Калі квітнее кактус

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Што замінае развіццю рэгіянальнай культуры
Я вельмі кепскі кветкавод. Але ўсе падваконні ў маёй кватэры застаўлены вазонамі з самымі рознымі раслінамі. Я забываюся іх паліваць, часта лаюся, асабліва на кактусы, а яны ўпарта цягнуцца ўверх, і раз-пораз так мудрагеліста квітнеюць, што я мімаволі пачынаю разважаць пра нелагічнасць любові ды кахання… Культура нашых раёнаў і вёсак нагадвае мне кактус, які можна не паліваць, не аддзячваць пяшчотным словам, бо перыядычнасць яго квітнення ўсё роўна будзе залежаць ад нейкіх іншых, не надта зразумелых нам абставін.

/i/content/pi/cult/618/13753/5-1.jpgУ раённай культуры разбіраюцца ўсе. Колькі разоў быў сведкам таго, як пэўныя старшыні райвыканкамаў (аграрыі па адукацыі), стомленыя надоямі і прывагамі, актыўна займаліся рэжысурай і адборам нумароў для канцэрта з нагоды ці не любога ўрачыстага сходу. І вынікі дзейнасці работнікаў культуры можа ацаніць кожны. Праўда, па розных крытэрыях. Пенсіянер з настальгіяй пра мінулае — па ўласных эмоцыях, фінансіст з праверкай — па адхіленнях ад заканадаўчай базы. Так было заўжды. У тых раёнах, дзе начальнік аддзела, што адказвае за мясцовую культуру, змог давесці кіраўніку райвыканкама сваю незаменнасць, работнікі клубаў, бібліятэк, музеяў адчуваюць, хоць і мінімальную, але пастаянную фінансавую ўвагу. Так было заўжды… А цяпер — уласна пра тэндэнцыі менавіта сённяшняга стану сельскай культуры.

Што непакоіць…

Дзве чуткі настойліва блукаюць па культурных абсягах краіны. Пра працяг аптымізацыі і пра падзел аддзела на самастойныя структуры — культурную ды ідэалагічную. Вакол гэтага і паспрабуем паразважаць.

Аптымізацыя вытворчасці арт-прадукта (нават у раённых умовах) — гэта ўдасканаленне вытворчага працэсу для павышэння якасці працы. Заўважце, пра скарачэнне ўстаноў і працоўных гаворкі няма аніякай. У нашым жа выпадку, калі клубы з бібліятэкамі скасоўваюцца і пасады іх супрацоўнікаў беззваротна знікаюць, мы маем тэндэнцыю не развіцця, а заняпаду. Думка — не толькі мая. Пад гэтым меркаваннем гатовыя падпісацца шматлікія начальнікі раённых аддзелаў з немалым вопытам працы.

Вось доказы таго, што якасць клубных ды бібліятэчных мерапрыемстваў сям-там падае. Проста за іх правядзенне адказваюць, скажам, не два-тры чалавекі, як калісь, а адзін. І ўвогуле аптымізацыйнае пераўтварэнне ўстановы культуры ў клуб-бібліятэку ці ў бібліятэку-клуб — гэта першы крок да непазбежнага скасавання такой установы і цалкам заканамернага знікнення вёскі.

Прафесіянал запярэчыць, калі гэты заптымізаваны работнік культуры ў колькасці аднаго чалавека на ўстанову — дасведчаны, дык ён падключыць актыў, больш шчыльна пачне супрацоўнічаць з мясцовымі школай ці дзіцячым садком (пры ўмове, што яны засталіся) і ў выніку захавае ранейшую якасць працы. Пярэчанне — справядлівае. Але ці здольны на такое работнік культуры, калі ён не мае спецыяльнай адукацыі ды прыйшоў у клуб ці бібліятэку з сельскай гаспадаркі або з сістэмы, скажам, гандлю. І гэта пры тым, што ў пэўных сельскіх бібліятэках безнадзейна састарэў камп’ютарны парк, а да стварэння яго ў асобных сельскіх ДК так і не прыступалі.

Вельмі істотны, на мой погляд, момант яшчэ вось у чым. Як паказвае журналісцкая практыка, іншым разам маланаселеныя і аддаленыя вёскі, што ўжо не маюць стацыянарных клубаў ды бібліятэк, цягам года не бачаць бібліёбусаў і аўтаклубаў. Асабліва ўзімку, калі дзень кароткі, калі пенсіянерскую душу сум захоплівае ў палон (прачытайце пра гэта артыкул Фаіны Малюжэнец на старонцы 5) і абавязкова хочацца з кім-небудзь сустрэцца ды пагаварыць па душах. Абсалютна не адмаўляю таго, што ў большасці рэгіёнаў мабільныя ўстановы культуры працуюць цяпер з павышанай нагрузкай. Але застаецца фактам і тое, што год таму “К” пісала, як у адным з раёнаў аўтабібліятэка не выязджала на маршруты, бо не было з чаго прыдбаць зімовую гуму на колы. А машыну раз-пораз яшчэ і бензінам запраўляць трэба, і рамантаваць неабходна. А сума пазабюджэтных даходаў — не гумавая.

У раёнах баяцца чарговай хвалі аптымізацыі. Бо ў выніку яе кваліфікаваных кадраў іншым разам не стае не толькі ў аграгарадках, але і ў раённых цэнтрах. Цэнтралізацыя і пераўтварэнне ў юрыдычныя асобы ладзіліся ў кожнай вобласці па свойму. І дасюль сям-там не разабраліся са статусамі, скажам, цэнтралізаваных бухгалтэрый ці гаспадарчых груп. А сельскія клубы нечакана пераўтварыліся ў аддзелы, сектары ці філіялы. Што будзе заўтра?

Пра эканоміку культуры нам застаецца толькі марыць. Нават тыя будынкі колішніх устаноў, што пайшлі з малатка, не прынеслі аддзелам ніякага грашовага “навару”. Так, сельская культура навучылася зарабляць. Балазе яе камерцыйны складнік не стаў вядучым. І ніхто пакуль не настойвае, каб установы культуры пачалі пераходзіць на самаакупнасць. Але гаворка пра павелічэнне долі ўласных даходаў вядзецца пастаянна. Вось толькі без укладання грошай растуць толькі кактусы.

Праблемным застаецца і кадравае пытанне. Яно такім і застанецца, пакуль у вёсках і раённых цэнтрах не з’явіцца якаснае ды гарантаванае жыллё для маладых спецыялістаў ад культуры. Мала маладых творцаў, мала новых форм працы. Далёка не паўсюль усвядомілі, што такое праектная дзейнасць, падмацаваная нестандартным пошукам пазабюджэтных грошай (іншым разам яго называюць “краўдфандынг”). Мы толькі пачынаем прыглядвацца да таго, чым заняты ўвесь вольны творчы свет.

Сілы работнікаў культуры распыляюцца яшчэ і з той прычыны, што культурны базіс у межах аддзела ІРКСМ мае ідэалагічную надбудову. Такая “архітэктура” не надта спрыяе развіццю сапраўды творчага стаўлення да працы. Шматлікія пасяджэнні і нарады замінаюць.

Я — не аматар негатыву. Проста хачу акрэсліць (з дапамогай шэрагу неабыякавых начальнікаў аддзелаў ІРКСМ) тыя болевыя кропкі, што перашкаджаюць упэўненаму развіццю галіны. Урэшце, варта ведаць, што лячыць.

…і ўсяляе надзею

Я веру ў нацыянальную культуру, якая мацуецца на традыцыйных каранях, што знітоўваюць нас з вёскай, з непасрэднымі носьбітамі народнага мастацтва. Не проста веру, а ганаруся. Непаўторнымі рамёствамі, што атрымалі развіццё і сёння ўдасканальваюцца. Адметнай мастацкай самадзейнасцю, якая не мае, на мой погляд, аналагаў у свеце па сваёй “прафесійнасці”. (Адной з галоўных падзей адыходзячага года стаў для мяне не столькі юбілейны “Славянскі базар у Віцебску”, колькі бліскучыя справаздачныя канцэрты мастацкай самадзейнасці ў абласных цэнтрах. Вось гэта — тэндэнцыя развіцця!) Ганаруся неўміручым самабытным фальклорам, які таксама развіваецца ў маладзёжным асяродку, нягледзячы на амаль паўсюдны недахоп прафесійных фалькларыстаў, харэографаў, харавікоў. Цікавымі бібліятэчнымі знаходкамі, якія палягаюць на сёння ў інтэграванай прасторы, дзе знітаваны клопаты музейныя, краязнаўчыя, клубныя. Унікальнымі раённымі музеямі, якіх пакуль няшмат, але якія паспелі стаць нацыянальнымі брэндамі. Вельмі маштабным аматарскім тэатральным рухам, што разнявольвае рабочых людзей і пастаянна пашырае атрад творцаў…

Гэтыя “плюсы” пераважаюць вышэйзгаданыя “мінусы”. Інакш кажучы, нам ёсць што адстойваць і ўдасканальваць. І я схлусіў наконт таго, што не ведаю, чаму квітнее “кактус”. Адказ тут не надта складаны: на трох невукаў у рэгіянальнай культуры заўжды знойдзецца адзін неабыякавы прафесіянал, які будзе працаваць не за грошы, а за ідэю выратавання свету прыгажосцю. Так, ён не бачыць выхаднога дня, працуе да позняй ночы, не мае звычкі хлусіць, можа прарэджваць буракі, але і ў фугах Баха арыентуецца, як у родных. Ён вытрывае, перацерпіць, недаспіць, урэшце, паплача ў адзіноце, але данясе да людзей тое, што прынята называць нацыянальнай культурай.

Год культуры заканчваецца. Час культуры доўжыцца бясконца.

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"