Тэрыторыя і меморыя

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Дэталі стварэння памятных аб’ектаў
Ніколі не сутыкалася з тым, каб турыст у новым для яго горадзе фатаграфаваў мемарыяльныя дошкі. А між тым яны з’яўляюцца часткай культурнага ландшафту сталіцы, своеасаблівымі знакамі памяці на масіўных “постацях” будынкаў. Карэспандэнт “К” прайшоў са скульптарам, фатографам Яўгенам КОЛЧАВЫМ па сталічным маршруце ад Чырвонага касцёла праз вуліцу Карла Маркса да вуліцы Леніна, дзе творца распавёў пра свае работы ў гэтай далікатнай галіне.

/i/content/pi/cult/616/13699/11-1.jpgТэхнічныя моманты

— Замовы размяркоўваюцца сярод аўтараў секцыяй скульптуры Беларускага саюза мастакоў. Скульптар разам з архітэктарам распрацоўвае агульную канцэпцыю будучай дошкі, вызначаецца з яе месцазнаходжаннем на будынку. Потым вядзецца работа над вобразам, стылістыкай шрыфту, кампазіцыяй, прапорцыямі. З архітэктарам працаваць не цяжка. Як правіла, яго прызначаюць. Бывае, скульптар сам выбірае, з кім будзе працаваць. У абавязкі архітэктара ўваходзіць зацвярджэнне праекта ў архітэктурным аддзеле выканкама.

Дарэчы, акрамя выявы шанаванай асобы вялікае значэнне мае і тэкставая частка дошкі. Галоўнае — правільна вызначыць стылістыку шрыфту. Мемарыяльная дошка павінна быць лаканічнай, без лішніх элементаў, якія ўскладняюць успрыманне твора. Чым адрозніваецца работа над скульптурай, рэльефам і мемарыяльнай дошкай? Сацыяльным гучаннем. Мемарыяльныя дошкі патрабуюць абагульнення, іх памер звычайна складае ад 1 да 1,5 метраў квадратных.

Калі скульптар, напрыклад, не спраўляецца з задачай, што бывае рэдка, то прыцягваецца яму на дапамогу калега або замова перадаецца іншаму майстру. Вартае ўвагі і меркаванне сваякоў героя мемарыяльнага твора. З імі ў майстэрні скульптара ўзгадняецца падабенства асобы і выявы на аб’екце. Калі прэтэнзій з іх боку да аўтара няма, то ацэньваецца мастацкі складнік работы.

А стылістыку дыктуе эпоха, час. Зразумела, памятныя дошкі эпохі Адраджэння адрозніваюцца ад дошак, зробленых у ХХ або ХХІ стагоддзі. Таксама маюць уплыў на будучы твор персанаж, магчымасці, здольнасці аўтара, ягоная прыналежнасць да якіх-небудзь стылістык. Што да мяне, дык я прытрымліваюся рэалістычнага напрамку.

Практычнасць

Рэльеф у Чырвоным касцёле — прыватная замова. Пробашч касцёла айцец Уладзіслаў, з якім я даўно знаёмы (іншы раз прыходжу на імшу), прапанаваў мне зрабіць крапільніцу — важны элемент пры ўваходзе ў касцёл. Работа над рэльефам, на якім два анёлы падтрымліваюць чашу са святой вадой, працягвалася каля паўгода. Матэрыял для рэльефу абраны невыпадкова. Гэта не гіпс, а сучасная пластыка. Пры ўзаемадзеянні з вадой гіпс руйнуецца.

Наогул, у нашых кліматычных умовах ужываецца сілумін, бронза, можна ўбачыць і работы з граніту. Мармур не выкарыстоўваецца — ён убірае пыл, і з часам выглядае не эстэтычна, а вось у цёплых краінах, дзе менш ападкаў, — можна ўбачыць скульптуры з мармуру даволі часта. Усё больш выкарыстоўваюць металапласт, іншыя пластыкі, якія вытрымліваюць тэмпературныя перапады. Творы, зробленыя з іх, больш танныя і практычныя, выглядаюць добра. Урэшце, калі твор зроблены прафесіяналам — ад металу не адрозніш.

Лаканічнасць

Барыс Пянчук, вядома, быў ваенным музыкантам, дырыжорам, таму атрыбуты, дэталі прафесійнай сферы падказваюць ідэі, падкрэсліваюць асобу. Так і нарадзіліся лаканічныя вобразы, асацыяцыі, якія затым увайшлі ў кампазіцыю твора. Чаму партрэт Барыса Пенчука ў коле? Гэты элемент звязаны з вобразамі медалю, ударных музычных інструментаў — літаўраў і тарэлак. А вертыкальная частка — стылізаваная тэатральная заслона.

Работу над мемарыяльнай дошкай можна назваць творчым працэсам, нягледзячы нават на тое, што яна зроблена на замову. Заўсёды максімальна вывучаеш тэму, шукаеш факты, візуальныя матэрыялы (каб знайсці найбольш яркія ракурсы творцы). Калі замоўлена партрэтная дошка, дык патрэбны якасны фотаматэрыял альбо малюнак. Калі тэкставая — трэба ўлічваць гістарычны перыяд. Над дошкай, прысвечанай Барысу Пенчуку, працаваў тры — чатыры месяцы. Зараз у скульптараў тэрміны вельмі сціслыя, таму даводзіцца дзейнічаць хутка і напружана.

Як правіла, дошкі вешаюцца на ўзроўні двух — трох метраў, каб яны былі бачныя з аўтобусаў, аўтамабіляў. Галоўнае — пазбегнуць дысанансу. Дошкі размешчаны высока, таму, каб “захапіць” частку будынка, дошку і чалавека — трэба адысці або мець спецыяльны аб’ектыў. Тое, што іх рэдка фатаграфуюць, звязана менавіта з тэхнічнымі момантамі, а не з тым, быццам бы яны не прадстаўляюць мастацкай вартасці. Існуе багата цікавых мемарыяльных аб’ектаў. Так, у Амстэрдаме бачыў прафесійна зробленую дошку на месцы гібелі Чэта Бэйкера — знакамітага джазавага музыканта. Яе фатаграфуюць, і з ёй фатаграфуюцца.

Паэтычнасць

Гісторыя з дошкай Барыса Аракчэева даволі цікавая. Я вучыўся з дочкамі мастака Аленай і Аксанай, якія пасля ягонай смерці даверылі мне зрабіць меморыю. Але паставілі канкрэтныя ўмовы: кампазіцыя павінна быць зроблена па пэўным аўтапартрэце Барыса Аракчэева, які мастак напісаў у сваёй майстэрні. З аднаго боку, нескладана, бо ўжо знойдзена кампазіцыя, з іншага, цяжка перадаць у скульптуры жывапісны партрэт, захаваўшы стылістыку палатна, вобраз, настрой. Нягледзячы на некаторыя цяжкасці, з пастаўленай задачай справіўся.

Робяць дошкі па заканчэнні чатырох гадоў пасля смерці асобы. Існуюць параметры, па якіх савет вылучае асобу. Загадзя работу таму ці іншаму творцу, напрыклад, замовіць нельга. Ён можа заказаць свой партрэт для сябе, сям’і, які пасля можна выкарыстаць і для памятнага знака. Што да замежнага вопыту працы з мемарыяльнымі дошкамі, дык асаблівай розніцы няма. Магчыма, яна ёсць у атрыманні ды размеркаванні замоў.

Якім дзеячам мастацтва, на маю думку, можна стварыць скульптуру? Канешне, хацелася б убачыць дошку альбо помнік Васілю Быкаву. У нашай краіне багата дзеячаў культуры, пісьменнікаў, якія вартыя таго, каб іх памяць увекавечылі.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст