На мове сэрца

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Найпрыгожы дзясяты студзеньскі вечар у Палацы Рэспублікі быў асвечаны не толькі мірыядамі зіхатлівай ілюмінацыі, але і ўрачыста-радасным настроем тых нашых суграмадзян, каму Кіраўнік дзяржавы ўручаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, падкрэсліў, што ў нашы дні беларусы “на перакрыжаванні дарог, культур і гістарычных лёсаў адстойваюць суверэнітэт роднай краіны... А якой ёй быць праз паўсотні гадоў, у многім залежыць ад тых, хто сёння ў гэтафй зале, ад усіх, хто завецца творцам. Бо сіла мастацтва ў тым, што яно можа гаварыць не толькі на мове розуму, але і на мове сэрца”…

/i/content/pi/cult/620/13790/1-2.jpg

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 516

Аб прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2016 года

Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, узгодненыя з кіраўніцтвам Беларускай праваслаўнай царквы, п а с т а н а ў л я ю:

1. За актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, што садзейнічае захаванню і памнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, сцвярджэнню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці, прысудзіць прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2016 года:

ігумену Яўсевію (Цюхлову Канстанціну Дзмітрыевічу), настаяцелю Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра Навагрудскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, — за асабісты ўклад у духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне моладзі;

калектыву дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў” — за плённую працу па сацыяльнай абароне дзяцей-інвалідаў, умацаванні ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці;

калектыву ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” — за актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі;

Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне грамадзян, правядзенне маштабнай рэканструкцыі і рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”;

Сергачову Сяргею Аляксеевічу, загадчыку кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктару архітэктуры, прафесару, — за значны асабісты ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, стварэнне кнігі “Народнае дойлідства Беларусі. Гісторыя і сучаснасць”.

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2016 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з дадзеным Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Дадзены Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

г. Мінск, 31 снежня 2016 г.

 

“Аднаўлялі грамадой”

/i/content/pi/cult/620/13790/1-3.jpgЗа шэраг праектаў, скіраваных на патрыятычнае выхаванне грамадзян, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі была ўдастоена прэміі “За духоўнае адраджэнне”. У гэты пералік уваходзяць розныя акцыі Федэрацыі, але самым слынным з праектаў стала рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”.

“Курган Славы — гэта найвялікшы сімвал Вялікай Перамогі, нашага ўмення разам супрацьстаяць навале, разам адстойваць нашы галоўныя каштоўнасці. Азіраючыся назад, у нашу гісторыю, мы разумеем неацэннасць такіх простых рэчаў як мірная праца, салідарнасць, падтрымка адзін аднаго. Калі і сёння мы разам будзем працаваць на тыя мэты, якія паставілі перад сабой, мы будзем развівацца і рухацца наперад”, — так пракаментаваў пасыл маштабнай акцыі і дзейнасці сваёй арганізацыі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА.

Прынамсі, шэфства над мемарыяльным комплексам Федэрацыя вядзе ўжо больш за 10 гадоў. Але менавіта да 70-годдзя Вялікай Перамогі арганізацыя на чале са старшынёй выступіла з ініцыятывай аднаўлення помніка. З пасылу Федэрацыі быў наноў адкрыты дабрачынны рахунак, на які сябры прафсаюзных арганізацый, неабыякавыя грамадзяне пералічвалі сродкі на рэканструкцыю комплексу. У выніку, дзякуючы высілкам у значнай ступені прафсаюзаў сталіцы, іх непасрэднаму ўдзелу ў ажыццяўленні праекта, справу ўдалося здзейсніць па многіх напрамках. На помніку цалкам было заменена травяное покрыва і граніт на глядзельнай пляцоўцы, адрамантаваны лесвіцы, адрэстаўраваны мазаіка і барэльефы. Замененая падсветка па “апошнім тэхнічным слове” завершыла мадэрнізацыю.

Летась праект апекавання комплексу быў працягнуты. Напярэдадні 9 мая 2016-га адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця фотаэлектрычнай станцыі ля падножжа мемарыялу. Менавіта дзякуючы ёй сёння “Курган Славы” мае рэзервы асвятлення круглыя суткі.

“Але на гэтым мы не спынімся”, — запэўнівае Міхаіл Орда. У планах Федэрацыі — пашырэнне калекцыі музея баявой тэхнікі пад адкрытым небам. Запланаваны пошук згубленых машын, іх рэстаўрацыя. “На гэтыя мэты і далейшае ўпарадкаванне мемарыяла будуць скіраваныя сродкі прэміі”, — дзеліцца старшыня Федэрацыі.

Летась падчас урачыстасцей на Кургане Славы адбылося заключэнне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Федэрацыяй прафсаюзаў краіны, Міністэрствам адукацыі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, ветэранскай і піянерскай арганізацыямі. Гэты крок Федэрацыя лічыць адным з самых значных у выхаванні патрыятызму маладога пакалення.

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота прадстаўлена прэс-службай ФПБ

 

Старажытнае ў сучасным

За асабісты ўклад у духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне моладзі Прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” атрымаў ігумен ЯЎСЕВІЙ (Цюхлоў), настаяцель Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра Навагрудскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

Лаўрышаўскі манастыр з’яўляецца адным з самых старажытных праваслаўных манастыроў, вядомых на нашых землях. Яго заснаванне датуецца другой паловай XIII стагоддзя. Цягам стагоддзяў захоўваецца тут і духоўна-асветніцкая пераемнасць, вялікая роля надаецца выхаванню моладзі.

Стала ўжо добрай традыцыяй арганізацыя пры Свята-Елісееўскім манастыры праваслаўнага дзіцячага лагера. Па словах ігумена Яўсевія, дзецям вельмі падабаецца праводзіць частку канікул на падворку манастыра. Для іх арганізуюцца цікавыя экскурсіі, велапаходы, майстар-класы па прыгатаванні ежы. Школьнікі маюць магчымасць самі зрабіць фарбы і намаляваць карціну, правесці вечар ля вогнішча. Яшчэ для дзяцей пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры дзейнічае нядзельная школа, якая была арганізавана ў верасні 2008 года. Адметна, што ў нядзельнай школе праводзяцца заняткі з дзецьмі з бліжэйшых вёсак: Лаўрышава, Гнесічы, Нягневічы, Шчорсы.

Маюць клопат у манастыры і пра людзей сталага веку: тут дзейнічае дом сумеснага самастойнага пражывання для пажылых і адзінокіх грамадзян.

Працуе пры манастыры і царкоўна-археалагічны музей Лаўрышаўскага манастыра. Сярод яго экспанатаў — старажытныя богаслужэбныя кнігі і іконы, асабістыя рэчы святароў, якія служылі ў гэтай мясцовасці ў розныя перыяды ХХ стагоддзя. Ігумен Яўсевій спадзяецца, што калекцыя музея будзе папаўняцца, у тым ліку за кошт знаходак археалагічных экспедыцый, якія ўжо некалькі гадоў праводзяцца на тэрыторыі манастыра. Да слова, для навуковага асэнсавання знаходак, сістэматызацыі ведаў пра гісторыю манастыра ладзяцца “Лаўрышаўскія чытанні” — міжнародная багаслоўская навукова-практычная канферэнцыя.

Сярод злабадзённых клопатаў манастыра — будаўніцтва “Алеі Праваслаўных Cвятынь”: па перыметры ўсяго манастыра будуць знаходзіцца 33 капліцы, прысвечаныя Праваслаўным Святыням Сусветнага значэння. Ужо пабудаваны дзве капліцы, якія прысвечаны: Святой Зямлі — Ерусаліму — Свята-Троіцкаму Серафіма-Дзівееўскаму жаночаму манастыру.

Кастусь АНТАНОВІЧ


Ад “Дзяцей сталіцы” да “Беларусіяды”

Прэмія Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” прысуджана сёлета і калектыву ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”. У гэтай установе актыўна развіваецца і папулярызуецца валанцёрскі рух сярод студэнцкай моладзі, штогод праводзіцца больш за 800 дабрачынных акцый, святочных праграм і тэатралізаваных паказаў для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльных прытулкаў і рэабілітацыйных цэнтраў.

Як адзначыла “К” першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Святлана Копцава, названая праца будзе працягвацца і надалей, балазе Прэмія “За духоўнае адраджэнне” сталася для ўстановы адукацыі сапраўдным стымулам для працягу дабрачыннай дзейнасці.

— Акрамя таго, мы зацікаўлены ў развіцці валанцёрскіх праектаў, таму што яны проста неабходны будучым настаўнікам і педагогам, якія навучаюцца ў нашай ВНУ, — адзначыла суразмоўца. — Падобныя праекты — унікальная магчымасць для нашых студэнтаў падвысіць свой прафесійны і асабісты ўзровень, навучыцца ўзаемадзеянню з дзецьмі, атрымаць каштоўны вопыт педагагічнай дзейнасці, а таксама набыць навыкі працы ў камандзе.

Па словах Святланы Копцавай, спецыфіка працы ў такім валанцёрскім праекце як “Дзеці сталіцы”, што рэалізуецца ў БДПУ імя М. Танка з 2004 года, прадугледжвае наяўнасць у валанцёраў навыкаў валодання шырокім педагагічным інструментарыем, ведамі ў галіне ўзроставай псіхалогіі і педагогікі, асноў медыцынскай дапамогі, тэхнікі бяспекі і многага іншага. Летась у названым праекце прынялі ўдзел каля 500 дзяцей і падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, а таксама дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў з трох раёнаў беларускай сталіцы. Школьнікі атрымалі магчымасць у гульнёвай форме вывучаць эфектыўныя мадэлі міжасобаснага ўзаемадзеяння, развіваць камунікатыўныя і лідарскія якасці, вучыцца максімальна раскрываць свае здольнасці.

— На сёння ў БДПУ імя Максіма Танка створаны 11 валанцёрскіх клубаў, у якіх задзейнічана больш за тысячу студэнтаў, што пастаянна шукаюць новыя формы працы з дзецьмі і падлеткамі, — адзначыла Святлана Копцава. — Так, нядаўна ў нас прайшоў праект “Памяць юных сэрцаў”, падчас якога студэнты ў даступнай і займальнай форме распавядалі дзецям пра Вялікую Перамогу. Для гэтага маладыя людзі распрацавалі адмысловую экскурсію, якую праводзілі для дашкольнікаў і школьнікаў у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Акрамя таго, студэнты БДПУ імя М. Танка ўдзельнічаюць у акцыі “Бальнічны клоўн” і праводзяць для дзяцей, якія доўгі час знаходзяцца ў гарадскіх бальніцах Мінска, тэатралізаваныя прадстаўленні і гульні. Такім чынам, па словах Святланы Копцавай, яны дораць маленькім пацыентам добры настрой, дапамагаюць ім не баяцца медыцынскіх працэдур і ўвогуле падтрымліваюць іх як толькі магчыма.

І апошняе. Нельга не згадаць і пра такі спартыўна-адукацыйны праект, які ладзіцца ў БДПУ імя М. Танка таксама не першы год, як “Беларусіяда”. У яго рамках адбываюцца спаборніцтвы па розных беларускіх народных гульнях — “Два агні”, “Пальчатка”, “Перацяжкі”, “Дзень-ноч”, “Лапта” і іншых. Па словах Святланы Копцавай, мяркуецца, што з цягам часу гэты ўніверсітэцкі праект стане агульнарэспубліканскім і ў ім будуць браць удзел школьнікі і студэнты з усіх раёнаў Беларусі. Што ж, як кажуць, у добры шлях, універсітэт!..

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ


Sacrum et profanum народнай архітэктуры

Адзіным персанальным свецкім лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” сёлета стаў прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар архітэктуры Сяргей СЕРГАЧОЎ. Без перабольшвання можна сказаць, што высокая ўзнагарода — гэта свайго кшталту падсумаванне той грунтоўнай даследчыцкай работы, якую ён распачаў яшчэ ў студэнцкія гады і не збіраецца завяршаць нават адсвяткаваўшы не так даўно сваё 70-годдзе. Яго грунтоўны фаліянт “Народнае дойлідства Беларусі. Гісторыя і сучаснасць”, здавалася б, прысвечаны матэрыяльнай культуры — напрыклад, архітэктоніцы сялянскіх двароў. Але за паўстагоддзя свайго досведу аўтар здолеў разгледзець нават за практычнымі і прыземленымі рэчамі глыбокі духоўны змест, засведчыўшы, што ў народнай свядомасці сакральнае і прафаннае цесна спалучаныя.

— Мая першая кніга на гэтую тэму, выдадзеная яшчэ ў 1992 годзе, была разлічана найперш на спецыялістаў, там змешчана шмат чыста тэхнічных падрабязнасцяў, — кажа Сяргей Аляксеевіч. — Але гэтым разам я пастараўся паказаць, што архітэктура ўяўляе з сябе не проста сукупнасць розных канструктыўных элементаў і дэталяў дэкору. Гэта не толькі сцены, падлога, дах, але таксама і неад’емная частка жыцця народа ды адлюстраванне яго свядомасці. Недарэмна ж у фальклоры так часта згадваюцца тыя ці іншыя архітэктурныя тэрміны: парог, брама, акно… Гэта яркія вобразы, якія ўкараніліся не толькі ў побыце, але і ў ментальнасці многіх пакаленняў беларусаў.

Адпаведна, у маім цяперашнім разуменні, архітэктура — гэта, найперш, людзі, а таксама іх памкненне ўпарадкаваць сваё жыццё. А тэхнічныя нюансы — ужо другаснае… Бабулька памяняла фіранкі на кухні — і гэта ўжо архітэктура! Па-першае, яны ёй самой настрой палепшылі, а па-другое, — мінакам на вуліцы неяк весялей стала.

Беручыся за пабудову дома, нашы продкі заўсёды прасілі аб Божай дапамозе. Адпаведна, нават у гэтай практычнай дзейнасці заўсёды прысутнічаў духоўны аспект, нейкае вельмі глыбокае асэнсаванне — а не проста набор механічных рухаў. Апошняе наогул характэрна для ментальнасці нашага народа. Нават калі ты проста яміну капаеш — гэта стваральная праца, якая мае сваю глыбінную мэту. У сваёй кніжцы я стараўся паказаць, што духоўны пачатак уласцівы любой пазітыўнай дзейнасці.

Што да прэміі… Шчыра кажучы, пра яе я ніколі нават не задумваўся. Учора была цырымонія ўзнагароджвання, а сёння ўжо ад шостай раніцы — зноў за працай. Канешне, прыемна, што адзначылі на такім высокім узроўні. Бо адзначылі ж не толькі мае сціплыя высілкі — такую вялікую ўвагу надалі самой тэме народнай архітэктуры. Спадзяюся, гэта паўплывае на свядомасць нашых сучаснікаў — і асабліва на стан тых цудоўных помнікаў драўлянага дойлідства, якія сёння яшчэ можна ўратаваць. Напрыклад, свірана ў Будзёнаўцы або гумна ў Грушаўцы.

Урэшце, хацелася б выказаць вялікую падзяку выдавецтву “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, з якім я з задавальненнем супрацоўнічаю. Яно спецыялізуецца на распаўсюджванні грунтоўных і даставерных ведаў, якія з цягам часу не “старацца” — а так яно часта бывае. І калі мы пачалі рыхтаваць кнігу, паставілі перад сабой вельмі высокую планку: супольнымі намаганнямі зрабіць тую працу, якая не страціць актуальнасці і гадоў праз дзвесце.

Ілья СВІРЫН


Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 517

Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2016 года

Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, п а с т а н а ў л я ю:

1. За выдатныя дасягненні ў галіне журналістыкі, тэлебачання, выяўленчага мастацтва, музейнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, тэатральнага мастацтва, аматарскай мастацкай творчасці, цыркавога мастацтва, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысудзіць спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2016 года:

аўтарскаму калектыву рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва” ў складзе Буфетавай Ірыны Аляксееўны, фотарэдактара аддзела па падрыхтоўцы і выпуску фотаінфармацыі рэдакцыі візуальнай інфармацыі, Жука Дзмітрыя Аляксандравіча, генеральнага дырэктара, Сінічкіна Івана Аляксандравіча, начальніка аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнэт-рэсурсаў, — за стварэнне і рэалізацыю інфармацыйна-публіцыстычнага праекта “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў”;

аўтарскаму калектыву Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь у складзе Баранава Яўгенія Уладзіміравіча, намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 24”, Ладуцька Алены Анатольеўны, галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 1”, Саламаха Вольгі Аляксандраўны, намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 1”, — за стварэнне на высокім прафесійным узроўні серыі іміджавых відэаролікаў “Мы зрабілі гэта разам”;

Вашчанку Канстанціну Гаўрылавічу, мастаку, члену грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, — за мастацкае афармленне факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”;

калектыву дзяржаўнай гістарычна-культурнай установы “Музей-сядзіба М.К.Агінскага” — за стварэнне і рэалізацыю праекта “Вяртанне Паўночных Афін”, значны ўклад у захаванне спадчыны М.К.Агінскага;

калектыву дзяржаўнай установы адукацыі “Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 10 імя Я.А.Глебава г.Мінска” — за значны ўклад у захаванне і развіццё нацыянальнай культуры і музычнага мастацтва;

калектыву дзяржаўнай установы “Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы” — за значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва, пастаноўку спектакляў паводле твораў беларускай драматургіі;

калектыву дзяржаўнай установы “Палац культуры г.Маладзечна” — за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года”;

калектыву ўстановы культуры “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Відовішчна-культурны комплекс “Гомельскі дзяржаўны цырк” — за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю цыркавога мастацтва, умацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва;

Раманені Раісе Аляксандраўне, педагогу дадатковай адукацыі, кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дыкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі сувенір” дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна”, — за значны ўклад у адраджэнне і захаванне традыцыі народнага мастацтва саломапляцення, далучэнне моладзі да нацыянальнай культуры.

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2016 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з дадзеным Указам, аб абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Дадзены Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

г. Мінск, 31 снежня 2016 г.

 

Каманда працуе без… каманды

За апошні дзясятак гадоў з калектыву Палаца культуры горада Маладзечна звольнілася 12 чалавек: дзяўчаты пабраліся шлюбам і з’ехалі на новае месца жыхарства. Пагадзіцеся, такая шчаслівая ратацыя кадраў — лепшы паказчык належнага маральнага клімату ў клубным асяродку.

Цягам пятнаццаці гадоў кіраўнік Палаца культуры Святлана САРОКА выпрацавала сістэму ўзаемадзеяння ўсіх структур установы. Каманда са 171-го чалавека працуе без асаблівых каманд і падказак. Кожны — з вышэйшай адукацыяй, кожны — профі, а таму сам ведае, што рабіць. Зусім нядаўна Маладзечна было Культурнай сталіцай краіны, а Палац культуры — і штабам рэспубліканскай акцыі, і галоўнай яе сцэнічнай пляцоўкай. Як кажа Святлана Сарока, напружанне адчувалася неймавернае. Але каманда спрацавала як мае быць. Праведзена цягам года амаль 450 мерапрыемстваў, з іх 35 — міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Пры гэтым клубнікі выкарысталі больш за сорак формаў работы. На ўвазе маюцца фестывалі, святы, шоу-праграмы, конкурсы, канцэрты, акцыі…

Святлана Сарока запэўнівае, што атрыманая днямі прэмія ў першую чаргу будзе выкарыстаная для матэрыяльнага заахвочвання калег-аднадумцаў. Яны гэтага заслужылі сваёй напружанай штодзённай працай. Не думаю, што цягам 2017-га мерапрыемстваў у Палацы будзе менш. Маладзечна, як культурная сталіца Мінскай вобласці, планку адказнасці заўжды трымала высока.

Яшчэ адзін паказчык якаснай працы мясцовых работнікаў культуры ў тым, што Палац мае аж 35 калектываў аматарскай творчасці, дзе займаецца звыш за 900 удзельнікаў. Дванаццаці калектывам прысвоены званні “заслужаны”, “народны”, “узорны”. Вядучы ансамбль песні і танца “Спадчына” адзначыў 55-годдзе. І гэта таксама паказчык высокага прафесіяналізму. Як вынік — калектыў Палаца атрымаў Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі.

Яўген РАГІН


З вышыні птушынага палёту

Упэўнены, калі ў сілу нейкіх прычын вы і не вельмі часта глядзіце роднае тэлебачанне, нешта з шэрагу кліпаў “Мы зрабілі гэта разам” вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі не зачапіць усё ж вас не магло. Ды і каго пакінулі б абыякавым тыя здзяйсненні, пра якія ў іх распавядалася, што дасягнула наша краіна за гады сваёй незалежнасці?! Аб’екты матэрыяльныя, тыя, што зноў ўзніклі, і ашаламляльна змяніліся ў гэтыя 25 гадоў, і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія складаюць гонар беларускай нацыі; помнікі, спартыўныя пляцоўкі, навучальныя ўстановы, навуковыя ды духоўныя цэнтры; акцыі ды факты, па якіх пра рэспубліку судзіць увесь свет — гэтаму і былі прысвечаны маленькія фільмы, якія сталі сапраўднай падзеяй у айчынным тэлеэфіры…

Адной са спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі і быў якраз уганараваны аўтарскі калектыў Белтэлерадыёкампаніі ў складзе намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 24” Яўгена БАРАНАВА, галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 1” Алены ЛАДУЦЬКА, намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 1” Вольгi САЛАМАХА за стварэнне на высокім прафесійным узроўні серыі іміджавых відэаролікаў “Мы зрабілі гэта разам”.

Алена Анатольеўна Ладуцька аб праекце:

— Яго галоўная ідэя заключалася ў тым, каб здолець у малых тэлевізійных формах паказаць вельмі многае з гісторыі нашай краіны, яе мінулага ды сучаснасці — у падзеях, аб’ектах, людзях. Паказаць яе найбагатую спадчыну ды тое, з чым рэспубліка рухаецца наперад, што яна не стаіць на месцы, а інтэнсіўна развіваецца. Паказаць і суайчыннікам (нават, магчыма, нагадаць ім пра нейкія рэчы, што ў мітусні забываюцца), і гасцям Беларусі. Тое, пра што мы збіраліся распавядаць, неаднаразова абмяркоўвалася творчай групай: згаджаліся ды спрачаліся, адстойвалі свае думкі, пераконвалі іншых, перабіралі “прэтэндэнтаў” — што заслугоўвала самай-самай увагі. І, нарэшце, узяліся за працу, выкарыстоўваючы самыя сучасныя тэхнічныя сродкі, як, напрыклад, пры здымках з вышыні птушынага палёту. Было вельмі цікава, было цяжка, але ўвесь час грэла ўсведамленне таго, што мы робім нешта патрэбнае ды важнае — для народа, для сябе, для дзяржавы. І, вядома, велізарная адказнасць ляжала на нас. Асабіста я б адзначыла эпізоды пра Замкавы комплекс “Мір” ды Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс — жамчужыны Беларусі, яе візітныя карткі. Дзівосна прыгожая карціна суседства гісторыі ды прыроды!

Ці думаем мы пра тое, каб у новым сезоне зняць нешта ў тым жа рэчышчы? Натуральна, планы раскрываць не буду, але... нешта накшталт працягу мусіць быць!

Алег КЛІМАЎ


Дакрануцца да “жывога” Скарыны

Аднойчы Мартырос Сар’ян распавёў, як у юнацтве выпадкова ўбачыў Айвазоўскага, які імчаўся ў карэце. На ўсё жыццё запомніў ён гэты момант. Яму здавалася, што карэта тая ляціць на нябёсы, да сонца, у Космас і забірае нейкі таемны дух продкаў. Я ўспомніў пра гэта, калі ў майстэрні Канстанціна ВАШЧАНКІ беражліва перагортваў факсімільныя кнігі “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” (культурны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Банка БелВЭБ), па-дызайнерску з вялікай любоўю цудоўна аформленыя Канстанцінам Гаўрылавічам, для якога Францыск Скарына і ёсць той самы Космас у беларускай і еўрапейскай культурнай прасторы. І Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гэтаму таленавітаму мастаку за мастацкае афармленне гэтых фаліянтаў — ёсць годнае прызнанне яго таленту.

Вось ужо больш за 30 гадоў таму Канстанцін Вашчанка ўварваўся ў сферу яго Вялікасці Мастацтва і з таго часу трымае планку выдатнага кніжнага графіка, дызайнера, выдаўца, фотамастака, які ў сваёй разнапланавай мастакоўскай дзейнасці знайшоў сваю, ні на кога не падобную, дарогу. У яго творчым актыве шмат выдатных кніг і альбомаў, прысвечаных беларускаму мастацтву і мастакам. Але шматгадовая праца над дызайнерскім афармленнем факсімільнага выдання кніг Скарыны — гэта асобная старонка жыцця мастака. Канешне, Скарына — наша ўсё. Ды і сам ён у кожнай сваёй кнізе падкрэсліваў, што паходзіць з слаўнага горада Полацка, пісаў пра любоў да родных месцаў, карыстаўся у сваіх кнігах і старажытнай беларускай і царкоўнаславянскай мовамі.

Але з іншага боку, на думку мастака, ён, Скарына, нас аб’ядноўвае з Украінай, Чэхіяй, Германіяй, Італіяй, Польшчай. Ён — першы друкар ліцвінаў: выданне кніг у Вільні Скарына пачынае ў 20-х гадах XVI ст. Але ён — перш за ўсё прадстаўнік беларускай культуры: наша слава і гонар, і ў той жа час сваім жыццём засведчыў, што Беларусь — не ізаляваная частка еўрапейскай прасторы, яна інтэгравана ў сусветнае агульнакультурнае развіццё.

Вось прыкладна з такой думкай Вашчанка і распачынаў сваю галоўную працу жыцця над афармленнем вялікай скарынінскай спадчыны. “Ведаеце, гравюры кніжных выданняў Скарыны — найбольш раннія ілюстрацыйныя кампазіцыі ў славянскім друку, — расказвае Канстанцін. — Змяшчаюць больш за 50 ксілагравюр, каля 500 заставак і 900 ініцыялаў; упершыню ў кірыліцкім друкарстве ўвёў тытульны ліст (тады аўтарскія вокладкі не рабіліся), фаліяцыю (парадкавая нумарацыя) старонак, калантытулы, складаныя шматфігурныя кампазіцыі і арнаментыку. А яшчэ сам рабіў подпісы да ілюстрацый, малюнак шрыфту Бібліі, за аснову якога ўзяў паўустаў беларускіх рукапісаў, у тым ліку Літоўскай метрыкі XV стагоддзя. І гэтак далей. Усё гэта і шмат іншага мне давялося вывучаць, аналізаваць у фондзе беларускай старажытнай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Я трымаў у руках некаторыя арыгінальныя выданні скарынінскіх кніг, якія захоўваюцца ў бібліятэках Беларусі і Германіі, — і гэта рукатворнае “дакрананне” было для мяне шчасцем! Шмат у вывучэнні “скарыніяны” мне даў намеснік дырэктара нашай бібліятэкі Алесь Суша, якому я вельмі ўдзячны. Сваю задачу як афарміцеля я бачыў і ў тым, каб чытач, гартаючы факсімільныя кнігі, перш за ўсё бачыў, так бы мовіць, аўтарства “жывога” Скарыны, а не мастака-афарміцеля. Галоўнае, я імкнуўся зрабіць так, каб успрыманне выдадзеных кніг было разлічана менавіта на сённяшняга чытача, але з поўным захаваннем скарынінскіх “каранёў і кронаў”. Коратка кажучы, я імкнуся прытрымлівацца ў сваёй працы двух галоўных складнікаў — духоўнасці (у захаванні вобразна-графічнай, каранёвай структуры самога Скарыны) і прафесіяналізму. Усё астатняе — пабочнае. А што тычыцца прысуджэння мне Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то я прыняў яе як вялікі аванс для маёй будучай працы. Тым больш, што гэта першая мая ўзнагарода за мастацтва. Гэта і радасць за тое, што маё мастацтва патрэбна дзяржаве і народу. Пакуль жыву  — спадзяюся на тое, што зраблю ў творчасці яшчэ штосьці цікавае, патрэбнае грамадству…”

Усе выданні суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў, перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы. Да 500-годдзя выдання Скарынам першай беларускай і ўсходнеславянскай кнігі — гэта, на наш погляд, лепшы падарунак цывілізаванаму чалавецтву.

Барыс КРЭПАК

 

Па драбніцах скласці новае

 

Мінулы год стаўся для Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы па-сапраўднаму ўдалым: тэатр змог адкрыць Камерную сцэну, на нядаўняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі яго “Чайка” была прызнаная лепшым драматычным спектаклем краіны. І вось ізноў віншаванні: калектыў атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Зараз тэатр жыве ў перадпрэм’ерным рытме: на 28 студзеня на галоўнай сцэне запланавана прэм’ера французскай камедыі “Школа падаткаплацельшчыкаў”. Мастацкі кіраўнік Купалаўскага, рэжысёр спектакля Мікалай Пінігін паклікаў у сцэнографы сучаснага мастака Руслана Вашкевіча, які ніколі яшчэ не працаваў у тэатры: “Наша Акадэмія мастацтваў сцэнографаў выпускае, але вялікая праблема сярод іх знайсці сур’ёзнага спецыяліста, якому па сілах засвоіць вялікую сцэну. У Руслана Вашкевіча свежы погляд, неардынарныя ідэі. Паглядзім, магчыма ў беларускім тэатры з’явіцца новы сцэнограф…”

На галоўнай сцэне Аляксандр Гарцуеў ставіць на народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава англійскую п’есу “Юбілей ювеліра”. На Камернай сцэне, якая летась была аддадзена на водкуп рэжысёраў-дыпломнікаў Мікалая Пінігіна, Юрый Дзівакоў ставіць п’есу “Войцык” Георга Бюхнера. Пад заслону сезона тут жа з’явіцца спектакль па сучаснай беларускай п’есе Канстанціна Сцешыка “Запалкі”.

— Сапраўды праблематычна знайсці сучасную, моцную айчынную п’есу для вялікай сцэны, — працягвае спадар Пінігін. — На Камерную можна штосьці выбраць, а вось знайсці буйную форму… Як, напрыклад, колішняя прэм’ера па Максіму Гарэцкаму “Дзве душы” — аповесць ніколі не ставілася на беларускіх падмостках. Твор па сваім напаўненні роўны трагедыям Шэкспіра, але перад аўтарам нашай інсцэніроўкі Максімам Клімковічам паўстала вялікая праблема ператварыць літаратуру ў сцэнічную дзею. Я лічу, што ў нас атрымаўся шыкоўны праект! Ён быў маштабным і па задуме, і па акцёрскім рэсурсе: у спектаклі была занята ўся мужчынская трупа, але ўсё роўна не хапіла артыстаў, таму да пастаноўкі былі прыцягнуты студэнты БДАМ.

Мастацкага кіраўніка засмучае, што пустуе Малая сцэна Купалаўскага. Ён кажа, тэатр мае цудоўны праект: “Аднак падчас рэканструкцыі Малую сцэну выключылі з планаў, зараз на яе адкрыццё неабходны вялікія грошы…” Яшчэ адной падставай для шкадавання сталася маё пытанне пра магчымыя гастролі. Па словах суразмоўцы, раней у дзяржаўных тэатраў былі асобныя артыкулы выдаткаў на пастаноўкі і на гастролі, зараз жа калектыў вымушаны выбіраць ці адно, ці другое. “Прынамсі, каб сыграць спектакль “Пан Тадэвуш” у Францыі, мы выправілі ў дарогу дзве фуры з дэкарацыямі, 75 чалавек, якім трэба было набыць білеты ў самалёт, размясціць у гатэлі… Уласна тэатр усё гэта аплаціць не змог бы. Пра выезды ў айчынныя рэгіёны тым больш няма размовы, бо тэатр не зможа пакрыць свае выдаткі…”

І ўсё ж Купалаўскі спадзяецца на лепшае, таму зараз вядзе перамовы з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Прымаючы бок абяцае ўзяць усе фінансавыя акалічнасці на сябе. Калі перамовы завершацца станоўчым рашэннем, у наступным сезоне купалаўцы пакажуць у Паднябеснай сваю “Чайку”.

Настасся ПАНКРАТАВА

Свой голас

Штотыднёвік “Голас Радзімы”, які сёння з’яўляецца адным з выданняў рэдакцыi газеты “СБ. Беларусь сегодня”, уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта.

Як адзначыў “К” загадчык аддзела “Голасу Радзімы” Іван ЖДАНОВІЧ, газета сёння арыентаваная найперш на суайчыннікаў, беларусаў замежжа.

— Справа ў тым, што цягам апошніх гадоў нам удалося наладзіць пастаянныя дзелавыя і творчыя сувязі з актывістамі, няштатнымі аўтарамі шэрагу беларускіх суполак замежжа, — патлумачыў суразмоўца. — Дзякуючы такой сістэмнай, паўсядзённай працы мы пачалі публікаваць матэрыялы з многіх краін свету. Найперш з постсавецкай прасторы, а таксама Польшчы, краін Лацінскай Амерыкі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Францыі і некаторых іншых.

У газеце, сярод іншага, змяшчаюцца артыкулы пра жыццё беларусаў, культурна-асветніцкую дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, культурных цэнтраў у розных краінах свету. Акрамя таго, журналісты газеты часам нават спрыяюць утварэнню новых суполак беларусаў за мяжой, як і наладжванню шчыльных кантактаў паміж творчымі гуртамі, суполкамі замежжа з партнёрамі ў Беларусі.

— Трэба сказаць, што каштоўны досвед культурнага жыцця беларусаў у замежжы, дзякуючы публікацыям у газеце “Голас Радзімы”, пашыраецца, і адначасова становіцца важным складнікам нашай нацыянальнай культуры, — зазначыў Іван Ждановіч. — Напрыклад, у 2016 годзе газета распавядала пра адметны Купальскі “Дагда-фэст” (Латвія), пра тое, як адзначалі гэта свята беларусы ў Іркуцкай вобласці, як праходзіла яно пад Полацкам (Экімань), на беразе Дняпра (у Александрыі), а таксама ў Львове (Украіна), Даўгаўпілсе (Латвія) і на беразе Днястра ў Малдове.

Акрамя таго, “Голас Радзімы” часта расказвае пра тое, як суполкі беларусаў замежжа далучаюць да сваіх творчых праектаў прадстаўнікоў іншых краін, як сябруюць з рознымі этнічнымі арганізацыямі, як ладзяць сумесныя выступленні і канцэрты. Скажам, у “Беларускім Купаллі” ў Львове летась удзельнічалі актывісты як украінскіх, так і рускіх суполак, а нашы суайчыннікі з Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага здаўна сябруюць з мясцовымі чувашскай i бурацкай этнасуполкамі, як, да слова, і актывісты Беларускага зямляцтва Алтая з мясцовымі суполкамі, што праяўляюць цікавасць да славянскіх традыцый.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота і вехі

Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва атрымаў аўтарскі калектыў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва” за стварэнне і рэалізацыю інфармацыйна-публіцыстычнага праекта “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў”.

Праект праз архіўныя і сучасныя работы праілюстраваў, як змянілася Беларусь за апошнія 20 гадоў, тым самым стварыўшы яскравае ўражанне аб гэтых канцэптуальных зменах. Па словах генеральнага дырэктара Дзмітрыя ЖУКА, асаблівасць праекта ў яго формах: віртуальны аналаг выставы (сайт bylostalo.belta.by) і рэальны — перасоўная фотавыстава. Упершыню фотавыставу прадставілі ў канцы верасня 2015 года ў канцэртнай зале “Верхні горад”, затым яе ўбачылі жыхары ўсіх абласцей. “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў” паказала зрэз нашай краіны, зрабіўшы акцэнт на значных выніках ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Так, праект падзелены на некалькі тэматычных пластоў: “Медыцына і здаровы лад жыцця”, “Мацярынства і дзяцінства”, “Харчовая бяспека і АПК”, “Прамысловасць і навука”, “Узброеныя Сілы”, “Горадабудаўніцтва і добраўпарадкаванне”. Думаю, гэтым праектам зацікавілася, у першую чаргу, моладзь, якой не давялося пазнаёміцца з талонамі на прадукты харчавання, вялізнымі чэргамі або амаль пустымі прылаўкамі ў крамах…

Праект паказвае, што мы можам зрабіць за невялікі прамежак часу, якіх вынікаў дабіцца. Яго, на маю думку, можна дапоўніць тэмай культуры і мастацтва, паказаць дасягненні і поспехі нашых мастакоў, пісьменнікаў, рэжысёраў, а таксама творчых калектываў, ансамбляў… Таму, спадзяюся, ён будзе рухацца далей, знаходзіць новыя кірункі, пашырацца. Варта дадаць, “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў” сёлета атрымала Гран-пры на XІI Нацыянальным конкурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера” ў намінацыі “Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў”.

Вольга РОПАТ

Залатая наша саломка…

Спецыяльная прэмія таксама прысуджана кіраўніцы заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі сувенір” дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна” Раісе РАМАНЕНІ.

Студыю “Беларускі сувенір” Раіса Раманеня заснавала ў 1982 годзе. Там навучаюцца дзеці ад 8 да 16 гадоў. Спачатку займаліся інкрустацыяй з саломкі, аднавілі тэхніку вырабу дываноў, характэрных для поўдня Цэнтральнай Беларусі. Потым Раіса Аляксандраўна стала вывучаць саломкапляценне па кнігах Вольгі Лабачэўскай, паступова авалодала ўсімі традыцыйнымі тэхналогіямі. У працы не цураецца сучасных тэхнічных сродкаў: сплітар расшчапляе саломку, калі была б машынка для швейцарскай тэхнікі — звіваецца нітка з саломы і з яе робяцца карункі — карысталася б і ёй.

Раіса Раманеня прадстаўляла Беларусь на шэрагу міжнародных фестываляў у Сербіі, Францыі, Турцыі, Венгрыі, нават у Індыі (гэта не лічачы краін-суседак). Па яе словах, Беларусь з'яўляецца лідарам у свеце па саломкапляценні. Гэта рамяство шмат дзе бытавала, але менавіта ў нас яго выкладаюць у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Шэраг выхаванцаў студыі “Беларускі сувенір” зрабілі саломкапляценне сваёй прафесіяй.

Заўсёды ў хаце нашых продкаў была салома, на Каляды, напрыклад, яе клалі пад абрус. Пра заможнага чалавека казалі, што ён “па пуза ў саломе”. Шмат хто сёння дома мае сімвалы кітайскага новага года — пеўня, малпу… “Хай бы людзі ў сваім імкненні быць шчаслівымі і заможнымі не забываліся, што для гэтага ёсць і беларускія традыцыйныя сродкі“, — кажа Раіса Раманеня.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

 

Ад Іспаніі да Нікарагуа

Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва ўдастоена ўстанова культуры “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Відовішчна-культурны комплекс “Гомельскі дзяржаўны цырк”.

Як адзначыў “К” дырэктар Гомельскага дзяржаўнага цырка Якаў ЛАБОВІЧ, гэтая прэмія — прызнанне дзяржавай працоўных заслуг усяго калектыву ўстановы культуры.

— У нас, як я лічу, працуе высокапрафесійны калектыў, які ўмее прыносіць людзям радасць, дорыць ім зарад пазітыўнай энергіі ў нашы няпростыя часы,  — адзначыў суразмоўца. — Мы змаглі прадэманстраваць цягам мінулага года цэлы шэраг высакакласных, высокамастацкіх цыркавых праграм, якія выклікалі значную цікавасць у гамяльчан і гасцей нашага горада. Так што атрымаць гэтую высокую спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі нам дапамог наш удзячны глядач.

Высокі ўзровень цыркавых прадстаўленняў, па словах Якава Лабовіча, падтрымліваецца за кошт таго, што ў праграмах Гомельскага цырка прымаюць удзел не толькі айчынныя, але і замежныя артысты.

— Мы пастаянна запрашаем да сябе артыстаў з Расіі і Украіны, Узбекістана і Італіі, Нікарагуа і Румыніі, — кажа дырэктар. — А ўжо сёлета, у лютым, пакажам для сваіх прыхільнікаў праграму “Маскоўскага цырка Юрыя Нікуліна”, а таксама два атракцыёны, якія прыехалі да нас з Манголіі. Шэраг навінак чакаюцца і ў наступных месяцах года.

І апошняе. Па словах Якава Лабовіча, установа культуры надае вялікую ўвагу ў сваёй дзейнасці дабрачынным праграмам, запрашаючы на свае прадстаўленні дзяцей-інвалідаў, а таксама дзяцей, якія пражываюць у раёнах, пацярпелых ад радыяцыйнага забруджання падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Прычым дабрачынныя акцыі адбываюцца ў цырку не першы год. Гэта, напрыклад, традыцыйнае абласное навагодняе свята для навучэнцаў Гомельшчыны ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, якое ладзіцца пад патранажам старшыні аблвыканкама. У мерапрыемстве штогод бяруць удзел каля 1,5 тысячы дзяцей са школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў з розных раёнаў Гомельскай вобласці.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

 

Афіны вяртаюцца!

Маёнтак Агінскага ў Залессі — сядзібу і пейзажны парк з альтанкай і млынам — называлі калісьці за прыгажосць “Паўночнымі Афінамі“. У 2010 годзе пачалася рэканструкцыя сядзібы, у 2014-м — скончылася, а ў 2015-м, да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага Музей-сядзіба прапанаваў наведвальнікам экспазіцыю, што распавядае пра жыццёвы і творчы лёс аўтара неўміручых паланэзаў. На рамонтныя і экспазіцыйныя работы было выкарыстана больш за 30 мільярдаў старых беларускіх грошай. Доўгатэрміновы творчы праект быў названы “Вяртанне Паўночных Афінаў”.

Кіруе ўстановай Людміла Градзіцкая. У штаце — 19 чалавек, у тым ліку сем навуковых супрацоўнікаў. “Па першым часе, — кажа Людміла Уладзіміраўна, — было ім вельмі няпроста: яшчэ рэканструкцыя не скончылася, а экскурсантаў аказалася шмат, вось і ладзіліся вандроўкі па парку”.

Цяпер і сядзіба стала месцам пастаянных сустрэч аматараў паэзіі ды музыкі. Тут ладзяцца шыкоўныя балі, якія прыцягваюць безліч аматараў даўніны. Да прыкладу, летась Музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага пабачыла больш за 35 тысяч наведвальнікаў, музейныя супрацоўнікі арганізавалі амаль 800 экскурсій. За кожнай з іх — напружаная праца сённяшніх гаспадароў сядзібы.

Праект “Вяртанне Паўночных Афінаў” звернуты цяпер на добраўпарадкаванне паркавай тэрыторыі, возера, альтанкі. “Калі ўсё атрымаецца, — кажа дырэктар музейнай установы, — гэтыя работы будзем весці ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва разам з Тракайскім паркам. Адпаведная заяўка для гэтага накіравана”.

Яўген РАГІН