Курс на бязмежжа сучасных кірункаў?

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

ХХІХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC-2016) стаў папраўдзе гістарычнай падзеяй. Міжнародны конкурс, які на гэтым фестывалі чаргуецца з рэспубліканскім, прынёс не толькі доўгачаканае і таму ўдвая-ўтрая прыемнае першае месца айчыннаму калектыву — ансамблю кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (раней нават выхад у міжнародны фінал кагосьці з беларусаў лічыўся перамогай), але і абвострыў пытанне далейшага развіцця як самога фестывалю, так і нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/615/13690/7-1.jpg

Сцэна са спектакля “Мае мерыдыяны”. / Фота Аляксея КАРАСЁВА

Калісьці віцебскі IFMC быў першым і адзіным на ўсёй постсавецкай прасторы фестывалем і конкурсам сучаснай харэаграфіі. Цяпер у яго шмат паслядоўнікаў у розных кутках Расіі, у іншых краінах, у тым ліку суседніх. Думаю, менавіта на гэтыя абставіны трэба спісваць страту былых традыцый, калі нежартоўная барацьба разгортвалася між праектамі Яўгена Панфілава, Таццяны Баганавай, Сяргея Смірнова і іншых творчых асоб, папраўдзе знакавых для развіцця гэтага мастацтва. Былі яны — і, на вельмі-вельмі вялікім аддаленні, усе астатнія.

Сярод беларускіх удзельнікаў заўсёды вылучаўся Дзмітрый Куракулаў з Гродна — харэограф, што называецца, ад Бога, самародак, адораны бязмежнай фантазіяй, фантанам неверагодных прыдумак, знаходак, многія з якіх падхоплівалася і развівалася іншымі, страчваючы куракулаўскае аўтарства, вядомае, праўда, хіба яго прыхільнікам і знаўцам. Яго ансамблю “ТАД”, дзе ядналіся выпускнікі мясцовага каледжа мастацтваў і аматары, не хапала прафесійнай дасканаласці выканання, што не спрыяла перамогам: на IFMC ацэньваецца не ўласна харэграфія і яе выкананне, а нумар цалкам. Але ансамбля, што існаваў спярша на грамадскіх пачатках, а потым пры Гродзенскай абласной філармоніі, больш няма, сам Дзмітрый выкладае ў каледжы.

Самай, бадай, паслядоўнай у дасягненні мэтаў заўсёды была кафедра харэаграфіі БДУКіМ: і Куракулава ў свой час “падхапіла”, даўшы яму вышэйшую адукацыю, і Дзмітрыя Залескага ўзрасціла (шэсць гадоў таму, на 23-м IFMC ён атрымаў і першую прэмію, і прыз як лепшы харэограф, а сёлета праводзіў майстар-класы), і замежных майстроў увесь час запрашала, у тым ліку для разнастайных сумесных праектаў. Сёлетняя пераможная кампазіцыя — “AfterBefore” — таксама ўзнікла ў суаўтарстве з польскім харэографам Мацеем Кузьмінскім. І вылучалася, паводле Яўгена Баратынскага, “лица необщим выраженьем”. Там была актуальная тэма — бежанцы. Незашмальцаваная пластыка (хаця ўласна лексічных знаходак, на мой погляд, не ставала). Добрае выкананне, калі адчувалася, што кожны ўдзельнік ансамбля разумее, што ён робіць і чаму менавіта так, а не йначай.

Гран-пры паляцеў у Кітай — што б там ні казалі, абсалютна заслужана. Кампазіцыя “Мае мерыдыяны” была па-за конкурсам па сваім узроўні. Але, будзем шчырымі, яна прайгравала тым нумарам, якія прывозілі кітайцы ў былыя гады.

Каб дадаць пазітыву, узгадаем, што ніколі раней на Міжнародным конкурсе IFMC не было прадстаўлена так многа беларускіх праектаў, ніколі так многа з іх не праходзіла ў фінал. Але змаўчым, што сам конкурсны ўзровень стаў больш роўным, без ранейшых перападаў між вяршынямі і праваламі, ды больш аднастайным. Багата было калектываў з навучальных устаноў, што сведчыла пра ўключэнне сучаснай харэаграфіі ў іх вучэбныя планы. Нумары адрозніваліся тэматычна: былі не толькі шматлікія варыяцыі на тэму кахання, але і пошукі сябе сапраўднага, спробы асэнсаваць віртуальную рэальнасць, нават вясёлы капуснік з пазнавальнымі жыццёвымі “эпізодамі”. А вось стылёва і асабліва лексічна ўсё было — як адзін бясконцы аповед ні пра што. І здагадацца, пра што нам хацелі распавесці (проста здагадацца, а не цалкам зразумець), можна было, толькі прачытаўшы анатацыю. Дык пры чым тут харэаграфія, калі яна бездапаможная? І не прыцягвае самым галоўным — пошукам уласнай харэаграфічнай “інтанацыі”, знаходкамі цікавай пластыкі, адметных рухаў.

Не дзіва, што лепшага харэографа на конкурсе так і не знайшлі: прызначаная яму спецыяльная прэмія імя Яўгена Панфілава была падзелена на чатыры іншыя, сярод якіх была і “За навізну і творчую фантазію”, якая дасталася віцябчанам — Тэатру-студыі харэаграфіі Дыяны Юрчанка.

У гасцявой праграме меткай індывідуальнасці былі пазначаны аднаактовыя балеты з Францыі (“АхматМадзі”, прысвечаны Ганне Ахматавай і франка-італьянскаму скульптару Амедэа Мадзільяні) і Нарвегіі (“Там” — пра дысідэнтаў з былога СССР). Двухактовая “Жызель” Раду Паклітару і яго “Кіеў-мадэрн-балета”, паказаная ў Мінску і ў Віцебску, успрымалася гэткай “шпаргалкай” па творчасці гэтага былога беларускага, а цяпер сусветна прызнанага майстра. Складзеная з яго аўтацытат, яна аказалася намнога прасцейшай за іншыя працы харэографа, разлічанай на публіку, якая ўпершыню далучаецца да балетнага мастацтва, — на тых жа падлеткаў. Пэўна, менавіта для іх была прызначана наступная дэталь — небяспечна быць, “як усе”: Альберт, аднойчы страціўшы Жызель і потым спаткаўшы выгнаную з дому дзяўчыну ў бардэлі, у парыве пачуццяў імкнецца ўвесці яе адтуль. Але сутыкаецца з сябрамі — і становіцца “як усе”: расплочваецца за інтымныя паслугі, тым самым падштурхваючы Жызель да самагубства. Акно, праз якое ёй бачыліся светлыя мроі, становіцца выхадам не ў шчаслівую будучыню, а ў небыццё.

Самому фестывалю апошняе не пагражае. Арганізатары прыкладаюць безліч намаганняў, каб усё было як мага лепш. Колькасць дадатковых мерапрыемстваў, тых жа майстар-класаў сёлета зашкальвала настолькі, што запланаваная лекцыя Святланы Уланоўскай папросту “не змясцілася” — у апошні момант, калі і выступоўца прыйшла, і публіка сабралася. Затое былі прыемныя новаўвядзенні: упершыню фінальная прэс-канферэнцыя адбылася пасля абвяшчэння вынікаў, упершыню былі рассакрэчаны некаторыя таямніцы судзейства і ўскрыты канверты з назвамі тых кампазіцый, якія кожны з членаў журы паставіў на першае месца (дарэчы, нумар БДУКіМ атрымаў тры вышэйшыя балы з сямі магчымых). Бянтэжыць хіба тое, што цяперашні курс фестывалю і конкурсу не адно на сontemporary dance, як гэта склалася апошнім часам, а на ўсё бязмежжа сучасных кірункаў можа выліцца ў пераважванне эстрадных кампазіцый. Каб гэтага не адбылося, патрэбен больш прыдзірлівы адбор.

А завяршыўся фестываль, як ні сімвалічна гэта гучыць, “Маленькай смерцю” Іржы Кіліяна ў Вялікім тэатры Беларусі. А мінчане праз тры дні пасля IFMC атрымалі прэм’еру аднаактовых “Санетаў” паводле Шэкспіра — ад харэографа Аляксандры Ціхаміравай, чый “Маленькі прынц” атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію як “найлепшы спектакль балета”. Шкада, што гэтыя працы не вазілі на IFMC: можа, з-за наяўнасці “несучасных” пуантаў?

Завяршаючы параўнанні дасягненняў на міжнародным і нацыянальным узроўнях, дададзім, што Сяргей Мікель, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе прафесара Валянціна Елізар’ева і леташні ўладальнік Гран-пры рэспубліканскага конкурсу IFMC, у дні цяперашняга атрымаў чарговую замежную ўзнагароду. На гэты раз, на Міжнародным конкурсе ў Алматы — “За лепшую харэаграфію сучаснага танца”. Ну, умеем жа мы гадаваць таленты!..

Мінск — Віцебск— Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"