Па праграме павышэння кваліфікацыі “Музычнае мастацтва: актуальныя пытанні методыкі выкладання” займалася 25 чалавек. 21 з іх выкладае акадэмічнае харавое мастацтва, 4 — народнае. Але ці не палове даводзілася выкарыстоўваць народную манеру выканання. І толькі два слухачы зазначылі, што яны не павінны быць папулярызатарамі (распаўсюджвальнікамі, транслятарамі) нашай традыцыйнай культуры. А ў 12-ці прадстаўленых ДШМ (амаль палова) навучанне дзяцей так альбо інакш звязана з беларускай народнай творчасцю.
Цяпер — пра найбольш актуальныя аспекты заняткаў. Асобныя адказы слухачоў ёсць сэнс прывесці цалкам, бо яны ў гэтых нататках — ключавыя: “Уразіла этналабараторыя з унікальным падборам музычных інструментаў”, “Этналабараторыю трэба пераўтварыць у музей і вадзіць сюды дзяцей. Фальклор — важная справа. Але, думаю, пра гэта людзі дацямяць гадоў праз 50. І тады захаванае ох як спатрэбіцца”, “Традыцыйную музыку неабходна папулярызаваць”, “Спадабалася прастата развучвання песень, рэжысуры элементаў абрадавай дзеі”, “Кірчук сваёй энергетыкай зараджае нас, а мы павінны зараджаць сваіх вучняў”, “Без ведання гісторыі роднага краю, асноў яго песеннай творчасці немагчыма развіваць нацыянальную музычную культуру”. І прыкладна так — ва ўсіх 25 адказах.
Што канкрэтна выкарыстаюць слухачы з пачутага і пабачанага ў сваёй працоўнай дзейнасці? Адказы вельмі канкрэтныя: песні, тэатралізацыю абрадаў, рэжысуру, народныя інструменты, народныя мелодыі ў апрацоўцы для акадэмічнага хору. І толькі тры адказы выбіваюцца з агульнага шэрагу: “Нічога не выкарыстала б”, “Цяжка адказаць”, “Паколькі працую з акадэмічным калектывам, дык атрыманыя звесткі — толькі для пашырэння кругагляду — свайго, родзічаў, сям’і”.
Да месца, як падаецца, прывесці адзін з адказаў на пытанне “Ці паспрыялі заняткі пашырэнню вашага кругагляду?” Вось той адказ (дарэчы, усе 25 — станоўчыя): “Энергетыка Кірчука зараджае ўсіх. Такіх людзей мала. Гэта ж трэба так любіць сваю справу і аддавацца ёй цалкам! Хочацца таксама працаваць, каб і пра цябе памяталі”.
Такія ж заняткі Іван Кірчук ладзіць і з клубнымі работнікамі, бібліятэкарамі. Усё правільна: нават бібліятэкар, які збольшага займаецца мясцовым краязнаўствам, павінен ведаць матчыны песні і ўмець іх выконваць разам з дзецьмі. Інакш кажучы, слухачы самі прааналізавалі сённяшні стан спраў з этнавыхаваннем. Выснова, напэўна, такая: без ведання традыцыйнай культуры няма развіцця музычнай культуры ўвогуле. І паўсюднае этнавыхаванне, сапраўды — рэч рэальная. І адпаведныя навучальныя праграмы Іван Кірчук даўно распрацаваў. Рана ці позна яны спатрэбяцца.