Увага, конкурс!

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

На пачатку года міністрам культуры Рэспублікі Беларусь падпісаны загад “Аб правядзенні ў 2017 годзе конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва”.

ІНСТРУКЦЫЯ аб парадку правядзення ў 2017 годзе
конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі
беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім
біенале сучаснага мастацтва

1. Дадзеная інструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва (далей — конкурс).

2. Мэтай конкурсу з’яўляецца выяўленне неабходных арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выстаўкі для прадстаўлення на высокім канцэптуальным узроўні беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва, які пройдзе ў г.Венецыя (Італія) і ўдзел у якім плануе прыняць Рэспубліка Беларусь.

3. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (далей — Міністэрства) і дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу “Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь” (далей — Цэнтр).

4. Конкурс праводзіцца з 5 студзеня па 7 лютага 2017 года.

5. Удзельнікамі конкурсу могуць быць мастацтвазнаўцы, мастакі і іншыя фізічныя асобы, якія маюць вопыт арганізацыі і правядзення буйных культурных праектаў у галіне выставачнай дзейнасці (далей — удзельнікі конкурсу).

6. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца на афіцыйных сайтах Міністэрства і Цэнтра, змяшчае звесткі аб конкурсе, яго ўмовах, крытэрыях і парадку ацэнкі прадстаўленых удзельнікамі конкурсу матэрыялаў, парадку і тэрміне аб’яўлення вынікаў конкурсу, а таксама іншыя неабходныя звесткі.

7. Для ўдзелу ў конкурсе яго ўдзельнікі накіроўваюць канцэпцыю ў Цэнтр па адрасе: г.Мінск, вул.Някрасава, 3, з паметкай “Конкурс на стварэнне куратарскай канцэпцыі беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале”.

Канцэпцыі прымаюцца да 31 студзеня 2017 года ўключна. Канцэпцыі, прадстаўленыя на конкурс пазней прызначанага тэрміну, да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца. Дата прадстаўлення матэрыялаў, якія дасылаюцца па пошце, вызначаецца па паштовым штэмпелі адпраўшчыка.

8. Канцэпцыя павінна ўлічваць:

дэвіз і тэму 57-га Венецыянскага біенале — “Viva arte viva” (Жыве жывое мастацтва)*;

адлюстраванне новых арыгінальных ідэй сучаснага мастацтва ў Беларусі, а таксама распаўсюджванне інфармацыі аб сучасным беларускім мастацтве за мяжой;

прадстаўленне беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале — на высокім канцэптуальным узроўні;

выкарыстанне сучасных мультымедыя-тэхналогій;

указанне аўтараў, іх твораў, выкарыстоўваемых мультымедыйных сродкаў;

абгрунтаванне кошту рэалізацыі канцэпцыі;

тэрмін правядзення 57-га Венецыянскага біенале — з 13 мая па 26 лістапада 2017 года.

Канцэпцыя прадстаўляецца на беларускай або рускай мове ў двух друкаваных экзэмплярах і версіі на электронным носьбіце ў запячатаным канверце.

9. У мэтах захавання ананімнасці ўдзельнікаў конкурсу куратарская канцэпцыя прадстаўляецца пад чатырохзначным нумарам, які ўказваецца ў левым верхнім вугле канцэпцыі, а таксама на канверце ўдзельнікаў конкурсу.

Канверт удзельнікаў конкурсу ўяўляе з сябе асобны запячатаны канверт, у які ўкладваецца інфармацыйны ліст са звесткамі пра ўдзельніка конкурсу: прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое маецца), год нараджэння, адукацыя, месца працы, хатні адрас, кантактны тэлефон, адрас электроннай пошты, вопыт арганізацыі і правядзення буйных культурных праектаў у галіне выставачнай дзейнасці.

10. Прадстаўленне канцэпцыі і канверта ўдзельнікаў конкурсу азначае згоду ўдзельнікаў конкурсу ў выніку перамогі стаць куратарам беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале.

11. Канцэпцыі не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца ўдзельнікам конкурсу.

12. Для разгляду канцэпцый ствараецца журы конкурсу, склад якога зацвярджаецца загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

13. Канцэпцыі разглядаюцца журы конкурсу на закрытым пасяджэнні не пазней 7 лютага 2017 года.

14. Рашэнне прымаецца ў прысутнасці не менш паловы складу журы конкурсу адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў прысутных. Пры роўнай колькасці галасоў “за” і “супраць” голас старшыні журы з’яўляецца вырашальным. Рашэнне журы конкурсу афармляецца пратаколам, які падпісваецца ўсімі членамі журы конкурсу, прыняўшымі ўдзел у галасаванні.

15. Члены журы могуць рабіць заўвагі і ўносіць свае прапановы да выбраных канцэпцый.

Праект пераможцы конкурсу павінен быць рэалізаваны з улікам заўваг і прапаноў журы конкурсу.

16. Крытэрыі ацэнкі канцэпцый:

адпаведнасць умовам конкурсу;

наяўнасць новых арыгінальных ідэй;

выкарыстанне мультымедыя-тэхналогій у працэсе арганізацыі выставы;

кошт стварэння праекта.

17. Пасля вынясення рашэння журы па выніках конкурсу канверты ўдзельнікаў конкурсу распячатваюцца і ў адпаведнасці з прынятым рашэннем журы абвяшчаецца пераможца конкурсу.

18. Вынікі конкурсу публікуюцца ў двухтыднёвы тэрмін пасля вынясення рашэння журы на афіцыйных сайтах Міністэрства і Цэнтра.

19. Пераможца конкурсу атрымлівае права стаць куратарам беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале пры ўмове заключэння адпаведнага дагавора з Цэнтрам да 15 лютага 2017 года.

У выпадку, калі журы конкурсу не вызначыць пераможцу конкурсу, Міністэрства мае права самастойна прызначыць куратара беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале.

20. Паштовыя і іншыя выдаткі ўдзельнікаў конкурсу аплачваюцца за іх кошт.

* Дадатковыя звесткі — на сайце біенале www.labiennale.org