Што адбіваецца ў “каралеўстве люстэрак”?

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Абліччы — у часе, час — у абліччах
14 снежня адкрываецца чарговы, XXII з’езд Беларускага саюза мастакоў. На парадку дня — справаздача аб рабоце рады і рэвізійнай камісіі саюза за перыяд паміж з’ездамі, выбары новага складу кіраўніцтва.

/i/content/pi/cult/616/13704/9-1.jpgНатуральна, у дыскусіях па дакладах размова пойдзе аб месцы і ролі саюза ў культурным жыцці грамадства, пра дзейнасць творчых падраздзяленняў і мастацка-вытворчых прадпрыемстваў у справаздачны перыяд, пра выставачную дзейнасць і ўклад мастакоў у эстэтычнае пераўтварэнне асяроддзя. Безумоўна, гаворка закране няпростае становішча сучаснага мастака ў рынкавых умовах, яго ўзаемаадносіны з дзяржавай, грамадствам, гледачом, сродкамі масавай інфармацыі. Хацелася б толькі, каб, не ў прыклад папярэднім з’ездам, асноўная ўвага была нададзена ўсё ж менавіта творчым пытанням, якія тычацца пазітыўных і негатыўных аспектаў прафесійнай якасці як асобных мастацкіх твораў, так і выставак у цэлым. Бо трэба прызнаць, што крытэрыі такіх ацэнак за апошнія гады згублены, ды і, уласна кажучы, прапаганда выяўленчага мастацтва ў Саюзе мастакоў пакідае жадаць лепшага. Гэта, на мой погляд, адна з прычын таго, што выставачныя залы нават пры экспанаванні цікавых праектаў пустуюць, а большасці патэнцыйных гледачоў і ўвогуле невядома, што пэўная выстаўка працуе. Я ўжо не кажу пра тое, што большасць экспазіцый не пакідае пасля сябе і следу з-за таго, што няма ілюстраваных каталогаў. Канешне, фактычная бяздзейнасць прафесійнай крытыкі, у тым ліку адсутнасць дасведчанага мастацтвазнаўцы ў штаце апарата саюза, вядзе да таго, што крытычную думку замяніла журналісцкая апалагетыка ў інфармацыйным выглядзе, якая без перашкод квітнее ў прэсе і на тэлебачанні. Спадзяюся, з’езд паставіць і новым складам рады паспрабуе вырашыць хаця б частку арганізацыйна-творчых пытанняў, якіх цяпер у нашай мастацкай прасторы назбіралася больш чым дастаткова.

Ну а сёння ва ўсіх залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі БСМ (Палац мастацтва) працуе вялікая выстава жывапісу, скульптуры і графікі, на якой чвэрць членаў Саюза мастакоў паказалі больш за 400 твораў, зробленых за апошнія два гады. Да пачатку з’езда экспазіцыя працуе як V Беларуская біенале жывапісу, графікі і скульптуры “БІ-5”, а пасля 11 снежня — напярэдадні адкрыцця з’езду, гэтая экспазіцыя будзе часткова “рэканструяваная” і дапоўненая новымі творамі. Такім чынам, біенале плаўна ператворыцца, так бы мовіць, у справаздачную выставу мастакоў за перыяд паміж з’ездамі. Ці дасць яна падставу сур’ёзна пагутарыць не толькі і нават не столькі ўласна пра экспазіцыю, колькі пра тыя прынцыповыя пытанні сучаснага мастацтва, якія заканамерна выцякаюць з гэтай выставы? Пабачым. Асабліва з пункта гледжання тых агульных праблем, агульных радасцей і трывог, якія існуюць сёння ў нашым “каралеўстве люстэрак”, якія адбіваюць сусвет і, хачу думаць, люстэрак не “крывых”.

Зараз я не стаўлю задачу аналізаваць асобныя творы экспазіцыі, кагосьці асабліва вылучаць, штосьці крытыкаваць ці хваліць. Па-першае, рабіць у кароткім артыкуле каталожны пералік імёнаў і твораў з адпаведнымі ацэнкамі — справа няўдзячная і папросту малапрафесійная, тым больш грунтоўна разабрацца ў гэтым экспазіцыйным пазаканцэптуальным “вінегрэце” можа нават не кожны спецыяліст. “Пераказваць” выставу бессэнсоўна: выяўленчае мастацтва прыдумана для разумення яго вачыма. Тут як ніколі справядлівая цютчаўская “мысль изреченная есть ложь”. Аднак у дадзеным выпадку хочацца хаця б пункцірна выявіць нейкія агульныя тэндэнцыі, характэрныя для мастацкага жыцця апошніх гадоў.

Канешне, выстава гэта — на любы густ: і па трох асноўных відах мастацтва, і па тэмах, і па вобразна-пластычных пошуках, па матэрыялах і тэхніках, і па мастакоўскіх кірунках, па розных “-ізмах”, дзе побач з так званым “рэалізмам” мірна суседнічае беспрадметнасць ці постмадэрн, са шматслойнай метафарай і сімволікай — прамое бачанне натуры (“што бачу — тое пяю”).

У сюжэтах — сумны сарказм і свавольнае дзяцінства, удумлівае “даследаванне” свайго асабістага “я” і імкненне філасофстваваць на пятачку банальных ісцін, “панарамнасць” бачання свету і эцюдна-натурны пленэрызм і гэтак далей. Спалучаюцца “чыстая” дэкаратыўнасць (у абстрактных рэчах) і шматслойная метафара, незвычайнае майстэрства і нечаканая выдумка, шчырасць і разлік, пазіцыя і дзёрзкая поза. І ўсё гэта — у перапляценні самых разнастайных творчых праграм, прынцыпаў, хадоў, метадалогій, вялікая частка з якіх у памятную эпоху сацрэалізму была нейкім “табу” для многіх мастакоў, асабліва для маладых, як і для гледачоў.

Скажу яшчэ вось што. Адсутнічае энергічнае фарміраванне прасторы, і таму шматгалосая экспазіцыя не ператварылася ў род актыўнага, накіраванага дзейства. Літаральна кожны крок тут кліча да асобага пункта адліку, сістэма ўспрымання адной работы ўжо не прыдатная для наступнай. Тэндэнцый так шмат, што іх пералік заняў бы аб’ём каталога. А дарэчы, ці будзе выдадзены каталог гэтай выстаўкі? Альбо яна, як многія іншыя, кане ў Лету? Хаця маё пытанне — на карысць бедных. Сам ведаю адказ: канешне ж, не. Для будучай гісторыі беларускага мастацтва — гэта таксама страта…

Але што асабліва радуе, дык гэта шматлікасць прадстаўленай моладзі. Ёсць і славутыя “магікане” — з племені шасцідзясятнікаў-сямідзясятнікаў, хаця іх, на жаль, застаецца ўсё менш… Добра прадстаўлены і мастакі ўсіх нашых абласцей. Скажу шчыра: цікавага тут нямала, калі паглядзець на творы як на нешта самастойнае, па-за кантэкстам стракатай экспазіцыі. Хаця ад некаторых рэчаў — чаго грахі таіць — вее сумам, эклектычнай мешанінай. Урэшце, тое характэрна для ўсіх вялікіх выстаў апошніх двух дзесяцігоддзяў, дзе самыя сур’ёзныя тэмы ўспрымаліся як кан’юнктурныя адпіскі, лірычнае самавыяўленне — як празмерная манернасць і эгацэнтрызм, а фармальны эксперымент абарочваўся пластычнай усяяднасцю. Любая выстава — гэта ў мініяцюры тое самае люстэрка складаных і часам вельмі супярэчлівых працэсаў, усяго таго, што адбываецца ў нацыянальнай культуры краіны. А развіццё культуры, як вядома, залежыць ад “настрою” таго соцыума, у якім жыве мастак… І гэта незалежна ад таго, нонканфарміст ён альбо суцешаны ўладай канфарміст, “унутраны эмігрант”, які стварае свой “вобраз свету” ў мала даступнай для чужога вока паўсутарэннай майстэрні ці на кухні, альбо адукаваны рамеснік, які сілкуецца і натхняецца рэпрадукцыямі твораў вялікага старога мастацтва.

Час адкладвае свой адбітак на карціну, эстамп, малюнак, скульптуру, незалежна ад таго, выбірае аўтар антычны, біблейскі, фальклорны сюжэт ці вобраз, навеяны літаратурнай класікай і гісторыяй краіны. Як гэта робяць, скажам, Сяргей Рымашэўскі (“Хрыстос на месяцы”), Уладзімір Саўчанка (“Выкраданне Еўропы”), Аляксандр Барташэвіч (“La morte dell impero”), Рыгор Іваноў (“Новы Ікар”), Андрэй Басалыга (“Анаграма “Тэсей і Мінатаўр”), Сяргей Аганаў (“Гедэмін” і “Траянскі конь”), Сяргей Гумілеўскі (“Ікар”), Алесь Шаціла (“1812 год. Беларусь”), Юрый Хілько (“Страцім Лебедзь”, зразумела, па Максіму Багдановічу), Аляксей Сарокін (“Нараджэнне Дажджбога”), Віктар Барабанцаў (“Калядны цягнік”) і гэтак далей. Ёсць і спробы нейкім чынам асэнсаваць сацыяльныя праблемы сучаснага жыцця: Георгій Паплаўскі (“Жнівень 2014”), Павел Вайніцкі (“Подых сучаснага чалавека”), Аляксандр Гвоздзікаў (“Бедны Ёрык”), Алесь Мара (“Ціхая ўкраінская ноч...”). Вельмі ўдалыя карціны Мікалая Бушчыка — цыкл “Размова аб рэчаіснасці”. Гэты таленавіты жывапісец — у сваім ключы: тут — голас самазаглыблення, самапазнання, а значыцца, голас пранізлівай і светлай цішыні, надзеі, мары і дабрыні, якой нам сёння так не стае…

Вось, збіўся на пералік імёнаў і твораў… Ну, добра, будзем лічыць, што для гледача гэта будзе нейкай “шпаргалкай”, каб ён мог больш пільна ўгледзецца ў гэтыя ды іншыя работы, зрабіць свае высновы. Зразумела, на нашых вачах жыццё, якое змяніла рэчышча, панесла за сабою новае смецце, пену і шалупінне. І так бывае: тыя мастакі, хто быў нядаўна ў мэйнстрыме, аказаліся на мялі. Такіх шмат. Хаця, шчыра кажучы, і на мялі бачная чалавечая прырода — вечны прадмет мастацтва. Іншая справа, як увайсці ў самае нутро гэтай чалавечай прыроды? Як вызначыць сродкамі жывапісу ці скульптуры мяжу паміж дабром і злом, любоўю і нянавісцю, гераізмам і здрадніцтвам, хараством і пачварнасцю? Усе гэтыя маральныя катэгорыі так ці інакш хвалююць удзельнікаў выставы, і вось гэта радуе. Незалежна ад таго, атрымаўся твор ці пакуль не вельмі.

Што застанецца ў памяці пасля выставы — хутка пабачым. Аднак хачу ўсё ж сказаць, што беларускае мастацтва існуе не зважаючы ні на што: ні на складаныя праблемы з закупкамі, ні на сур’ёзныя матэрыяльныя затраты на пэндзлі, палотны, фарбы, разцы, штыхелі, ні на дарагую аплату за творчыя майстэрні… І нясуць, і нясуць мастакі на выставы свае выпакутаваныя ў сумненнях і пошуках работы, хай яны часам і не атрымліваюцца, і не зусім упісваюцца ў нейкі загадзя запланаваны фармат экспазіцыі. І будуць несці, пакуль існуе прафесія Мастака. Зараз час іншы: даўно зніклі так званыя ідэйна-тэматычныя планы, па якіх творцу прапанавалася “вымяраць” свае мастакоўскія думкі. Цяпер — поўная свабода: малюй, ляпі, стварай што душа патрабуе. І сённяшняя выстава паказвае, што гэта менавіта так.

Асабіста я хачу адзначыць карціну-трыпціх Уладзіміра Тоўсціка “Вербная нядзеля. Трансцэндэнцыя”. Мне ўжо даводзілася трошкі пісаць пра яе, бо яна не так даўно экспанавалася на групавой выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Дык вось, менавіта свабода духу, свабода пэндзля, свабода асобы — галоўная якасць маральнага ідэала гэтага аўтара. Сапраўды, карціна складаная па сваім гістарычным і філасофскім сэнсах і ў той жа час вельмі цікавая па вобразна-пластычных і кампазіцыйных знаходках. Тэрмін “трансцэндэнцыя” (ад лацінскага “тranscendens”) — тое, што выходзіць за межы зямнога, эмпірычнага свету. Трансцэндэнтальнасць у сэнсе культурных каштоўнасцяў (рэлігійных, эстэтычных, этычных, філасофскіх) — гэта, на думку Тоўсціка, сутнасць у духоўным разуменні боскага прызначэння чалавека, прыгажосці, існасці, шчырай веры і сапраўднасці. Іншымі словамі, гэта паняцце ёсць таямніцай таго, што трымае беларускі народ, так бы мовіць, маральнае здароўе нацыі. Нягледзячы на вялікія гістарычныя нягоды і перыпетыі лёсу, гэты духоўны стрыжань ніколі не быў зламаны. На тым і стаіць сённяшняя незалежная Беларусь.

Наогул кажучы, у мяне заўсёды прыцягвалі ўвагу падобныя творы, дзе відавочнае імкненне аўтараў гаварыць сваім голасам, хай ён нават будзе нягучным, але — прафесійна “пастаўленым” і выпакутаваным жыццём і вопытам. Так нараджаецца праверка сваёй здольнасці да размовы з гледачом “ад першай асобы”. І тут не мае значэння, да якога “-ізму” належыць мастак: да рэалізму, андэграўнду ці поставангарду. Вось чаму мяне аднолькава прыцягваюць творы такіх непадобных адзін да аднаго мастакоў, як Уладзімір Кожух і Алесь Суша, Васіль Касцючэнка і Таццяна Патворава, Леанід Хобатаў і Іван Сямілетаў, Ілона Касабука і Аляксандр Шапо, Ганна Сілівончык і Раіса Сіплевіч, Уладзімір Канцадайлаў і Алесь Квяткоўскі, Міхаіл Ляўковіч і Вольга Крупянкова — такія вось розныя, розныя, розныя абліччы…

Такім чынам, сённяшняя выстава — гэта нейкі сімвал плюралізму. Толькі плюралізм — не ўзброенае замірэнне перад вырашальнай бітвай — хто каго, — не магчымасць без перашкод крычаць на ўсё горла адно на аднаго. Ён умова вырашэння агульных задач, якія стаяць на новым вітку ХХІ стагоддзя. Што, зноў — заклік да ўніверсальнасці? Не. Якраз аб гэтым і думаеш на выставе “БІ-5”. Пры ўсёй яе неаднароднасці (а як жа інакш?) тут можна — было б жаданне — разгледзець не толькі калектыўны аўтапартрэт сённяшняга стану БСМ, але і досыць аб’ёмную характарыстыку нашага складанага, не без супярэчнасцей, часу.

Дык як усё ж ацэньваць выставу? Мяркую, як мінімум без крайнасцей. Як і многія іншыя з’явы нашай сённяшняй культуры, экспазіцыя ўводзіць нас у разгалінаваны працэс творчага пошуку, якім заклапочаны цяпер асноўныя сілы беларускага мастацтва. Пакуль ён не прынёс выдатных вынікаў у выглядзе твораў, што, бясспрэчна, маюць вечнае мастацкае значэнне. Разам з тым, сам пошук, канешне, набыў за апошнія гады больш дынамізму, унутраную, нават чыста псіхалагічную, свабоду эксперыменту, гэта значыць атрымаў, нарэшце, права быць самім сабой. Мабыць, патрэбен нейкі перыяд адаптацыі творцы да новай для нашага мастацтва сітуацыі, перыяд вяртання страчанага, перыяд практычнага асваення разнастайнасці магчымых шляхоў творчасці. Але пытанняў па-ранейшаму шмат, і канца ім не бачна. Напрыклад, што такое мастакоўская самабытнасць і рэгіяналізм мастацтва? Як захаваць індывідуальнасць з паралельным асваеннем вопыту набытай папярэднікамі культуры? Што ёсць ідэал у сучасным разуменні для любога мастака? Гэтае пытанне гучыць анахранізмам? Не ўпэўнены. Ведаю толькі, што праблема мастацкага ідэалу — адна са складаных і далёка не самых распрацаваных у нашай эстэтыцы і тэорыі мастацтва. Цяпер, на сённяшнім этапе развіцця выяўленчай культуры, якая засвойвае новыя духоўныя каштоўнасці ды новыя формы спасціжэння і адлюстравання сучаснага свету, гэтае пытанне набывае асаблівую значнасць і актуальнасць.

Канешне, мы жывём у недасканалым свеце. Яшчэ не прыспеў той час, калі будуць квітнець адны толькі ружы. Патрэбныя ідэі, патрабуецца ўзнікненне сітуацыі голаду на ідэі, бо гаворка ідзе пра новыя каштоўнасці новага стагоддзя, якія нараджаюцца пад пэндзлем менавіта тых, хто сёння вынес на суд гледача свае творы. А што яшчэ патрэбна? Не гуляць у дробязі, не разменьвацца на гэтыя дробязі, не быць самазадаволеным, калі штосьці атрымліваецца, пазбягаць банальнасцей, бо банальнае — смерць мастацтва. Высока ўзнімаю планку? Бяру на сябе ролю ментара? Магчыма. Але гэта ўжо хай рассудзяць чытачы і гледачы…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"