Феномен Асмалоўкі: як прыладзіць ручку да валізкі?

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

24 лістапада ў справе Асмалоўкі замест кропкі быў пастаўлены чарговы пытальнік. На пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны разглядалася прапанова грамадскай арганізацыі “Гісторыка” аб наданні гэтым двум мінскім кварталам статусу помніка. Пасля непрацяглай дыскусіі яе адправілі на дапрацоўку.

Пакуль рашэнне Рады не прынятае, на “спрэчны” аб’ект распаўсюджваецца дзеянне Закону аб ахове спадчыны. Адпаведна, прынамсі, на бліжэйшы час, раён абаронены ад новых бяздумных інтэрвенцый — кшталту таго ўзору архітэктурнага фастфуду, які зусім нядаўна з’явіўся там на месцы старой камяніцы.

А літаральна пару гадоў таму лёс атмасфернага раёнчыка здаваўся ўжо прадвызначаным у сваёй фатальнасці. Цяпер усё наадварот — можна амаль не сумнявацца: нічога надта страшнага яму не пагражае. І справа не толькі ў эканамічных складанасцях, якія знізілі імпэт інвестараў. Дадзены выпадак — цудоўны прыклад таго, што актыўныя захады грамадскасці могуць супрацьстаяць суровай фінансавай мэтазгоднасці. І менавіта ў гэтым — а не ў саміх архітэктурных вартасцях — найперш і палягае феномен Асмалоўкі.

Раён, што аброс гісторыяй

Вынесенае на разгляд Рады дасье па Асмалоўцы прыемна ўразіла экспертаў як грунтоўнасцю, так і самім аб’ёмам — 180 старонак! Да падрыхтоўкі матэрыялаў спрычынілася ладная кагорта вядомых спецыялістаў у галіне архітэктуры, гісторыі, краязнаўства — і ўсё гэта, адзначым, выключна на грамадскіх пачатках.

У дакладзе прадстаўніцы “Гісторыкі” Таццяны Пятровай вялося пра ўнікальны характар гэтага ансамбля гарадской забудовы, які абумоўлены акурат яго камернасцю ды “непараднасцю”, пра тое, што яму пашанцавала ацалець амаль у цэласным выглядзе, а таксама пра знакамітых асобаў, якія жылі ў кожным з гэтых дамкоў.

Затым слова ўзяў галоўны архітэктар Мінска Павел Лучыновіч. Яго ацэнка Асмалоўкі была пазбаўлена асаблівага піетэту: маўляў, і ўнікальнасці няма, і архітэктары сям-там недапрацавалі… І наогул, нават сярод мінскіх ансамбляў грамадзянскай забудовы паваеннай пары Асмалоўка  — зусім не нумар адзін па суме ўсіх крытэрыяў ацэнкі.

Цалкам можна дапусціць, што аргументы прамоўцы правамоцныя — хаця спрачацца з імі многія будуць да сіпаты. Цалкам магчыма, што ў якім-небудзь іншым горадзе (напрыклад, Празе альбо Рыме) гэты ансамбль і сапраўды назвалі б усяго толькі “састарэлым жылым масівам”, а яго замена на нешта больш сучаснае і функцыянальнае прайшла б нікім не заўважанай. У кожным разе, столькі дзідаў з гэтай нагоды не ламалася б. (Хаця ў дужках мы абавязкова адзначым апошні піск сусветнай моды: павышэнне цікавасці менавіта да архітэктуры ХХ стагоддзя, і менавіта шараговай).

Але варта нагадаць, што мы жывем у Мінску — горадзе, дзе кожны камень, які прастаяў на сваім месцы хаця б паўстагоддзя, ужо выглядае на сапраўдны цуд. Таму, як падаецца, асноўная каштоўнасць Асмалоўкі мае не аб’ектыўны, але перадусім суб’ектыўны характар. Па-першае, квартал трывала ўвайшоў у жыццё мінчан. Гэта адчувалася нават у выступленнях членаў Рады: хтосьці там жыў, хтосьці — хадзіў у госці, хтосьці — проста шпацыраваў… Па-другое, Асмалоўка — гэта той лапік горада, што мае “чалавечае аблічча” і сваю непаўторную аўру. А ў Мінску, які на тры чвэрці ўяўляе з сябе суцэльны “спальнік” — дастаткова дагледжаны і адносна функцыянальны — такіх месцаў зусім вобмаль. І кожны, хто ўспрымае родны горад не толькі як утылітарную жыццёвую прастору, разумее, што такія месцы — неабходныя. Таму кожны куточак, які паспеў хоць трохі абрасці гісторыяй, выклікае ў гараджан піетэт. Ні пражанам, ні рымлянам яго, напэўна, не зразумець.

Урэшце, вельмі важны і трэці аргумент, які досыць часта гучыць з вуснаў урбаністаў: Асмалоўка цудоўна ўплятаецца ў тканку той часткі горада, дзе архітэктурнае “надвор’е” вызначаюць Вялікі тэатр і будынак Генштабу. Калі побач з імі набудуюць тыповы для нашага веку “фастфуд”, агульнае ўспрыяцце істотна пагоршыцца. Больш за тое, Асмалоўка можа набыць дадатковыя турыстычныя вартасці і як свайго кшталту бонус да той мінскай адметнасці, якая з цягам часу мае стаць сапраўды брэндавай — праспекту Незалежнасці. У кожным разе, такі пункт у праграме экскурсіі, прысвечанай савецкай архітэктуры той пары, выглядае заканамерна.

Інтэлігентны слесар

Зрэшты, аргументы “супраць” таксама вытлумачальныя. Адзін з найбольш істотных — зношанасць саміх будынкаў. Зразумела ж, сам факт уключэння ў Дзяржспіс не палепшыць іх фізічны стан. З аднаго боку, гэта можа стымуляваць уласнікаў самім укладацца ў рамонт — бо ў іх будзе гарантыя, што жытло не знясуць. З другога боку, істотна ўскладніць справу: многія віды работ адгэтуль трэба будзе ўзгадняць з Міністэрствам культуры краіны.

На пасяджэнні Рады не раз гучалі меркаванні, нібы патрабаванні заканадаўства аб ахове спадчыны будуць занадта складанымі для шараговых насельнікаў тых двухпавярховак. Аднак сваё дасье на ўключэнне Асмалоўкі ў Дзяржспіс грамадскія актывісты падмацавалі важкім аргументам — 356 подпісамі “за” яе жыхароў. Гэта сапраўды шмат, калі ўлічыць, што прапісана іх там усяго каля 900, прычым многія фізічна знаходзяцца недзе далёка, здаючы свае кватэры ўнаймы.

Каб пачуць нерафінаваны vox populi, я вырашыў сам выправіцца ў Асмалоўку ды знайсці рэальных падпісантаў. Справа аказалася нескладанай. Ля аднаго з пад’ездаў мяне перастрэў мужчына, каб стральнуць цыгарэтку. Назваўся Сяргеем.

— Ды рабацяга я, хіба па маёй пысе не бачыш! — адказаў ён на маё “удакладняльнае” пытанне. — Слесар пятага разраду.

Слова за слова — і я кажу загадзя падрыхтаваную правакацыйную фразу: “Ну што, хутка знясуць вашы халупы ды пераедзеце вы ў новае сучаснае жытло…”.

Рэакцыя аказалася надзіва эмацыйнай. На маё шчасце, перада мной апынуўся вельмі інтэлігентны слесар, і таму ён абмяжоўваўся толькі вербальнымі аргументамі. Калі сцісла, сэнс такі: Сяргей нарадзіўся ў гэтым раёне і менавіта тут хацеў бы ў належны час аддаць Богу душу.

Далей быў цікавы краязнаўчы аповед пра тое, што дзеілася тут цягам паўстагоддзя зямнога жыцця Сяргея. Не буду пераказваць, бо яму абяцаў (я ж не прадстаўляўся журналістам). Адзначу толькі, што гэтыя падзеі кантэкстуальна закранаюць ці не ўсю гісторыю нашага народа ў адзначаны перыяд.

— У нашым доме жыве ажно чатыры кандыдаты навук! — з гонарам канстатуе Сяргей.

І ў гэты момант ты выразна ўсведамляеш, чым Асмалоўка адрозніваецца, напрыклад, ад Малінаўкі. У апошняй такую фразу не пачуеш. Там ніхто не ведае пра людзей, якія жывуць у адным доме — ды, па шчырасці, гэтым не цікавіцца. Бо горад “спальнікаў” — суцэльны вялікі гатэль, дзе суседзі падаюцца адзін аднаму часовымі ды выпадковымі.

Таму майго суразмоўцу не прывабіш ніякімі новымі панэлькамі: ён заўсёды застанецца патрыётам сваёй Асмалоўкі. І толькі зразумеўшы гэта, я запытваю, ці не варта надаць раёну статус помніка ды захаваць яго ў цяперашнім абліччы.

— Дай пяць! — выгукнуў Сяргей у адказ.

Больш дэталёва меркаванне тутэйшых жыхароў павінна высветліць іх сацыялагічнае апытанне, якое неўзабаве плануюць правесці грамадскія актывісты. А вось верыфікаваць іншы параметр, датычны гэтага аб’екта, будзе пад сілу толькі спецыялістам. Гутарка пра той самы працэнт зношанасці будынкаў.

— У СМІ вельмі часта гучаць канкрэтныя лічбы — 65 альбо нават 75%, але ніхто не тлумачыць, адкуль яны ўзяліся, — кажа жыхар Асмалоўкі Андрэй Эзерын, які рупліва змагаецца за яе захаванне. — Мы, насельнікі тых дамоў, не памятаем на сваім доўгім веку ні пра адно іх абследаванне. Дык кім і як рабілася гэтая ацэнка — на вока, ці што?

У пошуку ўрбаністычнай мэтазгоднасці

Варта адзначыць, што агульны лейтматыў выказванняў на пасяджэнні Рады быў адназначны: Асмалоўку трэба захаваць. Як выявілася, такі падыход не пярэчыць і пазіцыі горада. Насуперак папрокам у “прагінанні пад інвестараў”, Павел Лучыновіч адзначыў, што ў дадзеным пытанні яна вызначаецца не столькі эканамічнай, колькі ўрбаністычнай мэтазгоднасцю.

Тым не менш, па прапанове большасці тых самых экспертаў, лёсавызначальнае для гэтага аб’екта пытанне, усё ж, было адкладзена. Аргументацыя даволі простая: на сёння да канца не зразумела, як можна выкарыстоўваць тэрыторыю. Таму грамадскасці было прапанавана распрацаваць канкрэтны план Асмалоўкі будучыні.

Як адзначыў старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Анатоль Бутэвіч, пытанне выкарыстання аб’ектаў не павінна быць вызначальным пры наданні статусу каштоўнасці. І з гэтым цяжка не пагадзіцца: руіны архітэктурных шэдэўраў, якія складаюць немалую частку Дзяржспісу, наогул ніяк пакуль не выкарыстоўваюцца. Але, у той самы час, можна зразумець і пазіцыю Рады, якая не надта ахвотна пагаджаецца павялічваць лік праблемных помнікаў спадчыны. Балазе, іх і так ужо ўдосталь.

З іншага боку, можна задацца заканамерным пытаннем: а ці здатныя энтузіясты самастойна стварыць такі прадуманы і рэалістычны бізнес-план, улічваючы безліч самых розных фактараў: інвестыцыйны патэнцыял, пазіцыю ўласнікаў, урэшце, санітарныя ды іншыя нарматывы? Таму старшыня Рады, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яцко прапанаваў прадстаўнікам грамадскасці папрацаваць супольна са спецыялістамі Мінгарвыканкама. У ідэале, гэта падаецца найлепшым выйсцем.

Як адзначыў Андрэй Эзерын, перспектыўныя канцэпцыі выкарыстання Асмалоўкі — адразу некалькі, на выбар — абавязкова будуць створаны ў бліжэйшы час. Зрэшты, ідэй на гэты конт і сёння багата. У прыватнасці, на пасяджэнні Рады гучала прапанова зрабіць у Асмалоўцы “дыпламатычны гарадок”. З аднаго боку, гэта паспрыяла б захаванню архітэктуры, з іншага — змяніла б саму атмасферу.

Другі варыянт — пераўтварэнне Асмалоўкі ў грамадска-культурны цэнтр, дзе сканцэнтраваны офісы, крамы, кавярні. На думку Паўла Лучыновіча, ад жылой функцыі гэтым кварталам наспеў час пазбаўляцца: яна ў дадзеным выпадку проста нерацыянальная. Аднак многія спецыялісты сцвярджаюць, што поўнае высяленне жыльцоў зазвычай прыводзіць да вымірання мясцінаў увечары, калі працоўны час сканчаецца. Адпаведна, там становіцца проста няўтульна. Балазе, і прыклад пад бокам — Траецкае прадмесце, паўнавартасна “турыстызаваць” якое напоўніцу не ўдаецца не першае дзесяцігоддзе.

У дакладзе Таццяны Пятровай прагучала адсылка да вільнюскага Ужупіса. Пра яго ў нас згадваюць шторазу, калі гутарка заходзіць пра ашчадную джэнтрыфікацыю не суперкаштоўнай, але атмасфернай гарадской тэрыторыі. Што такое Ужупіс сёння? Гэта раён, які мае свой міф (там, нібыта, створана рэспубліка), пару аб’ектаў, здатныя яго падтрымліваць, плюс — з тузін кавярняў. Усё астатняе — жылы сектар. Там па-ранейшаму ўдосталь пашарпаных, а часам і закінутых камяніцаў, але… іх лік спакваля менее. Ды і цана “квадрата” пастаянна расце вось ужо больш за дзесяцігоддзе — дзякуючы свайму іміджу, раён стаў модным. А турысты ахвотна завітваюць сюды, каб пабачыць “нелакіраваны” Вільнюс.

Магчыма, каб на берагах Вільні заварвалася ўся тая каша з “незалежнай рэспублікай”, многія скептыкі таксама лічылі лепшым варыянтам вычысціць “друз” і аддаць зямлю пад навабуды. Але выбраны быў зусім іншы варыянт, і наўрад ці хто цяпер пра тое шкадуе. Бо, як засведчылі суседзі, варта стварыць вакол таго ці іншага раёна прыгожую легенду-вобраз — і яго лёс сам паціху пачне наладжвацца.

Уласна, стварэнне такога вобразу пакрысе адбываецца і ў выпадку з Асмалоўкай — хай пакуль і не настолькі выразна і крэатыўна. “Проста жывапісны квартальчык” набывае свой непаўторны імідж. Тут ужо ладзяцца “суседскія” культурныя імпрэзы, фотапленэры, экскурсіі… Грамадскія актывісты абяцаюць, што такіх праектаў будзе ўсё больш. Без сумневу, менавіта яны здатныя стварыць выразнае аблічча гэтаму “спрэчнаму” раёну, які падаецца сёння многім валізкай без ручкі: несці цяжка, а выкінуць — шкада.

Уласна, і сама назва — Асмалоўка — наватвор. Некаторым спецыялістам яна не падабаецца, але… варта згадаць, што яшчэ нядаўна тыя два квартальчыкі наогул ніяк не называліся, а імя Міхаіла Асмалоўскага ведала хіба купка гісторыкаў архітэктуры. Сёння яно — на слыху.

— Асмалоўка — як Старажоўка, — кажа новы знаёмец Сяргей.

А вось і не! Старажоўка — гэта сапраўды гістарычны раён, ад якога ўжо мала што засталося. Асмалоўка — гэта гістарычны раён, які нараджаецца літаральна на нашых вачах, стараннямі тых мінчан, якія самі спрабуюць вызначыць, у якім горадзе ім хацелася б жыць.