След фільма, дрэва продкаў, няня з бібліятэкі

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Дырэктар Ходасаўскага Дома культуры (Мсціслаўскі раён) Ларыса Пашкевіч піша пра конкурсна-забаўляльную праграму “Супернявестка”. Немагчыма праігнараваць. Пошук нявесткі, якая была б прыгожай, адукаванай ды ў нацыянальнай культуры падкаванай, — задача, можна сказаць, першараднай увагі ў справе ўмацавання інстытуту сям’і. Дык вось, шчыраваннямі ходасаўскіх работнікаў культуры такую нявестку знайшлі. Такое пашанотнае званне атрымала Ірына Бебікава.

/i/content/pi/cult/615/13671/`14-1.jpgПра павагу да сямейных каранёў і традыцый думалі і ў Музеі гісторыі і культуры Наваполацка, дзе адкрылася студыя “Генеалогія”. Кожнаму ахвотнаму яна дапамагае “вырасціць” сваё сямейнае дрэва. Пры гэтым можна пазнаёміцца з этапамі генеалагічнага даследавання, даведацца, у якіх архівах знаходзіцца інфармацыя пра вашых родзічаў.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зладзілі выставу “На мой кліч вечавы…” Яна, піша Мікалай Шаўчэнка, прысвечана жыццю і творчасці Янкі Купалы ў перадваенны час і ў першыя гады Вялікай Айчыннай. Паэт актыўна змагаўся з навалай, радкамі ягонага верша “Беларускім партызанам” радыёстанцыя “Савецкая Беларусь” пачынала і заканчвала ў ваенны час сваё вяшчанне. “Выстаўка дае магчымасць, — дадае аўтар, — прасачыць эвалюцыю ўвасаблення, мастацкага асэнсавання вайны і міру, а таксама паказвае развіццё вобразу Янкі Купалы ў жывапісу і графіцы”. Упершыню прадстаўлены асабістыя рэчы Яніны Раманоўскай — пляменніцы паэта, урача, франтавога хірурга.

У Гарадку адбыўся VII абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў. Мерапрыемства прысвечана заслужанаму дзеячу культуры краіны, балетмайстру Івану Серыкаву. “У конкурсе прынялі ўдзел амаль трыццаць калектываў, — паведамляе вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка. — Гран-пры атрымалі ўзорны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Перапёлачка” гімназіі № 3 Віцебска і народная студыя сучаснага танца Ірыны Бухавецкай Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў”.

А мазалаўскія работнікі культуры (Віцебскі раён), працягвае Струнчанка, прыступілі да рэалізацыі арт-праекта “Па слядах фільма “Чорная бяроза”. У наступным годзе споўніцца сорак гадоў з моманту выхаду на “Беларусьфільме” згаданай кінакарціны Віталя Чацверакова. Эпізоды яе здымаліся ў вёсцы Мазалава. Арт-праект прадугледжвае правядзенне экскурсіі па месцах здымак, прэзентацыю фотаздымкаў, творчыя сустрэчы, конкурсы.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч: “У раённым цэнтры прайшоў штогадовы царкоўна-грамадскі форум “Лідскія епархіяльныя Калядныя адукацыйныя чытанні”. І калі працавала секцыя па супрацоўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы з бібліятэкамі, у епархіяльнай бібліятэцы Архістратыга-Міхайлаўскага сабора, якая дзейнічае на базе Лідскай гарадской бібліятэкі-філіяла № 4, прайшоў семінар “Духоўная кніга — крыніца мудрасці”.

Адкрыты рэгіянальны фестываль традыцыйнага народнага мастатцва “Чароўныя скарбы роднай зямлі” засведчыў гасціннасць Ваўкавышчыны. Адбыўся ён у філіяле “Мачулінскі дом культуры”. Арганізатар — Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Намеснік дырэктара ўстановы Лілія Рашчэўская піша: “Раённы цэнтр рамёстваў наладзіў выставу твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама — майстар-клас па ткацтве. Было прадэманстравана і мясцовае кулінарнае майстэрства. Гаспадыні з аграгарадкоў Субачы, Рэпля, Рупейкі, з вёсак Ізабелін, Лапеніца, Раднікі абмяняліся рэцэптамі. Потым з канцэртам выступілі калектывы раёна”.

Ракавіцкі дом культуры (Шчучынскі раён) сабраў прыхільнікаў народай спадчыны на фальклорную дзею ”Матулін куфар”. Як распавядае вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Петушок, народны фальклорны гурт “Вяргіні” прэзентаваў у той дзень саматканыя дываны ды настольніцы, вышываныя кашулі і фартушкі, а таксама — песні, танцы, гульні.

У Дзятлаўскім цэнтры культуры адбылася чарговая прэм’ера тэатра роставых лялек.

“Каб далучыць дзяцей да чытання, — паведамляе загадчык Ваўкавыскай раённай дзіцячай бібліятэкі Маргарыта Нікіфарава, — мы пераўтварылі нашу ўстанову ў бібліятэку-казку. Чытачоў сустракаюць літаратурныя персанажы. Але галоўны наш гонар — гульнявы пакой. Гэта сапраўдная майстэрня творчасці, дзе малююць, лепяць, клеяць, шыюць… А побач — музей незвычайнай дзіцячай кнігі. Сярод экспанатаў — музычныя выданні, кнігі-трансформеры, міні-камп’ютары, 3D-казкі з акуклярамі…” Маргарыта Якаўлеўна дадае, што за дзецьмі ў казачным пакоі пастаянна даглядае няня з ліку бібліятэкараў. Паслуга — бясплатная.

Пра паэтку Святлану Басуматраву, якой сёлета споўнілася б 70 гадоў, згадвае загадчык аддзела Бабруйскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага Валянціна Нікіціна. “Нарадзілася Святлана ў Мазыры, — распавядае Валянціна Нікіціна, — але Бабруйск стаў для яе родным горадам”.

Загадчык канцэртнага аддзела Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Алена Мартынава паведамляе: “10 снежня хор Дзяржаўнай акадэмічнай сімфанічнай капэлы Расіі выступіць на сцэне канцэртнай залы Сафійскага сабора. У капэле — больш за 200 выканаўцаў. Узначальвае яе Валерый Палянскі, прафесар, народны артыст Расіі”.

У сталічнай гімназіі № 75 імя Паўла Масленікава ўжо тры гады дзейнічае студыя жывапісу “Масленікаўцы”, якой кіруе мастак Рыгор Таболіч. Студыйцы прымаюць удзел у пленэрах і выставах. Новую прэзентацыю “Прывет табе, жыццё на волі!” “масленікаўцы” прымеркавалі да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Шаркаўшчынскі цэнтр рамёстваў запрашае на выставу работ выкладчыка мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Віктара Крука. Ён даўно і плённа працуе ў жанрах партрэта, пейзажа. З нагоды 125-годдзя Максіма Багдановіча мастак стварыў партрэт паэта пад назвай “Натхненне”. Пра гэта напісала дырэктар цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская.

Пра літаратурны праект ”Чытаем разам Багдановіча” распавяла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Тэрэза Чайко. Аматары паэзіі даслалі ў аддзел сваё відэа, дзе яны чытаюць вершы Багдановіча на фоне гарадскіх гістарычных цікавостак. А яшчэ ў бібліятэцы былі арганізаваны літаратурна-музычныя зазімкі “І зорка гарыць, і не вяне вянок”. Чытальнікі паэтычных твораў былі адзначаны дыпломамі і падзякамі бібліятэкі. Кніжная выстава знаёміла з творчасцю беларускага класіка.

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі збірае “скрыні дабрыні” для Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. Цяпер у цэнтры — каля 160 маленькіх пацыентаў. Лячэнне каштуе дорага, грошай не застаецца на самыя сціплыя радасці, а не за гарамі святы. Музей хоча з наведвальнікамі зрабіць для хворых дзяцей свята. Акцыя доўжыцца да 9 снежня. Прыблізны спіс для напаўнення скрыні даслалі валанцёры цэнтра (ён ёсць на сайце музея). А скрыня знаходзіцца ў зале № 11.

 

“Б. В. Х.” ад Быкава

Унікальны прадмет трапіў у фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэта венскае крэсла, якое належала народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву.

А пачалося ўсё на Віцебшчыне. Крэсла знаходзілася ў панскай сядзібе ў вёсцы Бычкі, дзе пасля рэвалюцыі адкрылі школу. На крэсле тым сядзеў настаўнік. Тут некалькі класаў адвучыўся Васіль Быкаў. Калі школу закрылі, хлопец пайшоў вучыцца ў Белякоўскую сярэднюю школу, потым — у Кубліцкую, восем класаў якой скончыў у 1939-м. А панскую сядзібу пачалі ўжо разбіраць. Васіль з сястрой Валянцінай прынеслі адтуль крэсла, і каб ніхто не западозрыў, што ”трафей” школьны, Васіль выразаў з абодвух бакоў спінкі ініцыялы бацькі ”Б. В. Х.” (Быкаў Уладзімір [Владзімір] Хвёдаравіч). Сёння захаваўся адзін надпіс на пярэднім баку.

У 2004 годзе хату бацькоў Быкава зруйнавалі, на яе месцы ўзвялі Сядзібу-музей Васіля Быкава — філіял Ушацкага музея народнай славы імя Уладзімір Лабанка. Да разбору хаты крэсла знаходзілася ў жонкі брата Мікалая  Антаніны Аляксандраўны — захоўвалася ў дрывотні. У 2014 годзе даследчыкі Глеб Лабадзенка і Сяргей Шапран заўважылі крэсла. Яно было пашкоджана: зламаныя ножка, спінка, адсутнічала сядзенне. У гэтым жа годзе майстар Яўген Зарубайка крэсла адрэстаўраваў... Музей гісторыі беларускай літаратуры перавёз яго ў Мінск, у свае фонды. Пакуль не вырашана, дзе яго экспанаваць: у сталіцы, у Музеі-дачы (Ждановічы) ці на радзіме пісьменніка ў Бычках. Прыярытэтны — філіял Ушацкага музея.

Таццяна ВАСІЛЬЕВА, навуковы супрацоўнік аддзела фондаў  Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

 

Рэдкае...

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе выстава “Беларуская кніга. ХХ стагоддзе”, прымеркаваная да Года культуры, 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання (ў 2017-м). Прэзентавана больш за 50 выданняў з фондаў музея, цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма і прыватных збораў пружанцаў.

Сярод найбольш цікавых экспанатаў — заходнебеларускія выданні: найперш — другое выданне зборніка паэзіі Янкі Купалы “Шляхам жыцця”, выдадзенае віленскім выдавецтвам Барыса Клецкіна ў 1923-м. Акрамя таго — віленскія ж часопісы: ілюстраваны сатырычны “Пякучая маланка” (1928) і сельскагаспадарчы “Самапомач” (1938), які папулярызаваў ідэі кааперацыі. На выставе таксама прадстаўлены даволі рэдкія пасляваенныя кнігі, у тым ліку школьныя падручнікі, а таксама асобнікі газет — рэспубліканскай “Совецкі селянін” (1948) і пружанскіх — “Чырвоны сцяг” (1957), “Зара камунізму” (1962).

Частка экспазіцыі прысвечана дзейнасці землякоў. Гэта кнігі “Беларускія народныя песні” (1962, 1973), складальнікам якіх быў Рыгор Шырма, зборнікі вершаў Гальяша Леўчыка “Доля і хлеб” (1980), Міколы Засіма “Ад шчырага сэрца” (1947), Міколы Купрэева “Правінцыйныя фантазіі” (1995), пераклады Васіля Сёмухі — “Біблія” (2002) і “Найвышэйшая песня Саламонава” (2008).

Наталля ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"