Каб набыць“што-небудзь беларускае”…

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

“К” пісала ў нумары 45 за 2015 год пра нацыянальныя матывы на шпалерах беларускай вытворчасці. Тады давялося з сумам канстатаваць, што нацыянальных матываў на прадукцыі гомельскай і мінскай шпалерных фабрык не адшукаць. За год сітуацыя трошкі палепшылася, пра што з радасцю інфармуем. У 2016-м абедзве фабрыкі выпусцілі шпалеры з выявамі беларускіх замкаў на фоне карты краіны. Будзем спадзявацца, што ўзнятая на старонках газеты тэма сталася заўважанай.

/i/content/pi/cult/616/13711/4-4.jpg

Узоры прадукцыі Гомельскай і Мінскай шпалерных фабрык.

Гомельская і Мінская шпалерныя фабрыкі ўваходзяць у адзін холдынг, аднак дызайнеры там працуюць асобна. У канцы 2015 года ў Гомелі рыхтаваліся да выхаду на рынак шпалеры з узорам “Замкавы”. Цяпер яны ўнесеныя ў каталог на сайце фабрыкі. На фоне карты Вялікага Княства Літоўскага — выявы Нясвіжскага і Мірскага замкаў, дасяжныя ў шэрай ці бежавай гаме. Дарэчы, сайт Гомельскай шпалернай фабрыкі за апошні год быў абноўлены, стаў больш прэзентабельным візуальна.

Як распавяла загадчык упраўлення збыту і маркетынгу прадпрыемства “Гомельшпалеры” Наталля Жукава, спачатку планавалася змясціць на шпалерах выявы чатырох замкаў, але малюнак атрымліваўся вельмі дробным. Шпалеры карыстаюцца попытам, прадаюцца ўнутры краіны, але збольшага ідуць на экспарт. Наталля Жукава тлумачыць папулярнасць узору “Замкавы” не беларускай тэматыкай, а тэхнічнымі ўласцівасцямі: гэта шпалеры хімічнага ціснення, якія ў народзе завуцца “супер-мыйка” і лічацца вельмі ўстойлівымі да мыцця. У планах прадпрыемства — выпуск шпалераў з узорам “Віды Палесся”. Дызайн знаходзіцца ў распрацоўцы, хутчэй за ўсё, на новай прадукцыі можна будзе пабачыць выявы палескай прыроды.

Мінская шпалерная фабрыка выпусціла шпалеры “Палац”, на якіх выяўленыя Мірскі замак, Нясвіжскі і Косаўскі палацы, Вілейскі касцёл і вуліцы Гродна. Гэта серыя выкананая ў трох варыянтах колераў: бежавы, шэры, “табака” (зеленаваты). Віды архітэктурных помнікаў змешчаныя на фоне карты Беларусі, між выявамі — устаўкі традыцыйнага арнаменту. Мабыць, з мэтамі асветніцкімі выявы падпісаныя. Што прыемна, па-беларуску. Яшчэ адна навінка ад Мінскай шпалернай фабрыкі — узор “Купалінка” з матывамі беларускага арнаменту, больш дакладна — васьміканцовай зоркі. Каларыстыка — бежавая, цёмна-сіняя, бардовая. Два першыя колеры не дужа характэрныя для традыцыйнага арнаменту. Ды і сам матыў сустракаецца не так часта. Мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская лічыць васьміканцовыя зоркі, выкананыя ў тэхніцы касой лікавай гладзі, рэгіянальнай асаблівасцю тканін Падняпроўя. Для традыцыйнага тэкстылю канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя іншых рэгіёнаў Беларусі васьміканцовая зорка не характэрная. Таму даследчыца робіць выснову, што гэты арнаментальны матыў распаўсюдзіўся на нашых землях разам з узорамі еўрапейскіх тканін не раней за XVI — XVIII стагоддзі. Праўда, на посцілках, вытканых у ХХ стагоддзі, матыў васьміканцовай зоркі сустракаецца ўжо часцей.

Файна, што беларускія вытворцы паступова “паварочваюцца тварам” да нацыянальнай тэматыкі. Выпуск такіх шпалераў, з аднаго боку, — падзея, вартая самага шырокага піяру. З іншага боку, калі прадукцыі з нацыянальнымі матывамі ў шпалерных фабрык будзе выходзіць не па адным-два ўзоры на год, спажыўцы будуць ведаць і без піяру, што можна проста пайсці ў краму будаўнічых тавараў і набыць там “што-небудзь беларускае”.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"