Чым насычаць музей?

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

“Канцэпцыя нязменная, экспанаты могуць быць іншымі”
Базавая функцыя музеяў — захаванне гістарычнай аўтэнтыкі. Гэта акалічнасць вымагае ад спецыялістаў прагматычнага кансерватызму і насцярожанага стаўлення да навацый, якія могуць тую аўтэнтыку разбурыць або прадставіць у скажоным выглядзе. Скажам, шляхам уключэння яе ў чужародны кантэкст. Але ж музеі існуюць у грамадскай прасторы. І, адпаведна, разам з ёй змяняюцца. Пра сёння і перспектывы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наш карэспандэнт гутарыць з яго дырэктарам Дзмітрыем ШЛЯХЦІНЫМ.

/i/content/pi/cult/615/13683/4-1.jpg

У экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

— Дзе вам даводзілася працаваць, перш чым заняць пасаду дырэктара музея?

— У Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а перад тым — у Міністэрстве культуры краіны, дзе курыраваў пытанні развіцця музейнай справы. А яшчэ раней — у культурна-асветніцкім і фондавым аддзелах Нацыянальнага гістарычнага. Таму пэўны досвед у сферы я маю, а Адміністрацыя Прэзідэнта — добрая школа кіравання.

— Пасля Нацыянальнага гістарычнага, чыя экспазіцыя ахоплівае стагоддзі, тэматыка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны не падалася вузкай?

— Нацыянальны гістарычны — гэта, як казалі ў свой час, храналогія “ад палеаліту да Галоўліту”. Тут жа — засяроджанасць на канкрэтнай падзеі. Але гэта падзея з шэрагу тых, што з’яўляюцца стрыжнявымі для разумення гісторыі цэлай эпохі. Тэматыка Музея Вялікай Айчыннай вайны падаецца вузкай, толькі калі свядома абмяжоўваць яе 1941 — 1945 гадамі. Аднак, падзея ці факт гісторыі не ўзнікаюць з нічога, як кажуць, на роўным месцы. Зараз у экспазіцыі мы закранаем тэму сацыяльна-палітычнага развіцця Еўропы ў міжваенны перыяд з 1919 года — ад падпісання Версальскай мірнай дамовы. Апошняя ў значнай ступені прадвызначыла хаду падзей, якія прывялі да пачатку Другой сусветнай. Наблізіў свет да вайны і глабальны эканамічны крызіс 1920 — пачатку 1930-х гадоў. А яшчэ экспазіцыя распавядае пра пасляваенную адбудову Беларусі, калі заклаўся эканамічны падмурак нашай сённяшняй дзяржаўнай незалежнасці. І ведаеце, я не стаў бы параўноўваць Нацыянальны гістарычны музей і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай. Двух аднолькавых музеяў у прынцыпе быць не можа, кожны ўнікальны. Але ёсць універсальныя прынцыпы, якія працуюць паўсюль, незалежна ад музейнага профілю і тэматыкі. Так, у Нацыянальным гістарычным я працаваў у фондавым падраздзяленні, дзе на захоўванні ўсе ваенна-гістарычныя калекцыі, пачынаючы з XV стагоддзя і да нашых дзён. Тут храналагічныя межы вузейшыя. Але я пабачыў, што ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай ёсць вялікі патэнцыял у плане фарміравання фондаў і экспазіцыі, правядзення навукова-даследчай і асветніцкай працы.

— Гісторыкі мяркуюць, што барацьба і перамога ў Вялікай Айчыннай зрабіла беларусаў паўнавартаснай нацыяй. Як вам падаецца, гэта думка мусіць быць адлюстраваная ў экспазіцыі?

— І ў даваенны перыяд рабіліся справы, прынамсі, у галіне культуры, каб беларусы адчувалі сябе беларусамі. Згадаем тую ж палітыку беларусізацыі. Ды і ў часы Расійскай імперыі былі людзі, што ў самых, падавалася б, няспрыяльных умовах працавалі на беларускую нацыянальную ідэю. А ў фарміраванні нацыі, працэсе доўгім, Вялікая Айчынная вайна — адзін з самых важных перыядаў у гісторыі краіны. У той час мы шмат згубілі, але пасля ліхалецця шмат і прыдбалі. Я маю на ўвазе, паўтаруся, стварэнне эканамічнага патэнцыялу. У эканамічным сэнсе Беларусь пасля вайны стала адной з самых развітых рэспублік СССР. Статус адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый яна таксама прыдбала за заслугі ў барацьбе з фашызмам. Вайна засведчыла нашу здольнасць да кансалідацыі і мабілізацыі ў экстрэмальных умовах, да самаахвярнасці, калі трэба змагацца за справядлівасць. Мяркую, ёсць падставы пагадзіцца з думкамі, згаданымі ў пытанні.

— Якія экспанаты Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны лічацца самымі каштоўнымі?

— Дзве групы прадметаў, што знаходзяцца ў нашых фондах — гэта партызанская самаробная зброя і рукапісныя партызанскія часопісы — атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. Такія феномены ў падобным аб’ёме болей нідзе не засведчаныя. Гэта ў час вайны было толькі ў Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлена толькі частка таго, што ёсць у фондах. Перыядычна асобныя раздзелы дзейнай экспазіцыі мы дапаўняем прадметамі са сховішча, што дазваляе раскрываць некаторыя дадатковыя тэмы ў межах адзінай канцэпцыі. Экспазіцыю, якую маем зараз, мы не ўспрымаем як канчатковую. Канцэптуальна ўсё застанецца як ёсць. А вось прадметная насычанасць можа стаць іншай. І нашы наведвальнікі ўжо звяртаюць увагу на тое, што ў экспазіцыі адбываюцца змены. Безумоўна, праца гэта складаная, але мы маем моцнае апірышча, трывалую базу, ад якой можна адштурхоўвацца. Усё астатняе — справа развіцця.

Шчыльна ж гэтым мы зоймемся з пачатку наступнага года. Зараз у нас шмат гаспадарчых пытанняў. А ў 2017-м дойдуць рукі і да праграмы комплекснага развіцця музея. Яна мусіць ахапіць усе складнікі музейнай справы. Мы дбаем пра ідэйны змест экспазіцыі, яе інфармацыйную насычанасць і мастацкую выразнасць, пра новыя экспазіцыйныя тэхналогіі, пра стварэнне камфортнага асяроддзя для нашых наведвальнікаў ва ўсіх памяшканнях — у экспазіцыйных залах, галерэях, фае. Трэба, каб наведвальнік музея лёгка арыентаваўся ў ягонай прасторы.

— Пра будаўніцтва новых карпусоў пакуль не думалі?

— Не. Пытанне, можа, у перспектыве і ўзнікне. Сёння ж мы павінны цалкам асвоіць плошчы, што маем. Ды і наш філіял у Станькаве пакуль недастаткова задзейнічаны для асветніцкай працы. Новыя праекты дазволяць нашым наведвальнікам адкрыць для сябе тыя аспекты вайны, якія былі не надта заўважнымі ў ценю вялікіх бітваў. Гісторыя звычайных рэчаў, якія перажылі вайну, можа быць не менш драматычнай, чым людскія лёсы. Дарэчы, сама гісторыя стварэння і развіцця нашага музея вартая, каб быць адлюстраванай у экспазіцыі.

— Музей мае калекцыю твораў мастацтва па тэме Вялікай Айчыннай, у тым ліку работы Міхаіла Савіцкага. Іх плануецца паказваць грамадзе час ад часу, ці творам, якія самі па сабе ўжо гістарычныя рэліквіі, знойдзецца сталае месца ў залах?

— Зараз выстава твораў Савіцкага ў нас працуе як часовая. Што тычыцца роспісаў, якія былі ў старым будынку, дык іх своечасова знялі і адрэстаўравалі. І мы знойдзем ім месца ў гэтым будынку. Калі казаць не толькі канкрэтна пра творы Савіцкага, але ўвогуле пра жывапіс на ваенную тэматыку, дык мы зараз думаем пра яе месца ў прасторы музея. Пустых сцен тут шмат. Творы, што зоймуць месца ў экспазіцыі, мы ўжо намецілі. Мяркую, што налета наведвальнікі іх пабачаць. Вядома ж, музейшчыкі найперш засяроджваюць увагу на рэчавых помніках, але і адлюстраванне гісторыі ў помніках мастацтва можа быць не менш цікавым.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"