Містэрыя гітары

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Сумесны канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Беларусі і сусветна вядомага іспанскага гітарыста Аль Дзі Меола выклікаў сапраўднае захапленне публікі, што прыйшла ў Палац Рэспублікі. Госць прыехаў не адзін, а са сваім ансамблем, у складзе якога яшчэ адна гітара, баян і ўдарныя. Разам з аркестрам яны ігралі музыку А.П’яцолы і “Misterio”, напісанае самім Аль Дзі Меола. Яшчэ безліч твораў выконвалі квартэтам.

 /i/content/pi/cult/161/1373/Misterija.jpg
Госць прывабіў не толькі бліскучым майстэрствам, валоданнем найсучаснымі прыёмамі выканання і імправізацыі, але і сваёй адкрытасцю, нязмушанай манерай выканання, жаданнем шчыра дзяліцца са слухачамі сваімі думкамі. Ён наўпрост звяртаўся да вялізнай залы, па-англійску расказваў пра сябе і свае творы, паведаміў, што ў яго калекцыі ажно сотня гітар. Слухачы ж маглі не толькі атрымаць асалоду ад музыкі, але і набыць кампакт-дыскі, фота замежных зорак, атрымаць аўтографы.

Аль Дзі Меола застаўся вельмі задаволены сумесным выступленнем, ухваліў аркестр і дырыжора Віктара Бабарыкіна. Музыкант не толькі выказаў жаданне прадоўжыць супрацоўніцтва, але і, магчыма, выпусціць сумесны альбом з уласнымі аркестравымі творамі, якіх у яго багата. А ў памяць пра сустрэчу падарыў калектыву сваю партытуру з дарчым надпісам.

На здымку: Віктар Бабарыкін і Аль Дзі Меола пад час рэпетыцыі.