Што адбылося з культурай і з кім яна сябруе?

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Брытанскі эксперт Цім Уільямс пра 5 рысаў здаровай культуры
Цім Уільямс — эксперт з 20-гадовым досведам у менеджменце культурных праектаў у 45 краінах свету. Таксама спадар Уільямс працаваў рэдактарам Сусветнай службы “Бі-бі-сі”, дзе распрацоўваў дакументальныя, адукацыйныя і забаўляльныя праграмы для краін постсавецкай прасторы. Сёння ён — пасол адмысловай праграмы Еўрасаюза “Культура і крэатыўнасць”, распрацаванай для краін Усходняга партнёрства, у тым ліку Беларусі. “Культура можа стаць рухавіком эканамічнага развіцця кожнай краіны”, — так гучыць асноўны пасыл гэтай ініцыятывы, скіраванай на супрацоўніцтва і стымуляванне новых ідэй дзяржаўных арганізацый, прыватнага сектара і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама іх інтэграцыі ў міжнародную супольнасць.

/i/content/pi/cult/617/13732/8-2.jpgСпадар Уільямс ужо не аднаразова рабіў выступленні ў межах розных адукацыйных і прэзентацыйных праграм. Але адмыслова для “К” ён пагадзіўся падзяліцца новым бачаннем культуры, мадэль якой скарыстоўваюць многія краіны пачынаючы з канца мінулага стагоддзя. А таксама эксперт па просьбе аглядальніка “К” вылучыў 5 рысаў здаровай культуры, здольнай прывабліваць увагу і інвестыцыі ў эканоміку рэгіёна.

Тое, з чым трэба лічыцца

“Культура сёння — не проста “высокія жанры” — балет, тэатр, літаратура, жывапіс, — якія існуюць у асобнай прасторы, а спалучэнне крэатыву і культуры, актыўны сектар эканомікі, здольны прыцягваць інвестараў і зарабляць грошы”, — уводзіць у тэму эксперт. Яшчэ напрыканцы 1990-ых гэты погляд на культуру ў Вялікабрытаніі прапанаваў тагачасны прэм’ер-міністр Тоні Блэр. Была агучана неабходнасць спалучэння культурных і крэатыўных індустрый, так і распачалася новая культурна-крэатыўная “эра”, якая, урэшце, прынесла свае дывідэнды. Сёння мадэль культуры як злучэння комплексу падыходаў, ідэй, традыцый і бізнесу актыўна ўжываецца не толькі на Туманным Альбіёне, але і ў Еўропе наогул. Ды нават UNESCO разглядае культуру апошнія дзесяцігоддзі не традыцыйна, а значна больш шырока — як мадэль жыцця, фундаментальныя правы чалавека, сістэму каштоўнасцяў, традыцый і веры. Беларусь як сябра UNESCO таксама ўдзельнічае ў гэтым працэсе. “Але гэтаму бачанню, разуменню і стварэнню культуры трэба вучыцца”, — падкрэслівае Цім Уільямс.

Невялікае адступленне. Цім Уільямс у якасці гістарычнага экскурса адзначае чатыры “колы” разумення паняцця “культура” на розных этапах. У першым “коле” яе ўспрымання — класічныя віды мастацтва: літаратура, музыка, тэатр і выяўленчае мастацтва, якія атрымалі росквіт, пачынаючы з часоў Старажытнай Грэцыі. Другое “кола”  — і новыя практыкі: дзейнасць музеяў і галерэй, фатаграфія і кінематограф, што здзейснілі прарыў ва ўспрыманні свету пераважна ў ХХ стагоддзі. Трэці віток  — і культура ўспрымаецца ў тым ліку як захаванне культурнай спадчыны, выдавецтва і друкаваныя медыя, тэлебачанне і радыё, гуказапіс, відэа і камп’ютарныя гульні (канец ХХ стагоддзя). Чацвёртае “кола” ўпэўнена сцвярджае пазіцыі моды і дызайну, архітэктуры і рэкламы. Гэты этап і называюць культурай крэатыўных індустрый. Калі культурны кірунак разглядаецца ўжо як паўнавартасны ўдзельнік рыначных стасункаў і прымушае з сабой лічыцца. У Вялікабрытаніі актыўным культурна-крэатыўным сектарам у эканоміцы з’яўляецца мода і тэлебачанне. Але, да прыкладу, у Італіі большы прыбытак прыносяць музеі і архітэктурная спадчына. Што можа стаць культурным топавым кірункам у эканоміцы, залежыць, вядома, ад патэнцыялу вуснай і матэрыяльнай спадчыны, але не меншую ролю іграюць менеджарскія (у самым шырокім сэнсе) захады, якія ствараюць уласна сам прадукт і моду на яго.

Мой візаві прыводзіць такую лічбу: у Вялікабрытаніі тое, што ў нас прынята называць сферай культуры, у 2014 годзе стала крыніцай прыбытку ў 11 мільёнаў еўра ў гадзіну. “Калі людзі смяюцца ў адказ на мой расповед, што я працую ў гэтым сектары, тады прыводжу ім гэту лічбу”, — падкрэслівае спадар Цім. Але для таго, каб культура прыносіла падобныя дывідэнды, трэба зрабіць шмат захадаў, і, у першую чаргу, перагледзець да яе стаўленне. “Культура — яна паўсюль, яна непарыўна з грамадствам і бізнесам, і сыходзячы з гэтага трэба змяняць разуменне патэнцыйнай аўдыторыі культурных паслуг”, — сцвярджае міжнародны эксперт. Апошнія (паслугі) сёння не ідуць асобна  — а калі быць больш дакладным, прайграюць ад адсутнасці побач з імі крэатыўных прапаноў.

Якія рысы можна лічыць прыкметамі здаровай культуры? Каб разабрацца ў пытанні, аглядальнік “К” папрасіў спадара Ціма Уільямса прывесці больш яскравыя прыклады.

Культура і крэатыўнасць: 5 рысаў

— Першая такая характарыстыка, — зазначыў ён, — гэта супрацоўніцтва ўнутры сектара і па-за яго межамі. Давайце возьмем канкрэтны прыклад — сфера музеяў. Зразумела, што сёння ўжо заставацца толькі ў рэчышчы захоўвання фондаў, экспанатаў для музейнай установы недастаткова. Гэта значыць, што музей мусіць супрацоўнічаць з самымі рознымі агентамі. Адукацыйныя праграмы для дзяцей, праца са СМІ, пошук спонсараў — штодзённы парадак дня. Забавы. Не трэба баяцца запрашаць у музей музыкантаў, кінарэжысёраў, рабіць там модныя паказы, вечарынкі, ладзіць кінапаказы. Музей — гэта месца, дзе жыве культура ў самых розных яе праявах, гэта не “святы” будынак. Варта выходзіць у гэтым жыцці і за межы куба ці архітэктурнага помніка, якім можа быць музей, прапаноўваючы самыя розныя актыўнасці.

— Другая прыкмета, — далей распавёў Цім Уільямс, — выкарыстанне тэхналогій. У музейным кірунку — у першую чаргу, дыгіталізацыя архіваў. Па-другое, выкарыстанне тых жа камер у якасці сродкаў нагляду за прасторай музея. Мне падаецца, сёння патрэбы ў даглядчыках непасрэдна ў залах няма: ды і наведвальнік адчувае сябе больш вольна. Выкарыстанне аўдыягідаў. Ніхто не будзе спрачацца, мяркую, і з тым, што мультымедыя сёння ў экспазіцыйнай падачы — неабходны сродак размовы з сучаснікам.

Выкарыстанне тэхналогій дапамагло прыцягнуць наведвальніка ў вядомую Нацыянальную галерэю Лондана, дзе выставы змяняюцца надзвычай рэдка, і якая лічыцца аплотам класічнага падыходу да мастацтва. Галерэя скарысталася такой тэхналогіяй, як стварэнне… “паху” карцін. Наведвальнікаў запрашалі ў залу з прыглушаным святлом, давалі аўдыянавушнікі, дзе можна было пачуць розныя гукі, сугучныя з тэмай твора. Адпаведна пакой напаўняўся “пахам” падзеі, выяўленай на палатне пэўнага жывапісца. Як паставіліся б да таго, каб пачуць пахі Трафальгарскай бітвы? Пах пораху, карабля і марской вады? Станоўча? Гэтак жа паставіліся і брытанцы, якія адзначылі, што ў такім фармаце ўражанні ад прагляду вядомых твораў узраслі ў 10 разоў.

 — Трэці пункт — бізнес, — доўжыць мой візаві. — У нашай краіне шмат музеяў з бясплатным уваходам. Прынцып адсутнасці аплаты тут такі: насельніцтва сплочвае падаткі, дык чаму людзі павінны траціцца яшчэ раз пры ўваходзе ў музей, калі яны ўжо адлічылі на культуру? Але ёсць іншыя паслугі, прапановы ў музеі, ля музея, якія людзі ахвотна разгледзяць. Самыя вядомыя — гэта сувеніры, адпаведная літаратура, спадарожныя тавары. Кавярня таксама  — чаму не адпачыць у музеі і не выпіць там кубачак кавы? Ладзяцца і зменныя выставы, на якія дапускаецца платны ўваход. Таксама апошнім часам у нас набывае папулярнасць задзейнічанне ў бізнесе прасторы ля музейнай установы. Музеі, галерэі арандуюць паркі і робяць там каткі. Сёння гэта асабліва надзённа ў часы Калядаў. Людзі пасля работы ахвотна прыходзяць на лёд пакатацца з дзецьмі і ахвотна плоцяць за такую паслугу. Трэба ўвесь час прыдумваць што-небудзь, шукаць ідэі — тады прыбытак будзе.

У Вялікабрытаніі шырока развітая праца са спонсарамі. Для іх прадугледжваюць пэўныя прэферэнцыі: адмысловыя зніжкі ў кавярні, персанальныя сустрэчы з экспертамі, мастакамі, яны першымі даведваюцца пра новыя выставы… Але дапамога спонсараў, вядома, не павінна закрываць усе артыкулы выдаткаў: датацыі з бюджэту неабходныя.

— Чацвёртая характарыстыка — клімат унутры сектара, — трошкі падумаўшы, Цім Уільямс працягвае расповед. — Наяўнасць асацыяцый, якія змагаюцца за сілу сектара. Магчыма, мадэль саюзаў зараз не зусім актуальная, бо форма стасункаў тут нагадвае клуб. Узор асацыяцыі мае на ўвазе больш шырокае ўключэнне: людзей з дзяржаўнага сектара, прыватнага, грамадскіх арганізацый… У Беларусі я назіраю такую карціну, што шмат саюзаў існуюць самі па сабе. Але ці слушна гэта? Калі важныя для галіны пытанні абмяркоўваюцца асобна ў кожным коле — тое не спрыяе выпрацоўцы захадаў. Не абавязкова ўсім злучацца ў адну арганізацыю, але сустракацца і часам працаваць разам, рабіць даследаванні — не здрада, а прыкмета здаровага клімату. Калі вы спрачаецеся і ўдакладняеце, што важна для вашай галіны, якія праблемы неабходна вырашыць у першую чаргу, — гэта ідзе на карысць усяму сектару. Выпрацаваць новы праект ці даць параду дзяржаўным структурам, паўплываць на прыняцце важных рашэнняў — такія крокі становяцца магчымымі. З вамі пачынаюць лічыцца.

— З чацвёртага пункта вынікае і пяты — прысутнасць экспертаў краіны на міжнароднай арэне, — падводзіць высновы спадар Цім. — Мы рабілі даследаванне напрыканцы мінулага года: колькі арганізацый з Беларусі, Украіны, краін Усходняга партнёрства з’яўляюцца сябрамі еўрапейскіх асацыяцый архітэктуры, маркетынгу і гэтак далей — і іх лік на дзіва малы. Надзвычайна! Як магчыма далей будаваць партнёрскія зносіны, развіваць ідэі, калі пра вас ніхто не ведае? Трэба мець месца на міжнародных пляцоўках, трэба прасоўваць сваіх экспертаў і распавядаць пра вашы дасягненні, пра добрыя прыклады, прысутнічаць і заяўляць пра вопыт у вашай краіне.

Мне хочацца ад сябе адзначыць, што тыя эксперты, таленавітыя людзі ў вас ёсць, але, на жаль, пра іх мала ведаюць. Дый на прыкладзе праграмы “Культура і крэатыўнасць”, у рамках якой дзейнічае курс семінараў для культурных лідараў, магу зазначыць, што ўсе эксперты-выкладчыкі, якія наведалі Беларусь, адзначалі вялікі патэнцыял і таленавітасць вашых менеджараў. Вы больш прыстойныя за актывістаў некаторых іншых краін, вы больш здольныя, адкрытыя, і галоўнае, ведаеце, якія крокі можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў культурным сектары. Гэта вельмі важна: хтосьці толькі марыць пра тое, а вы ведаеце, у які бок рухацца. Таму, на мой погляд, у Беларусі ёсць не толькі моцны патэнцыял, але і магчымасці змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

Дарэчы, зараз праграма распачынае прыём заявак на ініцыятыву, скіраваную на рэгіёны краін Усходняга партнёрства (маленькія і сярэднія гарады і рэгіёны з колькасцю насельніцтва ад 15 да 250 тысяч чалавек). Яе доўгатэрміновая мэта — развіццё мясцовага культурнага ландшафту, стварэнне кластараў з мясцовымі прадпрыемствамі, павышэнне якасці прапаноў у турызме і ўмацаванне сувязей з падобнымі гарадамі і рэгіёнамі ў іншых краінах. У бліжэйшых задачах — павысіць узровень дасведчанасці ўсіх зацікаўленых у патэнцыяле культурнага і крэатыўнага сектара асоб, прапанаваць канкрэтныя планы дзеянняў для развіцця патэнцыялу культурных і крэатыўных індустрый.

Фота прадастаўлена праграмай "Культура і крэатыўнасць"

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"