Што ў запасе?

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў адбылася ІІІ трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Factum est factum”, у якім прынялі ўдзел больш за 150 аўтараў.

/i/content/pi/cult/616/13703/8-2.jpgКожная выстава дае магчымасць параўнаць тэхнікі, кірункі, сэнсавае напаўненне твораў, а таксама ўбачыць, як яны выглядаюць у іншай прасторы. Ці з’яўляюцца “канкурэнтаздольнымі”? Ці не “раствараюцца” ў натоўпе вобразаў?

Трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падвяла вынік, аб’яднаўшы раней выстаўленыя творы (многія работы знаёмыя па выставах “Семечкі”, “Восеньскі салон…”, “Размовы ў зялёным”), тым самым паказаўшы, што побач са шклом, шамотам, дрэвам, лямцам у лік работ ДПМ могуць трапіць і фотаздымкі, і арт-аб’екты. Гэта сведчыць пра паступовае сціранне межаў паміж традыцыяй і эксперыментам. Таксама на выставе былі прадстаўлены паэтычныя габелены, “цёплыя” вырабы керамікі, “утульныя”, “хатнія” з бавоўны, а таксама сцэнічныя касцюмы ды батыкі з беларускімі матывамі. Каля іх добра прыжыліся творы “Звязаныя адной выставай” Людмілы Пятруль, “Татава шафа” Святланы Баранкоўскай, “Нараджэнне” са сталі і шкла Віктара Старухіна, “Вандроўнікі” Вольгі Рэднікінай.

Іншым разам твор вылучаецца не столькі тэхнікай, колькі ідэяй. Таму часта задаюся пытаннем, а што ж больш “важкае”: майстэрства або ідэя? Так, згадаю твор з выставы “Семечкі” Паўла Вайніцкага. Ён называўся “Чаканне” і ўяўляў з сябе шкляны сасуд, крыху напоўнены зернем. Аўтар “узмацніў” сэнс візуальнага вобраза санетам Максіма Багдановіча. На трыенале можна было сустрэць падобную работу пад назвай “Залаты запас”: шкляны сасуд, цалкам напоўнены, калі не памыляюся, фасоляй. Метад розных аўтараў адзіны. Таму канцэптуальнае мастацтва, з аднаго боку, здаецца “бязмежным”, з іншага — яго можна назваць мастацтвам інтэрпрэтацыі. Той жа сасуд можна прымяніць да тэм кахання, вайны ці расізму, дэфіцыту прыродных выкапняў…

Сучасныя працэсы, праблемы трэба ацэньваць, асэнсоўваць — укладваць не столькі свае ўражанні і эмоцыі, колькі думкі і меркаванні. Упэўнена, кожную думку можна ўвасобіць, ажыццявіць рознымі спосабамі, тым больш зараз няма абмежаванняў у выбары сродкаў выказвання. І гэты працэс патрабуе ад мастака эрудыцыі, умення аналізаваць, абагульняць, параўноўваць з’явы, а таксама па-майстэрску “перакладаць” асэнсаванае на мову індывідуальных вобразных сродкаў. Таму трыенале паказала, што мы маем як прыхільнікаў традыцый, так і наватараў. Не будзе дзіўным, калі праз тры гады на наступнай трыенале з’явіцца больш арт-аб’ектаў, шматфігурных кампазіцый, інсталяцый. А можа, знойдзецца твор з музычным суправаджэннем?.. Можа, загучыць шкло або пачуецца шэпт драўлянага арт-аб’екта?

Фота аўтара

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст