Этнограф і фатограф

№ 50 (1280) 10.12.2016 - 16.12.2016 г

Спадчына Аляксандра Сержпутоўскага вяртаецца ў Беларусь
У мінскім Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры прайшла выстава факсімільных фотаздымкаў з фондаў Расійскага этнаграфічнага музея (РЭМ) “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі. ХХ стагоддзе”, пра якую “К” пісала ў № 48. На выставе было некалькі фота з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку зробленых Аляксандрам Сержпутоўскім. Слынная асоба, ён больш вядомы ў нас як этнограф, чым у якасці фатографа. Пра розныя аспекты яго спадчыны гутарым з кіраўніком міжнароднага праекта “Беларуская этнамузеялагічная спадчына Аляксандра Сержпутоўскага ў зборах Расійскага этнаграфічнага музея”, старшым навуковым супрацоўнікам аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым.

/i/content/pi/cult/616/13692/6-1.jpg— Праект беларуска-расійскі, таму мы вывучаем, з аднаго боку, беларусаў, з іншага — тэрыторыю Беларусі. Гэта не тоесныя рэчы, беларусы могуць жыць і па-за межамі краіны. У беларускіх калекцыях Сержпутоўскага ёсць матэрыялы з цяперашніх Пскоўшчыны і Браншчыны. У той жа час, зборы з Маларыцкага і самага поўдню Столінскага раёна ім класіфікаваныя ў калекцыю “Украінцы”. Такія былі ўяўленні пра межы этнічнай тэрыторыі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Я рыхтую да друку нарыс “Палешукі-беларусы”. У ім абагульнены веды Аляксандра Сержпутоўскага пра Палессе па стане на пачатак 1910-х. Марыя Віннікава працуе з тэкстылем са збораў Аляксандра Казіміравіча, вынікі яе даследаванняў ужо знайшлі адлюстраванне ў альбоме “Традыцыйны беларускі касцюм”, выдадзеным сёлета, і будуць выкарыстоўвацца потым для напісання навуковых артыкулаў, як і вынікі працы Юрыя Унуковіча, які займаецца рукапіснай і фатаграфічнай спадчынай Аляксандра Сержпутоўскага. Куратар з расійскага боку — Алег Лысенка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела Беларусі, Украіны і Малдовы РЭМ. Ён сам родам з Беларусі, беларусіст, пэўны час ачольваў гэты аддзел, заўсёды дапамагае прасоўванню беларускіх праектаў. Доўгі час Лысенка займаўся Сержпутоўскім. Варта разумець, што для нас Аляксандр Казіміравіч — толькі адзін з добрых этнографаў. А ў Пецярбургу ён — пачынальнік беларусістыкі ў РЭМ: асноўныя беларускія калекцыі, што там захоўваюцца, сабраў Сержпутоўскі.

Мы з’ездзілі ў некалькі камандзіровак у Санкт-Пецярбург, частку матэрыялаў паглядзелі, але зборы Аляксандра Сержпутоўскага вялізныя і не ўсё зараз дасяжна праз пераезд фондаў РЭМ. На перспектыву мы разглядаем выданне фотаздымкаў Сержпутоўскага. Праект фінансуецца Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў і Расійскім гуманітарным навуковым фондам. Даследаванні доўжыліся два гады, мы падалі заяўку на працяг фінансавання.

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра Вашу працу з нарысам “Палешукі-беларусы”.

— Рукапіс выдаваўся ў 2010 годзе ў музейным часопісе РЭМ, што выходзіць малым накладам і амаль невядомы ў Беларусі. Прынамсі, нашы бібліятэкі яго не выпісваюць. Нарыс жа — вельмі каштоўная крыніца па этнаграфіі Беларусі, цікавая і навукоўцам, і аматарам. Для таго, каб забяспечыць шырэйшы доступ да “Палешукоў-беларусаў”, запланаваны яго выхад налета ў выдавецтве “Беларуская навука”. Я пераклаў тэкст з рускай мовы на беларускую. Ведаючы беларускія сімпатыі Аляксандра Сержпутоўскага, мяркую, што каб абставіны дазвалялі, ён падрыхтаваў бы працу па-беларуску. Яго публікацыі 1920-х, дарэчы, выйшлі па-беларуску, а ў “Беларусах-палешуках” сустракаюцца дыялектныя слоўцы.

Нарыс будуецца па класічнай для этнаграфічных прац таго часу схеме: апісанне матэрыяльнай культуры (жытла, прылад працы, строяў), раздзел па “прымхах і забабонах”. Каляндарныя абрады асобным блокам не апісваюцца, але згадкі пра іх сустракаюцца па тэксце, бо ўся беларуская культура — земляробчая. Нарыс утрымлівае малюнкі рукі Аляксандра Сержпутоўскага. Ён, дарэчы, добра маляваў.

— Што наконт іншых рукапісаў Сержпутоўскага ў фондах РЭМ?

— Яны чакаюць свайго часу. Напрыклад, зборнік беларускіх прыказак, частка якога захавалася ў рукапісе, выдадзены Уладзімірам Касько, але не як навуковая праца. Мы хацелі б аднойчы надрукаваць тыя прыказкі з грунтоўным навуковым каментаром, без якога шмат якія рэчы могуць быць незразумелымі. Сустракаюцца непаліткарэктныя выказванні, нецэнзурныя. І гэта цалкам натуральна для народнай культуры: напрыклад, казкі, дзе высмейваюцца яўрэі. Але ж смех над “іншым” дапамагаў пераадольваць сацыяльнае напружанне і ён, няма сумневаў, заўсёды лепшы за гвалт. Трэба, канешне, думаць, ці даваць такія рэчы ў папулярны друк. А ў навуковым выданні тая ж казка з антысеміцкімі матывамі становіцца ўжо цікавай крыніцай для аналізу.

— А якія фота Сержпутоўскага захоўваюцца ў РЭМ?

— Калекцыі з 1906 да 1930 гадоў. Найбольш фотаздымкаў паходзіць з той жа тэрыторыі, што і большасць тэкстаў: гістарычная Случчына, Палессе, цяперашні Салігорскі раён, поўнач Ганцавіччыны. Аляксандр Сержпутоўскі там нарадзіўся, вучыўся, настаўнічаў. Акрамя таго, фота, зробленыя між Гомелем і Бранскам; з усходняй часткі Магілёўскай губерні; з гістарычнай Віцебшчыны: ваколіц Полацка і Невеля (цяпер гэта Пскоўская вобласць Расіі). У Заходняй Беларусі ён быў толькі да рэвалюцыі, з таго часу і захаваліся фотаздымкі з ваколіц Ганцавічаў, Століна і Маларыты. Была адна экспедыцыя на тэрыторыю Літвы, але там відавочна прадстаўлена не беларуская, а менавіта літоўская культура. Па беларусах у РЭМ захоўваецца больш за 10 калекцый фотаздымкаў Сержпутоўскага, у іх больш за тысячу адзінак.

— Якая навуковая і мастацкая вартасць тых здымкаў? Ці суправаджаліся яны аўтарскімі подпісамі?

— У Сержпутоўскага былі інструкцыі, ён ведаў, што трэба зняць, да прыкладу, жытло, агульны від вясковай вуліцы, сялян у строях, нейкія дэталі… І ён працаваў па гэтых інструкцыях, нават калі этнаграфія ў ІІ палове 1920-х стала ператварацца ў “савецкую этнаграфію”: вывучалі калгасы, здымалі перадавікоў… Фота некаторых тагачасных этнографаў складана адрозніць ад хронікі ў савецкай перыёдыцы: яны могуць разглядацца хутчэй як крыніцы для вывучэння гісторыі штодзённасці, чым этнаграфіі. Мастацкая якасць гэтых здымкаў розная, Сержпутоўскі ўсё ж не Ян Булгак — фота зроблены не з дэкаратыўнымі мэтамі. У Сержпутоўскага — навуковыя здымкі, часам не вельмі якасныя, часам паўтараюцца, хаця сустракаюцца вельмі па-мастацку яскравыя кадры.

Разгорнутыя этнаграфічныя каментарыі былі пад фота з самых ранніх калекцый, потым ён падпісваў здымкі ў аб’ёме, дастатковым для таго, каб іх занесці ў фотатэку РЭМ.

— А што на гэтых подпісах? Ці сустракаюцца, як у Ісака Сербава, падрабязныя звесткі пра фізічныя параметры, імёны, сацыяльны статус?

— Сержпутоўскі менш за Сербава займаўся фізічнай антрапалогіяй — не яго тэма. Лічыцца, што ён трошкі зацікавіўся ёй у 1920-х, так што некалькі фота, дзе бачныя “антрапалагічныя тыпы”, у яго калекцыях ёсць. Калі выдаваць гэтыя фотаздымкі, дык навуковы каментарый проста неабходны, каб усё было зразумела не толькі даследчыкам, а і больш шырокаму колу чытачоў. Што вынесе аматар, гартаючы альбом з фота 100-гадовай даўніны? Што беларусы былі бедныя, басыя, стрэхі ў хатах дзіравыя… Тады трэба тлумачыць, што Сержпутоўскі шукаў старыя хаты з традыцыйнымі канструктыўнымі элементамі… Ён разумеў, што вёска мадэрнізуецца, але не ўсё, што бачыў, лічыў прадметам этнаграфічнага даследавання. Мая пазіцыя, што старыя фотаздымкі можна падаваць і тлумачыць праз кантэкст мадэрнізацыі: гэта ж неверагодна, як за сто гадоў усё змянілася!

— Можа быць, нейкія здымкі Сержпутоўскага асабліва запамінаюцца? Калі даводзілася глядзець яго матэрыялы з іншых краін, культура якіх для нас далёкая, што кідалася ў вочы?

— Я прафесійна займаюся могілкамі, таму маю ўвагу прыцягнулі прыклады (драўляная калода, якую клалі на магільны насып). Класічнае фота, дзе выяўлены сам Сержпутоўскі з так званымі “абхазскімі неграмі”. Гэта, канечне, не негры, а прадстаўнікі цёмнаскурай народнасці, што жыла на Каўказе. Даследчык сфатаграфаваўся з імі, каб паказаць кантраст колеру скуры. Гэта вялікая рэдкасць па тых часах — даследчык у кадры, побач з тымі, каго ён вывучаў.

— Якая практычная значнасць матэрыялаў Аляксандра Сержпутоўскага?

— Ён запісваў, як яму расказвалі. Не ганяўся за архаікай, чароўнымі казкамі. Некаторыя з аповедаў — гэта і не зусім казкі, нейкія смешныя гісторыі, дзе бачны сацыяльны кантэкст. Што да фота, то ён да 1930-га трымаўся старых інструкцый, здымаў праявы традыцыйнага побыту, а не “новага жыцця”. Калі матэрыялы выйдуць, яны будуць асабліва каштоўныя энтузіястам на месцах: краязнаўцы пабачаць цэрквы і сінагогі, якіх ужо няма, мастацкія кіраўнікі фальклорных гуртоў — выявы аўтэнтычных строяў сваёй мясцовасці. І гэта цікаўнасць не для справаздачы: людзі сапраўды могуць скарыстаць матэрыялы ў сваёй працы.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"