Зваротны бок інклюзіўнасці

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

У будні дзень жыццё на Мінскім мастацкім камбінаце ідзе ў звычайным рытме. Тыя, каго можна сустрэць у калідорах і саміх майстэрнях — гэта пераважна пазбаўленыя разявацкай сентыментальнасці прафесіяналы ў сферы мастацтва. Для знаёмства з апошнім паспалітаму люду прызначаны зусім іншыя месцы з зусім іншай атмасферай. Таму з’яўленне тут групкі наведвальнікаў — ужо само па сабе выключэнне з правілаў. Тым больш, рушаць яны на ўласную выставу. Напрыканцы мінулага года Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура сумесна з мастацкай майстэрняй Псіханеўралагічнага дома-інтэрната №2 зладзілі ўнікальны па сваёй канцэпцыі выставачны праект “Кропка максімуму”. “Музейная” яго частка ўключала толькі люстэркі, кожнае з якіх было падпісанае імем аднаго з наведвальнікаў студыі, а таксама дакументальныя відэафільмы пра іх. Самі творы экспанаваліся ў раскіданых па горадзе майстэрнях прафесійных мастакоў, дзе карціны маглі ў вызначаны час убачыць усе ахвотныя.

Тэрапія ад страху

Праектаў, якія тым ці іншым чынам дэманструюць або даследуюць г. зв. “дэвіянтнае мастацтва”, апошнім часам ладзіцца даволі шмат — хаця, на вялікае шчасце, гэтая тэма не стала моднай і, тым больш, эпатажнай. Некаторыя з іх вышукваюць новыя сэнсы на маргінэзе арт-працэсу, некаторыя маюць перадусім дабрачынны характар, канцэнтруючы ўвагу на рэальных жыццёвых патрэбах саміх мастакоў. Многія з такіх ініцыятываў з’яўляюцца інклюзіўнымі — людзі з асаблівасцямі псіхікі ўключаюцца ў “звычайныя” творчыя праекты. Чаго варты хаця б нядаўні канцэрт грайндкоравага гурта ў псіхіятрычнай лячэбніцы, дзе ў якасці вакалісткі дэбютавала адна з яе пацыентак!

Але нават на гэтым размаітым тле “Кропка максімуму” выразна вылучаецца. Найперш таму, што ў дадзеным выпадку інклюзіўнасць мае двухбаковы характар — праект ад пачатку быў прызначаны спарадзіць новы досвед не толькі ў “дэвіянтных”, але і ў прафесійных творцаў. Апошнім — як, зрэшты, і ўсім нармальным людзям — таксама патрэбна тэрапія. Прынамсі, ад страху перад тым самым вар’яцтвам. “Баючыся апынуцца па ўмоўна іншы бок, мы катэгарычна і назаўжды падзяляем прастору на дзве часткі, верачы ў надзейнасць і непарушнасць умацаванняў. Зручна ўладкоўваемся ў страху перад уласнай ізаляцыяй, безвыходнасцю, фізічнай або душэўнай слабасцю. Аднак усе на адлегласці сфарміраваныя перакананні руйнуюцца ў памежнай зоне, дзе ты больш за ўсё безабаронны і аголены” — гаворыцца ў эксплікацыі да праекта.

Па словах яго куратаркі Ганны Бабіч, амаль усе мастакі, якім гэта прапаноўвалася, далі згоду прадаставіць сцены сваёй “прыватнай тэрыторыі” пад выставу аднаго альбо некалькіх наведвальнікаў студыі пры інтэрнаце — і, адпаведна, пражыць з іх працамі некалькі тыдняў. І ніхто не палічыў гэта вялікім выпрабаваннем. А ў вызначаны дзень у кожную з майстэрняў завітвала дэлегацыя ўдзельнікаў праекта, для якіх такая магчымасць стала вялікай радасцю.

Узаемакарысны абмен

Папіваючы гарбату, наведвальнікі аглядаюць карціны Таццяны Радзівілка — мастачкі, якая ўмее філігранна адлюстроўваць хісткія межы рэальнасці і мроі, гісторыі і фантазіі. Гэтыя інтравертныя творы зусім “не для масавага спажыўца”, аднак госці ўспрымаюць іх з вялікай цікавасцю — калі не разумеючы, дык, прынамсі, адчуваючы.

Некалькі соцень метраў па калідорах камбіната — і мы трапляем у майстэрню дружнай сям’і Шапо. Вочы ажно разбягаюцца ад безлічы дзіўных прадметаў, што займаюць усе сцены ад падлогі да столі: старых духавых інструментаў, прасаў, швейных машынак і, вядома, самых размаітых твораў мастацтва. Гутарка адразу наладжваецца. Скульптар Аляксандр у ахвоту апавядае і пра асаблівасці адносінаў у творчай фаміліі, і пра розныя нюансы сваёй прафесіі, і пра непазбежныя ў ёй анекдатычныя выпадкі.

Амаль у кожнай майстэрні кіраўнік інтэрнацкай студыі Марына Вечар атрымлівае падарункі — дзе фарбы, дзе пэндзлі, дзе халсціну… Пра гэта нікога з мастакоў не прасілі, ініцыятыву кожны з іх праявіў сам. Больш за тое — па словах Ганны Бабіч, праект наўмысна не ставіў перад сабой дабрачынных мэтаў. Ён прызначаўся перадусім не для “прыцягнення ўвагі да праблемы”, а для абмену досведам паміж творцамі, што апынуліся па “той” і па “гэты” бакі. Прычым абмену ўзаемакарыснага.

Псіханеўралагічны інтэрнат — гэта цэлы суплёт сумных жыццёвых гісторый, якія свядомасць упарта адмаўляецца прымерваць на сябе. Людміла Сініца некалі ўдзельнічала ў рэканструкцыі Тэатра оперы і балета як тэхнік-архітэктар. Наталля Літвінава доўгі час была мастаком-афармляльнікам. Дзяніс Гацко нідзе не працаваў — ён пераведзены ў дарослы інтэрнат з дзіцячага. Пётр Гараўскі быў нямы ад нараджэння, а пасля смерці маці страціў памяць, аднак праз яго волю да жыцця з часам яна вярнулася разам з мовай. Юрый Сяўрук працаваў на трактарным заводзе, але заўсёды марыў стаць мастаком. Атрымалася гэта толькі ў інтэрнаце.

Але калі ты бачыш перад сабою гэтых рахманых, шчырых і збольшага задаволеных жыццём людзей (а яны ўвогуле вельмі не любяць скардзіцца на неспрыяльныя ўмовы), разумееш адноснасць нашых уяўленняў пра шчасце. Што самае цікавае, камунікацыя з імі наладжвалася проста вокамгненна: патрапіўшы на “чужую тэрыторыю”, яны пачуваліся там вельмі ўпэўнена. Зрэшты, і самі мастакі радушна ды без комплексаў прымалі гасцей, таму дыялог выбудоўваўся шчыры і цёплы.

Не паўтараць Бога

Як ужо неаднаразова адзначалася, дэвіянтнае мастацтва цікавае найперш сваёй нешаблоннасцю мыслення — тут яно ў нечым падобнае да дзіцячага. Выстаўленыя ў майстэрнях творы лішні раз гэта пацвердзілі.

— Хто з калегаў ні прыйдзе — абавязкова заглядаецца на вашага хлопчыка з рыбай, — кажа Аляксандр Шапо аўтару твора Сяргею Мурашку. — Зайздросцяць! Іншыя работы, якія тут выстаўленыя, — таксама нядрэнныя, але гэта — сапраўдная ўдача!

Сярод прадстаўленых у рамках праекта твораў рэдка калі знойдзеш міметычна адлюстраваны пейзаж альбо нацюрморт. Прыкладам, Аляксандр Шапавалаў дэманструе фантасмагарычныя вобразы і сюжэты, якія нечым нагадваюць Фрэнсіса Бэкана. (“Хаця наўрад ці ён калісьці бачыў творы гэтага мастака”, — мяркуе Ганна Бабіч). Відавочна, што натхненне такія аўтары чэрпаюць недзе ўнутры — а не ў знешнім свеце ці альбомах рэпрадукцый. І пачуць словы падтрымкі такой пазіцыі з вуснаў прызнаных мастакоў, відавочна, было для іх вельмі важна.

— Бог стварыў сусвет, стварыў нас паводле свайго вобразу і падабенства, а потым сказаў: сябры, Я ўжо ўсё стварыў, а цяпер Мне не хапае тут толькі вашай самасці, — патрыярх слыннай дынастыі Уладзімір Шапо тлумачыць сваё крэда амаль прыпавесцямі. — А калі вы перамалёўваеце тыя бярозкі, якія Я зрабіў… прабачце, у Мяне ўзнікае пытанне: навошта? Я ж іх ужо зрабіў — а таксама і аблокі, і сонца, і траву. Прычым у Мяне ў кожным разе атрымаецца лепей за вас. Не паўтарайце Мяне, не прыпадабняйцеся да малпы — малюйце тое, што вы адчуваеце. Мне трэба ваш файлік для майго камп’ютара — і давайце разам ствараць Сусвет, бо акт яго стварэння ніколі не скончыцца!

Відавочна, гэты заклік адразу ўздымае настрой мастакам з інтэрната — як, вядома, і цікавасць да іх твораў з боку прафесіяналаў.

Разнастайнымі сучаснымі арт-праектамі ў прасторы кансерватыўных музеяў сёння здзівіць бадай ужо немагчыма. Але сімвалічныя спадкаемцы Заіра Ісакавіча зноў апярэдзілі сваіх беларускіх калег, прапанаваўшы замест лакалізаванай у родных сценах выставы цэлы гарадскі маршрут. Зрэшты, гэта далёка не самая галоўная куратарская вынаходка. Куды важней — тая новая інтанацыя, з якой прапануецца гаварыць на даволі хваравітую для многіх тэму. Прычым, гаварыць, ізноў жа, як з тымі, хто “па той бок”, так і з тымі, хто “па гэты”. Праект сведчыць, што такое сумоўе, у прынцыпе, магчымае, што яно можа быць плённым і яго ні па якіх прычынах не трэба баяцца. Пагатоў, мастакі з псіханеўралагічнага інтэрната да гэтага гатовыя.