Сысці з абцасаў, каб агучыць цішыню

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Беларускія падмосткі даволі часта адорваюць гледача прывабным жаночым целам. Спакусліва аголенымі часткамі цела ўпрыгожваюць мізансцэны, пышнымі дэкальтэ аздабляюць афішы, прыгажунямі ў паўпразрыстых строях рамантызуюць гарачыя гісторыі кахання. Аднак ад мастацтва новага стагоддзя чакаюць не толькі пікантнай карцінкі. Ці атрымаецца ў айчыннага тэатра сысці ад клішэ і ўзняцца на наступную прыступку разумення сексуальнасці, калі цела ўспрымаецца не дадаткам, а адным з узроўняў пазнання чалавечай сутнасці?

/i/content/pi/cult/618/13757/11-1.jpg

У айчыннай тэатральнай прасторы раз-пораз узнікаюць праекты на вострыя тэмы, пра якія ў грамадстве прынята гаварыць паўшэптам. Напрыклад, эпатажная п’еса Іў Энцлер “Маналогі вагіны”, што грукацела па ўсім свеце, не мінула і Беларусь. Некалькі гадоў таму за тэму супраціву сораму, які зведваюць многія жанчыны ў дачыненні да свайго цела і сваёй сексуальнасці, узнімалі рэжысёры Крысціна Вязаўская і Святлана Сугака. Далучыцца да абмеркавання выбуховай п’есы змаглі гледачы ў Мінску і Гродна.

Прафесійны тэатр таксама не стаіць у баку ад наспелых тэм, якія рэдка агучваюць на грамаду. Аляксандр Марчанка прывёў на сцэну Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў тым ліку і дакументальныя гісторыі пра жах хатняга гвалту. Увогуле, спектакль “Мабыць?” па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага стаў сапраўдным канцэнтратам няўтульных для грамадскасці тэм і ўжо два гады правакуе сваіх гледачоў на шматгадзінныя размовы пасля заканчэння дзеяння.

Званне самай скандальнай пастаноўкі сезону, цэнтральнай тэмай якой стала цела і сексуальнае жыццё сучаснай жанчыны, атрымаў спектакль “Камера, якую дала мне маці” — сумесны праект “HomoCosmos” і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Ці можна казаць, што пастаноўка Кацярыны Саладуха і Дарыюша Язерскага раптам ускрыла для беларусаў табуяваныя тэмы? Хутчэй, яна стала адной з праяў вялікай размовы новага пакалення тэатральных дзеячаў са сваёй публікай, што чакае шчырых разважанняў пра набалелае.

Нячастыя тэатральныя пошукі чалавечай сутнасці праз асабістае цела вызначалі чаканую праблему: калі рэдка ўголас размаўляць пра пэўныя рэчы (ці часткі цела), то цяжка падабраць разнастайную лексіку для яе вызначэння. Прынамсі, арт-крытык, рэжысёр Таццяна Арцімовіч падчас грамадскай дыскусіі зазначыла, што ў беларускім перакладзе прозы амерыканскай пісьменніцы Сюзанны Кейсан (менавіта яе кніга стала літаратурнай асновай спектакля “Камера, якую дала мне маці”) не знайшлося аналагаў слову “вагіна”. “У беларускім спектаклі гучаць толькі два словы, але і яны дастаткова паэтызаваныя, таму нівеліруюць фізіялагічнасць тэксту, што ў сваю чаргу здымае напружанне гісторыі. Я бачыла постар да польскай версіі дадзенага спектакля: афіша запоўнена мноствам сінонімаў! Калі лепш папрацаваць над беларускай лексікай, эфект тэксту быў бы бліжэйшым да яго мэтаў і задач”, — упэўнена прамоўца.

Мне ж здаецца, адным найноўшым тэзаўрусам сучаснай беларускай мовы праблема, як данесці кантэкст да мэтавай аўдыторыі, не вырашыцца. Справа не толькі ў тым, які тэкст казаць, але і знайсці таго, хто гэты тэкст будзе гатовы прамовіць. Ці гэта не было адной з прычын, чаму вышэйзгаданую п’есу Іў Энцлер адважыліся сыграць не прафесійныя акцёры, а аматары? Красамоўны і той факт, што на кастынг да спадара Язерскага прыйшлі актрысы, якія яшчэ не размянялі чатырох дзясяткаў гадоў. Рэжысёр разглядаў верагоднасць укласці тэкст у вусны ўзроставага персанажа, аднак… “Упэўнены, сталыя актрысы бачылі маю заяўку, але не адгукнуліся, бо раз — няёмка, два — сорамна, тры — няма звычкі да такіх тэкстаў”, — падсумоўвае пастаноўшчык.

Цікава, што працуючы над правакацыйным матэрыялам, пастановачнай групе ўсё ж цяжка выйсці з палону стандартнага ўспрымання гендарных роляў. Можна вынайсці неадназначны тэкст, аднак не-не ды і “павыскоквае” шаблонны візуальны шэраг. Прынамсі, даследчыца гендару і візуальнай культуры Таццяна Сяцко адзначыла: “У разуменні грамадства жанчына, каб атрымаць права казаць і быць пачутай, павінна пэўным чынам выглядаць. Таму актрыс праз адну зацягваюць у дэкальтэ і ставяць на абцасы. Але справа не толькі ў тым, каб прыбраць гэтыя атрыбуты. Галоўнае — крытычна да іх ставіцца”.

Вострасацыяльны праект заўсёды рызыкуе патрапіць у пастку незадавальнення публікі. Для адных тэатр з аголеным нервам — занадта дзёрзкае відовішча. Такім гледачам хочацца схавацца ад празмерна адкрытых тэм, таму яны сыходзяць з залы, не чакаючы фіналу. Другой палове мала пачуць свае думкі са сцэны, ім не хапае рэальнага выніку ад зладжанай пастаноўкі. Грамадская дыскусія, на якой я прысутнічала, пайшла менавіта ў другім ключы. Аўтарам нагадвалі, што жаночая фізіялогія не так скрытая ў нашым кантэксце, як падаецца. Яе шмат у рэкламе, жаночых часопісах, у гэткім жа градусе яна абмяркоўваецца на шматлікіх форумах. Прамоўцам хацелася пабачыць хваробу галоўнай гераіні не ў якасці фізіялагічнай праблемы, а як сацыяльна-культурную інтэрпрэтацыю жаночага лёсу. Прынамсі, Таццяна Арцімовіч чакала пачуць маніфест сексуальнасці: “Бо ў нашым грамадстве права на секс мае толькі мужчына. Жанчыне дазваляецца ім займацца ў кантэксце сталых партнёрскіх зносін, інакш яна адразу залічваецца ў катэгорыю дам дрэнных паводзін”.

Па меркаванні Таццяны Сяцко, выключна ў рамках тэатра гэтую тэму ўздымаць нельга. Яна разглядае сучасную пастаноўку ў якасці інструмента для сацыяльных змяненняў: “Проста прыносіць на падмосткі слова “вагіна” — гэта нецікава, банальна, ды і гадоў на пяцьдзясят позна. Важна агучваць праблематыку. Зрабіць пастаноўку, каб расказаць біялагічныя факты? У 2016 годзе мне гэтага мала! Пра малочніцу кожны дзень можна прачытаць у рэкламе ў вагоне метро. Гэта вельмі даўно не здзіўляе. Можна працягваць збірацца вузкім колам і хваліць, які смелы калектыў, што пускае на сваю сцэну такія пастаноўкі. Для мяне ж гэта не смела і абыдзённа. Мне не хапае крытычнай пазіцыі. Для мяне важна было б узняць тэму хатняга гвалту, шлюбнага абавязку. Ці часта абмяркоўваецца тэма нежаданага сексу ў партнёрстве? Ад сучаснага тэатра чакаеш, што аўтарская каманда не толькі тэкст перакажа, а выкажа сваю пазіцыю”.

Аднак ці можна патрабаваць ад рэжысёра спраўджвання сваіх асабістых спадзяванняў? Ды ці значыцца ў галоўных задачах тэатра быць сцягам, каб весці за сабой натоўп? Здаецца, не трэба ставіць у абавязак кожнаму тэатральнаму калектыву шакіраваць гледача. Польскі рэжысёр згадаў шэраг скандальных пастановак у сваёй краіне, на якіх зала напалову пусцела яшчэ да сярэдзіны дзеяння: “Спектаклі-маніфесты маюць права на існаванне, але я не хачу займацца такімі пастаноўкамі. Павінны заставацца калектывы, якія працуюць у буфернай зоне. Я рабіў відовішча для звычайнага, удумлівага гледача, правёў шмат работы, чытаў гінекалагічныя працы, навуковыя тэксты пра сексуальныя неўрозы. Здавён моцная палова чалавецтва адмахвалася ад жаночых праблем, спісваючы ўсё на “істэрыку”. Мне хацелася данесці да мужчын рэчы, якія для іх гучаць быццам дзікунства: малочніца, грыбкі, эстрагены… І я бачу вынік: пасля прэм’еры аналагічнага спектакля ў Польшчы ў зале разгортвалася шмат дыскусій!

Адна з самых вялікіх — супрацьлеглае ўспрыманне жанчынамі і мужчынамі розніцы паміж гвалтам і сексам без пагаднення. Я пераканаўся, што многія жанчыны глядзелі на сцэну, як у люстэрка”.

Мяркую, каб прымірыць публіку з рознымі чаканнямі, неабходна перш-наперш вызначыцца, на якім полі гуляе спектакль. Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў прыгадаў міні-дыскусію ў сацыяльных сетках, калі адна з глядачак рэзка выказалася: “Я працую ў радзільным доме, і мяне ад гэтай тэмы ўжо адварочвае”. Вызначыўшыся з патэнцыйнай аўдыторыяй, пастановачнай групе прасцей будзе акрэсліць мэты і задачы, для чаго ўсё закручваецца. Спадар Стрэльнікаў падсумаваў: “Я не пераацэньваў бы ролю айчыннага тэатра ў якасці публічнай прасторы для дыскусіі, не чакаў бы ад яго выбуховага рэзанансу ў грамадстве. Параўнайце з брадвейскім мюзіклам “Гамільтан”, дзе ўсіх бацькоў-заснавальнікаў ЗША граюць чарнаскурыя акцёры. Спектакль узняў злабадзённую праблему стаўлення да эмігрантаў. Са сцэны нагадваюць, што Амерыку рабілі эмігранты. І, паверце, вельмі цяжка адшукаць які-небудзь тамтэйшы тэлеканал, дзе гэтыя акцёры не свяціліся б, не працягвалі б развагі, узнятыя спектаклем. У Беларусі ж не хапае размовы ў адказ. Спектакль пабачыў свет, а што далей? Пра яго будуць ведаць хіба некалькі сотняў фанатаў дадзенага тэатра. Толькі ў Мінску пастаянна функцыянуе дзясятак тэатральных пляцовак, але чакаць, што пастаўленае на іх падмостках імгненна стане рэзананснай тэмай, пакуль не даводзіцца…”

У страце ўплыву на грамадскасць тэатр часткова вінаваты сам: рэпертуары ўсё часцей прапануюць забаўляльную праграму, з-за камедый скарачаючы колькасць спектакляў, што выціскаюць гледача з зоны камфорту і прымушаюць задумацца. Калі падставай для дыскусіі стане не адзін спектакль, а шэраг пастановак, што ахопяць тэму з розных бакоў, тады і размова выйдзе з вузкага кола, а чарговых пышнагрудых каралеў адно для ўпрыгожвання карцінкі зменяць шматгранныя гераіні з памкненнем зразумець прастору і час у тым ліку і праз асабістую цялеснасць.

На здымку: сцэна са спектакля “Камера, якую дала мне маці”.

Фота Крысціны ГРЭКАВАЙ прадастаўлена НЦСМ


Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"