У Італіі і Францыі

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

7 і 8 студзеня ў італьянскім горадзе Кальяры пачнуцца мерапрыемствы, прысвечаныя Году беларускай культуры на Сардзініі.

Паводле інфармацыі Ганаровага Консула Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры Джузэпэ Карбоні, ужо 7 студзеня ў тэатры Масіма ў сталіцы італьянскага аўтаномнага рэгіёна Сардзінія адбудзецца “Шоу пясчаных карцін” гомельскага мастака Юрыя Пташынскага. А 8 студзеня ў тэатры Аўдыторыум Камунале пройдзе канцэрт салісткі Брэсцкай абласной філармоніі ў суправаджэнні ансамбля “Рапсодыя” Жаны Верса. Мерапрыемства арганізавана Ганаровым консульствам Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры пры падтрымцы Фонда Сардзініі (банк Сардзінія), “Цэнтрам міжнародных сувязяў” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, “Італа-беларускім цэнтрам супрацоўніцтва і адукацыі “Сардзінія” ў Мінску пад патранажам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы і Прэзідыума Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія.

У рамках праграмы “Год беларускай культуры на Сардзініі” прадугледжана правядзенне літаратурных сустрэч, на якіх беларускія пісьменнікі прадставяць свае кнігі ў рускамоўнай бібліятэцы “Роднае Слова” ў Кальяры, канцэртаў Народнага ансамбля народнай музыкі “Рагнеда” Заслаўскага ГПК, фотавыстаў, прысвечаных прыродзе Беларусі, выстаў нацыянальнага беларускага рамяства, прэзентацый мастацкіх фільмаў беларускіх аўтараў пры падтрымцы бібліятэкі “Роднае Слова”. Таксама беларуская фальклорная група прыме ўдзел у Міжнародным фальклорным фестывалі Сардзініі, а беларускі хор — у Міжнародным фестывалі харавых спеваў духоўнай музыкі “Каледж Каларытанум”.

Акрамя таго, пры садзейнічанні мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” беларускі бок падорыць валынку аўтарскай рэканструкцыі сардзінскаму музею музычных інструментаў, а італьянскія майстры, у сваю чаргу, перададуць некалькі старажытных сардзінскіх духавых інструментаў.

Як паведамляе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі, на працягу 2016 года па ініцыятыве і пры арганізацыйнай падтрымцы дыпмісіі арганізавана 41 культурнае мерапрыемства ў 20 гарадах Францыі. Дні беларускай культуры наведала каля 50 тысяч французаў.

38 мерапрыемстваў праведзены за кошт сродкаў спонсараў, мецэнатаў і пазабюджэтных крыніц устаноў культуры Беларусі. Два мерапрыемствы атрымалі частковую фінансавую падтрымку Міністэрства замежных спраў Беларусі ў рамках дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” і адно мерапрыемства падтрымку Віцебскага аблвыканкама. Арганізацыю Дзён беларускай культуры ў Францыі актыўна падтрымалі грамадскія арганізацыі і прадстаўнікі беларускай дыяспары.

У рамках Дзён беларускай культуры ў Францыі ў 2016 годзе ўпершыню былі праведзены I Беларускія тэатральныя сезоны (з выступленнямі Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” (Парыж), Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (Парыж), дзіцячага балета “Балетнай школы Вежнавец” (Ліён, Клермон-Феран і іншыя) і І Беларускія музычныя сезоны ў Францыі (выступілі Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” (Парыж, Ліён), ансамбль “Талака” Віцебскай абласной філармоніі (Парыж, Ліён), Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі (Парыж), сімфанічны аркестр Акадэміі музыкі (Ціль, Сажон, Маран, Сэн-Жорж-дэ-Дзідон, Сэн-Жэні-дэ-Сэнтонж, Мата), калектыў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы “Прымакі” (Парыж), дзіцячы калектыў “Вытокі” (Ліён). Варта вылучыць выступленні ў Рэгіянальнай кансерваторыі Парыжа юных беларускіх музыкантаў — навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Добрай традыцыяй стала арганізацыя акцыі “Заспяваем гімн Беларусі разам”, якая ўжо два гады запар праходзіць на адной з цэнтральных плошчаў Парыжа Тракадэро — насупраць Эйфелевай вежы. Яскравай падзеяй, прымеркаванай да 150-годдзя з дня нараджэння Леона Бакста, стала выстава навучэнцаў школ мастацтва Гродзенскай вобласці ў штаб-кватэры UNESCO. У Парыжы таксама былі арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя ўшанаванню беларускіх святынь: Жыровіцкай іконы Божай маці і Будслаўскай іконы Божай маці.

Варта асобна вылучыць арганізацыю першага павільёна з удзелам шасці беларускіх мастакоў у рамках “Восеньскага салона” на Елісейскіх палях у Парыжы (заснаванага ў 1903 годзе). Адначасова пры падтрымцы Пасольства шэсць французскіх мастакоў, у тым ліку кіраўнікоў парыжскага “Восеньскага салона”, прынялі ўдзел у “Восеньскім салоне” ў Мінску. Пасольствам таксама арганізавана выстава сучаснага мастацтва “Арт-Капіталь: з Францыі ў Беларусь”, у якой прынялі ўдзел 15 знакамітых французскіх і 11 беларускіх мастакоў і скульптараў.