Радкі кладуцца ў палатно

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Ці кожны сёння ведае, што такое, да прыкладу, страхарка? А цабэрак, бёрды, калаўрот, кублы?.. Між тым, якая музыка гукаў у кожнай назве амаль забытых у нашым ужытку рэчаў!

 /i/content/pi/cult/161/1379/Radki-kladucca.jpg

Вольга Годыль.

Усе іх можна ўбачыць у музеі Дома рамёстваў у вёсцы Пруды, якая знаходзіцца ў глыбінцы Стаўбцоўскага раёна — Налібоцкай пушчы. Тут сабрана больш за сотню экспанатаў, некаторым з іх, як сявеньцы, лапцям з лыку, больш за сто гадоў.

Вёска і сёння славіцца рамёствамі — бондарствам, вышыўкай, ткацтвам. Як, дарэчы, славіцца і захаванасцю фальклору.

Што ж да Дома рамёстваў, дык даўнішнія рэчы, якія ў ім сабраны, — не толькі музейныя экспанаты: яны дзейнічаюць, працуюць. Дырэктар Дома рамёстваў Вольга Годыль пры нас села за кросны.

— Напачатку прыйшлося адшукаць патрэбныя льняныя ніткі, — распавядае Вольга Рычардаўна. — Потым абышла хаты, знайшла шэсць жанчын, што яшчэ памятаюць даўнішняе рамяство. Сабраліся мы разам, збілі штыры, склалі бёрды, адшукалі адпаведны чаўнок і распачалі працу. Спрабуем ткаць — і вачам сваім не верым: кладзецца радок за радком у палатно.

Дом рамёстваў быў створаны на базе былога вясковага клуба, плошча якога была дужа вялікая. Вось і вырашыла Вольга Годыль стварыць музей рэчаў народнага ўжытку. Села на веласіпед і паехала па хутарах. Не адно гарышча давялося даследаваць, каб сабраць увесь скарб, што сёння ўпрыгожвае музей.

Пра кожны са 120 экспанатаў Вольга Рычардаўна можа распавядаць доўга. Лапці і чаравікі “з апушкай”, коўдры і ручнікі, вышытыя на марлі фіранкі і падвясная калыска, даўнія строі і нават імправізаваная печ ды саламяны павук на покуці — усё сагравае душу. Жанчыне цяжка было б адной адолець такую нялёгкую справу. Дапамог муж Анатоль Вацлававіч, вадзіцель школьнага аўтобуса.

У Доме рамёстваў працуюць майстар-класы. Бондар Браніслаў Дошчачка не паспявае рабіць масленкі, дзежкі, вёдры для лазні — вялікі попыт на іх. Увогуле ў Прудах было некалі не менш за сто бондараў — людзі жылі з гэтага... Уменне вышыўкі пакажа Лідзія Фарботка — яна вядзе гурток для дзяцей. Лідзія Сямёнаўна мае некалькі ўласных вершаваных зборнікаў, добра ведае мясцовы фальклор.

Яшчэ робіць прыгожыя лялькі. Моніка Адамцавіч стварае пудзілы з падручных матэрыялаў: пер’я, лісця, пялёсткаў — фантазіі яе няма межаў. А што да вышывання, дык у Прудах ім валодаюць нават мужчыны. Сцяпан Фарботка са сваёй карцінай “Венецыя” стаў нават пераможцам конкурсу вышыванак часопіса “Зрабі сам”.


Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО