Складанасці прагляду: Нацыянальны конкурс “Лістапада”

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Пераможцы, праблемы і трэнды індустрыі белкіно / Частка I
Стужка Віктара Красоўскага “Душы мёртвыя”, якая паспела за восень узяць Гран-пры на фестывалі “Бульбамуві”, стала сёлета пераможцам Нацыянальнага конкурсу “Лістапада” ў катэгорыі ігравога кіно. Кампанію ёй склалі: у намінацыі дакументальнага кіно — карціна Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак “Саламанка”, яна ж атрымала і дыплом у асноўным конкурсе дакументальных фільмаў. Сярод анімацыйных работ найвышэйшай адзнакі была ўдастоена стужка “Даша і людаед” Наталлі Сурыновіч, глядацкі хіт і лаўрэат шматлікіх анімацыйных форумаў. У сённяшнім аглядзе акрэслім пазіцыі кожнага з конкурсаў, і лепшых у гэтым годзе, зробім і своеасаблівы зрэз кінаіндустрыі на іх прыкладзе. Пачнем з анімацыі і дакументальнага кіно, а вось пра ігравое пагаворым у другой частцы.

/i/content/pi/cult/614/13658/9-1.jpgАнімацыя, што не знайсці?

Самым “бедным” напрамкам у сёлетнім нацыянальным кінааглядзе стаў, як ні дзіўна, конкурс анімацыі. У ім прынялі ўдзел усяго пяць стужак. Дзве з іх  — “Марк Шагал. Пачатак” Алены Пяткевіч (пра якую пісала “К”) і “Якія сны сніць мядзведзь” Руслана Сінкевіча — былі зробленыя на Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”. Дзве — “Мама-чапля” Марыны Карпавай ды “Даша і людаед” Наталлі Сурыновіч  — беларускіх аніматараў, якія працуюць на слынным маскоўскім “Саюзмультфільме”. І адна  — “Шэкспір тут” — дыпломны праект Глеба Куфцерына. Такі расклад, з аднаго боку, дазваляе казаць пра вядомых і новых аўтараў, якія прыходзяць у прафесію. З іншага ж, зусім не ахопленымі аказаліся аніматары, якія працуюць у прыватных айчынных кампаніях. Ды і ўвогуле, пяць прац у конкурсе — неяк неверагодна мала для беларускай прасторы анімацыйнага кіно, у якую апошнім часам пачало ўлівацца ўсё больш энтузіястаў. Альбо апошнія яшчэ не дараслі да прафесійнага конкурса, альбо аўтары саромеюцца і не дасылаюць свае працы на “Лістапад” (ці не прагнуць, бо занадта “высокага палёту”). У любым выпадку, адсутнасць прэтэндэнтаў на ўзнагароду здзіўляе.

Сімптаматычна, што сярод гэтых пяці работ, паўтаруся, дзве былі створаны на пляцоўцы суседняй дзяржавы. Марына Карпава, выпускніца БДАМ, у свой час рэжысёр-пастаноўшчык на “Беларусьфільме”, зрабіла кранальную гісторыю пра Шэрую Чаплю, якая прытуліла на балоце самых розных зверанят — “Мама-чапля”. А Наталля Сурыновіч, “універсітэты” якой — Мінскае мастацкае вучылішча і маскоўскі ВГИК, выдала яскравы хіт пра дзяўчынку-гарэзу Дашу, якая не пабаялася супрацьстаяць людаеду — стужка “Даша і людаед”, створаная паводле аповеду Валерыя Роньшына. Вядомая “саюзмультфільмаўская” пляцоўка аказалася спрыяльнай для творчасці аўтарак  — і калі ласка: вышэйназваныя работы звярнулі на сябе ўвагу на многіх анімацыйных фестывалях. Канешне, можам толькі парадавацца поспеху суайчынніц, але чамусьці пытанне пра запатрабанасць рэжысёраў у “родных пенатах” таксама хочацца задаць. Асабліва ў звязцы з актуальнай праблемай пераемнасці беларускай анімацыйнай школы. Дык ці ёсць у нас дзейныя маладыя аўтары? Або так: а ці ёсць у іх магчымасці рэалізавацца на той жа кінастудыі? Можам парадавацца за Руслана Сінкевіча, які рабіў свой фільм на “Беларусьфільме”, але ці з’яўляецца яго прыклад правілам, а не выключэннем? Пытанні, якія вынікаюць адзін з аднаго, і пакуль адказаў на іх няма.

Абодва згаданыя фільмы — цудоўныя, зробленыя ў традыцыі класічнай дзіцячай анімацыі, з яскравымі і выразнымі персанажамі, ясным сюжэтам. Пры гэтым за знешняй фабулай выразна чытаецца падтэкст, які цалкам трапляе ў сучасную парадыгму стасункаў у сям’і і грамадстве. Што значыць быць бацькамі, маці? Як мы ўспрымаем Іншага? Наколькі самі адкрытыя свету? Шэраг падобных і важных пытанняў можна развіваць ў фільмах.

У гісторыі Марыны Карпавай, да прыкладу, мацярынства паўстае не як “рэпрадуктыўны” абавязак, а асабісты выбар, здольнасць увесь час аддаваць, незалежна ад таго, ці роднае гэта дзіця. Гераіня Даша ў фільме Наталлі Сурыновіч — незабыўны характар, адкрыты да свету, гульні, творчасці і эксперыментаў. І менавіта такі непрадузяты погляд часам раскрывае знаёмае і непрывабнае як тое, што можна змяніць, выправіць. “Даша і людаед” — гэта, па-сутнасці, гімн чыстай радасці і гульні, якая парушае звыклы лад. У рэшце рэшт, магчыма, нашы дрэнныя звычкі — не абавязкова “прыроджаныя” рысы характару, а набыты рэфлекс? Безумоўна, без таленавітай рэжысуры гэта гісторыя магла “замарудзіцца” ў звыклы эпізод перавыхавання, але патрэбная інтанацыя, рытм, візуальнае рашэнне зрабілі яе сучаснай, вясёлай і зразумелай любой аўдыторыі. У дачыненнні да Марыны Карпавай, несумненная перавага яе карціны  — асабісты пасыл, які выяўляецца ў прапрацоўцы персанажаў.

Беларускія аніматары па-ранейшаму вядуць рэй у прафесіі  — ужо на прыкладзе маладога пакалення. На жаль, яно ўсё часцей знаходзіць замежныя пляцоўкі для самарэалізацыі. Ці стане гэта трэндам? Такая думка наведвае адразу пасля прагляду.

Дакументальнае, што як мастацкае

“25” Андрэя Куцілы, “Ты сюды больш не вернешся” Дзмітрыя Махамеда, “Саламанка” Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак… Конкурс дакументальнага кіно “Лістапада” - склаў неблагую карту работ, і пералічаныя тры былі ў фаварытах. У гэтым конкурсе ўдзельнічала 9 стужак. Тры фільмы пра замкі краіны, зробленыя на студыі “Беларусьфільм” — “Гальшанскі замак. Імгненне” Юрыя Цімафеева, “Крэўскі замак” Вольгі Дашук і “Прыгоды ў Быхаўскім замку” Кацярыны Махавай, вартыя асобнага блока развагаў. Чароўная “Друя” Ільлі Бажко, духапад’ёмныя “200 000 абаротаў” Кацярыны Маркавец, чалавечная “Масоўка. Буйны план” Аляксандра Зубаўленка. Але “Саламанка” ў гэтым шэрагу ўсё ж выйшла на першы план, і тое — невыпадковае супадзенне.

Па шчырасці, пасля перамогі пасыпаліся на рэжысёра папрокі, маўляў, гэта кіно напрасткі не звязанае з беларускімі рэаліямі. Умоўнае дзеянне там адбываецца ў Мексіцы ў закрытай суполцы менанітаў. Заснаванае галандскім анабаптыстам Мена Сімансам, гэты рэлігійны рух паходзіць яшчэ з часоў Рэфармацыі. Дзіўным чынам, нягледзячы на катаклізмы свету, брацтва здолела захаваць свой лад жыцця і невялікую супольнасць. “Пры чым тут Беларусь?”  — спытаецца хтосьці. Але “Саламанка” — гэта гісторыя што блізкая кожнай асобе. “Кім ёсць я ў сваім грамадстве? Што вызначае мой лёс? Ці магу я змяніць яго?”  — пытанні, узнятыя галоўным героем гэтай гісторыі, мяркую, задаваў сабе аднойчы кожны. Калонія менанітаў у фільме — усяго толькі метафара кожнай супольнасці, грамадскіх утварэнняў, чые законы прыдумляюць людзі. І беларускае грамадства дакладна трапляе ў гэты шэраг.

Па-сутнасці, самога галоўная героя, які распавядае пра свой вопыт, у стужцы мы і не бачым. Яшчэ адно нараканне да фільма, створанага не ў традыцыйнай дакументальнай манеры.“Саламанка” пабудаваная так: візуальны шэраг дэманструе нам паўсядзённае жыццё гэтай традыцыйнай супольнасці ў канкрэтным месцы. На гэта назіранне за жыццём “нанізваецца” расповед чалавека, якога мы не бачым, але чуем яго закадравы голас. Постаць яго, магчыма, адна з многіх на экране. Ён дзеліцца сваім глыбінным успамінам: як аднойчы ў гады малалецтва ўсумніўся ў тым, што лад жыцця яго сародзічаў — адзіны слушны на свеце. Візуальны шэраг тут як магчымая ілюстрацыя і візуальнае назіранне, за якім стаіць жыццё канкрэктнага чалавека. Ці здольныя мы прыняць гэту форму кінарасповеду альбо яна падаецца камусьці занадтай мастацкай — мяркую, кожны выбірае сам. Аднак кіно зроблена ўдумліва і чыста, — таму, яго адметнасць мяне цалкам пераконвае.

Якія ў менанітаў штодзённыя рытуалы? Як апранаюцца мужчыны, жанчыны? Як бавіць час сям’я за вячэрай? Як дзеці вучацца, моляцца ў школе? Лад жыцця, дзе захаваліся павозкі і коні, ручная праца, абліччы дарослых і дзяцей, апранутых у простае і аднолькавае аддзенне, нетаропкая хада часу… Саламанка паўстае як мадэль свету  (утапічная ці наадварот анты-)  кожны вырашае сам. Цікавы факт: рух менанітаў, вылучаецца міралюбівым характарам — пацыфізм уведзены ў догмы веравучэння. Менавіта таму, яго прыхільнікі ў часы ганеняў выбіралі пасіўную форму пратэсту — яны папросту сыходзілі, мігрыравалі. Нельга сказаць, што гэта асаблівасць акцэнтавана адлюстравана ў фільме, але яны захавалі сваё брацтва менавіта так.

Але вернемся да гісторыі безыменнага героя… Драматычны момант ў яго лёсе, калі ён падлеткам агучыў пытанне пра слушнасць абранага шляху менанітаў. Важны для асобы, якая сталее, запыт выклікаў скандал і пакаранне хлопчыка. Бацька замкнуў яго ў пакоі і загадаў нікому з сям’і не размаўляць з вінаватым. Па вёсцы папаўзлі чуткі… Браты і сёстры героя пачалі адчуваць сваю адасобленасць у школе, а ў бацькі хлопчыка перасталі замаўляць мэблю… У сітуацыі, што склалася, герой прымае рашэнне і застаецца з сям’ёй ды суполкай, прымаючы без пытанняў яе законы і спадчыну. Саламанка — месца, у якім мы прымаем рашэнні, што вызначаюць наш лёс. Гэта стан, у якім мы шчаслівыя і няшчасныя адначасова. Гэта закрытая супольнасць, што трымае сваю адметнасць і баіцца згубіць сябе, сустрэўшыся з іншым светам. Гэта мяжа, якую мы хочам перасекчы, і баімся гэтага. Ці толькі ў Мексіцы вы бачылі падобнае месца? Руслан Фядотаў і Аляксандра Кулак на аснове дакументальнага матэрыялу стварылі прытчу, якая закранае кожнага чалавека, які жыве ў грамадстве. Пытанняў тут шмат, і тое добрая нагода паспрабаваць адказаць на іх асабіста для сябе.

Беларуская дакументалістыка як анімацыя таксама пашырае свае геаграфічныя межы, пазначаючы працу аўтараў на самых розных кантынентах. Але ў адрозненні ад анімацыйнага конкурсу, дзе кіно пераважна застаецца ў рэчышчы фільмаў для дзяцей, наша дакументалістыка не баіцца выходзіць за жанравыя межы і эксперыментуе з формай ды — адпаведна  — з пасылам. І, прыемна адзначыць, што гэтыя шчыраванні пачынаюць даваць плён.

(Гаворка пра ігравое кіно у праграме Нацыянальнага конкурсу — у наступных нумарах “К”.)

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"