Мастак з дакамп’ютарнай пары

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Сёлета спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння і 20 гадоў з дня смерці Леаніда Марчанкi (1941 — 1996) — выдатнага майстра беларускай станкавай графікі, добра вядомага гледачам, найперш, сваімі лірычнымі пейзажамі ў тэхніцы афорта. Ён быў сапраўдным падзвіжнікам гэтай складанай графічнай тэхнікі, выдатна валодаў усімі тонкасцямі друку. І ўжо пры жыцці мастака яго творы атрымалі прызнанне.

/i/content/pi/cult/616/13696/13-2.jpg

Адзін з твораў Леаніда Марчанкі.

Валодаючы ўражвальнай працаздольнасцю, захоплены прафесіяй, Леанід Марчанка пакінуў па сабе вялізную творчую спадчыну, якая дбайна захоўваецца яго сям’ёй. Дзякуючы энтузіязму і бескарыслівай дапамозе удавы мастака, мастацтвазнаўцы Ніны Марчанка, ужо пасля яго смерці ў музеях рэспублікі адбылося больш за 20 выстаў твораў у розных тэхніках і жанрах: афорты, малюнкі, акварэль, эцюды маслам, частка якіх пераходзілі ў музейныя фонды.

У творчасці Леаніда Марчанкі арганічна спалучаўся дар жывапісца і графіка. Нават чорна-белыя афорты нібы свецяцца пераходамі тонаў, ствараючы адчуванне колеру. Адна з нядаўніх выстаў памяці Леаніда Марчанкі, якая працуе ў сталічнай галерэі “Беларт”, сталася цікавай найперш тым, што на ёй прадставілі раней не экспанаваныя акварэлі, якія захоўваліся дагэтуль у майстэрні. У лістападзе гэтыя аркушы і іншыя творы з музейнага фонду ўбачылі ў Бабруйскім мастацкім музеі.

Мінская камерная экспазіцыя з 25 аркушаў падала толькі адну грань творчасці Леаніда Марчанкі, які шмат вандраваў па свеце і, разам з тым, назаўсёды быў закаханы ў сціплую прыгажосць роднай зямлі. З акварэлі пачынаў ён свой шлях у мастацтве, зноў звярнуўся да гэтай тэхнікі ў 1990-я, пераломны і неспакойны перыяд “адмаўлення” прынцыпаў савецкага мастацтва. Ужо сталым майстрам ён, верагодна, з адмысловай вастрынёй адчуў унутранае запатрабаванне знайсці жыццёвую і творчую апору ў непасрэдных зносінах з прыродай. Акварэлі, у адрозненне ад старанна прадуманых і “складзеных” у майстэрні афортаў, былі зробленымі на восеньскіх пленэрах у вёсцы. Празрыстыя, стрыманыя па колеры творы вылучае хуткасць выканання ды прастата прыёмаў, і разам з тым — глыбокая праніклівасць і паэтызацыя штодзённых прыродных матываў. Яны падкупляюць тонкасцю каларыту і танальных градацый, адчуваннем каштоўнасці кожнай хвіліны быцця. Усё, што пазначала ўважлівае вока мастака, станавілася для яго падзеяй, годнай ушанавання: спусцелыя вуллі пад абляцелымі дрэвамі, вясковая хата і конь, які пасвіцца побач… “Цішыня” — менавіта так назваў Марчанка некалькі сваіх акварэляў — адмысловы стан маўклівага засяроджанага дыялогу творцы і натуры, чалавека і прыроды.

Акрамя несумнеўнай эстэтычнай каштоўнасці, гэтая выстава здольная абудзіць у гледача цэлы ланцуг разважанняў, актуальных у наш час: пра імгненнае і адвечнае, пра памяць, пра сям’ю як структураўтваральную аснову нацыянальнай культуры. Глыбока асабістае выказванне мастака, зробленнае пра сябе і “для сябе”, становіцца з цягам часу адлюстраваннем цэлай эпохі.

Акрамя твораў самога Леаніда Марчанкі, сям’я захавала збор афортаў тады маладых мастакоў-сямідзясятнікаў з розных рэспублік СССР, створаных у доме творчасці “Сенеж”, дзе сам беларускі творца працаваў тройчы. Калекцыя друкаванай графікі адлюстроўвае як высокі прафесійны густ Марчанкі, так і дзіўную атмасферу захопленасці і творчага яднання, маладосці і эксперыменту. Яна экспанавалася ў выставачным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі і выклікала вялікую цікавасць: настолькі свежа выглядалі гэтыя аркушы. Сёння вельмі важна як мага больш шырока паказваць гледачу творы з эстэтычнай і гісторыка-пазнаваўчай каштоўнасцю. Бо мы жывём у перыяд віртуальнага існавання мастацтва, якое перастала мець патрэбу не толькі ў цішыні майстэрні, але часцяком і ў прафесійных уменнях. Калі алічбаваныя вынікі арт-дзейнасці не мільгацяць у стужцы навін сацыяльных сетак, не выклікаюць абмеркаванняў і скандалаў, не збіраюць пахвалы “прасунутых” дылетантаў, дык нават прафесіяналы пачынаюць усё часцей успрымацца як не вартыя ўвагі.

Невялікая экспазіцыя шчырых твораў майстра з іх асаблівай атмасферай душэўнасці абуджае ў наш час інтэрнэт-прэзентацый і віртуальных галерэй настальгію па “дакамп’ютарным” успрыманні мастацтва як сутнасці вобразнага спасціжэння свету, а не проста спосабе самарэкламы ці ўпрыгожвання інтэр’еру.

Марына ЭРЭНБУРГ, мастацтвазнаўца