Вольга Годыль. |
Вёска і сёння славіцца рамёствамі — бондарствам, вышыўкай, ткацтвам. Як, дарэчы, славіцца і захаванасцю фальклору.
Што ж да Дома рамёстваў, дык даўнішнія рэчы, якія ў ім сабраны, — не толькі музейныя экспанаты: яны дзейнічаюць, працуюць. Дырэктар Дома рамёстваў Вольга Годыль пры нас села за кросны.
— Напачатку прыйшлося адшукаць патрэбныя льняныя ніткі, — распавядае Вольга Рычардаўна. — Потым абышла хаты, знайшла шэсць жанчын, што яшчэ памятаюць даўнішняе рамяство. Сабраліся мы разам, збілі штыры, склалі бёрды, адшукалі адпаведны чаўнок і распачалі працу. Спрабуем ткаць — і вачам сваім не верым: кладзецца радок за радком у палатно.
Дом рамёстваў быў створаны на базе былога вясковага клуба, плошча якога была дужа вялікая. Вось і вырашыла Вольга Годыль стварыць музей рэчаў народнага ўжытку. Села на веласіпед і паехала па хутарах. Не адно гарышча давялося даследаваць, каб сабраць увесь скарб, што сёння ўпрыгожвае музей.
Пра кожны са 120 экспанатаў Вольга Рычардаўна можа распавядаць доўга. Лапці і чаравікі “з апушкай”, коўдры і ручнікі, вышытыя на марлі фіранкі і падвясная калыска, даўнія строі і нават імправізаваная печ ды саламяны павук на покуці — усё сагравае душу. Жанчыне цяжка было б адной адолець такую нялёгкую справу. Дапамог муж Анатоль Вацлававіч, вадзіцель школьнага аўтобуса.
У Доме рамёстваў працуюць майстар-класы. Бондар Браніслаў Дошчачка не паспявае рабіць масленкі, дзежкі, вёдры для лазні — вялікі попыт на іх. Увогуле ў Прудах было некалі не менш за сто бондараў — людзі жылі з гэтага... Уменне вышыўкі пакажа Лідзія Фарботка — яна вядзе гурток для дзяцей. Лідзія Сямёнаўна мае некалькі ўласных вершаваных зборнікаў, добра ведае мясцовы фальклор.
Яшчэ робіць прыгожыя лялькі. Моніка Адамцавіч стварае пудзілы з падручных матэрыялаў: пер’я, лісця, пялёсткаў — фантазіі яе няма межаў. А што да вышывання, дык у Прудах ім валодаюць нават мужчыны. Сцяпан Фарботка са сваёй карцінай “Венецыя” стаў нават пераможцам конкурсу вышыванак часопіса “Зрабі сам”.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО