“Дакрананне” адбылося

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Класіка паміж “Зорнымі войнамі” і “Ружовай пантэрай”
Не чакаючы школьных канікул, калі дзятву прынята забаўляць-развіваць усімі магчымымі спосабамі, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі сумесна з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры ёй зладзіла свой сацыяльна арыентаваны творчы праект з сімвалічнай назвай “Дакрананне”. Цягам двух тыдняў лепшыя маладыя музыканты — сімфанічны аркестр, інструментальны ансамбль і салісты — выступалі перад юнай аўдыторыяй. І не толькі ў сталіцы, але і ў такіх гарадах Беларусі, як Барысаў, Салігорск, Маладзечна. Пра гэта “К” паведамляла ўжо.

/i/content/pi/cult/617/13724/4-2.jpgА больш падрабязна пра акцыю распавёў газеце дырыжор Андрэй ІВАНОЎ:

— Падобныя асветніцкія праекты ў выглядзе серыі канцэртаў студэнцкі аркестр Акадэміі музыкі праводзіць не ўпершыню. Так, летась мы ладзілі штосьці падобнае для студэнцкай аўдыторыі ВНУ краіны. Але сёлета да нас далучыўся Ансамбль салістаў гімназіі-каледжа пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Перліна, усё было больш маштабна і разлічана на школьнікаў. Думаю, атрымалася адна з найбольш значных кульмінацый Года культуры, бо наведванне дзецьмі нашых канцэртаў надоўга застанецца ў іх памяці. І, магчыма, у далейшым прывядзе цяперашніх юных слухачоў да жадання больш глыбока спасцігнуць нацыянальную і сусветную культуру і, у прыватнасці, класічную музыку.

— На ўсе канцэрты замест продажу квіткоў распаўсюджваліся запрашальнікі. Быў выдадзены змястоўны каляровы буклет — лічы, кніжка пра ўдзельнікаў праекта. Арэнда залаў, транспартныя паслугі — усё гэта немалыя грошы.

— Праект не змог бы ажыццявіцца без добрага фінансавага складніка. Быў атрыманы грант спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Такім чынам, “Дакрананне” стала сведчаннем дзяржаўнага клопату, з аднаго боку, аб маладых музыкантах, якім вельмі важна мець канцэртную практыку, рэалізоўваць свае творчыя памкненні. З другога боку, гэта і апекаванне дзяцей — у тым ліку, з сацыяльна небяспечных сем’яў, інтэрнатаў, Чарнобыльскай зоны. А ўсё разам — гэта ўкладанне грошай у нашу будучыню. Чалавек, які дакрануўся да хараства не рукамі, а ўсёй душой, ніколі не стане яго разбураць. Дабрыня, прыгажосць, духоўныя каштоўнасці — усё тое, што абагульнена і называецца культурай, — абавязкова дадуць свае парасткі.

— Для такой акцыі патрабавалася і адпаведная праграма.

— Так, нельга было проста скласці канцэрты з твораў вучэбна-педагагічнага рэпертуару. Мы ўлічвалі асаблівасці ўспрымання, псіхалогіі дзяцей і падлеткаў, арыентаваліся не толькі на акадэмічную класіку эпох класіцызму і рамантызму, але і на творы ХХ стагоддзя, а таксама на некаторыя музычныя навінкі, якія ўжо можна аднесці да так званай сучаснай класікі, на хіты сусветнай кінамузыкі. Вядома, закраналі розныя жанры. Да таго ж, хацелі паказаць як мага больш сольных музычных інструментаў: гучалі скрыпка, віяланчэль, кларнет, труба, гітара, баян, ударныя. Разнастайнасць можна заўважыць і ў нацыянальных школах: была паказана музыка беларуская, руская, французская, аўстрыйская, нямецкая, амерыканская, іспанская, армянская. Вядучымі выступілі спявак, тэлевядучы Георгій Калдун і навучэнка згаданай гімназіі-каледжа Аглая Абаніна. Яны не проста аб’яўлялі нумары, але і расказвалі многа цікавага, знаёмілі дзяцей з музычнымі інструментамі. Пры ўсім гэтым канцэрт ішоў прыблізна гадзіну без антракта. Рабіць яго больш працяглым было б марна: дзеці не могуць доўга засяроджвацца, хутка стамляюцца.

Паслядоўнасць нумароў таксама была невыпадковай. Спачатку трэба было зацікавіць, здзівіць, не напалохаць невядомасцю, а наадварот — прыцягнуць чымсьці знаёмым, любімым. Пасля ж можна было прапаноўваць штосьці больш складанае, пабудаванае на тонкіх фарбах-адценнях. Таму пачынаўся канцэрт, да прыкладу, тымі ж “Зорнымі войнамі”. Завяршаўся — “Ружовай пантэрай”. Ці музыкай з мультфільма “Брэменскія музыкі”. У сярэдзіне ж былі творы Моцарта, Чайкоўскага, Сен-Санса, Бізэ. А побач з гэтым — выйгрышныя канцэртныя п’есы сучасных кампазітараў: віртуозныя, часам з пікантнымі джазавымі элементамі.

— І што, ці ўдалося сапраўды прыцягнуць, захапіць дзіцячую аўдыторыю?

— Удалося. Запрашальнікі распаўсюджваліся мэтанакіравана: пэўная колькасць на тую ці іншую навучальную ўстанову. На канцэрт у “Чыжоўка-арэне” прыехалі тры аўтобусы з дзецьмі з постчарнобыльскіх раёнаў, з іншых рэгіёнаў. Шмат было і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Многія ніколі не бачылі і не чулі аркестр “жыўцом” — для іх гэта было нейкае дзіва. І, мяркуючы па рэакцыі, цуд. Заўважу, што ўсё было вельмі добра арганізавана, без аніякіх крыўдных збояў у тым ці іншым звяне — і гэта таксама працавала на вынік, спрыяла добраму ўспрыняццю музыкі.

— Вы згадалі сцэнічную пляцоўку, дзе патрэбна падгучка акустычных інструментаў.

— Так. І нашы паездкі ў чарговы раз выявілі праблему недахопу ў Беларусі акустычна прыдатных залаў для выканання класікі. Мы выступалі і ў палацах культуры некалькіх гарадоў, і ў сталічным Тэатры юнага гледача. Але пераканаліся, што лепшая акустыка — у самой Акадэміі музыкі, з канцэрта ў якой мы стартавалі. Тое, што першае выступленне адбывалася менавіта “дома”, таксама лічу вельмі правільным. Справа тут зусім не ў тым, што праграму, маўляў, трэба “абкатаць” на роднай сцэне. Усе нашы канцэрты — гэта яшчэ і прафарыентацыя. Упэўнены, хтосьці з дзяцей, убачыўшы на свае вочы і пачуўшы жывыя музычныя інструменты, захоча навучацца граць на іх. І ў гэтым сэнсе наведванне Акадэміі музыкі — бы пракладанне шляху да здзяйснення гэтай мары: магчыма, хтосьці з цяперашніх слухачоў стане праз гады нашым абітурыентам. Пакуль жа, у бліжэйшай будучыні, чакаем у сваіх сценах цяперашніх навучэнцаў гімназіі-каледжа пры БДАМ. Сумеснае выступленне было карысным і для іх, і для студэнтаў-“акадэмікаў”, бо ў чымсьці атрымалася негалоснае творчае спаборніцтва, дзе кожны імкнуўся пераўзысці сябе самога. А сярод салістаў былі таксама і маладыя выкладчыкі. Чым не пераемнасць пакаленняў? І доказ таго, што разам мы можам многае.

— Які з канцэртаў запомніўся больш?

— Усе былі запамінальнымі: сустрэча са слухачамі, канцэртаванне — заўсёды свята для музыкантаў. Ды ўсё ж адзначу паездку ў Маладзечна. Тамтэйшы Палац культуры мае і вельмі добрую па акустыцы залу, і цудоўную падрыхтаваную аўдыторыю. Тут няма чаму здзіўляцца! У гэтым горадзе існуе музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага, а ў ім сярод шматлікіх іншых творчых калектываў ёсць сімфанічны аркестр на чале з дырэктарам каледжа, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Рыгорам Сарокам. Гэты славуты калектыў рэгулярна дае публічныя канцэрты, гастралюе за мяжой, рыхтуе нават оперныя пастаноўкі. Дый у самім Палацы культуры ладзяцца не толькі эстрадныя імпрэзы, але і, паўтару, оперныя спектаклі. Дый на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі, што быў заснаваны ў Маладзечне яшчэ ў 1993 годзе, знаходзіцца час для гучання беларускай акадэмічнай музыкі. Усё гэта і дало плён. І ў чарговы раз пераканала, што толькі сумеснымі намаганнямі ўсяго грамадства мы зможам выхаваць не асобных па-мастацку адукаваных, у пэўным сэнсе слова высокакультурных людзей, а суцэльныя пакаленні — пакаленні культуры.

Фота прадастаўлена арганізатарамі праекта

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"