Астравецкi вoпыт: калаpыт aптымізацыi

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Лейтматыў тых працэсаў, якія адбываюцца сёння ў культуры Астравеччыны, можна ёміста сфармуляваць адным словам: аптымізацыя. Пабываўшы тут, пераконваешся, што азначае яно зусім не толькі скарачэнне “немэтазгодных” устаноў. Галоўны яго змест — укараненне прагрэсіўных тэхналогій: і камп’ютэрных, і будаўнічых, і ў сферы кіравання. Уменне лічыць грошы і разумна іх траціць. І няўрымслівае памкненне не толькі бегчы ў нагу з часам, але дзесьці яго апярэджваць. Гэта, у сваю чаргу, і спараджае няспынны творчы пошук. Вось і пад час урачыстага канцэрта, прысвечанага Дню Перамогі, рэпетыцыю якога давялося заспець у раённым Доме культуры, гледачоў чакаюць не толькі песні ваенных гадоў у выкананні вядомага ў вобласці народнага хору ветэранаў, але і мелодыі “мірнага часу”, здатныя раскрыць значэнне падзеі 63-гадовай даўніны больш аб’ёмна.

Адкрыццё новай “Галактыкі”

Установы “састарэлага тыпу” — пахіленыя хацінкі без “выгод”— пакрысе адыходзяць у мінуўшчыну. Летась іх у раёне паменела на сем. Балазе, функцыю стацыянарных “агменяў культуры” ці не з большым поспехам здатны выконваць бібліобус, які сёння абслугоўвае 31 населены пункт, а ў наступным годзе да яго мае далучыцца яшчэ і аўтаклуб. Таму кіраўніцтва раёна ўпэўнена, што эканомія амаль пяцідзесяці мільёнаў рублёў толькі прамых затрат, якая стала вынікам гэтай рэарганізацыі, цалкам апраўдана.

“А што ж людзі?” — спытаеце вы.

Начальнік аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргей Сяўко запэўніў, што стараннямі мясцовых улад ніхто з работнікаў культуры, якія працавалі ў “скарочаных” клубах, на вуліцы не застаўся.

Затое тым самым часам у раёне з’явілася новая ўстанова культуры, актуальнасць якой відавочная. Раней спецыяльнага памяшкання для дыскатэк у Астраўцы не было, і ладзіліся яны непасрэдна ў глядзельнай зале Дома культуры. Гэта было нязручна для ўсіх: і для моладзі, і для работнікаў ДК, якім штовыхадныя даводзілася рассоўваць крэслы, і для самога памяшкання, чый паркет праціраўся да дзірак. Але стаяў у мястэчку будынак, плошчы якога напоўніцу не выкарыстоўваліся.

З мінулага года моладзь валам туды валіць, істотна павялічваючы даходы РДК, якому належыць створаная тут дыскатэка “Галактыка”. Яна папраўдзе не саступае многім сталічным клубам, прычым не толькі ў плане ўкладзеных сродкаў. Тут прадумана ўсё — і канцэпцыя, і святло, і інтэр’ер… Неўзабаве ў фае мае з’явіцца постаць манекена, які ўвасабляе ці то касманаўта, ці то іншапланецяніна. Прычым не толькі дзеля прыгажосці: Сяргей Сяўко мяркуе, што кожная такая “фішачка” — добры рэкламны ход.

Між іншым, месца гэтае прызначана не толькі для маладзёжных забаў. Зусім нядаўна там адбылося новае для Астравеччыны мерапрыемства — турнір гульні “Што? Дзе? Калі?”. Дэбют каманды райвыканкама, у якую ўваходзіць і намеснік старшыні Віктар Свіла, быў удалым: яна падзяліла ІІ месца са знаўцамі з Ашмянскай мытні. У аддзела культуры — ганаровае IV месца.

Сам аддзел культуры таксама нядаўна адсвяткаваў улазіны — яго новы штаб, размешчаны акурат па-над “Галактыкай”, цалкам можна назваць офісам. І, па словах галоўнага спецыяліста аддзела Марыны Бабойць, гэтая інавацыя істотна паўплывала на эфектыўнасць працы. У работнікаў культуры цяпер ёсць асобныя кабінеты, дзе яны могуць вырашаць свае пытанні, не перашкаджаючы адзін аднаму. Прадугледжана нават уласная “сталоўка” з мікрахвалёўкай.

Ужо 1 верасня пярэбары чакаюць і школу мастацтваў. Схема такая самая: райвыканкам набыў для яе лядашчы будынак, які ўжо гадоў 15 нават не ацяпляўся, і цяпер робіць з яго “цукерачку”. Часу на гэтае пераўвасабленне адведзена — якіх дзесяць месяцаў. Але будаўнікі кажуць, што ў тэрмін паспеюць: ці не ўсе самыя складаныя работы — ужо за спінай.

— Першае, што мы зрабілі, — вырашылі праблему ацяплення, — распавядае Сяргей Сяўко. — Тым болей, быў акурат лістапад. Вядома ж, катлы сучасныя набывалі, энергазберагальныя, таму і выдаткі за зіму невялікія назбіраліся.

А на чарзе — пераўвасабленне Дома культуры. Ён у Астраўцы можа прэтэндаваць на статус архітэктурнага помніка, бо збудаваны быў з паўстагоддзя таму. І ўвесь гэты час без капрамонту!

Потым — адкрыццё ўласнага музея… Планаў багата.

Аптымізацыя прадугледжвае ўлік канкрэтных абставін. Таму аддзел культуры не толькі набывае патрэбныя будынкі, але і збіраецца прадаваць тое, у чым патрэбы ўжо не бачыць. Цікавы лёс чакае СДК у вёсцы Газа. Утрымліваць збудаваны за савецкім часам вялізны “палац” цяпер надта ўжо затратна, ды і немэтазгодна. А паколькі месціцца ён на шашы Вільня — Полацк, задума зрабіць у ім гатэль не выглядае нонсэнсам. Балазе бізнесмены ўжо цікавіліся.

Класіка на “карпаратыўцы”

Эфектнае аблічча школы мастацтваў пакрысе вымалёўваецца праз будаўнічы пыл. Яе інтэр’еры і абсталяванне будуць самымі сучаснымі. Дырэктар установы Генрых Волчак спадзяецца, што харэаграфічная зала “з іголачкі” прыцягне дыпламаванага харэографа — пакуль у раёне “сяброўства” з гэтымі дэфіцытнымі спецыялістамі не складваецца. А зала на 300 месцаў, з выдатнай акустыкай, якую тут называюць філарманічнай, стане канцэртнай пляцоўкай не толькі для мясцовых талентаў, але і для знаных артыстаў. Новае памяшканне дае багата магчымасцей. І ў перспектыве тут падумваюць адкрыць новыя аддзяленні: эстраднае і тэатральнае.

Летась школа зарабіла больш за 20 мільёнаў рублёў, прычым тры з паловай з іх — гэта не звыклая плата за навучанне.

Якія ж яшчэ віды платных паслуг можа вынайсці такая спецыфічная ўстанова культуры? Лекцыі для дзетак, спалучаныя з канцэртам (без сумневу, выдатная рэкламная кампанія для самой школы), а таксама… абслугоўванне “карпаратывак”.

— А які рэпертуар такіх вечароў? — пацікавіўся я.

— Самы разнастайны, — адказаў Генрых Волчак. — Ад класікі да рэпа.

— І класіка таксама?

— Вядома, толькі папулярныя мелодыі. Наша ўстанова мусіць выконваць таксама і выхаваўчую функцыю, прывіваць людзям добры густ. Прычым самі людзі супраць класікі не пратэстуюць.

Няспынна вынаходзіць новыя спосабы платных паслуг і раённы Дом культуры: адной толькі шыкоўнай дыскатэкай ён не задавальняецца. Цяпер артысты ўпрыгожваюць і прыватныя святы.

Па словах дырэктара РДК Святланы Куцько, на дзіцячыя дні нараджэння запатрабаваны казачныя персанажы, а на якісь “круглы” юбілей у Астраўцы цяпер можна запрасіць “цыганоў”.

Мабільнасць — прыкмета часу

Галоўны вынік з’яўлення ў раёне бібліобуса відавочны: дзякуючы яму тут з’явілася 350 новых чытачоў бібліятэкі.

— Мы нават і не спадзяваліся, што бібліобус будзе настолькі запатрабаваны, — прызнаецца дырэктар ЦБС Яніна Мяшкова. — І цяпер нас чакаюць нават у самых аддаленых і маланаселеных вёсках, хвалююцца, калі раптам не прыязджаем. Ёсць у людзей ахвота да чытання, таму і кніга запатрабавана. Нават у тых, хто самі прыйсці па кнігу ўжо не могуць. Іх бібліятэчныя работнікі не забываюць.

Яшчэ адна інавацыя ў раённай бібліятэцы таксама кідаецца ў вочы: ці не на кожным стале бібліятэкара там стаіць камп’ютэр.

— Што дае аўтаматызацыя? — перапытвае Яніна Мяшкова. — Па-першае, эканомія часу, па другое — больш просты доступ да інфармацыі. Да прыкладу, спіс “даўжнікоў” можна атрымаць цяпер за лічаныя хвіліны. Ды і платныя паслугі, натуральна…

Таму час ды высілкі, патрачаныя на асваенне новых тэхналогій, хутка апраўдваюцца. Аддзел культуры рупіцца пра тое, каб бібліятэчныя работнікі прайшлі курсы “камп’ютэрнай пісьменнасці”. І не шкадуе на гэта сродкаў.

Мабільнасць уласціва і Дому рамёстваў. Свайго будынка ён не мае (як запэўніваюць у райвыканкаме — пакуль), таму жывецца майстрам трохі цеснавата, але гэтая акалічнасць кампенсуецца шматлікімі выязнымі выстаўкамі — і па раёне, і далёка за яго межамі. Дырэктар ДР Тамара Гаваноўская падумвае нават да “Славянскага базару ў Віцебску” ў хуткім часе дабрацца — балазе на Гродзеншчыне мала які фэст абыходзіцца без астравецкіх майстроў.

А не так даўно ў краі з’явілася новая завядзёнка, ці, дакладней, узгаданая старая: цяпер на вяселлях маладыя зноў трымаюць ручнікі са старадаўнімі ўзорамі — прычым зробленыя паводле ўсіх народных канонаў, з захаваннем сімволікі. Спрычыніліся да гэтага майстрыхі з Дома рамёстваў.

Ведаць песні суседзяў

У Рымдзюнах літоўскую мову разумеюць, не раўнуючы, усе — нават у крамах. Вёска гэтая унікальная. Яна, як і наогул Гервяцкі край, спрадвеку была “балцкай выспачкай”, што ніколі не ставалася прычынай для непаразуменняў.

Вось і цяпер імпрэзы ў Рымдзюнскім СДК ідуць на розных мовах. Дырэктар установы Галіна Штура родам адсюль, таму і літоўскай, мовай свайго бацькі, вольна валодае. Тое самае тычыцца і бібліятэчных фондаў. Бібліятэкарка Юлія Ефішава кажа, што літоўскія кніжныя навінкі трапляюць сюды не надта часта, аднак з літаратурнай класікай значна прасцей.

А фальклорны гурт “Жыльвіціс” (ці, па-беларуску, “Вярба”), які добра запомніўся гледачам Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур, утварыўся яшчэ задоўга да будаўніцтва ў вёсцы літоўскага Цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі. Збудаваны ён быў на літоўскія грошы, а ўтрымліваецца — на беларускія. І выдатны стан СДК, які ўваходзіць у гэты комплекс, стаў вынікам такога плённага супрацоўніцтва.

— У нас беларусы па-літоўску разумеюць, а мы — па беларуску,— з лёгкім акцэнтам кажа адна з заснавальніц “Жыльвіціса”, 84-гадовая Марыя Мажэйка. — І спяваем на розных мовах.

Калектыў узнік адразу пасля вайны. Ягоныя ўдзельніцы — сапраўдныя носьбіты фальклору, якія перанялі песні і абрады — у тым ліку і складаныя ды надзвычай прыгожыя карагоды — непасрэднаад сваіх бабуль. У багатым на цікавыя экспанаты музейным пакоі СДК Марыя Юльянаўна можа прадэманстраваць, як у даўніну пралі або часалі лён, няспынна пры гэтым прыпяваючы.

Стасункі з Літвой тут і цяпер самыя шчыльныя. Нярэдка сцены ДК бачаць літоўскіх артыстаў, у тым ліку і вядучыя калектывы. А мясцовыя таленты бяруць удзел у тамтэйшых конкурсах. Маленькая зорачка Рымдзюнаў — Насця Кармаза неаднаразова вярталася з іх лаўрэатам.

А народная ўмеліца Мальвіна Мешкенене ўласнаручна выткала габелен з гімнам Беларусі і марыла падарыць яго Прэзідэнту на “Дажынках” у Ваўкавыску. Тады аказіі такой не надарылася, але… мара ўсё ж урэчаіснілася пад час візіту Кіраўніка дзяржавы ў Гервяты.

Вёска Гервяты, якая стала першым у раёне аграгарадком, за апошнія гады моцна змянілася. Гэта тычыцца і ўстаноў культуры. СДК тут адпавядае ўсім самым высокім стандартам. І не толькі дзякуючы суме асвоеных сродкаў. Ёсць у гэтай установе куток, паўстанне якога — ініцыятыва і справа выключна яе калектыву: дырэктара Тэрэзы Бутвіла і мастацкага кіраўніка Святланы Карэйка. На месцы нікому не патрэбнай “бытоўкі” іх стараннямі паўстала ўтульная гасцёўня. Грошай такое пераўвасабленне запатрабавала небагата — галоўнае, каб былі фантазія і жаданне.

Адносна нядаўна і без таго стракатая этнічная палітра Гервяцкага краю папоўнілася новым колерам. Украінскія палешукі з Ровеншчыны, якіх тут каля 130 чалавек, сталі актыўна сюды перабірацца пасля чарнобыльскай навалы, прывозячы разам з багажом і сваю аўтэнтычную культуру. Народ пявучы, і ансамбль “Палісяначка” ўтварыўся без усялякіх ініцыятыў зверху, а месца для рэпетыцый у прасторным Доме культуры хопіць усім.

Не дзіўна, што менавіта ў гэтым кутку праходзіць унікальны па сваёй задуме фестываль “Песні памежжа”, куды ахвотна прыязджаюць калектывы з Польшчы і Літвы, ды і з іншых раёнаў Гродзеншчыны. Чаму унікальны? Бо, па ўмовах фэсту, кожны з удзельнікаў павінен выконваць песні сваіх суседзяў: беларусы пяюць па-літоўску, а літоўцы — па-беларуску. “Жыццё на памежжы заахвочвае веданне не толькі сваёй культуры, але і суседняй”, — кажа з гэтай нагоды начальнік аддзела культуры Сяргей Сяўко.

Зазвычай свята праходзіць на Тройцу — парафіяльнае свята знакамітага Гервяцкага касцёла — і пачынаецца яно з урачыстай імшы. Дарэчы, гэта не адзіны прыклад супрацоўніцтва паміж пробашчам касцёла Леанідам Несцюком, вядомым праз сваё хобі батаніка, і аддзелам культуры. Любы касцёльны фэст ладзіцца з культурай, а ў самім храме раз-пораз адбываюцца канцэрты класічнай музыкі. Дарэчы, у турыстычнай “разыначцы” краю — неапісальнай прыгажосці дэндрапарку — ёсць куток, якім апякуюцца гервяцкія работнікі культуры.

“Фабрыка зорак” па-астравецку

Дырэктар метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Турбарава — рэжысёр не толькі па адукацыі, але і па натуры. Таму і святы ды імпрэзы тут праходзяць па ўласных сцэнарыях.

“Фабрыку зорак” любяць крытыкаваць. Але ж галоўны яе прынцып — узяць таленты “з народу” і чаму-небудзь іх навучыць — досыць прадуктыўны. Пра што засведчыў і астаравецкі аналаг небезвядомага праекта — “Зорны дождж”, які летась прайшоў у раёне. Двое з яго ўдзельнікаў настолькі “распеліся” пад апекай прафесіяналаў, што абралі культуру за будучую прафесію і паступілі ў адпаведныя ўстановыадукацыі.

1 мая тут стартаваў новы падобны праект, гэтым разам ужо для дарослых: “Выдатная пяцёрка”. Удзел у ім бяруць каманды спевакоў, сфарміраваныя на прадпрыемствах раёна.

— Не, мы не запазычылі гэтую ідэю з тэлебачання, тут толькі назва перагукаецца, — запэўнівае Вольга Турбарава.— У нас усё будзе іначай. Кожнае з прадпрыемстваў стварае каманду з пяці чалавек, рыхтуе маленькую праграмку, а потым — “іспыт па караоке”. Папярэдне ўсе ўдзельнікі атрымалі дыск з конкурснымі песнямі, і ніхто не будзе ведаць, які яму выпадзе “квіток”...

Сяргей Сяўко перакананы, што такія праекты здатны забіць адразу некалькіх зайцоў. Па-першае, падахвоціць да ўдзелу ў культурным жыцці тыя таленты, якія раней да ДК “не даходзілі”. А па-другое… Ёсць тут і чыста камерцыйная матывацыя. Бо падобныя конкурсы заўсёды збіраюць аншлагі, спараджаючы здаровы ажыятаж.

— Уяўляеце, як цікава ўбачыць калегу па цэху або суседа па пад’ездзе ў іншым ракурсе — на сцэне? — кажа начальнік аддзела культуры.

Яшчэ адным рэсурсам павелічэння аб’ёму платных паслуг Сяргей Сяўко лічыць турызм. Паводле яго слоў, работнікі культуры чакаюць, калі гэты патэнцыял краю будзе напоўніцу рэалізаваны. Зрэшты, пэўны досвед у гэтым накірунку ўжо ёсць: замежнікі, якія прыязджаюць сюды на паляванне, ахвотна прымаюць прапанову стаць гледачамі створанай на мясцовым каларыце канцэртнай праграмы.

Менеджэр з залатым голасам

Сяргей Сяўко стварае ўражанне кіраўніка “новай закваскі” — не адміністратара, а менавіта менеджэра. І лічыць, што тыя веды, якія ён атрымлівае пад час навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на знакамітай спецыяльнасці “менеджмент сацыякультурнай сферы”, не тое што карысныя і прымяняльныя ў раённым маштабе — яны папросту неабходныя для яго працы.

— Не ведаючы законаў менеджменту і рэкламы, не маючы грунтоўных ведаў у гэтай галіне, работнікам культуры жыць усё цяжэй і цяжэй, — кажа ён.— Пакуль яшчэ можна разлічваць на інтуіцыю, на ўласны жыццёвы досвед, але гадоў праз пяць, мяркую, — гэтага ўжо будзе замала.

Вобраз менеджэра — чалавек у строгім касцюме, з прагматычным мысленнем, гладка паголены, падкрэслена ветлівы, датклівы нават у дробязях, адкрыты для смелых перспектыўных інавацый... І Сяргей Сяўко яму цалкам адпавядае. Але ж… Ёсць у яго і іншае аблічча. На мінулых каталіцкіх Калядах жыхары краю маглі дэталёва з ім пазнаёміцца пад час сольнага канцэрта вакаліста, якога называюць “залатым голасам Астравеччыны”. Недарэмна ж ён прынёс вобласці ІІ месца ў сваёй намінацыі на Міжнародным фэсце “Звіняць цымбалы і гармонік”.

Кар’ера начальніка аддзела культуры — красамоўны адказ на многія пытанні. У 1992 годзе на размеркаванне ў Лідскае музвучылішча прыехаў старшыня адной з гаспадарак Астравеччыны Георгій Кара. Ён марыў адкрыць у сябе музычную школу, і ад прапановы стаць яе першымі выкладчыкамі хлопцу і ягонай нявесце было цяжка адмовіцца. Чаго вартыя хаця б ключы ад трохпакаёўкі!

Малады спецыяліст замацаваўся ў раёне, добра сябе зарэкамендаваў. Кіраўніцтва да яго прыглядалася… І вось, гадоў шэсць таму ён атрымаў чарговую нечаканую прапанову: праявіць сябе не толькі як спявак, але і ў якасці “дырыжора”.

— Каб тады ведаў, што мяне чакае на гэтай пасадзе, мусіць, злякаўся б ды адмовіўся ад яе, — прызнаецца Сяргей Лявонцьевіч. — Але цяпер ужо прызвычаіўся да бясконцых клопатаў. Нават здаровы азарт з’явіўся.

Укладанні без прамых дывідэндаў

Прозвішча старшыні Астравецкага райвыканкама Адама Кавалькі цягам гэтага дня чуць даводзілася неаднаразова.

Жыхары краю, не згаворваючыся і зусім не “на дыктафон”, казалі: з’явіўся новы начальнік— і адразу пайшлі імклівыя зрухі да лепшага. А вось заспець яго на працоўным месцы не ўдалося: пасада не дазваляе заседжвацца ў крэсле.

Ды і працы намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Віктара Свілы не пазайздросціш: яго працоўны час распісаны па хвілінах. Таму, насуперак завядзёнцы, наша сустрэча адбылася не на пачатку камандзіроўкі, а ўжо напрыканцы. І сталася свайго кшталту каментарыем да ўбачанага.

— Мяркуючы хаця б па аб’ёме сродкаў, якія ўкладаюцца ў рэканструкцыю аб’ектаў культуры, стаўленне да гэтай галіны ў мясцовых улад асаблівае…

— Спорт, адукацыя, маладзёжная палітыка намі таксама зусім не пакрыўджаны. Сёлета Астравец адсвяткуе свой юбілей — мястэчку спаўняецца 540 гадоў. Да верасня будаўнікі маюць асвоіць больш за 15 мільярдаў рублёў. Праграма добраўпарадкавання Астраўца ўключае ажно 66 пазіцый. У райцэнтры даўно ўсёр’ёз анічога не будавалася, таму час прыспеў. Зрэшты, тое-сёе ўжо зроблена. Вы пабывалі ў “Галактыцы”? Як уражанні?

(Пытанне было бадай рытарычным, а ў тоне голасу Віктара Збігневіча адчуваліся ноткі здаровага гонару.)— Не па чутках ведаю, што стаўленне раённага кіраўніцтва да дыскатэкі як з’явы бывае вельмі розным…

— Прымаючы рашэнні на гэты конт, мы кіруемся выключна прагматычнымі меркаваннямі. Калі моладзь не будзе збірацца ва ўстановах культуры, яна абярэ для адпачынку іншыя месцы: лес, хмызы, пад’езды... І наступствы могуць быць самымі сумнымі. Не так даўно мы праводзілі адмысловую нараду, прысвечаную менавіта праблеме дыскатэк. Запрасілі міліцыю, дыскусія была бурлівай — прыкладам, адносна мэтазгоднасці правядзення танцаў у начны час, — але яна прывяла да паразумення.

Увогуле, рэалізацыю маладзёжнай палітыкі райвыканкам вызначыў як прыярытэтны напрамак сваёй працы на бліжэйшыя тры гады. Таму мы ўкладаем сур’ёзныя сродкі ў развіццё аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы. Тая ж “Галактыка” абышлася нам у 660 млн. рублёў.

Маладзёжную палітыку мясцовай улады красамоўна ілюструе такі прыклад. Летась адзін тынейджэрскага веку графітыст быў заспеты на гарачым — ён маляваў нейкія “рэперскія” крамзолі на цагляным паркане. Іншы ўляпіў бы яму добры штраф — і справе канец, а ў Астраўцы гэты інцыдэнт стаў глебай для роздумаў. Хлопец вучыцца на “выдатна”, з міліцыяй праблем не меў, дык чаму ж ён тады парушыў закон?І вось, праз нейкі час той самы паркан стаў месцам адметнай нават не па беларускіх, а па еўрапейскіх мерках акцыі. Райвыканкам не толькі свядома аддаў яго ў якасці “tabula rasa” для графітыстаў, але нават набыў ім фарбы за свае грошы. Маладыя мастакі адгукнуліся на гэтую ініцыятыву ахвотна, і тая акалічнасць, што праекты малюнкаў трэба было зацвярджаць у раённага архітэктара, ані іх не спалохала. У выніку задаволены былі ўсе — уключна, мусіць, і з самім парканам, які паспяхова страціў сваю ўтылітарную шэрасць. Перад наступнай такой акцыяй яго нават думаюць атынкаваць — каб плён маладой фантазіі выглядаў эфектней.

— Вы ўжылі выраз “укладаем сродкі”. Значыць, разлічваеце на аддачу?

— Натуральна, з пункта гледжання рэнтабельнасці разлічваць на прамыя дывідэнды не выпадае. Што да ўскосных… Тут прынцып адзін: перад тым, як штосьці патрабаваць ад моладзі — сумленнай і адданай працы, любові да сваёй “малой радзімы”, урэшце, побытавай культуры, — мы павінны нешта даць.

Дарэчы, калі вы ўжо закранулі тэму рэнтабельнасці… Важна, што наш аддзел культуры — не пасіўны “паглынальнік” бюджэту, які ведае адно толькі слова: “Дай!”. Яго супрацоўнікі самі шукаюць спосабы і магчымасці зарабляць і эканоміць грошы. Я маю на ўвазе і аптымізацыю сеткі ўстаноў культуры, і энергазберажэнне, якім Сяргей Лявонцьевіч займаецца вельмі сур’ёзна, і новыя спосабы платных паслуг...

— Ці не будзе райцэнтр пасля свайго пераўвасаблення дысанаваць з вёскай?

— У нас сітуацыя склалася акурат адваротная. Многія вёскі ў раёне выглядаюць куды больш эфектна за яго цэнтр. Таму Астраўцу трэба падцягвацца. Раней злыя языкі пагаворвалі: “Астравец — свету канец”. Цяпер гэтую прымаўку ўжо рэдка пачуеш, а неўзабаве, пасля ўсіх пераўвасабленняў, на яе і ўвогуле забудуцца. Бо Астравец стане не канцом свету, а— пачаткам. Тым болей, для многіх замежных падарожнікаў Беларусь і сапраўды пачынаецца тут: у рэгіёне — тры пункты пропуску праз мяжу.

— Так, гэта абавязвае. Як вядома, першыя ўражанні самыя моцныя...

— Распавяду пра такі выпадак. У 2005 годзе, акурат па ўвядзенні аграгарадка “Гервяты”, туды прыехала дэлегацыя сігнатараў — гэта дэпутаты Сейма, якія ў 1991 падпісалі дэкларацыю аб незалежнасці Літвы. І вось, пасля экскурсіі гэтыя людзі, чые палітычныя погляды далёка не супадаюць з нашымі, адзін за адным падыходзілі да мяне, каб паціснуць руку і сказаць: малайцы, вы рухаецеся ў правільным напрамку!

Ілля СВІРЫН,
наш спецкарэспандэнт
М
iнск — Астравецкі раён — Мінск