Пытанне з няпэўным адказам

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Планшэты і смартфоны хоць і не адсоўваюць традыцыйную кнігу на ўзбочыну жыцця, усё ж многае мяняюць у жыцці сённяшніх бібліятэк. Напрыклад, павялічваюць працэнт віртуальных, а не рэальных наведвальнікаў раённых і абласных “кніжніц”. Праўда, часцяком бібліятэкары да падобных “нерэальных” чытачоў бываюць зусім непадрыхтаваны.

Уся справа ў тым, што не ва ўсіх цэнтралізаваных бібліятэчных сістэмах Беларусі на сёння створаны свае сайты, дзе размяшчаецца актуальная і надзённая інфармацыя, ёсць краязнаўчыя віртуальныя старонкі ці размяшчаюцца базы даных, з дапамогай якіх можна ўбачыць усё багацце кожнай раённай “кніжніцы”… Між тым, згодна з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, за пяцігодку колькасць наведвальнікаў публічных бібліятэк павінна вырасці на 20 %. Гэта значыць, штогод прырост павінен быць не менш чым на 4 %, прычым з улікам тых самых віртуальных карыстальнікаў. І калі ў абласных бібліятэках гэты паказчык за мінулы год выканаць змаглі, дык у раёнах сітуацыя не настолькі радасная.

Скажам, у Мінскай вобласці сваіх сайтаў на пачатак 2017 года не маюць 5 ЦБС з 23 — у Валожыне, Крупках, Беразіне, Лагойску і Стоўбцах. Усе астатнія цэнтральныя раённыя бібліятэкі вобласці, як адзначыла “К” намеснік дырэктара Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Таццяна Баранава, свае сайты даўно займелі. Да слова, у некаторых раёнах свае старонкі ў Сеціве маюць і асобныя, а не толькі цэнтральныя бібліятэкі, таму на сёння на Міншчыне працуюць не 18, а ажно 32 бібліятэчныя сайты. Колькасць наведвальнікаў бібліятэк у параўнанні з мінулым годам у рэгіёне вырасла прыкладна на 2,3 %, а ў абласной бібліятэцы — больш чым на 10 % з 209 379 чалавек да 231 945 наведвальнікаў. Павялічваецца і колькасць віртуальных аматараў бібліятэчных сайтаў вобласці — з 252 тысяч у 2015-м да 292 тысяч у 2016-м годзе. Рост, такім чынам, склаў прыкладна 16 % за год. Лічба, натуральна, магла быць значна большай, каб усе раённыя ЦБС Міншчыны займелі свае сайты з цікавым і запатрабаваным кантэнтам…

Не ўсюды ёсць свае бібліятэчныя парталы і на Гомельшчыне. Так, па словах дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Марыны Рафеевай, з 22 раённых ЦБС сайты на сёння існуюць толькі ў 14 з іх. Асноўныя праблемы на шляху стварэння бібліятэчных сайтаў, як адзначыла суразмоўца, — недастатковасць фінансавання і адсутнасць кваліфікаваных кадраў, тых жа інжынераў-праграмістаў, стаўкі для якіх не прадугледжаны сённяшнім штатным раскладам.

На Магілёўшчыне сітуацыя ў гэтым плане нашмат лепей. Як адзначыла “К” дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна, на сёння не маюць сваіх сайтаў толькі 3 з 22 раённых ЦБС вобласці, а рост віртуальных наведвальнікаў бібліятэк быў адзначаны на ўсіх інфармацыйных бібліятэчных рэсурсах Магілёўшчыны.

У самым паўночным рэгіёне краіны — на Віцебшчыне — на сёння праблем з бібліятэчнымі сайтамі не маюць: яны створаны ў кожным раёне вобласці. І, як кажа загадчык аддзела бібліятэказнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Наталля Пугачова, цікавасць да бібліятэчных парталаў з боку чытачоў пастаянна расце.

— Так, усяго за мінулы год колькасць віртуальных наведвальнікаў па вобласці павялічылася з 495 тысяч да 707 тысяч чалавек, гэта значыць нашы сайты наведала прыкладна на 210 тысяч чалавек больш, чым у 2015-м, — паведаміла суразмоўца. — Праўда, у цэлым па вобласці наведвальнасць бібліятэк (з улікам рэальных і віртуальных наведвальнікаў) павялічылася не так значна: усяго прыкладна на 1,7 % у параўнанні з мінулым годам — з 4299 тысяч да 4373 тысяч чалавек.

На Гродзеншчыне і на Брэстчыне таксама, як і на Віцебшчыне, на сёння свае сайты маюць усе раённыя цэнтральныя бібліятэкі. Рост наведвальнікаў адзначаюць пераважна ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага: з 302 тысяч да 384 тысяч чалавек — гэта прыкладна на 27 % больш наведванняў, чым у 2015 годзе. Як кажа намеснік дырэктара абласной “кніжніцы” Марына Ігнатовіч, такога ўнушальнага росту ўдалося дабіцца ў асноўным за кошт віртуальных наведвальнікаў. Тым больш, што сёння гродзенцы ў сваёй працы арыентуюцца не толькі на айчыннага, а і на замежнага наведвальніка, які цікавіцца гісторыяй і турыстычным патэнцыялам Гродзенскай вобласці. На жаль, даныя па вобласці пакуль у абласной “кніжніцы” не прадаставілі, спаслаўшыся на тое, што звесткі пра наведванне бібліятэк чытачамі прыйшлі не з усіх раёнаў Гродзеншчыны.

Тое самае адзначылі “К” і ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. З іншага боку, па словах дырэктара бібліятэчнай установы Тамары Данілюк, у яе “кніжніцы” таксама значна вырасла колькасць віртуальных наведвальнікаў і папярэднімі данымі па вобласці яна ўсё ж валодае.

— Калі ў 2015-м годзе на наш сайт завіталі прыкладна 300 тысяч віртуальных наведвальнікаў, дык па выніках 2016-га маем лічбу амаль у 354 тысячы чалавек, — адзначыла суразмоўца. — Рост як віртуальных, так і рэальных наведвальнікаў бібліятэк назіраецца ва ўсіх раёнах Брэстчыны, таму можна сказаць, што даведзены Дзяржаўнай праграмай мэтавы паказчык мы ў цэлым выконваем.

Як кажа Тамара Данілюк, рост віртуальных наведвальнікаў бібліятэчных сайтаў адбыўся дзякуючы рэалізацыі мінулай Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады.

— Менавіта за мінулую пяцігодку нам удалося якасна палепшыць тэхнічную базу бібліятэчных устаноў Брэстчыны, усталяваць у іх найноўшыя камп’ютары, а таксама займець рэальныя магчымасці для стварэння і “раскруткі” бібліятэчных сайтаў, — кажа Тамара Данілюк. — Апошняй у Сусветным Павуцінні з’явілася Столінская ЦБС, і цяпер нам трэба шчыраваць над напаўненнем бібліятэчных парталаў, бо яны павінны быць “жывымі”, насычанымі самай актуальнай інфармацыяй, навінамі і анонсамі.

Што ж, як бачна, у большасці рэгіёнаў Беларусі даведзеныя Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады паказчыкі па павелічэнні колькасці наведванняў раённых і абласных “кніжніц” пераважна выконваюцца. Праўда, рост адбываецца ў асноўным за кошт віртуальных, а не рэальных чытачоў. І ці будзе адзначаны такі рост у наступныя гады — пытанне з даволі няпэўным адказам, бо заваяваць прыхільнасць інтэрнэт-аўдыторыі можна толькі пастаянным абнаўленнем кантэнту, стварэннем цікавых і змястоўных старонак унутры бібліятэчнага партала і гэтак далей.

Да таго ж, як ужо адзначалася, пакуль што не ва ўсіх рэгіёнах краіны свае сайты маюць нават цэнтральныя раённыя бібліятэкі. І гэта ў той час, калі смартфоны і планшэты ёсць сёння літаральна ў кожнага, а актуальную і надзённую інфармацыю большасць жыхароў Беларусі ўжо прызвычаіліся браць з інтэрнэту… Гэты “безсайтавы” прабел трэба як мага хутчэй ліквідаваць, натуральна, з улікам наяўных фінансавых магчымасцей мясцовых бюджэтаў.

І апошняе. Безумоўна, варта ўлічваць і тую аптымізацыю, якая адбывалася ў Беларусі цягам апошніх гадоў, і, хутчэй за ўсё, працягнецца ў будучыні. Скарачэнне сеткі бібліятэк — пераважна, сельскіх, — азначае, зразумела, і змяншэнне колькасці запытаў ад чытачоў, бо што ні гавары, а бібліёбус замяніць стацыянарную кнігавыдачу сёння проста не ў стане. Як гэтая праблема адаб’ецца на выкананні паказчыка па павелічэнні наведвальнасці публічных бібліятэк — пакуль незразумела. Што ж, пачакаем завяршэння 2017 года, калі ўсе пералічаныя пытанні і праблемы стануць бачныя больш яскрава…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"