Навошта нам каворкінг?

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

22 снежня ў Навуковай бібліятэцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта адкрылі першы бібліятэчны каворкінг “КБ-16” у Мінску.

/i/content/pi/cult/618/13759/11-2.jpg

Каворкінг у Навуковай бібліятэцы БНТУ. / Фта прадастаўлена ўстановай

Калі хто не ведае, каворкінг — гэта слова, якое прыйшло да нас з англійскай мовы (сo-working, “сумесная праца”) і абазначае гарадскую грамадскую прастору або, скажам так, калектыўны офіс, які аб’ядноўвае людзей для зносін, навучання і творчага ўзаемадзеяння. Дзякуючы каворкінгу, людзі, якія цікавяцца якой-небудзь тэмай, могуць сабрацца на некаторы час разам, паразмаўляць, вырашыць тую ці іншую праблему і разбегчыся па сваіх справах. Менавіта такую форму сумеснай працы прапануе цяпер усім ахвотным бібліятэка.

— У каворкінгу “КБ-16”, як мы плануем, будуць рэалізоўвацца студэнцкія праекты і ініцыятывы, — адзначыў “К” дырэктар бібліятэкі БНТУ Аляксей Скалабан. — Для гэтага тут ёсць усё неабходнае: зручныя крэслы, сталы, вялікая колькасць працоўных месцаў, зоны для сумеснай і індывідуальнай працы, бясплатны Wi-Fi, сучаснае аўдыя- і відэаабсталяванне. Акрамя таго, бібліятэка гатова даваць сур’ёзнае інфармацыйнае суправаджэнне карыстальнікам каворкінгу.

А сам праект паўстаў, дзякуючы намаганням супрацоўнікаў бібліятэкі і іхняга спонсара — кампаніі-рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій “Сайберы СіАйЭс”, якая ўклала ў крэатыўную ідэю эквівалент прыкладна 9 тысяч долараў. Праўда, як кажа Аляксей Скалабан, ад задумы да рэалізацыі бібліятэчных планаў прайшло шмат часу: спачатку супрацоўнікамі бібліятэкі быў распрацаваны праект, а пасля яны цэлы год грукаліся ў дзверы патэнцыйных спонсараў.

— У выніку спонсар знайшоў нас сам, прапанаваўшы супрацоўніцтва, — адзначыў Аляксей Скалабан. — Дзякуючы таму, што ў нас ужо быў створаны праект, мы адразу змаглі зацікавіць ім кампанію і даволі хутка яго рэалізаваць: ад заключэння пагаднення да адкрыцця каворкінгу прайшло ўсяго 50 дзён!

З цягам часу, як плануецца, на базе каворкінгу паўстане сумесная лабараторыя, якая дазволіць студэнтам засвоіць практычныя навыкі праграмавання пад кіраўніцтвам вопытных супрацоўнікаў кампаніі-спонсара або прыняць удзел у распрацоўцы ўнутраных праектаў універсітэта. Усё гэта, на думку праектантаў, прывучыць маладых людзей працаваць у камандзе і ў далейшым, магчыма, паспрыяе ў працаўладкаванні ў тую ці іншую кампанію, з якіх першай, натуральна, будзе фірма-спонсар.

Як адзначыў “К” кіраўнік кампаніі-партнёра Яўгеній Вольфсан, наступныя праекты, зробленыя сумесна з установамі культуры Мінска ці рэгіёнаў, для яго фірмы цалкам магчымыя.

— Але тут ёсць адна ўмова: каб гэты праект быў цікавым усім бакам, а таксама аказаўся добра распланаваным — сказаў Яўгеній Вольфсан. — І ў гэтым аспекце нас сапраўды вельмі парадавалі супрацоўнікі бібліятэкі: калі мы прыйшлі сюды, у іх было ўсё гатова для сумеснай працы, меўся рэальны бізнес-план, улічаны ўсе нюансы і перспектывы і гэтак далей. Названае і сталася галоўнай прычынай, чаму мы вырашылі падтрымаць ідэю. На жаль, са свайго вопыту магу сказаць, што вельмі часта сёння бывае наадварот: задумы ёсць, а іх падмацавання ў выглядзе добра пралічанага бізнес-плана ці праекта — няма.

Так што галоўны пасыл сённяшняга дня палягае ў наступным: “паветраныя замкі” варта пакідаць у мінулым, бо імі бізнесменаў наўрад ці прывабіш. Акрамя таго, да спонсара трэба ісці, грукаць у дзверы, дабівацца яго ўвагі. Інакш любыя, нават самыя цікавыя праекты, так і застануцца “жыць” адно на паперы і ў марах праекціроўшчыкаў.

Дадам, што ўваход у каворкінг “КБ-16” вольны для любога чалавека па чытацкім білеце Навуковай бібліятэкі БНТУ, а для таго, каб замовіць сабе час для калектыўнай працы, трэба спачатку зарэгістравацца онлайн.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"