, і новыя тэхналогіі ў спалучэнні з рэаліямі глабальнага кшталту не выціскаюць нацыянальную традыцыю на перыферыю культурнага жыцця. Наадварот, у правільных руках новы інструментарый надае новую выразнасць традыцыйным каштоўнасцям. У экспазіцыі, у прыватнасці, прадстаўлены распрацоўкі касцюма ў народным стылі, дзе гарманічна спалучаны эксклюзіўнасць і ўласцівы беларускай ментальнасці дэмакратызм. Уражвае майстэрскае выкарыстанне маладымі мастакамі ў сучасным кантэксце нашай выпрацаванай стагоддзямі стылістыкі і адвечных форм беларускай прыроды. Пэўная тэатралізаванасць не супрацьпастаўляецца побытавай завядзёнцы, не глядзіцца дысанансам функцыяналізму рэчаіснасці, а ўспрымаецца як памкненне зрабіць свята для душы тым, для каго тое адзенне прызначана, і тым, каму гэтыя людзі будуць радаваць вока.

Будучыя спецыялісты па мастацкім тэкстылі сёння павінны ўмець працаваць не толькі ў традыцыйных тэхніках габелену і батыку, якія паводле функцыі можна параўнаць са станковым жывапісам — бо месца ім на сцяне. Яны мусяць навучыцца ствараць і аб’ёмныя кампазіцыі. А гэта ўжо на мяжы з дэкаратыўнай пластыкай, прызначанай для эстэтычнай арганізацыі трохмернай прасторы. “Скульптуры” з тканін могуць у пэўнай сітуацыі рабіць гэта не горш за скульптуру з керамічных ці больш трывалых матэрыялаў. Узоры такога мастацтва складаюць немалую частку экспазіцыі. Сярод іх ёсць аб’екты, на маю думку, вартыя музейных залаў.

Але сёння ў Беларусі аб’ёмны тэкстыль наўрад ці можа прэтэндаваць на статус мастацкай з’явы. Гэта спецыялізацыя ў нас даволі маладая, школа з адметнымі стылёвымі і сэнсавымі чыннікамі яшчэ не склалася. Ёсць хіба асобныя мастакі, якія плённа ў ёй працуюць. Ды і грамадская запатрабаванасць у аб’ёмным тэкстылі пакуль што не надта вялікая, каб не сказаць, што яе ўвогуле няма. Такія аб’екты не сустрэнеш ні ў грамадскіх інтэр’ерах, ні ў офісных памяшканнях. Замоўцы, — і прыватныя, і тыя, што прадстаўляюць дзяржаву, — арыентуюцца на больш традыцыйныя формы мастацтва. Фактычна аб’ёмны тэкстыль не выйшаў яшчэ за межы выставачных залаў.

Яшчэ запомніліся выкананыя студэнтамі копіі фрагментаў славутых габеленаў. Гэта вучэбнае заданне. Тэхніка копій адпавядае той, у якой вытканыя арыгіналы. У экспазіцыі прадстаўлены і такі чыннік навучальнага працэсу, як засваенне сусветнай культурнай спадчыны.

Выстава “Грані” пераканаўча даводзіць, што ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у наяўнасці пераемнасць пакаленняў і творчых прынцыпаў. Нездарма сёння на кафедры касцюма і тэкстылю выкладаюць мастакі, якія сорак гадоў таму самі былі яе студэнтамі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"