Беларускі народны каляндар-2017

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Народны каляндар — гэта сістэма сталых ці рухомых святаў, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў побыце і фальклоры. Уяўляе з сябе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта — фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў, і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі / Навалецці, з’яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

/i/content/pi/cult/618/13760/2-7-1.jpg

У народным календары на 2017 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, урыўкамі з валачобных песень і гэтак далей. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-каталікі, вылучаны курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юльянскім, календаром. Зорачкай /*/ пазначаны святы “рухомай” царкоўнай пасхаліі.

У 2018 годзе па праваслаўнай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) 8 красавіка, па каталіцкай  — 1 красавіка.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашых кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002).

Студзень

1. н. Новы год. Вялікае Княства Літоўскае перайшло на студзеньскі стыль у 1550 годзе, Расія — з 1700 года. “А хто ўпярод? Новы ж год”.

6. пт. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Каталікі праводзілі маскіраваны абрад “Тры каралі”, або “Гэроды”.

7. сб. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. “Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…” Калядавалі. Насілі “звязду”. Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы (“вадзілі казу”, “жанілі Цярэшку”, “пяклі ката”, гулялі ў “Яшчура” і іншыя).

9. п. Сцяпан. “На святога Сцяпана вышэй слуга за пана”.

13. пт. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. “Мароз, хадзі куццю есці”.

14. сб. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. “Сею, сею, пасяваю, з Новым годам вас вітаю”.

18. с. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. “Каляда ад’язджае”.

19. ч. Вадохрышча (Хрышчэнне). “Святое Кшчэнне ваду ксціла […], свет ачысціла і ваду наверх пусціла”, “На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама”.

20. пт. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. а. Аксіння. “Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце”. Фядос. “На Фядоса цёпла”.

25. с. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел.

31. а. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. “Хавай нос у апанасаўскі мароз”.

Люты

1. с. Ігнат. “На святога Ігната зіма багата”.

2. ч. Грамніцы, Стрэчанне. “Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы”, “Грамніца — хлебу палавіца…”

5. н. Агата. Каровіна свята. “Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты”.

6. п. Паўзіміца Аксіння. “На Аксіні мяце”. Дарота. “Па Дароце высахнуць хусты на плоце”.

11. сб. Ігнат. “Ігнат Грамніцам рад”.

12. н. *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі “вея” ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі “дзесяцінкі дзве”.

14. а. Трыфан. “На Трыфана зорна — вясна позняя”. Валянцін. Свята закаханых.

15. с. Грамніцы, Стрэчанне. “Зіма з летам сустракалася...”, “На Грамніцы палавіна зіміцы”.

18. сб. Агата. Каровіна свята.

19. н. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Ільі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі “калодкі” нежанатым хлопцам.

22. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны.

23. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. “На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі”.

24. пт. *Дзедава пятніца. Улассе. Свята жывёлы. “Аўлас на сыры лас”. Мацей. “На Мацея дарога пацее”, “На Мацея адліга — будзе мароз”.

25. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). “Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі”.

26. н. Маладзік у 17.58 (колападобнае сонечнае зацменне). *Масленіца. “Масленіца ў “вятху” (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку”. *Гуканне вясны. “Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці”. На Палессі вадзілі карагоды, “спявалі чырачку”, насілі ёлку з вянком. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

27. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

Сакавік

1. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень.

4. сб. *Зборава субота. Абрад “споведзі дзежкі”. Казімір. “Святы Казімір дровы сякець”.

5. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года / лета ў час прыняцця юльянскага летазлічэння. “Святы Ізбор упярод ступіць”. Пачатак збору ў поле.

9. ч. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. н. Рыгор. “На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора”.

13. п. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. а. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. “На Аўдокі голы бокі”. (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). “Святы Еўдакей […] пераступ года”.

15. с. Хвядот. “На Хвядота занос — усё сена знясе”.

17. пт. Герасім Гракоўнік. “Герасім гракоў прыгнаў”.

19. н. Язэп. “Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту”. “На Язэпа пагода — год ураджайны”.

20. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі “храсты”. Засеўкі. Абрад “жаніцьбы коміна”. Вясновае раўнадзенства. Усход — 7.17, захад — 19.17.

22. с. *Серадапосце. Выпякалі “храстцы”. Саракі. Было Новым годам / летам. “Святыя Саракі наперад пайшлі”. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. “Святыя Саракі ў поле саху валаклі”. Прыска. “На святога Прыску праб’е лёд і пліска”.

25. сб. Рыгор. “На Рыгора зіма ідзе ў мора”. Дабравешчанне, Звеставанне. “І птушка гнязда не кладзе”. Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам. “Перша свята — нова летца, Благавешчан зямлю сушыць”.

26. н. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на “запасванне” кароў.

27. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. “Дзікая качка яйцом пахваліцца”. Арына. “На Арыну сей капусту ў расадніках”.

30. ч. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. “На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою”.

31. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

Красавік

1. сб. *Пахвальная (Мезіна) субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Дар’я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

3. п. Пачатак *Вербнага тыдня.

6. ч. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі “буславы лапы”.

7. пт. Благавешчанне. “Благавешчанне без ластавак — халоднае лета”. Абрад “Страла”.

8. сб. Благуста. “На Благусту сей капусту”.

9. н. * Пальмова нядзеля. “Вярба б’е, не я б’ю”. *Вербніца. Матрона. “На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае”.

10. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

11. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і “гаўядо” не напала “парша”, трэба ўсё мыць.

12. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное.

13. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.

14. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. Мар’я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

16. н. *Вялікдзень (у праваслаўных і католікаў). “Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!” Быў Новым годам. “Першае свята — свята Вялікадня”.

Мікіта. “Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам”.

17. п. Працяг *Велікоднага тыдня. “Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць”.

19. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. “Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула”.

20. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.

21. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою. Руф. Руф рушыць снягі.

23. н. *Праводная нядзеля. “Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла”. Юры. (Новы год па задыяку). “Першае святца — святы Юр’я”, “Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я на “голы” лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла”. Войцах. “Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху”.

24. пн. *Радаўнічныя Дзяды. Анціп — ахоўнік зубоў.

25. а. *Радаўніца. “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. Марк. “Дождж на Марка, дык зямля як шкварка”.

28. пт. Пуд. “Пуд снег пугне”.

29. сб. Арына. “На Арыну сей капусту”.

30. н. Зосім — ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Май

1. п. Кузьма. “Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком”.

5. пт. Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады.

6. сб. Юр’е. Свята жывёлы. “Як дождж на Юр’я — хлеб будзе і ў дурня”. Абрад “Страла”.

7. н. *Міраносцы. “На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адну за валосця”. Алісей. “Прыйшоў Алісей — авёс пасей”. Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Марк. “Дождж на святога Марка — дык зямля, як шкварка”. Станіслаў. “Сей лён на Станіслава — вырасце як лава”.

10. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. сб. Якуб. “На Якуба грэе люба”.

14. н. Макарэй. Абрады ля вады.

15. п. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. ч. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і.

19. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.).

20. сб. Антоній. “На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца”.

21. н. Іван Веснавы. Апякун земляроба. “На Івана каласок, а на Пятра піражок”.

22. п. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. “Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена”.

23. а. Зілот. “Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злата”.

24. с. Макей. “Мокра на Макея — і лета не прасушыць”. Кірыла і Мяфод. “Калі дзень мокры — і лета будзе мокра”.

25. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. *Ушэсце. Абрад “Страла”. Епіфан. “На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета”.

27. сб. Сідары. “Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы”.

28. н. Пахом. “Святы Пахом павее цяплом”. “Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом”.

29. п. Магдалена. Зязюльку прысылае.

31. с. *Градавая серада. Шэсць дзеў. “Лён сей позні”. Канапелька Матруна. “У зямлю махнула”. Фядот. “Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка”.

Чэрвень

2. пт. *Сёмушныя Дзяды. Тры пакутнікі. “Няма лета, але пасля іх не бывае зімы”.

3. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. н. *Сёмуха, Зыход Святога Духа. Свята зелені. “На Духа будзе цёпла і суха”. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. “Павядзём Куста пад гай зялёненькі...” Васіліск. “Ад Васіліска і салавей блізка”.

5. п. *Русальніца, Іван ды Мар’я. Праводзіны вясны. “На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...” Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

6. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

7. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Ян. “Рой перад Янам — пчаляр будзе панам”.

8. ч. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.

13. а. Ерамей. Антоній. “Антоні, аддай коні”.

14. с. Юстын і Харытон. “Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон — лён”.

15. ч. *Божае цела, Зелянок. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. “Дзеўяць ягодзін на ветцы”.

16. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых.

18. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі.

19. п. *Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліпеня. Пятроўка-галадоўка.

21. с. Летняе сонцастаянне (з 20 да 22 чэрвеня). Даўжыня дня — 16.50. Усход — 4.46, захад — 21.36. Тодар. “На Тодара раса — канапель паласа”.

22. ч. *Дзясятнік. “Дзясятнік гнаі возіць”. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер’і.

23. пт. *Дзясятка. “Косы точыць”, “Жыта паспявае”. Купала. У старажытнасці — Новы год / лета.

24. сб. Ян Купальны. “Сонца грае”.

25. н. Анапрэй. “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ”.

26. п. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

28. с. Амос. “Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс”.

29. ч. Ціхан. “Пеўчыя птушкі заціхаюць”. Пятрок. “Да Пятра зязюльцы кукаваці”, “Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два”.

Ліпень

6. ч. Купалле. Свята Сонца і кахання. “Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне”.

7. пт. Іван Купала. “Учора была Купала, а сёння Іван”.

10. п. Самсон. “На Самсона дождж — сем тыдняў то ж”. Сем братоў. “Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды”.

12. с. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. ч. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. “На Сымана й Юды конь баіцца груды”.

14. пт. Кузьма і Дзям’ян. Свята кавалёў. “Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабе”.

17. п. Андрэй. “Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма”. “Андрэй усіх мудрэй”.

18. а. Свята Месяца. “Месяц гуляе”.

21. пт. Казанская. Пракоп. “Пракоп бок прыпёк”. Данат. “Святы Данат коскі точыць”.

25. а. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. “На Якуба хлеба поўна губа”.

26. с. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.

29. сб. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

31. п. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Ільёю). Дзень “зазубравання” сярпоў.

Жнівень

1. а. Макрыны. “Глядзі восень па Макрыні”.

2. с. Ілья. Свята дажджоў і навальніц. “Ілья нарабіў гнілля”, “Укінуў у воду кусок ільда”.

4. пт. Мар’я. “Магдалена — вады па калена”.

6. н. Барыс Палікоп. “Барыс і Глеб — паспеў хлеб”.

7. п. Ганны. “Святы Ганны бабкі стаўляюць”.

9. с. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. пт. Лаўрын. “На Лаўрына спяшай да млына”.

12. сб. Сіла. Жыта сей.

14. п. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. а. Базыль. “Базыль авечкам воўну дае”. Прачыстая, Зельная. “Прыйшла Прачыста — стала поле чыста”.

16. с. Антоны Віхравеі. Рох. “Кірмаш на паненак”.

17. ч. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. сб. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. с. Лаўрэн — свята млынара.

24. ч. Баўтрамей. “Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей”. “Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей”.

27. н. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. п. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. а. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. “Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў”.

30. с. Міроны Ветрагоны. “Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць”.

31. ч. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. “Сухая” навальніца, дождж.

Верасень

5. а. Лупа. “Сей на Лупа — будзе жыта купа”.

7. ч. Баўтрамей. “Жыта на зіму сей”.

8. пт. Другая Прачыстая. “Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста”.

10. н. Мацей. Абаронца ад п’янства.

11. п. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. с. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. ч. Сымон. Абрад “жаніцьбы коміна”. (Асенняе Навалецце / Навагоддзе з 1493 года). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.

19. а. Цуды, Міхал. “Міхал з поля спіхаў”.

21. ч. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

22. пт. Асенняе раўнадзенства. Усход — 7.01, захад — 19.02.

24. н. Тадора. “На Тадору ўсякае лета заканчваецца”.

26. а. Стаўроўскія Дзяды.

27. с. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі — у кучу.

29. пт. Міхал. “Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор’е надзеі”. Сіцыян. “Святы Сацыян ды ляны пасцілаў”.

Кастрычнік

2. п. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.

3. а. Астап, Астаф’я. Прыкметы па ветры.

4. с. Пранцішак, Францішак. “На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка”.

8. н. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. п. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. сб. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам”. “Пакровы — зарыкалі каровы”. Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі “ў дзеўкі” сябровак.

21. сб. Трыфан, Палагея. “Золкім ветрам вее”. Зміцер. “Да Змітра баба хітра”.

25. с. Марцін — свята млынароў.

28. сб. Сымон і Юда. “Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць”. Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. н. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. п. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. а. Лука. “Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі”. Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. с. Усе святыя. Памінальны дзень.

2. ч. Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. сб. Казанская. Дождж ці снег. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. “Святыя дзяды, завём вас...”

8. а. Зміцер. “Да Змітра дзеўка хітра”. Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. с. Тодар. “На Тадора поўна камора”.

10. ч. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. пт. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. “Мядзведзь кладзецца ў бярлогу”.

12. сб. Артошка. Пачатак прадзення.

14. п. Кузьма-Дзям’ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. а. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. с. Матрона. “З Матроны становіцца зіма”.

24. пт. Хвёдар Студзянец. “Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць”.

25. сб. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. “Кацярына забрала лета”.

27. п. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпоўскага посту (да 7 студзеня).

28. а. Піліпаўка — перадкалядны пост.

29. с. Мацей. “На Мацея зіма пацее”.

30. ч. Андрэй. Дзявочае свята.

Снежань

3. н. Адвент. Перадкалядны пост.

4. п. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. “Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла”.

5. а. Пракоп. Савы. “Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае”.

6. с. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. “Хвалі зіму па Міколе”.

7. ч. Кацярыны. “Забрала край лета”.

9. сб. Юр’е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. “Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні”.

13. с. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. ч. Навум. Наставіць на вум.

17. н. Варвары. “Мікола і Варвара ноч урвалі”.

18. п. Савы, Міколін бацька. “Сава мосце, а Мікола гвоздзе”.

19. а. Мікола Зімовы. “Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета”. “Мікола марозам гвоздзіць”.

22. пт. Зімовае сонцастаянне. Усход — 9.33, захад — 16.43. Даўжыня дня — 7.10 .

Ганны. “Ганны — прыбавіцца багата дня”, “Ганкі — палічаны дзянькі”.

24. н. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. п. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. “Свята Ражаство ўпярод пашло, новы гадок павёў радок”.

26. а. Сцяпан. “Кожны сабе пан”.

31. н. Марк. “Марка да В-арка — няхай будзе парка”. Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Алесь ЛОЗКА, фалькларыст