Пераемнасць графікі ад каранёў да кроны

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Сучасная беларуская графіка — з’ява шмат у чым унікальная ў тым сэнсе, што ў ёй угадваецца ясна задуманая і паслядоўна здзяйсняльная праграма кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, створанай больш за 60 гадоў таму. І тое, што ў названай сферы адбываецца, — заканамерны вынік шматгадовай руплівай педагагічнай работы такіх настаўнікаў-кафедралаў, як Павел Любамудраў, Аляксандр Казлоўскі, Васіль Шаранговіч, Уладзімір Савіч, Уладзімір Вішнеўскі, Юрый Хілько. Менавіта пра сённяшні стан “маладзёжнай” графікі, народжанай у акадэміі, і апавядае выстава студэнтаў і выпускнікоў кафедры пад назвай “Пераемнасць”, якая экспануецца ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

/i/content/pi/cult/615/13674/9-1.jpgСёння сям-там у кулуарах можна пачуць, што сучасная графіка, у тым ліку і кніжная, па якасці і прафесіяналізме — ужо “не тая”, што была ў 1960 — 1980-я, у час росквіту творчасці Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча, Аляксандры Паслядовіч, Георгія і Наталлі Паплаўскіх, братоў Уладзіміра і Міхася Басалыг, Алены Лось, Барыса Заборава, Людвіга Асецкага, Сяргея Волкава, Эдуарда Агуновіча, а таксама іх калег з наступных пакаленняў, уключаючы Рыгора Сітніцу, Валерыя Славука, Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенку, Льва Алімава, Валянціну Шоба, Валянціну Сідараву, Рамана Сустава, Вольгу Нікішыну, Віктара Мікіту, Андрэя Басалыгу, Таццяну Сіплевіч ды тых жа таленавітых майстроў і настаўнікаў Савіча, Вішнеўскага, Хілько. Спіс можна доўжыць…

Кажуць, маўляў, няма сёння на беларускім выяўленчым небасхіле такіх яркіх зорак. Маўляў, ідзе нейкая стагнацыя ў развіцці графічнага мастацтва і гэтак далей. Аднак мяркуючы па выставах маладых графікаў апошніх гадоў, мне здаецца, такія размовы і думкі вельмі пустыя. Іншая справа, што індыферэнтнасць сродкаў масавай інфармацыі і адсутнасць прафесійнай арт-крытыкі ўводяць у зман інтэлектуальнае грамадства ў адносінах да аб’ектыўнай прынцыповай ацэнкі таго, што насамрэч адбываецца ў сучасным беларускім эстампе і малюнку. Па сутнасці, пакуль ніхто з мастацтвазнаўцаў не знайшоў час, каб па-сапраўднаму прааналізаваць стан таго, што сёння адбываецца ў беларускай станковай і кніжнай графіцы з яе няпростымі праблемамі. Кароткія выставачныя рэцэнзіі, прэс-рэлізы, творчыя партрэты асобных творцаў такія праблемы не рашаюць. Ды і прафесійныя абмеркаванні выстаў з удзелам культурнай грамадскасці даўно сышлі ў Лету...

Дык вось, выстава “Пераемнасць”, хаця і невялічкая па колькасці прадставленых работ (каля 40), дае поўнае права сцвярджаць: на змену нашым “аксакалам” прыходзіць годнае племя таленавітых і, што не менш важна, самастойна думаючых. У іх творах заўважаеш паслядоўнае лагічнае развіццё думкі і, як вынік гэтага, — развіццё пластыкі, арганічны рух, індывідуальны вобразны строй, інтэлектуалізм успрымання і адлюстравання свету, схільнасць да аналітычнага мыслення, часам неадназначны, іншасказальны, алегарычны сэнс. Часта ўласцівыя “старой” графіцы ілюстратыўнасць, апісальнасць, рэпартажнасць адыходзяць на далёкі план: моладзь больш цікавіць постмадэрновая сімволіка, алегорыя, формула-знак, складаная сістэма штрыхоў, плямаў, фактурна-прасторавая структура, якая ўзнікае са змяшчэння і спляцення форм, кампазіцыйнай напружанасці рытмаў. Праўда, некаторыя работы такого тыпу дзейнічаюць больш на розум, а не на падсвядомасць, і таму цікавая па сваёй форме кампазіцыя можа не знайсці патрэбнага водгуку ў глядача. Але гэта натуральна: выяўленчае мастацтва — рэч вельмі суб’ектыўная і для гледачоў, і для мастацтвазнаўчага ўспрымання…

Мне здаецца, асаблівасць сучасных мастацкіх настрояў маладых графікаў зводзіцца, уласна кажучы, не столькі да выбару тых ці іншых тэхнічных сродкаў, якімі трэба карыстацца ў рабоце, колькі да таго, якім паўстае асабіста ён у сваім мастацтве, што сцвярджае, чым жыве, як успрымае родную гісторыю, рэчаіснасць і ў цэлым сваю радзіму ў яе нацыянальным вобразе. Урэшце, маладыя графікі даволі свабодна працуюць і ў шырокім дыяпазоне гравюрных тэхнік: літаграфія, лінарыт, афорт, сухая іголка, акватынта, меца-тынта, дрэварыт, змяшаныя тэхнікі. І ў гэтым, канешне, заслуга і настаўнікаў, і ўнікальнага друкара Дзмітрыя Малаткова. Дадам, што хутка ў Акадэміі запрацуюць уласныя графічныя майстэрні пры кафедры графікі. Такім чынам адна з важных вытворчых праблем будзе вырашана.

Загадчык кафедры графікі, дацэнт Юрый Хілько расказаў мне пра тое, што студэнты па ўласным рашэнні выбіраюць тэмы ды тэхніку сваіх курсавых і дыпломных праектаў. Толькі ў выключных выпадках, калі вопытны педагог бачыць, што студэнт выбраў для сябе ношу непасільную, можа прапанаваць яму іншую тэму, адпаведную яго мастакоўскім і псіхалагічным схільнасцям. Напрыклад, некалькі гадоў таму быў нават выпадак, калі графік Дзмітрый Асадчы паспяхова абараніў дыплом, зроблены алеем на палатне: серыю карцін “Край мой” з пяці частак! А Таццяна Казанцава бліскуча абараніла дыплом па “чыстым” малюнку. Урэшце, у нас у акадэміі, як гаворыць Юрый Хілько, выкладанне малюнка знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, дзякуючы ў тым ліку кіраўніку кафедры малюнка прафесару Уладзіміру Тоўсціку, прафесару Алегу Назаранку і іншым вопытным настаўнікам.

“Звышзадача” маладзёжнай графікі, як мне прадстаўляецца, ёсць памкненне аўтараў выявіць унутранае адзінства быцця ў часе і прасторы — паказаць непарыўную сувязь вытокаў нацыянальнай культуры і востра сучаснага мастацкага светаадчування. Што чакае заўтра гэтых хлопцаў і дзяўчат, студэнтаў і тых, хто ўжо выйшаў за парог акадэміі на самастойны хлеб? Куды завядуць іх творчыя шляхі-дарогі і хто дасягне Алімпа? Але адно відавочна: ім прызначана прайсці праз шэраг сур’ёзных жыццёвых перашкодаў і расчараванняў. Некаторыя ўчарашнія выпускнікі і сённяшнія студэнты, чые творы прадстаўлены ў экспазіцыі, хачу верыць, з годнасцю пераадолеюць такія бар’еры. Дастаткова назваць імёны Марыны Мароз, Юліі Мацура, Ірыны Бярнацкай, Настассі Лебядзінскай, Таццяны Заяц, Кацярыны Бяляўскай, а таксама Марыі Дарожка, Марыны Жвірбля, Дар’і Чурпіс, Ангеліны Блашчыцынай, Арцёма Цімашэнкі, Глеба Сідарэнкі, Фёдара Шурмялёва, Тамары Шэлег… Я не прыхільнік пералічэнняў у падобных артыкулах шматлікіх прозвішчаў мастакоў, але ў дадзеным выпадку лічу, што для чытачоў карысным будзе ведаць, хто, магчыма, ужо сёння і тым больш заўтра годна прэзентуе нашу нацыянальную выяўленчую культуру не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Згадаем хаця б 2012 год, калі ў выставачным цэнтры пецярбургскага аддзялення Саюза мастакоў Расіі экспанавалася выстава “Ян Баршчэўскі: казачнік з Азёрнага краю”, дзе прадставілі свае творы студэнты-графікі і педагогі БДАМ (куратар — Юрый Хілько). Дык вось, напрыклад, ілюстрацыі Таццяны Заяц да кнігі Яна Баршчэўскага “Шляхціч Завальня…” (камбінаваная тэхніка) былі ўспрынятыя спецыялістамі як цудоўны ўзор сучаснага еўрапейскага мастацтва. Я ўжо не кажу пра тое, што многія маладыя графікі з’яўляюцца лаўрэатамі прэстыжных міжнародных і нацыянальных прэмій, дыпломаў конкурсаў ў галіне станковай і кніжнай графікі, удзельнікамі найбуйнейшых выстаў у краіне і за мяжой. Але хто ў нашым інтэлектуальным соцыуме пра гэта ведае?

Так, праблемы існуюць — і творчыя, і арганізацыйныя, і фінансавыя. Куды ж без іх у наш складаны час? Але гэта іншая тэма, якая выходзіць за рамкі артыкула. Адно зразумела: усе праблемы, па магчымасці, трэба вырашаць і кіраўнікам акадэміі, і настаўнікам, і сродкам масавай інфармацыі, і самаму прыцягальнаму ў народзе медыя — тэлебачанню. Канешне, з дапамогай дзяржавы…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"