— Ніяк пакуль не магу прыняць для сябе той факт, што я пераможца, — прызнаецца Вольга на пачатку нашай гутаркі, што праходзіць у гатэлі, дзе жылі канкурсанткі. Да Вольгі час ад часу падыходзяць работнікі гасцініцы з віншаваннямі, іншыя ўдзельніцы конкурсу з пажаданнямі поспеху. Міс Беларусь трымаецца вельмі сціпла. — Вось дзяўчаты раз’язджаюцца, і зараз мне ў многім давядзецца змяніць сваё жыццё.
— Перамога для вас была нечаканай?— Што вы! Вядома! Калі я патрапіла ў паўфінал — гэта для мяне было высокае дасягненне, а што казаць пра фінал ды ўвогуле перамогу?! Прыйшоўшы на кастынг, убачыўшы столькі прыгажунь, падумала: “Божа мой! І куды я трапіла? Што я тут раблю?” Мне падаваўся немагчымым крок у фінал. Але — здзейснілася, і той момант, калі прагучала маё імя напрыканцы спаборніцтва, мусіць, не забуду ніколі.
— Вольга, ці рыхтаваліся вы да ўдзелу ў конкурсе? Як наогул рашыліся на такі “экстрым”?— Я ўбачыла рэкламу па тэлебачанні, і вырашыла паспрабаваць. Недзе з месяц “прыводзіла сябе ў парадак”, і прыйшла на кастынг. Калі сказала бацькам, што пайду паспрабую, яны мяне, канешне, падтрымалі, але мама заўважыла: “Так, ідзі, толькі пад час падзей цвяроза ацэньвай свае сілы”. Гэтыя словы я заўжды трымала ў галаве, і нават калі потым мне тэлефанавалі сябры і казалі: “Вольга, ты наша “Міс Беларусь-2008”!”, я іх прасіла, каб яны так не гаварылі. Марыць, вядома ж, трэба, але варта яшчэ і добра ўсведамляць: мары здзяйсняюцца не адразу.
— Гэта значыць, што вы нават і думкі пра перамогу не дапускалі?— Мне падаецца, той чалавек, які гаворыць: “Я з самага пачатку ведаў, што стану пераможцам”, — высакамерны, нібы лепшы за іншых. Але ў нас усе былі роўныя. Мяркую, ніводная з дзяўчат, якія прымалі ўдзел у конкурсе, не ведала, хто ж выйдзе ў фінал, бо ўсе былі вартыя таго. Перамога, на маю думку, лічыцца сапраўднай, калі чалавек ведае, што на шляху да яе ён нікога не пакрыўдзіў, нікому не пазайздросціў. Толькі тады радасць поўная. У любых абставінах самае важнае — захоўваць чалавечнасць, з якой не будзе сорамна за сябе і свае ўчынкі.
— Ці заўжды гэта магчыма, на ваш погляд?— Трэба імкнуцца. Ёсць славутае выслоўе, якое я ранней вельмі любіла: “Прыгажосць выратуе свет”. Цяпер мне падаецца, што свет мае патрэбу не толькі ў прыгожых, але і ў добрых, шчырых, чалавечных людзях. “Дома і сцены лечаць” — гэта прыказка пра мяне”
— Вольга, вы падаяцеся чалавекам вельмі чуллівым, лагодным, спакойным. Хто паўплываў на ваша светаўспрыманне? Адкуль у вас гэткія якасці?— Паўплывала, у першую чаргу, мая сям’я: бацька працуе лесніком, мама — работніца агракамбіната. Я сама з вёскі Забароўе Лепельскага раёна. У кожнага чалавека ёсць свае слабасці, для мяне гэта якраз мой дом. “Дома і сцены лечаць” — гэта прыказка пра мяне. Вось цяпер у мяне выхадныя. Я магу застацца ў Мінску, знайсці сабе занятак, неяк адпачыць, але ведаю, што па-сапраўднаму расслабіцца не атрымаецца. А калі зараз прыеду дадому, і няхай мне патрэбна будзе дапамагаць маме, але я дакладна ведаю: толькі там змагу вярнуць сабе ўпэўненасць, неяк супакоіцца. Тым больш, што эмоцыі яшчэ не ўлягліся. Дом і прырода для мяне — гэта нешта звышпрыцягальнае!
Па-другое, паўплывалі на маё светаўспрыманне настаўнікі, сябры... Урэшце, і мой любімы занятак: я выкладаю дэфіле ў Віцебскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы лёгкай прамысловасці. Калі прыйшла туды на працу (а выкладаю ў навучальнай установе толькі паўгода), то адразу зразумела: гэта тое, чым хачу займацца ўсё жыццё — вучыць дзяцей. Да мяне ж пастаянна цягнуцца дзеці: куды ні пайду — абавязкова пазнаёмлюся з малечамі. Такая дзейнасць мне і сёння падабаецца! А як вучні падтрымлівалі пад час конкурсу, тэлефанавалі, прыязджалі!.. Шчырыя стасункі, што ў мяне ёсць з дзецьмі, — вялікая радасць і падтрымка.
Бачыце, у мяне няма куміраў, але шмат людзей, якія мяне любяць, як, уласна, і я іх.
— Вольга, я ведаю, што ў вас ёсць і яшчэ адна праца...— Так, па сумяшчальніцтве я працую менеджэрам па продажы міжпакаёвых дзвярэй. І гэта ў мяне, падаецца, добра атрымліваецца: усё ж кантакт з людзьмі ды і фінансавая падтрымка. Але падкрэслю: выкладанне дэфіле ў вучылішчы — маё сапраўднае прызванне. У сувязі з маімі новымі абавязкамі, занятасцю мне давядзецца штосьці з працай рабіць, бо на некалькі заняткаў мяне не хопіць.
Шчыра кажучы, я трошкі баюся свайго новага статуса: ён вымагае пэўных перамен у маім жыцці. Некаторыя людзі радуюцца, калі ў іх лёсе адбываецца штосьці новае, а я да такіх момантаў стаўлюся вельмі асцярожна. У Віцебску ў мяне — усё: любімая праца, сябры, сваякі, але цяпер мне давядзецца гэта на нейкі час пакінуць.
— Але вашы перамены гучаць, хутчэй, як перспектывы...— Канешне, усё гэта я разумею. Але ж і не магу не задумацца над тым, як цяпер усё гэта сумяшчаць. Прыступка да “Міс Еўропа”?
— Вольга, чаму асабіста вас навучыў гэты конкурс? Вы прафесійна займаецеся дэфіле, таму, мусіць, мелі пэўную падрыхтоўку...— Сапраўды, гэта вялікі досвед! Дэфіле я займалася яшчэ ў мадэльным агенцтве. Не пайдзі я туды — дакладна пачала б сутуліцца: усё ж такі ў мяне рост 184 см. Увогуле, для кожнага чалавека вопыт мадэльнай школы вельмі карысны, бо гэта прыгожая пастава, паходка. А кожная дзяўчына павінна ўмець сябе прыгожа паднесці.
Пад час падрыхтоўкі да “Міс Беларусь-2008” я працавала з вельмі прафесійным калектывам Нацыянальнай школы прыгажосці: стылістамі, пастаноўшчыкамі дэфіле, цырульнікамі, трэнерамі, у якіх і пры маёй падрыхтоўцы варта было вучыцца і вучыцца. Мы працавалі са спецыялістамі з АНТ, якія атулялі нас пастаяннай увагай і клопатам. Ды і самі дзяўчаты — гэта быў ідэальны калектыў! Я зараз вам распавядаю, і мне становіцца вельмі сумна ад таго, што ўсе мы ўжо раз’язджаемся. Але атрыманы досвед, веды я буду выкарыстоўваць у сваёй працы. Нават калі дзяўчаты і не сталі пераможцамі — вопыт удзелу ў конкурсе атрымалі проста неацэнны. Гэта ж каласальная падрыхтоўка, сапраўдныя прыгоды, якіх часам так не стае ў жыцці!
— Якія, нагадаю, Вольга, у вас працягваюцца...— Так. Зараз у мяне “перапынак” да 9 мая, а потым я павінна вярнуцца ў Нацыянальную школу прыгажосці, дзе пачнецца падрыхтоўка да новай прыступкі. Магчыма, гэта будзе “Міс Еўропа-2008”.
— Баіцеся?— Яшчэ як! Але поруч з тым ёсць жаданне вучыцца, спрабаваць, якое шмат што здольнае зрабіць нават само па сабе.
Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Антона МАТОЛКІ
Даведка
Вольга ХІЖАНКОВА нарадзілася 22 лістапада 1986 года ў вёсцы Забароўе Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Забароўскую сярэднюю школу, Віцебскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці № 29. У 2007 годзе была прызнана лепшым дэманстратарам адзення на фестывалі моды “Белая амфара”. Анкета
Анкета “K”
1. Колеры, якія натхняюць.
Белы .
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Увесну.
3. Любімы мастак.
Айвазоўскі. Вельмі люблю вышываць крыжыкам марскія пейзажы.
4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.
Антоніа Бандэрас, Сафі Ларэн.
5. Любімы літаратурны твор.
“Граф Монтэ-Крыста” Аляксандра Дзюма.
6. Што слухаеце?
Бачу прыгажосць у любой музыцы.
7. Радзіма — гэта што?
Тое месца, дзе цябе чакаюць, кахаюць, падтрымліваюць.
8. Любімая кветка.
Цюльпан.