Акрамя карагодаў пад ёлачкай…

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Святочныя ранішнікі ў тэатрах, пры ўсіх закліках “сеяць разумнае, добрае, вечнае”, дапамагаюць творчым калектывам выканаць ускладзеныя на іх планы, матулям-бабулям-татулям-дзядулям — пераканацца ў вернасці сваім бацькоўскім абавязкам, а дзецям — хаця б раз на год пабываць на спектаклі. Што ж прапанавалі нам сёлета сталічныя пляцоўкі? Якія найбольш перспектыўныя (а можа, і негатыўныя) тэндэнцыі з’явіліся?

/i/content/pi/cult/620/13786/8-1.jpgРадуе, што навагодніх спектакляў і прымеркаваных да святаў прэм’ер становіцца ўсё больш. І асабліва — што яны становяцца ўсё больш разнастайнымі, а не толькі змайстраванымі па даўно распрацаванай схеме: маўляў, хтосьці хоча сапсаваць вяселле, але ўсё заканчваецца добра. Больш разнастайнай стала не толькі тэматыка, але і жанравая палітра навагодніх прэм’ер: у афішы былі пазначаны не толькі проста казкі, але і мюзіклы, баль-маскарад, клаўнада. Як і заўсёды, сярод сёлетніх тэатральных праектаў былі і “аднагадовыя”, разлічаныя толькі на цяперашнія канікулы, але часта па два-тры паказы на дзень, і “доўгатэрміновыя”, сюжэт якіх не прымеркаваны выключна да святаў. Можна было назіраць і вяртанне былых навагодніх пастановак — на тую ж самую сцэну ці на іншыя. Захаваўся і бяспройгрышны варыянт — зварот да казачнай класікі, дзе спрацоўвае сама назва твора, якая замяняе рэкламу. Дадатковай “прыманкай” стаўся “навагодні збор” (на баль, у вандроўку і таго падобнага) герояў улюбёных дзятвой мульцікаў.

Нацыянальны рэпертуар, а тым больш беларускамоўны, так і застаецца прэрагатывай хіба асобных творчых калектываў. Але не можа не радаваць з’яўленне фальклорнага ўхілу, прычым менавіта беларускага, а таксама духоўнага складніку. Новы год пачынае “пашырацца” да Калядаў і Нараджэння Хрыстова, тэматыка якіх дапаўняе ўласна “дзедамарозаўскую”.

Практычна ва ўсіх спектаклях прысутнічае інтэрактыў — у большай ці меншай меры. З’явіўся і спецыяльны тэатр узаемадзеяння, дзе можна рушыць следам за героямі, патрапіць у інтэрактыўную зону і ўсё там памацаць. Увогуле, паболела імпрэз камернага характару, разлічаных на непасрэдны ўдзел кожнага дзіцяці, а не проста ўсяго натоўпу. І пляцоўкі для гэтага шукаліся адпаведныя — часам не тэатральныя, а прыстасаваныя, нават у… кавярні. А што? На Захадзе даўно засвойваюцца ўсе магчымыя і немагчымыя памяшканні, асаблівасці архітэктуры і інтэр’еру якіх дадаюць імпрэзам шарму.

Акрамя карагодаў пад ёлачкай, тэатры пачалі больш актыўна ствараць спецыяльныя фотазоны, у тым ліку з тантамарэскамі і іншымі аксэсуарамі, звязанымі са спецыфікай тэатра і нават з канкрэтным спектаклем. Дадатковы піяр-ход — змяшчэнне ўсяго гэтага на фоне бігборда з назвай тэатра. Вядома, з разлікам на тое, што многія выкладуць фота ў сацыяльныя сеткі.

А вось праблемы засталіся ранейшымі. Няшчасная доля многіх дзіцячых спектакляў — жудасная манера артыстаў весці размовы з публікай і паміж сваімі героямі на падкрэслена павышаных тонах, ажно да крыку, нават у мікрафон. Дзеці, на жаль, у тэатры шумяць. Не прывучаныя ні настаўнікамі ні бацькамі, яны паводзяць сябе, як на кінасеансе ці дома перад камп’ютарам: хрумсцяць чыпсамі ды цукерачнымі абгорткамі, абмяркоўваюць уголас што заўгодна, непаважліва ставяцца да самой акцёрскай працы, часам кідаючы пагардлівыя воклічы. У імкненні быць пачутымі артысты пачынаюць узмацняць сілу голасу. Дзеці ў адказ шумяць гучней — атрымліваецца замкнёнае кола. Але гэта не апраўданне, тым больш “мікрафоннаму крыку”: узмацняльная гукаапаратура сама па сабе патрабуе іншага галасавога пасылу, больш натуральнага маўлення, бо з ёй нават ціхі шэпт будзе пачуты ў самым канцы залы і на балконнай галёрцы, а ўсялякае нязначнае “пераігрыванне” можа дасягнуць памераў катастрофы. І, у выніку, увогуле адбіць усялякую цікавасць да тэатра. Так што камерныя спектаклі ў гэтым сэнсе — выратаванне ўдвая.

Як ні дзіўна, але ўсё больш складанай праблемай навагодніх ранішнікаў становяцца… дарослыя. Не ў тым сэнсе, што яны неяк перашкаджаюць дзятве весяліцца пад ёлачкай, а ў тым, што некаторыя з іх развучыліся… чытаць. І чамусьці мяркуюць, што ўсе спектаклі пад Новы год павінны быць для немаўлят.

Ну, а пра тое, каб папярэдне даведацца пра змест і неяк падрыхтаваць да гэтага дзіця, і ўвогуле размова не ідзе: маўляў, мы прыдбалі квіткі — калі ласка, забяспечце нам свята (якое, дарэчы, часта ўспрымаецца не больш як “гоп-ля-ля”). Прывяду анекдатычны (а насамрэч — вельмі сумны) прыклад. Гляджу “Калядную гісторыю” (дадам, што ёсць і аднайменны дыснэеўскі мульцік па тым жа сюжэце) у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. І толькі з’яўляецца Скрудж — скнара і праціўнік святаў, жанчына злева пачынае ўголас абурацца: “Якая ж тут “Калядная гісторыя”? Падман!” Я ёй на вушка: “Гэта ж Дыкенс! І на афішы пазначана”. — “А мне што дзікі, што не дзікі — галоўнае, каб дзіцяці свята было!” Што тут скажаш? No comments — без каментарыяў.

А цяпер, як у тэлевізійных выпусках навін, пра ўсё гэта — больш падрабязна. Са сціслым аглядам амаль кожнага з паўтара дзясятка спектакляў, якія давялося паглядзець.

Галоўная ёлка краіны была і застаецца ў Палацы Рэспублікі — з абавязковай тэлетрансляцыяй. Сёлета тэлеверсію пастаўленага там спектакля “Як прыручыць Дракона, ці Крыштальная мелодыя” можна было паглядзець акурат у першы дзень 2017-га. Леташні ж спектакль — “Віртуальны Новы год” — у крыху адаптаваным выглядзе (без паветранай гімнасткі, але са светлавым шоу) быў перанесены на сцэну Маладзёжнага тэатра эстрады. Сюжэт (аўтары сцэнарыя — Ірына Гаранец і Вячаслаў Панін, які выступіў рэжысёрам) скіраваны на школьнікаў — камп’ютарных гульцоў, што ўжо само па сабе нова. Праходзячы разам з героямі спектакля тры ўзроўні гульні, гледачы нязмушана атрымліваюць веды пра начынне камп’ютара, Барбару Радзівіл, антычную і беларускую нацыянальную міфалогіі. Нельга не звярнуць увагу на папраўдзе адметныя сцэнічныя строі, асабліва для камп’ютарных Клавіятуры і Мышы, трохгаловага Цмока, танкаў з гульні. У музыцы ж выкарыстаны вядомыя дзецям песні, але з перайначанымі, як у капусніках, словамі: “33 каровы” з “Мэры Попінс…” ператварыліся ў 33 камп’ютарныя праблемы, а знакамітая “Калыханка” з аднайменнай тэлепраграмы “закалыхвае” камп’ютарных вірусаў. Спектакль глядзеўся на адным дыханні, як добра зладжаны шоу-прадукт: усё ішло “па накатанай”, цалкам “пад плюс”, нават размоўныя дыялогі трансляваліся ў запісе. Пластыка ж герояў, пастаўленая з разлікам на вялізную залу, у больш камерным памяшканні на блізкай адлегласці набыла яшчэ большыя рысы пародыі, наўмыснага шаржыравання. Пры ўсіх відавочных плюсах, не зусім зразумела, навошта вірусам так неабходна цягнуць за сабой — ды не куды-небудзь, а ў камп’ютар — навагоднюю ёлачку: маўляў, ёлка дае энергію, якая дапаможа ім пранікнуць у самае сэрца камп’ютара, на залатую плату. Ну, а потым — сляды ёлачкі ў спектаклі беззваротна знікаюць. Гэтак жа знікае і маці, якая ў фінале не далучаецца да сваіх дзяцей, бо артыстка Алена Жданава… пераапранаецца Каралевай залатой платы. Што ж, спішам гэта на амаль заўсёдныя “нестыкоўкі” ў навагодніх казках, але ўсё роўна шкада, бо з гісторыі магла атрымацца сапраўдная “цукерачка”.

У Нацыянальным акадэмічным тэатры Янкі Купалы прэм’ера казкі пра Папялушку, названай “Крышталёвы туфлік”, прыпала на сярэдзіну лістапада, літаральна адразу пасля восеньскіх канікул. Чым не “старт па-еўрапейску”? Бо там прынята рыхтавацца да Калядаў, упрыгожваць вітрыны і ствараць святочны настрой не менш як за месяц. Вось і купалаўцы сталіся папраўдзе першымі — шкада, што толькі ў часавым вымярэнні. Мабыць, былі вымушаны эканоміць (хаця на дзецях рабіць гэтага нельга), але пры ўсіх неверагодных тэхнічных магчымасцях сцэны ў спектаклі няма ні зачаравання, што так важна пры казачным пераўтварэнні мурзы ў прынцэсу, ні чараўніцтва. А як жа чарадзействы Феі? Усё вельмі празаічна: на сцэну выносіцца вялікі гарбуз, і адтуль дастаюцца мале-е-енечкія цацачныя конікі з карэтай і адпаведная ім выява прынцэсы — гэткай лялькі Барбі, якіх хапае ў кожнай дзяўчынкі.

Дзіўнаватым выглядае і некаторы фемінісцка-мілітарысцкі ўхіл, бо пачынаецца дзея са сцэны вайскоўцаў на чале з Капралам, а ўсе яны — дзяўчаты. І нагадваюць, у лепшым выпадку, мажарэтак. Мабыць, рэжысёр Сяргей Кавальчык свядома хацеў сінтэзаваць не толькі некалькі сюжэтных варыянтаў казкі (Шарля Перо, Яўгена Шварца, Тамары Габэ), але і розныя рэжысёрскія канцэпцыі. Бо спалучыў не толькі стагоддзі (ад строгай, крыху чапурыстай, але чароўнай даўніны да злёгку развязнай сучаснасці), але і часам несумяшчальныя рысы характару ў некаторых персанажах, музычную полістылістыку і гэткую “поліэстэтыку” ўсяго спектакля, дзе ўзвышана-адухоўленае яднаецца з іранічна-побытавым. Малады таленавіты кампазітар Канстанцін Яськоў зрабіў выдатныя аркестроўкі, але чаго? Прапанаваных яму другасных мелодый — ад рускіх рамансаў да блатной лірыкі. Так што самым цікавым аказваецца… антракт, калі Максім Карасцялёў (Паж) паказвае асобным дзецям, якія не пабеглі ў буфет, простыя “фокусы” са з’яўленнем і знікненнем прадметаў антуражу праз сцэнічныя люкі. Толькі — дзе ж пазначаны “баль-маскарад”?

Новы драматычны тэатр “перапрачытаў” небагатую на сюжэтны разгорт казку Андэрсена “Прынцэса на гарошыне” — у цалкам аўтарскім драматургічным выкладанні Жанны Лашкевіч і рэжысуры Святланы Навуменка. Бачна, што творцы хацелі адысці і ад простага пераказу, і ад звыклай казачнасці з вандроўкамі па трыдзявятых царствах, зрабіць нейкую альтэрнатыву: пагаварыць з дзецьмі пра каханне, навучыць іх прыслухоўвацца да свайго сэрца, цаніць чалавечыя зносіны. Невыпадкова ў спектаклі ўзніклі філасофска-сімвалічныя праекцыі-паралелі: карусель — хуткаплыннасць і адначасова вечнае кола жыцця, спыненне часу — няўменне чалавека пасталець, феі хросныя — бабулі з матчынага і бацькоўскага бакоў, кожная з якіх мае свае ўяўленні пра выхаванне і лічыць сябе галоўнай. Але свядома абраная няспешнасць тэмпарытму не “абрасла” той мастацкасцю і зачараваннем тэатральнага мастацтва, ад якіх займае дух. І ператварылася ў зацягнутыя размовы, а то і сваркі (якая з фей больш “правільная”), не заўсёды чыстае інтанаванне ў музычных нумарах (а між тым, акцёрскі вакал можа быць і спевамі на мяжы з рэчытацыяй, бо галоўнае — выразнасць). Такім жа “сумненькім” паўстаў ранішнік, палову якога Дзед Мароз і апрануты ім Стары Год высвятлялі, хто з іх сапраўдны. Але былі і дэталі, годныя пераймання. На ўваходзе ў тэатр публіку сустракала аўдыятрансляцыя дзіцячых навагодніх песень, чутная нават у прыбіральні, і гэта адразу стварала святочны настрой. З любоўю была аформлена фотазона — на фоне тэатральнага банера (праўда, у закуточку, таму можна было б падумаць пра жартоўную навігацыю — да прыкладу, у выглядзе “слядкоў”).

Найбольшай рэпертуарнай разнастайнасцю сустракаў свята Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. У дні зімовых канікул тут ішлі і ранейшыя працы (“Пунсовая кветачка”, “Марозка”), і абедзве снежаньскія прэм’еры, рэжысёрамі якіх выступілі артысты тэатра: “Старая чароўная казка” і “Дзень нараджэння ваўка”.

Першая з прэм’ер была пастаўлена вядомым акцёрам Канстанцінам Міхаленкам паводле п’есы “Навагодняя гісторыя ў казачным царстве” Дзмітрыя Галубецкага — расійскага артыста, рэжысёра і драматурга, які спецыялізуецца на навагодніх казках: іх у яго — каля дзесяці. У параўнанні з арыгіналам штосьці скарацілася, яшчэ больш — перапісалася, але дадаліся Казачнік, цётухна Мяцеліца. Дый Матрона (Наталля Анішчанка) паўстала някрасаўскай гераіняй, здольнай не толькі “каня на скаку”, але і Салаўя Разбойніка спыніць, не кулакамі — прыгажосцю (хаця канчатковае выратаванне, як і ў п’есе, прыходзіць са з’яўленнем Дзеда Мароза).

Калі ў гэты спектакль былі прыўнесены хіба асобныя цыркавыя элементы (Казачнік дэманструе фокусы, Баба Яга плача “слязьмі блазна”), дык “Дзень нараджэння ваўка” жанрава пазначаны (і, дададзім, цалкам вырашаны) як “музычная клаўнада” (рэжысёр — вядучы артыст тэатра Яўген Іўковіч). У пошуках першакрыніцы знайшла аднайменную п’есу, але… зусім іншую. Спектакль — штосьці накшталт сіквэла (так называюць працяг вядомага твора) казкі пра трох парсючкоў. Маладыя артысты працуюць выдатна! Пластыка — сучасная. Клаўнада — смешная. Асабліва вылучу Лізавету Ільеўскую (Нюша), якая і танчыць увесь час (у тым ліку, ірландскія танцы), і сальта круціць, і з рэпам абыходзіцца так, што прафесіяналы пазайздросцяць. Спектакль можа стаць сапраўдным упрыгажэннем афішы, адным з намінантаў на чарговую Нацыянальную тэатральную прэмію (летась добрых драматычных спектакляў для дзяцей там увогуле не было). Невыпадкова, што яшчэ да афіцыйнай мінскай прэм’еры ён быў паказаны ў Вільнюсе, таму, можна сказаць, атрымаў “замежную абкатку” (дарэчы, яркая і вельмі функцыянальная сцэнаграфія Вольгі Грыцаевай максімальна прыдатная для выездаў). Адно толькі: навошта клятву ў сяброўстве падмацоўваць “паяданнем зямлі”? Дзеці так любяць пераймаць учынкі, а тым больш — улюбёных герояў…

(Заканчэнне — у наступным нумары.)

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"