“…Рампа” ёсць, артыстаў хапае: дзе ж маладыя рэжысёры?

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

У Беразіно прайшоў юбілейны Х Абласны фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Атмасфера свята, гасціннасць гаспадароў, безліч намінацый і прызоў, цудоўная арганізацыя, шыкоўная “трыумфальная арка” ў выглядзе адметнага тэатралізаванага адкрыцця і бліскучага гасцявога спектакля закрыцця — усё гэта памножылася на праблемы развіцця аматарскіх калектываў. Што ж маем у выніку — а галоўнае, на перспектыву?

/i/content/pi/cult/618/13755/4-1.jpgМагчымае і немагчымае

Арганізатары зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб фестываль стаўся святам і адначасова своеасаблівай “творчай майстэрняй”, карыснай для ўсіх удзельнікаў. Мінаблвыканкам, яго галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Бярэзінскі райвыканкам, Мінскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, Бярэзінскі РЦК, дзе адбываюцца ўсе прагляды, — кожны рабіў свой унёсак у агульную справу: ад фінансавання да хатніх страў для членаў журы, якія глядзелі спектакль за спектаклем.

Фестывальная “матэматыка” — гэта шэсць конкурсных тэатральных работ (з Маладзечна, Барысава, Слуцка, Жодзіна і з самога Беразіно) і дзве пазаконкурсныя (са Слуцка і Баранавічаў). Калектывы-ўдзельнікі не проста выступалі і з’язджалі, як гэта часцяком робіцца на прафесійных форумах (дзе сказваецца і занятасць артыстаў, і недахоп “прагонных” грошай), а маглі застацца на ўсе тры дні і паглядзець, што прывезлі іх калегі. Чым не своеасаблівы майстар-клас? Асабліва ў дачыненні да бліскучых пазаконкурсных паказаў, якія задалі настолькі высокую планку, што маглі б скласці канкурэнцыю не толькі ўдзельнікам бярэзінскага творчага спаборніцтва, але і намінантам Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі, якая прайшла літаральна напярэдадні (дарэчы, спачатку яны ўвогуле супадалі, бо тэрміны Нацпрэміі “наклаліся” на даўно заяўленыя даты “…Рампы” — і апошнюю давялося пераносіць, з-за чаго, на жаль, з праграмы выбыў нясвіжскі тэатр).

У бярэзінскага фестывалю склаліся свае традыцыі. У час адкрыцця ўсе ўдзельнікі запальваюць свечы на падсвечніках, а само адкрыццё выдумляе і ладзіць уладальнік Гран-пры пазалеташняга конкурсу (апошні праходзіць біенале — раз у два гады). Сёлета таксама не абышлося без сюрпрызаў. Ужо на ўваходзе гасцей сустракалі сталічныя мімы — з комік-шоу-групы “Доктар Ю.М.О.Р.” Маладзёжнага тэатра эстрады пад кіраўніцтвам Вячаслава Паніна. Але галоўны падарунак быў ад “гранпрыстаў” — народнага тэатра драмы і камедыі “Папараць-кветка” Слуцкага ГДК. Казка пра Курачку Рабу, творча перапрацаваная самімі ўдзельнікамі, выкладалася не толькі ў вершах, але і адметнай тэатральнай мовай — з гумарам, бліскучымі акцёрскімі працамі, з высокай эстэтычнай планкай і глыбока сімвалічным сэнсам, скіраваным на мастацтва і культуру (дыплом “За арыгінальнае ўвасабленне традыцыйнага матэрыялу ў сучаснай форме”).

Як “тапельцы” становяцца “цвікамі”

Вельмі парадаваў Узорны тэатр-студыя “Паралель” Палаца дзіцячай творчасці з Баранавічаў. Спектакль “Чума на абодва вашыя дамы” ўразіў не толькі добрым артыстызмам і маладой энергетыкай (рэжысёр Ларыса Сартакова), але і выразным пластычна-харэаграфічным рашэннем, быццам быў задзейнічаны нейкі дадатковы юнацкі склад вядомага расійскага балета “Тодэс” (дыплом “За прапаганду тэатральнага мастацтва і ўмацаванне творчых сувязяў”). Паглядзеўшы гэты спектакль, многія тэатры павінны былі б задумацца. Бо справа не адно ў моладзі, якая ўмее і любіць танцаваць, але і ў пошуку такога сцэнічнага рашэння, якое зможа натхніць і артыстаў і гледачоў. Міжволі ўзгадаліся апошнія балетныя пастаноўкі нашага Вялікага тэатра — не з замежнай, а з уласнай харэаграфіяй, дзе бліскучыя артысты экстра-класа вымушаны марнаваць час на нягеглыя, нічога не гаворачыя экзерсісы. А тут — усё наадварот: зусім не прафесіяналы, але з цікавымі пастаноўчымі ходамі, выразнымі рухамі, дзе пластыка гаворыць больш за словы.

Шэсць конкурсных спектакляў з Міншчыны былі больш сціплымі, без сінтэзу жанраў, але ў іх таксама можна было заўважыць пошук — найперш, у рэпертуары і тэматыцы. А вось дыплом “За ўдалы творчы эксперымент” не быў прысуджаны нікому: не было ні ўласна эксперыментаў, ні, тым больш, удалых. Затое ў той час, калі сярод прафесійных тэатраў замацавалася тэндэнцыя ставіць касавыя камедыі, каб выканаць ускладзеныя на іх планы, тэатры аматарскія могуць “дазволіць” сабе звяртацца да сацыяльна вострых тэм. Гэта і “Забыць Герастрата” народнага тэатра Бярэзінскага РДК, і “Каралева прыгажосці” народнага тэатра “Метамарфозы” Палаца культуры Маладзечна, а таксама “Не наракай” (паводле п’есы Аляксея Дударава “Вечар”) Тэатра драмы і камедыі імя Уладзіслава Галубка Слуцкага ГДК і “Там наверсе — неба!” (паводле “Памінальнай малітвы”) народнага тэатра ПК “БелАЗ” з Жодзіна. Усе гэтыя п’есы ідуць сёння і ў нашых рэпертуарных тэатрах. Праўда, там яны “патанаюць” у агульнай афішы, у народных жа становяцца “цвіком” праграмы.

Праўда, не ўсё было вырашана дастаткова глыбока, штосьці скатвалася з філасофіі ў побыт. І гэта дадатковы раз сведчыла, як важна “прымерваць” цікавую для рэжысёра п’есу на канкрэтных артыстаў. Так робіць, да прыкладу, рэжысёр Мікалай Пытляк з Беразіно (Гран-пры і дыплом “За лепшае мастацка-вобразнае ўвасабленне спектакля” — тэатру, “За адданасць тэатральнаму мастацтву і шматгадовую творчую працу” — уласна рэжысёру, “За лепшае выкананне мужчынскай ролі” — Аляксею Бабашаву, за выкананне ролі Турэмшчыка — Віталю Шамко). Нават у час фестывалю даводзілася бачыць, як Мікалай Мікалаевіч, заўважыўшы акцёрскую “жылку” ў кімсьці з супрацоўнікаў, пачынаў заахвочваць таго стаць удзельнікам тэатральнага калектыву. І адразу прапаноўваў магчымую ролю. Абсалютна дакладным “трапляннем” у вобразы вылучаўся згаданы жодзінскі спектакль на балючую яўрэйскую тэму (дыплом лаўрэата першай ступені — тэатру, “За лепшую рэжысёрскую працу” і “Лепшае выкананне жаночай ролі” — Наталлі Радзівонавай, за выкананне ролі Тэўе — Канстанціну Міхайлаву, ролі Менахема — Максіму Маслоўскаму, ролі Сцяпана — Дзмітрыю Бондару).

Ці ёсць лідары на заўтра?

У адрозненні ад мінулых фестываляў, у цяперашнім удзельнічала шмат артыстаў-мужчын. Нават куды больш, чым жанчын! І гэта пры тым, што хлопцаў традыцыйна не стае і ў навучальных установах, і ў тэатрах, асабліва рэгіянальных, дзе рэжысёрам часам даводзіцца “перапісваць” некаторыя мужчынскія ролі на жаночыя. Адкуль такая прага? Улічваючы, што ў закуліссі сустракала некаторых былых выхаванцаў Акадэміі мастацтваў, выкажу меркаванне: мужчын становіцца болей, магчыма, яшчэ і таму, што некаторыя прафесійныя акцёры вымушаны сыходзіць з прафесіі ў пошуках больш аплочваемай працы, а любоў да тэатра і жаданне рэалізаваць сябе прыводзіць іх у народныя тэатры. Хаця… у кожнага — свой разлік, свае прычыны і свой творчы лёс. Але як многа залежыць ад рэжысёра! Бо многія прыходзяць у калектывы, запаліўшыся творчым агеньчыкам і ўласна асобай кіраўніка, побач з якім пачынаеш глядзець на свет іншымі вачыма.

А між тым, гэта застаецца на сёння самай, бадай, асноўнай праблемай аматарскіх тэатральных калектываў. Ёсць лідар — ёсць усё. А калі няма? Сярод рэжысёраў былі прадстаўнікі старэйшага і сярэдняга пакаленняў. А дзе творчая моладзь, якую штогод выпускае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў? Дзе тыя маладыя рэжысёры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія любяць скардзіцца на адсутнасць магчымасці рэалізаваць свае творчыя памкненні? Канешне, у народных калектываў — свае асаблівасці, іншы “акцёрскі” кантынгент. Але даволі часта менавіта пэўныя абмежаванні стымулююць творчую фантазію, штурхаюць да эксперыментатарства, вымушаюць шукаць іншыя пастаноўчыя рашэнні.

Паглядзім на гэту праблему і з іншага боку. Ці ўсе кіраўнікі аматарскіх калектываў гатовыя даверыць моладзі калі не ўвесь тэатр адразу, дык хаця б нейкую пастаноўку — у якасці гэткага эксперыменту, дыпломнай працы ці чагосьці падобнага? Справа ж не толькі ў грошах: якімі б важнымі ні былі матэрыяльныя рэчы і дабрабыт, не перавяліся яшчэ ў нас людзі, аддадзеныя тэатральнай справе. Якія хочуць не толькі іграць, але і ставіць!

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова было зірнуць, з якой любоўю і фантазіяй былі аформлены некаторыя спектаклі. Дыпломамі ІІ ступені і “За лепшую сцэнаграфію” быў адзначаны Заслужаны аматарскі калектыў драматычны тэатр “Відарыс” Палаца культуры імя Максіма Горкага з Барысава. Узяўшыся за “камедыю на мяжы фарса” Хасінта Бенавентэ-і-Марцінэса “Гульня інтарэсаў”, рэжысёр Ігар Куніцкі заінтрыгаваў сапраўды тэатральнай мовай разнастайных сцэнічных пераўвасабленняў. Звычайны металічны разнос ператвараўся і ў люстэрка, і ў акенца. Мыліца — у мікрафон. Габляваная дошка — то ў стол, то ў арэлі. Галоўны ж элемент сцэнаграфіі — шафа (у перакуленым выглядзе — куфэрак) пабывала “ў ролі” і лавы, і ложка, і барнай стойкі, і ванны, і, вядома, варотаў. А якія сцэнічныя строі пашыла адна з удзельніц калектыву — Людміла Гудзіліна, адзначаная таксама “За лепшае выкананне эпізадычнай ролі”!

Але ж былі, на жаль, і супрацьлеглыя прыклады, калі рэжысёр, не прыкладаючы асаблівых намаганняў, узвальваў на артыстаў адно тэкст, складаны ў трапным данясенні нават для прафесіяналаў. Ці вымушаў удзельнікаў рабіць тое, да чаго яны ніяк не схільныя, з-за чаго нам, гледачам, станавілася няёмка: навошта такая “пародыя”! Ці калі тая ж аконная рама, выстаўленая ў якасці адной з цэнтральных сцэнаграфічных дэталяў, ніяк не “працавала”. Ці калі абіралася папросту “не самая лепшая” сучасная расійская камедыя, да якой так і не быў знойдзены рэжысёрскі “ключык”.

Журы было, як нідзе і ніколі, лагодным, добразычлівым. Яго ўзначальвалі заслужаны артыст краіны, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Мішчанчук і, у якасці сустаршыні, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч — сама дабрыня і зачараванасць. Каштоўныя падарункі атрымалі ўсе калектывы-ўдзельнікі: журы імкнулася падтрымаць кожнае выяўленне творчай іскрынкі. Але невыпадкова ў паветры лунала пытанне: можа, зрабіць гэты фестываль не абласным, а адкрытым? Каб калектывы Міншчыны адчулі годную альтэрнатыву і пачалі імкнуцца да яшчэ больш высокіх мастацкіх мэтаў.

Мінск — Беразіно — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"