“Злавіць” пакемона у сельскім клубе?

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

У якую ўстанову культуры можна і робата паставіць?
Вы каталіся на лыжах са стромкіх гор пасярод Мінска, часам падаючы ў гурбы снегу ды сутыкаючыся з вялізнымі ялінамі ды соснамі? Я — катаўся. Праўда, тыя віртуальныя “горы” і “дрэвы” акалялі мяне там, дзе былі ўсталяваны прылады для дэманстрацыі магчымасцей так званай змяшанай рэальнасці HTC Vive і праводзілася канферэнцыя “Дзелавы інтэрнэт-2016”.

/i/content/pi/cult/613/13649/11-1.jpgнавацыі — культуры

Таксама падчас форуму можна было пратэсціраваць нейронны інтэрфэйс, акуляры ад “Google”, надрукаваць падвесак на 3D-прынтары, пагартаць кніжныя навінкі пра найноўшыя тэхналогіі і паслухаць спікераў. Прычым, тэмы дакладчыкаў былі абсалютна розныя: хтосьці з іх распавядаў пра тэхналогіі VR — віртуальнай рэальнасці, нехта — пра магчымасці машыннага інтэлекту ці — інтэрнэт-рэчаў, а іншыя засяроджваліся на тым, што прынясуць беларусам чат-боты (праграмы для размоў з наведвальнікамі сайта) і месэнджары для імгненнага абмену паведамленнямі.

Ды і для сферы культуры Беларусі, як заўважалі некаторыя дакладчыкі, у перспектыве адкрываюцца самыя вялікія магчымасці.

— Напрыклад, чат-бот, які размешчаны на сайце тэатра ці кінатэатра, можа дапамагчы ў выбары білетаў, параіць лепшыя месцы для тых, хто мае слабы зрок, і нават прапанаваць наведаць іншую пастаноўку ці фільм з улікам зацікаўленасцей карыстальніка, — адзначыў карэспандэнту “К” заснавальнік сэрвісу “Blinger.io” Яўгеній Бясчаснаў. — Далей названыя тэхналогіі будуць толькі развівацца і ўдасканальвацца, так што варта гэта ўлічваць пры планаванні сваёй работы ўжо сёння.

Цяпер з дапамогай чат-ботаў можна замаўляць нумары ў гатэлях, атрымліваць паведамленні пра час дастаўкі замоўленага, падпісвацца на рассылкі ад кампаній і рабіць многа чаго яшчэ. Вынікае, што чацвёртая тэхналагічная рэвалюцыя, пра якую многа казалі падчас канферэнцыі, таксама хутка прыйдзе (ці ўжо прыйшла?) у сферу культуры Беларусі. Іншая справа, што яе работнікі могуць аказацца да яе проста не падрыхтаванымі: многія буйныя ўстановы дасюль не маюць сваіх сайтаў, асабліва ў раёнах, ды і з інтэрнэтам бібліятэкары, музейшчыкі ды клубнікі не так ужо і моцна сябруюць, пра што неаднойчы пісала “К”.

Дзе ты, чалавек?

Як адзначаў на форуме дырэктар па маркетынгу кампаніі “Яндэкс” Андрэй Сябрант, галоўны вынік сённяшняй тэхналагічнай рэвалюцыі наступны: інфармацыйныя тэхналогіі сталі аперацыйнымі. Таму сёння машына сама прымае рашэнні за чалавека і амаль не патрабуе для свайго функцыянавання ўдзелу аператараў ці кантралёраў. Адсюль — з’яўленне ў недалёкай будучыні таксі без вадзіцеляў, рабатызаваных заводаў без жывых рабочых і знікненне такой прафесіі, як перакладчык. Напрыклад, у месэнджары “Скайп” ужо сёння працуе тэхналогія, дзякуючы якой пераклад размовы адбываецца аўтаматычна.

— А каб зрабіць прыцягальнай установу культуры, можна выкарыстоўваць самыя розныя модныя трэнды, — адзначыў “К” галоўны рэдактар партала Cossa.ru Андрэй Канавалаў. — Напрыклад, калі нядаўна ва ўсім свеце буяла “пакемонаманія”, “Ашчадбанк Расіі” выйшаў на рынак з прапановай застрахаваць кліентаў, якія пацярпелі падчас “лоўлі” пакемонаў. Чаму б установам культуры таксама не “лавіць” падобныя трэнды і, скажам, не абвяшчаць конкурсы на лепшага наведвальніка ў касцюме пакемона ці на лепшага “лаўца” мульцяшных герояў?

Кажучы іншымі словамі, быць у трэндзе і такім чынам прыцягваць увагу людзей да сваіх сайтаў, устаноў, праектаў — не нейкая віртуальная будучыня, а надзённыя рэаліі сённяшняга жыцця. Праўда, модны трэнд не толькі хутка нараджаецца, але і імкліва знікае. Але ж, натуральна, адразу нараджаецца новы, які таксама можна “злавіць”. Так што чалавечы фактар пакуль ніякая чацвёртая тэхналагічная рэвалюцыя яшчэ не адмяніла і наўрад ці адменіць. Бо што ні кажы, а генерыраваць новыя ідэі і фантаніраваць цікавымі праектамі ніякі робат пакуль не здатны. Ну а ў тыя ўстановы, дзе замест крэатыву пануе прынцып “абы дзень да вечара”, можна і робата паставіць. Усё адно гэтай замены ніхто не заўважыць.

Краўддзеянні

Пасля канферэнцыі я пачаў марыць пра тое, каб на сайце “К” напрыканцы праблемных і злабадзённых матэрыялаў з’явілася кнопка “Дапамагчы”. Скажам, пішам мы пра тое, што дзесьці калектыву не хапае грошай на гастрольную паездку за мяжу, — і адразу ж, націснуўшы гэтую кнопку, любы наведвальнік рэсурсу мог бы пералічыць для ансамбля хоць якую суму ахвяраванняў. Пішам пра недахоп касцюмаў, апаратуры, кадраў, пра патрэбу рамонту ў нейкім СДК — і неабыякавыя чытачы аказваюць пасільную фінансавую дапамогу гэтай установе культуры, а валанцёры прыходзяць і дапамагаюць культработнікам з афармленнем сцэны для мерапрыемстваў, аддаюць ім у часовае карыстанне свой музычны цэнтр ці прапануюць пакасіць траву каля сельскага клуба, дзе працуе толькі адзін загадчык сталага веку…

Па падобнай тэхналогіі працуе сёння часопіс “Імёны”, пра які падчас канферэнцыі расказвала кіраўнік партала Кацярына Сінюк. Журналісты пішуць вострыя сацыяльныя матэрыялы і просяць сваіх чытачоў адгукнуцца — ці грашыма, ці ў якасці валанцёраў. Убудаваны на партале сэрвіс з кнопкай “Дапамагчы” адсылае патэнцыйных ахвярадаўцаў на сайт адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы Беларусі, дзе можна здзейсніць аплату з выкарыстаннем інструментаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання праз сістэму інтэрнэт-банкінг. Сёння многія людзі ўжо дапамаглі тым, пра каго распавядалася ў артыкулах на сайце: у дамах састарэлых, інтэрнатах, бальніцах з’явіліся дадатковыя санітары і нянечкі, была набыта неабходная мэбля і зроблены рамонт памяшканняў... Ды і сам сайт атрымаў падтрымку ад сваіх чытачоў: за 4 месяцы было пералічана каля 21 тысячы долараў на яго дзейнасць. Рэальны прыклад краўдфандынгу ў дзеянні. А таксама, магчыма, і тая будучыня, якая тым ці іншым чынам чакае як малыя, так і буйныя інфармацыйныя парталы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Бо, як вынікае, сёння журналісты могуць уздзейнічаць на розныя жыццёвыя рэаліі не праз канстатацыю ці апісанне нейкай праблемы, а спрыяючы яе вырашэнню. Уяўная “чацвёртая” ўлада такім чынам паступова робіцца рэальнай і запатрабаванай.

Фота прадастаўлены аргкамітэтам форума

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"