Збіральніца нясвіжскіх скарбаў

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

А што ёсць скарб? Пэўна, не толькі грошы, ювелірныя вырабы, шыкоўная мэбля, карціны і кнігі, якіх так шмат мелася калісьці ў Нясвіжскім замку. Скарб — гэта яшчэ і веды, гістарычная памяць.

/i/content/pi/cult/109/138/st23_1.jpgМінула крыху больш за год, як пайшла з жыцця вядомая нясвіжская краязнаўца, у свой час і вядомая ў нашым горадзе настаўніца, грамадская дзяячка Клаўдзія Шышыгіна. Аб яе заслугах перад горадам узгадвалі падчас мітынгу з нагоды ўстаноўкі на доме, дзе жыла Клаўдзія Якаўлеўна, мемарыяльнай дошкі. Вялікую падборку матэрыялаў надрукавала раённая газета.

…З гадамі пачынаеш заўважаць, як хутка бяжыць час. Людзі, падзеі, новыя мясціны. Кожны з нас імкнецца чаго-небудзь дабіцца ў гэтым жыццёвым віры: пакінуць пасля сябе добрыя справы, адметны след, вядомае імя. Прыемна, калі ўсё заўважана і ацэнена пры жыцці. Але здараецца, што чалавека ўжо няма, і толькі тады пачынаеш усведамляць, што больш не пройдзе побач, не павітаецца, не ўсміхнецца. Нервова схамянешся: хацелася яшчэ і аб тым пагаварыць, пра гэта запытацца, абмеркаваць нейкую ідэю.

Так здарылася і са мною. Каля 20 гадоў ведала Клаўдзію Якаўлеўну Шышыгіну. Звярталася за кансультацыямі, калі яна ўжо выдала некалькі сваіх кніг пра гісторыю горада, каб дапамагла з матэрыяламі для дыпломнай работы. Шышыгіна была нават трошкі здзіўлена, што нехта яшчэ ў Нясвіжы глыбока цікавіцца гарадской гісторыяй. У 80-ых гадах і пачатку 90-ых краязнаўчая тэма яшчэ толькі прыйшла ў рух. Але паступова мы знайшлі агульную мову, і Клаўдзія Якаўлеўна стала дзяліцца выданнямі на польскай мове, многае дазваляла цытаваць са сваіх работ. Цікава распавядала пра свае пошукі звестак аб Радзівілах, іншых знакамітасцях Нясвіжа ў архівах, Нацыянальнай бібліятэцы, музеях Санкт-Пецярбурга, пра тое, як запісвала ўспаміны жывых сведак, што памяталі мінуўшчыну, мелі фотаздымкі і рэчы часоў службы ў Радзівілаў. Сустракалася з беларускімі навукоўцамі, пісьменнікамі: Мальдзісам, Грыцкевічам, Но-вікам-Пяюном, Пранузам. Вельмі дапамагала ёй экскурсійная дзейнасць. Сустрэчы з цікавымі людзьмі, замежнымі гасцямі, асабліва палякамі, дапамагалі знаходзіць усё новыя звесткі пра Радзівілаў.

Яшчэ гады два таму Шышыгіна запрашала ў сваю кампанію ў паездку ў Польшчу, у Чанстахова да знаёмага ксяндза, яе сябра. Расказвала пра перапіску са знаёмымі з ЗША. Колькі цікавых тэм прапаноўвала для распрацоўкі: Сноў і Рдултоўскія, род Абуховічаў з Вялікай Ліпы, Эдвард Вайніловіч і Нясвіж ды яшчэ шмат чаго. У апошнія гады стан здароўя Клаўдзіі Якаўлеўны пагоршыўся. Ёй самой было цяжка ездзіць, чытаць. Магчыма, яшчэ і таму дзялілася ідэямі, прапаноўвала нейкія з іх і мне. І калі раптоўна Клаўдзіі Якаўлеўны не стала, дык адразу прыйшло на розум: колькі яшчэ засталося не-абмеркаванага! Не пакідае адчуванне незавершанасці, спынення на паўдарозе.

/i/content/pi/cult/109/138/st23_2.jpgУ раёне Шышыгіну ведалі не толькі як адну з першых краязнаўцаў, летапісцаў роду Радзівілаў, але і як апантанага педагога, выхавацеля маладога пакалення. Лёс не песціў яе. У час вайны засталася сіратою і выхоўвалася ў дзіцячым доме на Нясвіжчыне. Тут жа скончыла школу, Нясвіжскае педвучылішча. Вучылася ў Мінскім педінстытуце і выкладала замежную мову і спевы. Каля 30 гадоў працавала ў гарадской сярэдняй школе № 3, дзе стварыла музей мастацтваў, а потым — гісторыка-краязнаўчы. У канцы 60-ых гадоў Клаўдзія Якаўлеўна арганізавала клуб “Ліра”, дзе школьнікі слухалі і абмяркоўвалі класічную і эстрадную музыку, рыхтавалі тэматычныя даклады, экскурсіі, вялі перапіску з кампазітарамі і артыстамі. Першай на лісты з Нясвіжа адгукнулася тады Мая Плісецкая, потым Дзмітрый Кабалеўскі, Аляксандра Пахмутава, Ціхан Хрэннікаў. Быў сабраны багаты матэрыял аб Рыгору Шырме, яго харавой капэле, вялася і з ім перапіска. Паступова клуб ператварыўся ў музей. Шмат матэрыялаў даслала ў яго салістка Тэатра оперы і балета БССР, народная артыстка СССР Тамара Ніжнікава. Шырокую вядомасць у горадзе меў і хор пад кіраўніцтвам Клаўдзіі Шышыгінай. Яго ўдзельнікі і да цяперашняй пары ўзгадваюць: “Былі піянерскі, камсамольскі хары, хор хлопчыкаў і зводны хор. Выступалі мы часта, ні адно мерапрыемства ў школе і Доме піянераў не абыходзілася без хору. Прымалі ўдзел у конкурсе песні “Чырвоныя гваздзікі”, сталі яго лаўрэатам. Адбор у склад хору ў Клаўдзіі Якаўлеўны быў вельмі строгі. Кожны год з удзельнікамі праводзіўся як бы экзамен на голас-вакал. Выпадковых і раўнадушных у складзе не было. Даводзілася цяжкавата, але было і вельмі цікава”.

У маёй жа памяці Шышыгіна засталася чалавекам неабыякавым да гісторыі Айчыны, апантанай краязнаўцай. Яна аб’яднала мінулае і сучаснае горада ў школьным краязнаўчым музеі, які адкрылі ў 1982 годзе. Музей меў 10 раздзелаў: музыка, жывапіс, тэатр, помнікі архітэктуры, народная творчасць і народныя ўмельцы, нашы землякі — дзеячы мастацтва, яны пісалі пра Нясвіж, іх аўтографы, работы выпускнікоў, гонар школы. Клаўдзія Якаўлеўна ездзіла ў музей Санкт-Пецярбурга і прывезла адтуль копіі лістоў Пятра І канцлеру ВКЛ, фотаздымак лічыльнай машыны Якабсана, ураджэнца Нясвіжа, копію тытульнага аркуша песенніка, выдадзенага ў Нясвіжы ў 1563 годзе, верш К.Рылеева сябрам, напісаны, як мяркуюць, каля Нясвіжа. Сабрала шмат каштоўных, унікальных матэрыялаў і экспанатаў, якія дапамагалі ў рабоце настаўнікам і вучням. На жаль, пасля капітальнага рамонту школы музей не аднавілі. Але будзем спадзявацца, што традыцыі, закладзеныя Клаўдзіяй Шышыгінай, будуць мець працяг.

Перачытваючы кнігі Клаўдзіі Якаўлеўны “Музы Нясвіжа”, “Скарбы Нясвіжа”, “Паданні Нясвіжа”, “Нясвіж і Радзівілы”, кожны раз адкрываеш у іх нешта новае. Апошнія гады Шышыгіна супрацоўнічала з выдавецтвам “Рыфтур”, асабіста ведала галоўнага рэдактара. Вельмі радавалася яна краязнаўчым публікацыям аб розных мясцінах Беларусі і кожны раз нагадвала пра тое, што трэба даследаваць гісторыю не толькі самога Нясвіжа, але і Нясвіжскага раёна. Бо яшчэ і ў гэтым накірунку — шмат нязнойдзеных скарбаў.

Ларыса МАКАРЭВІЧ
Нясвіж