А вось і “Ліра”…

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі “Ліра” ўзнагароджвае лепшых з прэтэндэнтаў раз на два гады. Гэта зробяць на пачатку 2017 года.

Журы і арганізатары конкурсу выявяць пераможцаў у наступных катэгорыях: “Лепшы выканаўца” (жаночы вакал), “Лепшы выканаўца” (мужчынскі вакал), “Лепшы калектыў выканаўцаў”, “Лепшая песня на беларускай мове”, “Лепшая песня года”, “Лепшы кліп года”, “Лепшы аўтар музыкі”, “Лепшы аўтар слоў”, “Лепшы аранжыроўшчык”, “Адкрыццё года”, “Стыль года”, “Нашы за мяжой”. Суіскальнікам вікторыі трэба будзе адпавядаць наступным умовам: аўтары, выканаўцы, аранжыроўшчыкі, рэжысёры (фізічныя асобы) павінны з’яўляцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і пастаянна ў ёй пражываць; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства таксама абавязаны пастаянна пражываць у нашай краіне; калектывы мастацкай творчасці, не менш 80% складу якіх складаюць фізічныя асобы, таксама павінны быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываць у нашай дзяржаве.

На конкурсе разглядаюцца песні і відэакліпы, рэалізаваныя (распаўсюджаныя праз глабальную камп’ютарную сетку інтэрнэт, перададзеныя ў радыё — або тэлевізійны эфір, выкананыя публічна) у галіне эстраднага музычнага мастацтва ў перыяд са студзеня па снежань гэтага года. Абагульненыя рэйтынгі папулярнасці песень і відэакліпаў размяшчаюцца на сайце ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” для правядзення інтэрактыўнага інтэрнэт-галасавання гледачоў, якое арганізуецца гэтым таварыствам.

Вынікі конкурсу абвесцяць у студзені 2017 года. Кожны пераможца атрымае прыз, які з’яўляецца сімвалам конкурсу, дыплом лаўрэата i грашовую прэмію ў памеры 77 базавых велічынь. Памер грашовых прэмій можа быць павялічаны за кошт пазабюджэтных сродкаў.

Па рашэнні арганізацыйнага камітэта па выніках конкурсу асобныя творчыя работнікі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё эстраднага музычнага мастацтва Беларусi, i юрыдычныя або фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадастаўляюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу і робяць ахвяраванні на развіццё музычнага эстраднага мастацтва, могуць быць узнагароджаны прызамі. Дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі для пераможцаў могуць быць устаноўлены іншыя ўзнагароды i заахвочванні.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"