Балет — да ўсяго свету

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Гэтымі днямі ў Віцебску праходзіць ХХІХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі — IFMC-2016, які сабраў прадстаўнікоў 16-ці краін свету.

Заснавальнікамі форуму з’яўляюцца Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Арганізатарам, як заўжды, і галоўным ініцыятарам выступае Цэнтр культуры “Віцебск”, дзе звязаныя з фестывалем пытанні курыруе намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Марына Раманоўская.

На адкрыццё IFMC у Віцебску прыехаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, які ў сваім выступленні падкэсліў, што віцебскі танцавальны фестываль штогод здзіўляе высокім прафесіяналізмам.

— У віцебскага фестывалю ёсць свая адметнасць — чаргаванне міжнароднага і нацыянальнага конкурсу. Гэта дае магчымасць нам правесці агляд сваіх сіл, сувымераць іх з лепшымі сусветнымі ўзорамі і, вядома ж, прадэманстраваць ўласныя дасягненні, — падкрэсліў міністр. — Наша мастацтва харэаграфіі з аднаго боку развіваецца і становіцца ўсё больш высокапрафесійным. З іншага — гэта мастацтва ідзе ў масы. З’яўляюцца новыя школы, у тым ліку і прыватныя, дзе навучаюць і сучаснаму, і класічнаму мастацтву. Не слабее і цікавасць публікі да харэаграфічных фестываляў.

Сёлетняе спаборніцтва IFMC — міжнароднае. У склад журы ўваходзяць вядучыя харэографы, педагогі розных краін. Узначальвае яго прафесар Пякінскай акадэміі танца Сяо Сухуа (Кітай). Свае заяўкі на конкурс даслалі амаль 70 харэаграфічных аб’яднанняў. Экспертны савет фестывалю пакінуў з іх менш за палову — кампазіцыі 32 калектываў, ад некаторых з якіх былі дапушчаны да праглядаў журы па некалькі нумароў агульнай працягласцю не больш як 25 хвілін. Карціна атрымалася самай размаітай. Атачэннем для яе сталі не толькі вячэрнія спектаклі (дарэчы, адзін з іх — “Жызэль” у новай версіі Раду Паклітару — у якасці сталічнага адкрыцця форуму прайшоў на сцэне нашага Вялікага тэатра).

Арганізатары заўсёды клапоцяцца пра сінтэз мастацтваў і асветніцкі бок фестывалю. Таму ў фае залы “Віцебск” адкрыты адразу тры выстаўкі: “Музыка колеру” віцебскага мастака Алега Крошкіна і два фотапраекты мінчанак — “Пейзажы чалавека” Ганны Майсяюк і “Эксперыменты” Вольгі Рабецкай. З майстар-класамі і лекцыямі выступаюць многія члены жры і экспертнага савету, а таксама запрошаныя айчынныя знаўцы сучаснай харэаграфіі, сярод якіх ёсць і былыя ўдзельнікі конкурсу, практычна ўзрошчаныя фестывалем.

Сёння на конкурсе — трэці тур. Вынікі яго будуць абвешчаны заўтра. Але і без таго зразумела, што галоўны выйгрыш атрымлівае беларуская нацыянальная культура, якая праз гэты фестываль развіваецца, становіцца больш вядомай у свеце, набываючы імідж адной з прагрэсійных, арыентаваных не толькі на класіку, але і на сучасныя мастацкія плыні.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"