Жыллё ў... клубе: набыць за 21 рубель

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры, пра што ўжо неаднаразова згадвалася ў “К”, узнімае не толькі сацыяльныя, а і гаспадарчыя пытанні. Бо вядома, што калі падобныя будынкі пустуюць, дык утрымліваць іх на сваім балансе аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў папросту немэтазгодна. Таму і з’яўляюцца час ад часу цікавыя прапановы пра продаж такіх аб’ектаў.

/i/content/pi/cult/615/13687/49 kultura2.jpgВось, скажам, зусім нядаўна ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра тое, што ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці на аўкцыён выстаўлены будынкі ажно сямі сельскіх клубаў. Прычым набыць гэтыя былыя ўстановы сферы культуры можна па цане ў адну базавую велічыню (гэта, нагадаю, на сёння 21 рубель). Як даведалася “К”, прадаўцом з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама. Па словах яго кіраўніка Людмілы Галавач, прадаюцца як драўляныя пабудовы, так і будынкі з цэглы. Самы стары будынак датаваны канцом 1950-х, самы “малады” — 1987 годам. Пакуль прапановай пінчан ніхто не зацікавіўся, хоць адваротныя прыклады, па словах Людмілы Галавач, ужо ёсць: напрыклад, не так даўно ў раёне быў набыты іншы выстаўлены на аўкцыён клуб, дзе прыватнікам запланавана правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў.

Увогуле, згодна з данымі фонду “Брэстаблмаёмасць”, аб’екты культуры з розных раёнаў Брэстчыны сёння даволі часта прадаюцца на аўкцыёнах. Напрыклад, у канцы жніўня прыватнікам за 22 рублі быў набыты будынак клуба-бібліятэкі ў аграгарадку Малкавічы Ганцавіцкага раёна, а 13 верасня — будынак сельскага клуба ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна.

— Продаж аб’ектаў за адну базавую — даволі распаўсюджаная практыка, якая рэгламентуецца Указам Прэзідэнта Беларусі ад 4 ліпеня 2012 года № 294 і пастановай Савета Міністраў краіны ад 3 кастрычніка 2012 года № 905, — адзначыў “К” намеснік дырэктара фонда “Брэстаблмаёмасць” Уладзімер Мацукевіч. — Указ, дарэчы, так і называецца “Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю”. Згодна з ім, на аўкцыёнах дазволены продаж аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, па пачатковым кошце, роўным адной базавай велічыні.

І такая практыка распаўсюджаная і ў іншых абласцях краіны. Напрыклад, сёння ёсць шэраг прапаноў для ахвотных і на сайце Гомельскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці, адзін з падраздзелаў рэсурса так і называецца: “Аб’екты нерухомасці за адну базавую велічыню”. Тут можна набыць будынкі былых СДК, бібліятэк, сацыяльна-культурных цэнтраў, якія зачыніліся ў сувязі са скарачэннем насельніцтва ў шэрагу паселішчаў вобласці.

Натуральна, што такія аб’екты выстаўляюцца на аўкцыёны з мэтай стварэння і развіцця прыватнага бізнесу і прадпрымальніцкай дзейнасці, а для фізічных асоб — з умовай рэканструкцыі будынка пад жылыя памяшканні і (ці) для вядзення ўласнай гаспадаркі цягам трох гадоў з моманту заключэння дагавору. Так што тыя, хто трымае “нос па ветры”, можа з лёгкасцю прыкупіць сабе добры дамок, дзе раней балявала на дыскатэках моладзь ці чыталіся кнігі і газеты. І хоць гэта будуць не “царскія” палаты, але для тых, хто жадае займець сабе лецішча непадалёк ад горада — цалкам прыдатны варыянт.

Таму часам падобныя аб’екты карыстаюцца павышаным попытам, асабліва там, дзе да райцэнтра, што называецца, рукой падаць. Напрыклад, як паведамілі “К” у аддзеле ІРКСМ Светлагорскага райвыканкама, будынак сельскага клуба ў вёсцы Карповічы, выстаўлены на продаж у верасні бягучага года, быў днямі прададзены прадпрымальніку за адну базавую велічыню. Іншыя аб’екты — будынак былога дома народнай творчасці ў вёсцы Медзведаў і сельскага клуба ў вёсцы Шупейкі — можна будзе набыць на аўкцыёне, які мяркуюць зладзіць у сярэдзіне снежня.

Праўда, у сувязі з рознымі прычынамі, — часцей за ўсё банальнай неахвотай мець жыллё ці гаспадарчы будынак у вёсцы або з-за аддаленасці вёскі ад горада, — такія аб’екты бывае што не купляюць нават за адну базавую. Напрыклад, у Ельскім раёне на продаж за 21 рубель сёння прапануецца некалькі былых аб’ектаў — дом культурна-сацыяльных паслуг у вёсцы Шарын, сельскія клубы ў вёсцы Чэрцень і Бякі. Але, як кажа начальнік аддзела ІРКСМ мясцовага райвыканкама Валерый Гейхман, іх пакуль што так ніхто і не набыў. А, скажам, у Нараўлянскім раёне на продаж выстаўлялі сельскі клуб у вёсцы Аляксандраўка Кіраўскага сельсавета, на які так ніхто і не паквапіўся, нават за такія мізэрныя грошы.

— Выставілі клуб на продаж, бо на сёння ў вёсцы пражывае блізу 10 чалавек, таму ўтрыманне там стацыянарнай установы немэтазгодна, — кажа начальнік аддзела ІРКСМ Нараўлянскага райвыканкама Віктар Захаранка. — Будзем спрабаваць знайсці пакупніка і далей, тым больш паспяховыя прыклады ў нас на сёння ёсць: у кастрычніку ў вёсцы Хаменкі таго ж Кіраўскага сельсавета прыватнік набыў будынак сельскага клуба, дзе плануе арганізаваць аб’ект турызму.

Да слова, як адзначаў “К” і Віктар Захаранка, і ўсе іншыя кіраўнікі аддзелаў, з якім вялася размова, паселішчы без стацыянарных клубаў і бібліятэк не застаюцца па-за ўвагай работнікаў сферы культуры. У вёскі, дзе зачынілася ўстанова культуры, часцяком наязджаюць то аўтаклуб, то аўтабібліятэка, з дапамогай якіх ладзяцца самыя розныя мерапрыемствы: ад канцэртаў да выставаў новай кніжнай прадукцыі. Іншая справа, што вядомую аксіёму “памірае клуб — памірае вёска” ніхто “за дужкі” не выключаў…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"