Як і ўдзел у “Еўрабачанні”… або Штурмуючы бастыёны UNESCO

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Патлумачыць, чым абумоўлена няспынная грамадская ўвага да тэмы ўключэння беларускіх аб’ектаў у спісы UNESCO, адначасова і складана і проста. З аднаго боку, асаблівых інфармацыйных нагодаў для гэтай увагі як быццам няма: айчынны сегмент Спісу сусветнай спадчыны не папаўняецца новымі пазіцыямі ўжо больш за дзесяць гадоў. З другога боку… надта нам хочацца атрымаць яшчэ адно дакументальнае пацвярджэнне неместачковай вартасці сваіх набыткаў. На мінулым тыдні ў Мінску прайшло ажно два мерапрыемствы, звязаныя з гэтай тэмай: “круглы стол” у прэс-цэнтры Беларускага тэлеграфнага агенцтва і чарговы міжнародны семінар, прысвечаны сацыялістычнай архітэктуры, арганізаваны фондам “Культурная спадчына і сучаснасць”. Ці зрушаць яны сітуацыю з мёртвай кропкі? Гэта залежыць ад цэлага шэрагу фактараў.

/i/content/pi/cult/617/13726/5-1.jpg

Падчас Будслаўскага фэсту. / Фота Ільі СВІРЫНА

Палаткі і цяпер каля замка

Верагодна, у нашых варунках куды больш актуальна было б сабраць раду экспертаў з іншай нагоды: скажам, як захаваць Смалянскі замак ці касцёл у Княжыцах, з якімі ўсё зусім дрэнна. Зрэшты… як ёсць так ёсць, і дадзеную расстаноўку акцэнтаў можна лёгка патлумачыць, але цяжка змяніць. Як ні круці, але беларускі ўдзел у “Еўрабачанні” прыцягвае куды большую ўвагу грамадства, чым стан пачатковай мастацкай адукацыі на сяле. Нават калі ў глыбіні свядомасці мы разумеем, што апошняе — прынамсі не менш важна.

Круглы стол у БелТА быў далёка не першым у сваім шэрагу, і той, хто наведваў папярэднія, даведаўся небагата новага. Гаварылася і пра падрыхтоўку новых дасье, і пра цяжкасці міжнароднага супрацоўніцтва, і пра выбар пазіцый для прэвентыўнага спісу. Закраналіся разнастайныя вялікія і дробныя праблемы, што атачаюць цяперашнія беларускія аб’екты са спісу Сусветнага. У прыватнасці, пра “вясёленькіх колераў” гандлёвыя палаткі, якія сустракаюць турыста ледзь не ля самых муроў Мірскага замка, даводзілася пісаць гадоў мо дзесяць таму — а яны і пагэтуль там. Але Вольга Папко, якая зусім нядаўна змяніла крэсла дырэктара гэтай музейнай установы на мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, магла толькі развесці рукамі: гэта ўжо муніцыпальная тэрыторыя, і музей там свае парадкі дыктаваць не можа.

Тым не менш, досвед таго ж Міра красамоўна сведчыць, што гульня вартая свечак. “Лэйба” UNESCO і сапраўды істотна ўплывае на рост турызму ды сацыяльнае развіццё навакольных тэрыторый. Як паведаміла Вольга Папко, не так даўно ў Міры адкрыўся новы дзіцячы садок — бо стары ўжо не змяшчаў усіх новых насельнікаў мястэчка.

На думку колішняга старшыні Нацыянальнай камісіі UNESCO Уладзіміра Шчаснага, міжнародны статус — гэта найперш стымул для айчынных уладаў дбаць пра захаванне ўласнай жа спадчыны і не даваць архітэктарам “распускаць рукі” падчас рэстаўрацыі.

— Прыкладам, быў выпадак, калі будынак старой Нацыянальнай бібліятэкі апынуўся пад вялікай пагрозай, — распавёў ён малавядомы факт з гісторыі аховы спадчыны Мінска. — І гэты шэдэўр канструктывізму выратавала найперш тое, што ён апынуўся ў буфернай зоне патэнцыйнага аб’екта UNESCO — галоўнага праспекта сталіцы.

Чаму “выпаў” праспект?

З праспектам, шчыра кажучы, атрымалася даволі дзіўная сітуацыя. З прэвентыўнага спісу ён “выпаў” і — як стала вядома на згаданым “круглым стале” — дасюль не быў у яго вернуты, нават нягледзячы на рэкамендацыі ладнай кагорты міжнародных экспертаў. Парадаксальна, але… Акурат у гэтую пятніцу яны зноў сабраліся, каб працягнуць работу па падрыхтоўцы папраўдзе грандыёзнай транснацыянальнай намінацыі, якая мае ўключыць цэнтральныя вуліцы ў стылі “сталіянсу” як мінімум пяці гарадоў чатырох краін. Прычым сабраліся, што характэрна, менавіта ў Мінску. Бо наш праспект мае стаць цэнтральным аб’ектам той намінацыі.

На “круглым стале” БелТА гэты парадокс папрасілі патлумачыць прадстаўніцу Мінгарвыканкама, але тая шчыра прызналася, што не зусім у тэме. Увогуле, на пасіўнасць мясцовых уладаў у справе прасоўвання сваіх аб’ектаў у Сусветны спіс не раз наракалі ўдзельнікі “круглага стала”. Прыгадваўся, прыкладам, выпадак, калі адзін з аблвыканкамаў затрымаў выплату замежнаму эксперту яго ганарару ў 200 “у.а.”, што выклікала “няёмкую паўзу”. Але пры гэтым прысутныя зрабілі выключэнне для Гродзеншчыны — не толькі дзеля першага намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, якая ўдзельнічала ў пасяджэнні, але і таму, што работа там вядзецца сапраўды дбайна. У прыватнасці, падрыхтоўка дасье па Аўгустоўскім канале мусіць неўзабаве прыйсці да лагічнага завяршэння.

Што не так з фэстам?

Сказаўшы пра адсутнасць навінаў з фронту UNESCO, я трохі скрывіў душою. Акурат нядаўна адна з’явілася — што праўда, не надта радасная. На пасяджэнні Камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны дасье па Будслаўскім фэсце было адпраўлена на дапрацоўку. То бок, не прайшло. Зразумела ж, многіх гэта засмуціла. Але, як пераканана начальнік аддзела Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, якая даўно ўжо курыруе гэтую тэму, засмучацца асабліва няма нагоды. Па-першае, прапанову не адхілілі, а па-другое… прычынай таму, што яе не ўхвалілі, — не сутнасныя хібы, а, хутчэй, збег абставінаў.

— Самае галоўнае, што прапанова была прызнаная адпаведнай асноўным крытэрыям НКС: адпаведнасць самой фармулёўцы і ўдзел у захаванні элемента мясцовай супольнасці, — тлумачыць яна. — У той самы час, замежныя эксперты выказалі ў дачыненні да нашага дасье тры заўвагі, якія, у прынцыпе, можна назваць не надта істотнымі. Па-першае, на іх думку, мы не паказалі ўдзел супольнасці ў інвентарызацыі — хаця пра гэта вялася гаворка ў іншым пункце нашага дасье. Па-другое, прэтэнзія была ў тым, што ў мерапрыемствах па захаванні элемента нібыта робіцца акцэнт на матэрыяльныя рэчы — такія, як стварэнне адпаведнай інфраструктуры. Па-трэцяе, на думку экспертаў, не адлюстраваны ўдзел у фэсце іншых канфесій — хаця мы таксама ў дасье пра гэта згадвалі.

На думку Алы Сташкевіч, гэтыя прэтэнзіі можна было б аспрэчыць падчас дыскусіі. Балазе, на тым самым пасяджэнні быў такі прыклад: дасье на святкаванне Бенгальскага новага года атрымала яшчэ болей заўваг, але прадстаўнікі Бангладэш здолелі давесці сваю рацыю. У беларускім выпадку гэта не спрацавала хаця б таму, што ніхто ад нашай краіны ў зале не прысутнічаў.

Выніковы вердыкт — адкласці разгляд на год — нельга лічыць канчатковым прысудам. Аднак і праблем ён дадасць: давядзецца наноў ствараць відэа- і фотадакументацыю, перакладаць на англійскую тэксты… Здавалася б, гэта чыста рабочыя моманты, але… пры адсутнасці мэтавага фінансавання кожная дробязь становіцца камянём сутыкнення.

Як і ўдзел у тым жа “Еўрабачанні”, падрыхтоўка дасье і далейшы штурм бастыёнаў UNESCO — гэта складаны тэхналагічны працэс, які патрабуе добрай арганізацыі, удзелу прафесіяналаў (у тым ліку, і замежных) ды, зразумела ж, належнага фінансавання. Мяркуючы па тым, што давялося пачуць на згаданых мерапрыемствах, у нас гэтая машына пакуль працуе не надта спраўна. Дакладней, гэта нават і не машына, а сукупнасць высілкаў энтузіястаў. Можа, менавіта таму так даўно мы не чулі тыя радасныя навіны пра сусветнае прызнанне чарговай праявы нашай спадчыны.