Узнагароды, званні

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада падпісаў указ № 427, згодна з якім дзяржаўных узнагарод удастоены шматлікія работнікі розных сфер дзейнасці, у тым ліку — культуры і мастацтва.

Так, згодна з Указам, мастак-жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Салаўёў і галоўны рэжысёр, генеральны прадзюсар ТАА “Профіартвідэан”, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч уганараваныя ордэнам Францыска Скарыны. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Голубева, канцэртны спявак, старшы выкладчык кафедры мастацкай творчасці і прадзюсарства Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава Петр Ялфімаў і балетмайстар-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Александра Ціхамірава атрымалі Медаль Францыска Скарыны.

Указам таксама прысвоены ганаровыя званні. Артысту-вакалісту — вядучаму майстру сцэны Вялікага тэатра Настассі Масквіной прысвоена ганаровае званне “Народны артыст Беларусі”. Званне ж заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь прысвоена артысту-вакалісту (салісту) — вядучаму майстру сцэны гэтага тэатра Андрэю Валенцію і артысту драмы, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктару Дашкевічу.