"Альтэрнатыўныя" грошы для музея

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

“Краўдфандынг” — слова не страшнае. Больш за тое, слова гэтае, на мой погляд, ці не вядучае ў антыкрызісным “слоўніку” нашай нацыянальнай культуры. Толькі трэба навучыцца яго правільна вымаўляць-ужываць. Вучымся! Вось адзін рок-музыкант сабраў народныя сродкі на выпуск альбома — і выпусціў. Другі рок-н-рольшчык — на падыходзе з аналагічнай “збычай мечт”. Людзі вераць у куміраў і даказваюць сваю прыязнасць уласным рублём. Словам, працэс мацавання альтэрнатыўнага фінансавання беларускай культуры паціху актывізуецца і, можна зазначыць, без аглядкі на бюджэт: “Лёд скрануўся, спадарове. Час рабіць агульнакарысную справу!”

/i/content/pi/cult/613/13650/11-2.jpgГаворка — не пра блюзавыя знаходкі ў вінілавым выкананні. У цэнтры аўтарскай увагі — Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей. У наступным годзе ён адзначае 25-годдзе, мае ў асноўным фондзе каля 12 тысяч прадметаў. А вось наяўнасцю выставачнай залы пахваліцца не можа, усе мерапрыемствы з часу адкрыцця ладзіць у залах экспазіцыйных. А гэта зусім не рок-н-рол! Праблема з праблем. Гэтымі днямі яе з поспехам вырашае нядаўна прызначаны кіраўнік установы Марына Ярашук.

Яна — патомная навагрудчанка, настаўніца гісторыі, скончыла ў свой час БДУ, мае калег-сяброў па ўсёй Беларусі. Яны, калі даведаліся пра новае прызначэнне Ярашук, вельмі ўразіліся. Маўляў, Навагрудак — месца для краіны не толькі знакавае, але і сакральнае, таму музей тут павінен быць узорным не толькі ў плане духоўным, але і тэхнічным. На гэтай хвалі прыязнасці спадарыня Марына і вырашыла выкарыстаць магчымасці краўдфандынгавай платформы “Talaka.by”, пра якую “К” неаднойчы пісала. На што спадзяецца дырэктар музея? Відаць, на тое, што ў сённяшняй краіне заўжды знойдуцца неабыякавыя асобы, якія не пашкадуюць, скажам, пяці рублёў на тое, каб вывесці нашу культуру са стану летаргічнага ад фінансавай нішчымніцы сну. І такія людзі знайшліся.

Узнагарода іх чакае сімвалічная (у залежнасці ад сумы ахвяравання), за пералічаны рубель, да прыкладу, фундатар атрымае музейную паштоўку, за пяцёрку — паштоўку і буклет. За больш важкі ўнёсак можна займець і першае, і другое, а таксама — права на ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці залы, на бясплатную экскурсію і занясенне ўласнага прозвішча ў спіс ганаровых спонсараў. Але і такая — шматструктурная — аддзяка, пагадзіцеся, мае духоўны, а не матэрыяльны характар. Але ў духоўнасці — свой кошт. Хто ведае, той мяне зразумее правільна. Патрыятызм, урэшце, — гэта права адчуць плён уласных учынкаў на карысць Бацькаўшчыны. А стварэнне выставачнай залы для паўнавартаснага прадстаўлення гісторыі колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — якраз такі ўчынак...

І што вы думаеце? На момант напісання гэтага артыкула (16 лістапада) сабрана ўжо 22 працэнты ад патрэбнай сумы, а гэта 1 300 новых беларускіх рублёў. Па словах дырэктара музея, сярод фундатараў — не толькі грамадзяне Беларусі, але і Расіі, ЗША. Натуральна, краўдфандынгаваму праекту папярэднічала рэкламная кампанія, якую музей зладзіў у сацыяльных сетках. Значыць, правільныя словы знайшоў.

На што канкрэтна пойдуць грошы? На рамонт і абсталяванне выставачнай залы (былой экспазіцыйнай). З’явяцца новае асвятленне, спецыяльная сістэма для замацавання карцін, іншае абсталяванне для наладжвання выстаў ды музейных заняткаў, жалюзі для вакна. Дызайнерскі праект ужо ёсць.

Другая задумка Марыны Ярашук — у стадыі рэалізацыі. Плануецца займець грант ПРААН для больш актыўнага прыцягнення ў музейную справу дзяцей. Калі ўсё атрымаецца, ва ўстанове з’явіцца і мультымедыя-абсталяванне.

 

/i/content/pi/cult/613/13650/11-3.jpg

Фотафакт

Булгак пра Булгака

Дарэчы, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей і Навагрудская раённая бібліятэка арганізавалі сустрэчу, прымеркаваную да 140-годдзя з дня нараджэння пачынальніка беларускай (і польскай) фатаграфіі Яна Булгака. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі ўнук майстра Богдан Булгак і сваячка Яна Булгака Іанна Пухальская, якія ўжо нарадзіліся ў Польшчы, але не забыліся на свае карані. Была праведзена экскурсія па выставе “Навагрудак 1920-х гадоў на фотаздымках Яна Булгака”. Гучалі ўспаміны пра фатографа.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"