Пра піяр і бясплатны дзень

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Як пісала некалькі тыдняў таму “К” у № 47, з сярэдзіны лістапада да канца снежня па пятніцах у чатыры сталічныя ўстановы культуры можна трапіць абсалютна бясплатна, дзякуючы акцыі “Мастацтва захоўваць”, якую абвясціў у гонар свайго юбілею адзін з беларускіх банкаў. Праўда, цяпер такіх сталічных устаноў ужо не чатыры, а тры.

Нягледзячы на інфармацыю некаторых СМІ, дамову аб правядзенні названай акцыі цягам сямі пятніц да канца года з банкам не падпісалі ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны. Як патлумачыў яшчэ тры тыдні таму “К” дырэктар музейнай установы Уладзімір Пракапцоў, на яго думку, названае пятнічнае мерапрыемства можа значна знізіць аб’ём платных паслуг, таму ўдзел у ім — пад пытаннем. Праўда, у якасці эксперыменту ўстанова вырашыла правесці пару пятнічных бясплатных дзён для наведвання.

Эксперымент, да слова, доўжыўся нядоўга: днямі было абвешчана, што з 9 снежня акцыя “Мастацтва захоўваць” у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі завяршаецца.

— Сапраўды, наш удзел у названай акцыі быў запланаваны з 18 лістапада па 2 снежня, — пацвердзіў “К” па “гарачых” слядах Уладзімір Пракапцоў, — а на сёння мы ў ёй не ўдзельнічаем.

На сайце ўстановы была вывешана абвестка пра тое, што акцыя “Мастацтва захоўваць” у Нацыянальным мастацкім музеі спыненая, але яна працягваецца ў іншых сталічных і рэгіянальных музеях. Так што тыя мінчане, якія хочуць бясплатна наведаць Нацыянальны гістарычны музей краіны з яго філіяламі — музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама мастацкую галерэю сучаснага мастацтва “ДК”, могуць гэта зрабіць без асаблівых цяжкасцяў.

У сваю чаргу, як паведамілі ў прэс-службе банка, які і запачаткаваў акцыю, тэрміны ўдзелу ў ёй кожны музей узгадняў індывідуальна, а склад удзельнікаў пастаянна карэктаваўся. “Так, 9 снежня Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прыпыніў удзел у акцыі. Далей банкам было прынята рашэнне аб развіцці акцыі ў абласных цэнтрах”. Так, 9 снежня банк накіраваў у СМІ прэс-рэліз аб далучэнні да акцыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і яшчэ раз паведаміў пра тое, што Нацыянальны мастацкі музей завяршыў у ёй удзел і падзякаваў установе.

Так што, як бачна, усё завяршылася мірна і без узаемных прэтэнзій з абодвух бакоў. Іншая справа, што, як сведчыць гэта гісторыя, паведамляць у СМІ пра тэрміны і ўдзел у такіх культурных акцыях варта не загадзя — да падпісання пэўных дамоваў і дакументаў, — а ўжо пасля ўсіх выкананых фармальнасцяў. У іншым выпадку атрымліваецца проста піяр, прычым хутчэй з негатыўным адценнем. Яго “плён”, дарэчы, сёння можна назіраць у сацыяльных сетках, у каментарыях пад інфармацыяй аб адмене акцыі… Маўляў, і гэта завяршэнне Года культуры? Што ж, добрая навука на будучыню як для музейшчыкаў, так і для бізнес-структур.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"