Пукст у мурашніку

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

...Хлопец сядзеў за піяніна і спяваў рыфмы. Было гэта ў Мінску, па-мойму, восенню 1995-га, у пакоi, запоўненым мала- і зусім незнаёмымі мне людзьмі на нейкім з апошніх паверхаў корпуса Белдзяржуніверсітэта. Потым былі пытанні, абмеркаванне ды партвейн. Хлопец, якога я ўбачыў і пачуў упершыню, — Сяргей Пукст. І палюбіў я творчасць ягоную адразу, як адразу некалі “ўтрэскаўся” ва ўсё тое, што рабіў геніяльны Сяргей Курохін. Пецярбургскі бескампрамісны падбухторшчык усераднёнага грамадскага густу раптоўна памёр у 1996-м, у адзін з дзён “Славянскага базару”. Памятаю, як мы дзіка надзерліся з расійскім кампазітарам і шоуменам Сяргеем Шусціцкім, аплакваючы на начной віцебскай лавачцы скон вялікага музыканта... Калі я слухаю песні Пукста, у мяне ў вачах нярэдка з’яўляюцца нябачныя свету слёзы — гэта слёзы гонару. Я ганаруся, што гэты дзеяч культуры — мой суайчыннік. Захапляючыся словам, мелодыяй, аранжыроўкай майстра эпатажу, рыжага і белага клоўна, лютага і далікатнага. Калі ж гляджу я на карціны Пукста...

/i/content/pi/cult/616/13697/12-1.jpg

Той самы Пукст. / Фота Аліны САЎЧАНКА

…Ва ўзросце 8 — 9 гадоў у Сярожы Пукста добра атрымлівалася выводзіць і гамы ў гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі і маляваць фігуры ў руху ў мінскай студыі Рышарда Мая. І прасунуў ён апошняе ўменне да таго, што ў 1986 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя Аляксея Глебава (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Глебава). На аддзяленне... дрэваапрацоўкі. У той час на галовы бестурботных савецкіх людзей абрынулася навала самай рознай замежнай музыкі, дагэтуль не тое каб забароненай у краіне Кабзона і Вуячыча, але не рэкамендаванай да праслухоўвання, а таму шырока малавядомай. Абрынуўся і вал сусветнага ды ўнутранага выяўленчага мастацтва — у жанрах і імёнах, якім, ледзь перабольшу, яшчэ нядаўна месца адводзілася таксама ў культурным гета. Хвалі тыя не абміналі і згаданае вучылішча. Акунуўся ў іх і Пукст: тады з яго ўдзелам нарадзіўся панк-гурт “Кароль пчол”, а пры “папушчальніцтве” разгубленага выкладчыцкага складу “глебаўкі” Сяргей, “забіўшы” на класічныя нормы творчасці (і з адабрэння маладых настаўнікаў), пачаў шалець на ніве культуры наогул.

— Але свята непаслушэнства калі-небудзь заканчваецца, — заўважае Пукст. — Шмат хто пасля акадэміі проста знік у нікуды, з акадэмічнай музыкай справа ішла прыблізна гэтак жа. Так бачылася мне. Да ўсяго, і тая, і іншая прафесія аплачваліся вельмі сціпла. І пад слушным уплывам бацькоў, з’яўляючыся сам чалавекам у чымсьці прагматычным, я паступіў у “іняз”. Чалавек з веданнем замежных моў у тыя часы быў запатрабаваны ўсюды. А жывапісам і музыкай вырашыў займацца толькі дзеля ўласнага задавальнення. Больш выйшла з музыкай. Сёння я выкладаю англійскую мову, складаю песні, выступаю, запісваю альбомы і зрэдку малюю.

Малюе так, што дома ў яго не засталося ніводнай работы — усе прададзеныя. Кажучы пра тое, якія напрамкі паўплывалі на яго манеру, Пукст перш за ўсё называе сюррэалізм з яго, па словах Сяргея, бессэнсоўнай жорсткасцю, фантазійнасцю, якая базуецца на немагчымых сітуацыях. Куміраў сабе наш герой не выбірае, але да Рэнэ Магрыта, Паўля Клее, Фрэнсіса Бэкана, Пабла Пікаса і іх твораў ставіцца з вялікай павагай, нешта падглядвае ў іх і міжвольна драбніцу ідэйна “пазычае” (глядзім “У чаканні чаек”, навеяную якраз творчасцю Магрыта), як бы перадаючы прывітанне сваім больш вядомым калегам.

— Адкрыю страшную таямніцу, — адкрывае страшную таямніцу Сяргей. — Не заўсёды мною першапачаткова рухае задумка. Напрыклад, карціна “Чалавек-газ”. Пры яе напісанні я выкарыстаў спіртавыя чарнілы. Яны пацяклі па кудзелі, утварыліся такія ярка выяўленыя краі, разводы, зайграла святлацень, атрымалася цікавая фактура. У галаве ў мяне былі думкі наконт таго, што павінна ў выніку атрымацца, але не канчаткова спелыя, а тут — вось яно, усё ўстала на месцы.

Важным у сваім мастацкім падыходзе Пукст лічыць тое, што ён адмыслова ледзь не дамалёўвае карціны, даючы магчымасць папрацаваць уяўленню чалавека, дапісаць незапоўненыя, калі такімі здаюцца, палі на палатне. Спантаннасць, двухсэнсоўнасць, шматстайнасць, загадкі, невідавочнасць гульні — гэта яго. Як экспрэсіянізм і выразнасць. Іншы важны момант: для сябе Сяргей адхіляе жорсткую сістэмнасць у выяўленчым мастацтве (“мне становіцца сумна, калі я разумею, як зроблена карціна”). Не ідэю як такую, а яе скрупулёзнае ўвасабленне. Ён дае волю нерукачыннаму парыву, а не ашчадна-аналітычнаму. (Дазволю сабе наступную рэмарку: некаторыя музычныя крытыкі перакананыя ў тым, што асобныя ўласныя музычныя сачыненні Пукст менавіта старанна канструюе, складае пазлы з нарыхтаваных фрагментаў, зачароўваючы слухача “байкамі” пра эмацыйную накіраванасць сваёй непрадказальнай творчасці...)

— У песнях мне цікава корпацца ў чалавечым мурашніку, — прызнаецца Сяргей. — Тое ж самае тычыцца і жывапісу. Мне цікавыя людзі, іх характары, іх сентыментальнасць. Фігуры. Асобы. Іх чароўнасць ці, наадварот, тое, што быццам бы адштурхоўвае ў іх. Цікавыя гісторыі, якія стаяць за людзьмі, — рэальныя або прыдуманыя мной, мною ж пераасэнсаваныя... перапрацаваныя.

У творчых планах Пукста, звязаных з выяўленчым мастацтвам, — дзве карціны, дзе цэнтрам прыцягнення поглядаў зноў стануць людзі. І кадаваная з дапамогай нейкіх прадметаў іх навакольная прастора. Калі ён возьмецца за працу грунтоўна, Сяргей не ведае. Майстэрні ў яго, натуральна, няма, балкон дома такі, што асабліва не разгарнуцца. А, як ведаюць прыхільнікі толькі музычнага Пукста, нягледзячы на сваю адносную нязладжанасць, разгортвацца ў творчасці ён любіць і не прызнае прастораў абмежаваных. Гэта значыць, трэба дачакацца, калі настане час унутранага кампрамісу, і наперад!

 

Меркаванне мастацтвазнаўцы Пётры Васілеўскага

— Карціны Сяргея — гэта такія дыхтоўныя работы таленавітага чалавека, якому цікава назіраць жыццё ва ўсіх яго праявах. Верагодна, у жывапісе ён рэалізуе тыя свае эмоцыі ад навакольнага, якія не можа ці не паспявае рэалізаваць у музыцы. І ў яго гэта атрымліваецца. Яго мысленне ў дадзеным кантэксце падобнае да геаметрычнага абстракцыянізму, строгай логікі ў творах Пукста няшмат. Ён нібы сам дзівіцца таму, што ў яго ў выніку выходзіць. Хоць школа савецкага выяўленчага мастацтва, рэалістычнага, у яго творчасці адчуваецца, калі ён нейкую абстрактную кампазіцыю падганяе пад больш-менш пазнавальную форму. Яму было б больш натуральна заняцца чыстай абстракцыяй.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"