Заўзятары зямлі слуцкіх паясоў

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Слуцк / Як спявак Ян Маерс з карэспандэнтам “К” павяралі геаметрыяй музыку
У Слуцку, з кім бы мы ні сустракаліся (выпадкова і не) — усе глядзелi шоу “Голас” і перажывалi за земляка. Візаві адмысловымі былі прадстаўнікі ўстаноў культуры гэтага горада, а “спадарожнымі” — людзі, таксама заспетыя намі ў іх, якія шчыра выказвалі свае “рэспекты” з “уважухамi” Яну Маерсу, артысту-вакалісту Маладзёжнага тэатра эстрады, вядомаму як сольны выканаўца і па працы ў ансамблях “Верасы” ды “Misters”.

/i/content/pi/cult/617/13716/10-1.jpg— Слуцкія журналісты, з якімі я не так даўно кантактаваў, распавялі, што канцэрты прыезджых артыстаў у горадзе праходзяць не ў той колькасці, як хацелася б, што зачыняюцца “культурныя” месцы, — адразу “сячэ” Маерс. — Калі гэта адпавядае рэчаіснасці, то, канечне, шкада. У мае маладыя гады людзі шмат хадзілі на выступы, прычым і на мясцовую мастацкую самадзейнасць, а моладзь на ўсю моц “адрывалася” на дыскатэках. Таму любыя прыкметныя мерапрыемствы, буйныя акцыі сёння становяцца падзеямі, збіраючы вялікую аўдыторыю.

Наогул жа, стаўленне да “культурнай” радзімы ў Маерса досыць крытычнае. У Краязнаўчым музеі, куды Яна разам з аднакласнікамі ганялі рэгулярна, экспазіцыі, паводле яго слоў, не мяняліся гадамі; абавязковым было і наведванне кінакарцін беларускай вытворчасці, з-за чаго прыліву пяшчотных пачуццяў да айчыннага кінематографа падлетак таксама не адчуваў (выключэнне — “Павадыр” Аляксандра Яфрэмава). Але збольшага “культурны” Слуцк для Яна заключаўся ў музыцы. І да такой ступені, што ў музычнай школе (цяпер Дзіцячая школа мастацтваў) ён адвучыўся 10 гадоў! Сем з якіх аддаў гітары, а тры трапiлі на “звыштэрміновую службу”: і Маерс не хацеў ісці адгэтуль, і педагогі яго не адпускалі, а таму юнак “перапаступіў” — на клас харавых спеваў, які нібы пад яго і стварылі.

Да зразумення асноў гітарнага мастацтва ён ставіўся з халадком, бо імкнуўся ў “музыкалку” менавіта вучыцца спяваць, але месцы ў ёй былі толькі на клас гітары. Аднак паралельна Ян усё ж такі спяваў у калектывах, на мерапрыемствах у агульнаадукацыйнай школе, саліраваў на конкурсах. З часам на “Славянскім базары ў Віцебску”, зноў удзельнічаў у шматлікіх конкурсах і перамагаў на іх. І двойчы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі!

У 18 гадоў, пераехаўшы ў 2005 годзе да брата ў сталіцу, Маерс паступіў у Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя Міхаіла Глінкі (цяпер — каледж). Затым быў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (факультэт музычнага мастацтва, кафедра “Мастацтва эстрады”) і, завочна — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (факультэт эканомікі і кіравання гандлем, спецыялізацыя “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве гандлю”). Гэта значыць, Ян — музыкант новай фармацыі, чалавек сучасны ў тым сэнсе, што акрамя сваёй асноўнай прафесіі мае яшчэ і тую, якая дапамагае яму ў профільнай дзейнасці. Сапраўдны шоу-бізнесмен!

Пасля таго, як Маерс замацаваўся ў Мінску, цікавасць да яго з боку арганізацый Слуцка, якія займаюцца правядзеннем канцэртаў, па сцвярджэнні спевака, асабліва не вырасла: “Як артыст, якi збольшага ўжо адбыўся, я аказаўся гораду нецікавым. Аляксей Хлястоў, што нарадзіўся ў Мінску, выступіў на 900-годдзi Слуцка, мяне — не паклікалі. І я, на думку сеткавых троляў, апынуўся сам у тым вінаваты: маўляў, забыўся, задраў нос ды гэтак далей. Яшчэ гадоў пяць таму я знерваваўся б з гэтай нагоды, цяпер — не”.

Ды не вычарпаецца энтузіязм!

У Дзіцячай школе мастацтваў Ян Маерс апошнім разам быў гады два таму. Бываючы ў Слуцку, зрэдку бачыцца з кім-небудзь з яе выкладчыкаў. І таму ўзрадаваўся той прадстаўнічай дэлегацыі, што чакала нас у ДШМ: загвуч Галіна Шкулепа, педагог Ірына Грынюк і мастацкі кіраўнік дзіцячага эстраднага ансамбля “Вясёлка” Уладзімір Трафімовіч).

— Ірыне Уладзіміраўне я ўдзячны не толькі як свайму першаму педагогу па вакале, але і за тое, што яна захавала, выратавала мой голас у перыяд яго мутацыі. Яна мне і параіла паступаць у вучылiшча імя Глінкі, — кажа з трапятаннем Ян. — Музычная школа была маёй другой сям’ёй. Самая чыстая, светлая мая згадка пра Слуцк звязана менавіта з ёй, з яе людзьмі. Чаго не магу сказаць пра агульнаадукацыйную школу: я ж вёў мерапрыемствы, спяваў на канцэртах, мяне паказвалі па тэлевізары — усё гэта выдатныя нагоды для дзіцячай злосці.

— Вельмі адораным дзіцем быў Ян, мэтанакіраваным, які з самага дзяцінства ведаў, чаго хоча дасягнуць, — вартае алаверды ад Ірыны Грынюк. — І свайго дамогся. Малайчынка!

— Я першы раз пачуў яго ў хоры, — слова бярэ Уладзімір Трафімовіч. — Ён незвычайна чысценька спяваў. Я падышоў да яго, пытаюся: “Ян, а ты пагадзіўся б праспяваць з “Вясёлкай”?” Ён аж “загарэўся”: “Гэта ж мая мара!” І мы з ім узялі для выканання “‘O Sole Mio”, “Money, Money, Money” ансамбля “ABBA”, не менш знакамітую “Дэлайлу”, “Горад, якога няма” Ігара Карнелюка...

І што ж тады павінна быць у дзіцячых школах мастацтваў, каб у іх абавязкова выхоўваліся “зорныя” імёны? Прысутныя пералічылі: самі таленавітыя дзеці, кваліфікаваныя выкладчыкі, якасныя інструменты, абсталяванне. Першыя два пункты ў Слуцкай ДШМ ёсць (сёлета чатыры былыя выпускнікi паступілі ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі), з двума апошнімі ёсць складанасці. Апаратура тут добрая, але сёе-тое патрабуе замены. Яе працоўны стан, узброіўшыся паяльнікам, падтрымлівае Уладзімір Мікалаевіч. Летась быў абноўлены інструментальны парк, набыты калонкі. “Але колькі нi дай, заўсёды хочацца большага! — смяецца Галіна Мікалаеўна. — Усё адно даводзіцца рамантаваць інструменты, якія варта было б спісаць”.

— У мой час горад быў шчодрым на новыя касцюмы ды падарункі навучэнцам. А на інструменты належных сродкаў і тады не хапала, — узгадвае Ян. — Сумна, што праблема тая да сёння існуе. На выкрутлівасці ды знаходлівасці педагогаў усё па-ранейшаму і трымаецца ў матэрыяльна-тэхнічным плане. Энтузіязм “радавых” працаўнікоў беларускай культуры — гэта яе рухавік.

У ДШМ прыярытэт — традыцыям класічнай музыкі, але беларускаму мастацтву надаецца асаблівая ўвага. Выкладчыцкі склад — 67 чалавек. У разлічанай на 360 навучэнцаў школе іх па факце 635 (на класе цымбалаў, між іншым, — 70), працуюць тут дзесяць калектываў. Класаў не хапае, усе заняткі — па жорсткiм графіку. Вядома, аб прыбудове да асноўнага корпусу тут мараць, але ўголас фантазіі мясцовым уладам не выказваюць: незразумела, калі будзе магчыма правесці ў будынку капрамонт… Ва ўстанове працуе спецыялізаваная бібліятэка (не ў кожнай такога профілю школе краіны яны існуюць), прычым ёсць тут выданнi беларускай музыкі, падрыхтаваныя самімі педагогамі. З выступамі прыязджаюць артысты Белдзяржфілармоніі (сярод апошніх “візіцёраў” — Мікалай Марэцкі, Ігар Алоўнікаў, Аляксандр Музыкантаў).

У фінале размовы гаворка зайшла пра музычную адукацыю наогул. Спадар Маерс мяркуе, што навучальных устаноў, якія рыхтуюць музыкантаў, у Беларусі занадта шмат, што два каледжы на вобласць — гэта перабор. Яму зразумелая цяга дзяцей і іх бацькоў да мастацтва ў дадзеным кантэксце, але ў выніку ВНУ ды ССНУ выпускаюць такую колькасць спецыялістаў, якую рэспубліка “пераварыць” не можа — няма патрэбы ў такім іх ліку ўстановам культуры. Адпаведна, не трэба столькі выкладчыкаў. Згадаў Ян і пра вельмі дрэнныя наступствы для псіхалогіі чалавека, калі “сярэднестатыстычным” студэнтам “намаўляецца” няправільнае ўяўленне аб іх непаўторнасці ды неабходнасці. На выхадзе яны — незапатрабаваныя ў рэальнасці або няздольныя ў сілу адсутнасці ў іх іскры божай даць якасныя веды іншым — расчароўваюцца ў атрыманай прафесіі і кідаюць яе, і ў іншым жыццi адаптавацца ім складана. Пакутуе і культура ў цэлым, асабліва ў глыбінцы, куды далёка не ўсе маладыя спецыялісты імкнуцца з запаленым сэрцам. Настаўнікі цалкам падзялілі меркаванне Яна, што ў сярэдніх ды вышэйшых навучальных установах, якія маюць дачыненне да музыкі, павінны вучыцца толькі таленавітыя людзі, што з “струменевым” навучаннем на такім узроўні трэба нешта рабіць.

Бамбарбiя? Кергуду!

У Галерэі мастацтваў (філіял Слуцкага краязнаўчага музея) Ян ніколі не быў. Уласна, мы з ім у СКМ і збіраліся, але той знаходзіўся на рамонце. Тады вырашылі далучыцца да яго падраздзялення, у чым нам дапамог старшы навуковы супрацоўнік музея Валерый Ажэўскi, падрабязна паведамiўшы, наколькі я зразумеў, пра пастаянную выставу беларускіх мастакоў (Георгій Скрыпнічэнка, Валерый Шкаруба, Уладзімір Хадаровіч, Ігар і Алена Бархатковы...). Дарэчы, адну з яе карцін — работу Аляксандра Філіповіча “Восень. Палескі пейзаж” — у 2005 годзе Галерэі падарыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

— Мой цесць піша карціны, на аматарскім узроўні, — заўважае Ян. — Дзякуючы яму я і стаў звяртаць увагу на беларускi жывапіс. Знаўцам я сябе не лічу і ўлюбёных імёнаў не назаву, але мне штосьцi падабаецца, нешта не. У палотнах шукаю, спасцiгаю душу аўтара, можа зачапіць шчыльнасць мазка, колер, настрой, эмоцыі.

Нашу ж увагу прыцягнулі і дзве зменныя выставы. На першым паверсе — “Падарожжа па вуліцах нашага горада”: фатаграфіі Слуцка старога ды новага; на другім — “Гонар і веліч краіны гор”: з прыватнай калекцыi жыхара Дагестана. Ян з задавальненнем прымерыў бурку з папахай (“Падабаюцца мне такія экзатычныя, этнічныя рэчы”) і пільна разглядаў стэнд з халоднай зброяй. А ў суседняй зале ён затрымаўся ля некалькіх карцін з абстрактным, авангардным жывапісам (“Убачанае прымушае працаваць мозг. Дапускаю, што і мая творчасць у будучыні стане ў чымсьці... геаметрычнай! Сучасная беларуская музычная культура — гэта не адна “Лявоніха”, як часам здаецца праз тэлевізар”).

У першай палове суботы, у дзень, калі мы завіталі ў Слуцк, у Галерэі прайшло дзве экскурсіі. “Гэта нармальны паказчык, — кажа Валерый Анатольевіч. — У будні наведванне выстаў, у сярэднім, горшае. Вы самі выдатна ведаеце, што ў “перыферыйныя” музеі сёння ходзяць не вельмі актыўна”.

Нягледзячы на гэта, план платных паслуг галерэя перавыконвае. Напрыклад, за кошт камерцыйных (прывазных) ды перасоўных выстаў, прадастаўленнем сваёй плошчы пад рэгістрацыю шлюбаў. З асобнымі прадпрыемствамі горада ў галерэі выбудаваныя настолькі сяброўскія адносіны, што для іх работнікаў дзейнічае абанементная сістэма і зазіраюць яны туды індывідуальна ды арганізавана-калектыўна. Прыцягвае да сябе людзей установа выязнымі лекцыямі, музейна-педагагічнымі заняткамі (строгая фармулёўка дапускае і забаўляльныя, гульнявыя элементы пры іх правядзенні, калі, да прыкладу, разам з дэманстрацыяй карцін на зімовую тэматыку ў лекцыйным зале гучаць вершы, прымаўкі аб адпаведнай пары года, праходзяць конкурсы з прызамі). І рэкламай тут не грэбуюць, выкарыстоўваючы расцяжкі, банеры, друк, тэлебачанне з радыё, інтэрнэт.

Карысныя ўласцівасці аптымізацыі

У пару дзяцінства і юнацтва Маерса Гарадскі маладзёжны цэнтр быў засяроджаннем начнога жыцця Слуцка. У гэтым месцы нараджаліся ўсе самыя гарачыя мясцовыя плёткі, тут былі самыя доўгія чэргі ў касу па білеты і на самыя крутыя дыскатэкі, тут гучала самая актуальная музыка i былі самыя модныя “прыкіды”. У ГМЦ былі свае героі-ньюсмейкеры, адным з іх з’яўляўся Ян Маерс, пра якога з нейкага часу сталі хадзіць розныя фантастычныя чуткі, што выкарыстоўваліся ім сабе на карысць. Увесь тыдзень моладзь рыхтавалася да пятніцы-суботы і, нарэшце, “ішла ў бой”, а Ян да таго ж яшчэ і кідаўся ў хвалі негатыўных і “гатыўных” чутак пра сябе любімага, з асалодай купаючыся ў іх.

— Мне шкада, што сёння дыскатэкі страцілі сваю папулярнасць, нават не як форма культурнага баўлення часу, а як сродак камунікацыі, — дзеліцца Ян. — Інтэрнэт моладзі замяніў усё. Так, ён зручны, аператыўны, але і ілюзорны, калі, дапусцім, сяброўствам у сетцы спрабуюць падмяніць рэальнае сяброўства. Для мяне відавочна, што маладыя людзі сёння самотныя, ізаляваныя ад соцыуму ды вельмі сарамлівыя, яны баяцца “жывых” зносін, камплексуюць пры вялікім збегу народа, баяцца глядзець адзін аднаму ў вочы, бо папросту не ўмеюць гэтага рабіць.

Дырэктар ГМЦ Ларыса Тагановiч пацвярджае, што і ў Цэнтры дыскатэк стала менш і на іх ходзіць не 600 — 900 чалавек, як у “залатыя” для танцаў часы. Тым не менш пад карпаратывы ўсе навагоднія дні ўжо распісаныя! А выпускныя балі зарэзерваваныя ажно па 2022-гі год! Яны, а таксама пазнаваўча- ды забаўляльна-гульнявыя праграмы, дзіцячыя ранішнікі, адзначэнне святаў, дзён нараджэння — такое “меню” прапануе цэнтр, у якім дзейнічае і 13 клубных фарміраванняў (вакальных, танцавальных, інтэлектуальных гульняў).

У эстраднай студыі “Зарапад” Ян прафесійным позіркам агледзеў пульт, маніторы, пакруціў у руцэ мікрафон і вынес вердыкт: прыдатнае абсталяванне. Ларыса Іванаўна хвалу ацаніла ўсмешкай, але тут жа ўздыхнула пра рамонт, які ўстанове вельмі пажаданы. І паскардзілася на праблему старую, на лішнюю, на яе думку, інстанцыю — ва ўсялякім выпадку, для ўстаноў культуры: цэнтралізаваную бухгалтэрыю, якая стаіць паміж імі і заробленымі імі грашыма. Але і да сваіх калегаў спадарыня Тагановiч ставiцца крытычна, падтрымліваючы скарачэнне і аб’яднанне некаторых “культурных” арганізацый. Навошта патрэбныя тыя ж сельскія дамы культуры, у якія ходзяць 5—10 чалавек, задаецца яна пытаннем? Калі гэтыя будынкі немагчыма прадаць ці перапрафіляваць, дык няхай іх “вартуе” ўсяго адзін адміністратар, які па заяўцы мясцовых жыхароў можа запрашаць з выступамі, скажам, самадзейнасць з бліжэйшых гарадоў. А сэканомленыя сродкі трэба накіроўваць на павелічэнне зарплаты тым работнікам культуры, што працуюць ва ўстановах запатрабаваных.

...Развітваўся я з гасцінным Слуцкам, замілавана назіраючы за тым, як у фае Маладзёжнага цэнтра заўзятары беларускага ўдзельніка тэлепраекта “Голас” чакалі сваёй чаргі зрабіць з ім сэлфi. Любяць Яна Маерса ў родным горадзе, што ні кажы. І чакаюць з канцэртамі. Цяпер ужо, відаць, дакладна дачакаюцца?..

Мінск — Слуцк — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"