ДВАЦЦАЦЬ СЁМАГА, а 19-й!

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

У гэты дзень лістапада менавіта ў такі час распачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ІV Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Як паведаміў генеральны дырэктар Купалаўскага, дырэктар выканаўчай дырэкцыі конкурсу Павел Палякоў, упершыню назіраць за імпрэзай можна будзе ля тэлеэкранаў: канал “Беларусь 3” праз пару гадзін пасля падзеі выпусціць у эфір яе тэлеверсію.

На пачатку тэатральнага тыдня на цырымоніі адкрыцця міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў зазначыў, што Нацыянальная тэатральная прэмія — адзін з найбольш адказных праектаў ў Год культуры. У нядзелю мы пачуем імёны лаўрэатаў па 19 намінацыях, а таксама даведаемся, каго адзначаць “За ўнёсак ў развіццё мастацтва” і назавуць “Мецэнатам году” ў сферы сцэнічнага мастацтва.

У Купалаўскім паабяцалі, што афіцыйная цырымонія не будзе празмерна зацягнутай. Па задуме, усе віншаванні і раздача тэатральных “буслоў” зоймуць не больш за паўтары гадзіны, а сама імпрэза павінна зацікавіць рэжысёрскімі знаходкамі. Па словах Паўла Палякова, нас чакае відовішчная дзея з акцэнтам на гісторыю беларускага тэатра. “Ва ўсіх на слыху тэатр Уршулі Радзівіл, мы ж хочам нагадаць і пра іншыя трупы. Прынамсі, Полацкі езуіцкі калегіум меў свой тэатр з XVI стагоддзя. Тэатральныя калектывы існавалі ў Оршы, Мінску, Пінску, Брэсце, Гродне, Слуцку, Віцебску, Мсціславе... Яны былі запатрабаванымі. Уявіце сабе: у Слоніме глядзельная зала ўмяшчала да 2 тысяч гледачоў! Пра гэта неабходна нагадваць грамадскасці!”

Ідэя канцэпцыі цырымоніі належыць мастацкаму кіраўніку Купалаўскага тэатра Мікалаю Пінігіну, уласна ж рэжысуру даверылі сёлетняму выпускніку БДАМ Дзмітрыю Цішко. Падрыхтоўкай да падзеі займаецца вялікая група творцаў. Ствараюцца адмысловыя відэапраекцыі, якія стануць асноўнай часткай сцэнаграфіі. Як дадала першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, адметнасцю вечара стануць шчырыя эмоцыі пераможцаў: як паведамлялася раней, інтрыга конкурсу будзе захоўвацца да апошняга.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"