Адкрыцці ад эстрадніка

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Аляхновічы / Добрыя артысты ёсць. Чаму ж у публікі недавер?
У аграгарадку Аляхновічы, што размешчаны ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, ёсць будынак, у якім знаходзіцца літаральна ўсё. А менавіта: сельскі выканаўчы камітэт, аддзяленні пошты ды банка. Таксама ў будынку яшчэ размешчаны і ўсе ўстановы культуры колішняй вёскі — дзіцячая школа мастацтваў, дом культуры ды бібліятэка. Вось іх мы і адправіліся “абследаваць” з салістам Маладзёжнага тэатра эстрады Яўгенам ЕРМАЛКОВIЧАМ, які і нарадзіўся на той зямлі. І дзяліцца з вамі ўспамінамі артыста пра тое, як гэтыя агмені функцыянавалі раней.

/i/content/pi/cult/613/13648/10-1.jpgДзякуй маме!

Традыцыйны ў маіх апошніх камандзіроўках аблом чакаў з бібліятэкай, загадчыца якой была ў адпачынку. Мала таго, не працаваў у “дзень X” і ДК, дырэктар якога з’ехаў па справах запланаваных, даўшы падначаленым адпачынак (яны працавалі 7 лістапада ў Доме культуры на святочным мерапрыемстве, у свой законны выхадны). Так што з дзейнасцю гэтых устаноў культуры, на жаль, мы не змаглі азнаёміцца. Так, толькі чутак паднабраліся. Таму адсутнасць меркаванай інфармацыі я кампенсую звесткамі іншымі, як мне здаецца, таксама ў нечым актуальнымі. Але аб усім па парадку, не забыўшыся пра ДШМ...

Творчыя гены перадаліся Яўгену, у першую чаргу, праз дзядулю па лініі мамы — музыканта-самавучку, што даваў канцэрты па вечарах для ўнука на гармоніку ды скрыпцы, і дзядзьку-гарманіста. У дзіцячым садку Жэня спяваў і іграў у спектаклях, за гэтую іскру, выяўленую ў ім, Ермалковіч не стамляецца дзякаваць музычнаму кіраўніку Ірыне Паўкалас. Тады ж ён “пайшоў” і па конкурсах. У агульнаадукацыйнай школе спяваць не кінуў, але ў філіял музычнай быў прыняты па класе... домры (спадабаўся інструмент, але авалодваў ён яшчэ і iгрой на фартэпіяна, прагульваючы ўрокі сальфеджыа). У канцы 1990-х, пачуўшы па тэлевізары аб наборы ў фольк-тэатр “Госьціца”, мама павезла сына ў Мінск на праслухоўванне, якое той паспяхова прайшоў. І стаў тры разы ў тыдзень матацца на электрычцы з Аляхновiчаў і назад. Праз два гады зноў па “наводцы” мамы адабраўся ў мiнскую студыю эстраднай песні тэатра дзіцячага мастацтва “Каларыт”, а ў 2002-м паступіў у сталічны... будаўнічы каледж. (Першая яго ў жыцці прафесійная спецыяльнасць — маляр-тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік. Да атрымання працоўнай адукацыі яго схілілі сваякі, зыходзячы з вытлумачальнага: няхай спачатку будзе сініца ў руках — прафесія, якая заўсёды пракорміць, а потым ужо можна будзе падумаць і пра жураўля, пра тое, да чаго насамрэч імкнецца душа.) Пасля заняткаў у ім ездзіў у Маладзечна ў эстрадную студыю “Жывы гук” пры мясцовым Палацы культуры (тагачасны расклад юнака ў буднія дні: пад’ём а 5-й раніцы, у 6.10 электрычка на Мінск, па заканчэнні пар — дарога ў Маладзечна, а 21-й — дадому ў Аляхновічы).

— Але ў каледжы я таксама больш выступаў, чым будаваў, — прызнаецца Яўген. — Мой майстар, даведаўшыся пра мае спевы, мне так і сказала: “Я цябе мучыць не буду, ты — натура творчая”. Аднак пра тое, каб звязаць сваё жыццё з прафесійным мастацтвам, я не думаў.

Тым не менш, апошнія паўгода вучобы ён паралельна наведваў падрыхтоўчыя курсы пры кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Некаторыя педагогі з сарказмам назіралі за намаганнямі маладога чалавека, маўляў, і куды ён такі ўвесь з сябе будаўнічы, без профільнай сярэдняй ды ў наш храм? Дзякуючы падтрымцы загкафедры Альбіны Пякуцька, “на злосць” скептыкам асновы Ермалковіч асвоіў, прабелы ліквідаваў, экзамены здаў і — добры дзень, універ!

Сумна, таварышы…

Дзверы залы Дома культуры нам усё ж адчыніліся. Дзіўнае ўражанне ён ствараў. Цалкам прыстойная сцэна, грымёрка — больш-менш, і сама глядзельная зала — нейкая “пабітая”. Нічога іншага ад сябе я нагаворваць на ДК не стану, таму як, паўтаруся, абсалютна аб'ектыўную інфармацыю аб яго дзейнасці атрымаць не удалося, а таму перадам слова Яўгену.

— У Аляхновічах я дакладна бываю разоў шэсць на год, — кажа Яўген. — Натуральна, гляджу, што адбываецца ў ДК, размаўляю з яго супрацоўнікамі. Калі параўнаць тое, якім у ім было жыццё ў тыя мае гады, з цяперашнімі днямі, — апошнія прайграюць. І канцэртаў прыезджых артыстаў мала, і дзяцей менш ходзіць у гурткі, хоць база тут нядрэнная, магу выказаць здагадку, што прысутнічае тут водгалас бяды многіх сельскіх дамоў культуры, дзе аўра цяпер... нейкая не такая, ці што? Не так ярка, не так крэатыўна, не так цікава. Чыя ў тым віна — кіраўнікоў, дзяцей, іх бацькоў? Не ведаю.

Вось і мясцовыя інсайдары нам паведамілі, што дарослыя наведваюць ДК не асабліва актыўна. Ні Дарафеева іх не вабіць, ні любы з Калдуноў: выступленні сталічных зорак “злятаюць” нярэдка, як ні спрабуе ўстанова адгадаць з коштамі.

— А навошта вам такі ДК, калі вы ў яго не ходзіце? — спытаў я ў тых самых інсайдараў.

— ...Усё роўна патрэбен, — падумаўшы, адказалі тыя. — Хоць дзецям ёсць куды пайсці.

— Ходзяць? — не адставаў нудны я.

— ...Ну, ходзяць.

Ермалковіч шмат выступае па краіне, і таму да яго меркавання варта прыслухацца. На погляд артыста, сельскія дамы культуры ў сваёй масе калі не гінуць, дык марнеюць на вачах (“год таму прыязджаў, было дрэнненька, сёлета — ужо амаль зусім ніяк”). Гэта тычыцца і працы, што вядзецца там, і матэрыяльна-тэхнічнай базы, і ўтрымання будынкаў наогул, і адносінаў персаналу:

— Сутыкаюся нават з такімі рэчамі, што часам адміністрацыя ледзь не ўпадае ў ступар, калі я прашу, каб у грымёрцы быў чайнік! Далей няма куды! Няма лішняга чайніка, і ўсё тут. І прасавальнай дошкі няма. Зімой — абагравальніка. Я ўсё разумею, разумею, у які няпросты для эканомікі краіны час жывём. Але такія кіраўнікі і раней лішняга ў сваёй дзейнасці сабе не дазвалялі, я ж памятаю. І цяпер яны працуюць “ад і да”, не больш, усё робяць па інструкцыі, а мы, мiнскія выканаўцы, быццам бы ворагі для іх. Яны ўласную крыўду на жыццё як бы на нас спаганяюць: “Вам тут не Мінск, “звездите” там”, кажуць. Удакладню, не ўсюды такое, але сустракаюся з падобнымі рэчамі рэгулярна, калі ва ўстановах культуры культуры няма, ні ў вузкім сэнсе, ні ў шырокім. І з якім настроем мне выходзіць на сцэну?..

Настрой артыста паляпшаецца, калі ён чуе выканаўцаў народных песень, бачыць, як захоўваюцца і аднаўляюцца абрады. Прычым, мяркуе ён, шмат у чым рэнесанс гэты ідзе з Мiнска, выпускнікі сталічных ВНУ, звязаных з культурай і мастацтвам, вязуць іх традыцыйныя для беларускай гісторыі формы ў рэгіёны. Такі вось, паводле логікі Яўгена, парадокс.

Добра, што зачынена

Бібліятэка. Зачынена і знутры будынка, і звонку. Маме спевака, Ганне Зянонаўне, пакуль “падсілкавацца” з яе няма чым. Яўген таксама калісьці быў сюды запісаны, хоць, па ўласным прызнанні, да кніг з вялікай літары “к” ставіўся халаднавата, абмяжоўваючыся школьнай праграмай. У чытальнай зале гартаў часопісы, у якасці “палп фікшн” спыняў свой выбар на, з дазволу сказаць, творах Юліі Шылавай ды нятленках Дар’і Данцовай. А што, самае тое для электрычак! Сябры юнацтва таксама не асабліва імкнуліся да Купрына з Гамсунам, у вольны час кампанія больш любіла пашкоднiчаць (у меру і без калякрымiнальнага) на вуліцы. Гады нічога не змянілі ў Ермалковiчы ў плане кнігі (“не аматар я пачытаць мастацкую літаратуру”), таму, можа, і да лепшага, што ў бібліятэку мы не патрапілі...

Як ва ўсіх

На час водпуску дырэктара Дзіцячай школы мастацтваў яго абавязкі выконвае выкладчык флейты Юлія Фалей. У ДШМ навучаецца 86 дзяцей з Аляхновiчаў і бліжэйшых вёсак (класы флейты, фартэпіяна, баяна, скрыпкі, цымбалаў, гітары, эстрадных спеваў). Аплата — ад 6 рублёў 40 капеек да 8 рублёў 20 капеек штомесяц.

— У большасці нашых выхаванцаў музыка ў далейшым застаецца як хобі ці ўспамін пра дзіцячае захапленне, — кажа Юлія Уладзіміраўна, — але кожны год чатыры-пяць выпускнікоў, а то і больш вырашаюць працягнуць навучанне ў сярэдніх і вышэйшых музычных навучальных установах, а калі так адбываецца, мы лічым, што працуем не дарма.

Вучні ДШМ выступаюць не толькі ў Аляхновічах, дае канцэрты яе хор. Праўда, бясплатныя. Зарабляе ўстанова на падрыхтоўчым класе для самых маленькіх ды на студыі, дзе таксама на платнай аснове сёння спасцігаюць навуку музіцыравання два старшакласнікі (кошт 12 — 14 рублёў). Вось толькі сродкаў гэтых не хапае ні на набыццё новых інструментаў, ні на рэстаўрацыю старых, ні на капрамонт памяшканняў школы, які патрэбен ужо ўчора. Лакальную афарбоўку, пабелку, паклейку ажыццяўляюць уласнымі сіламі, часам матэрыяльна-тэхнічнай базе шанцуе з бюджэтным фінансаваннем, а дапамога інструментам прыходзіць часцяком ад педагогаў (у асноўным яны з Маладзечна), калі пускаюцца ў ход рублі асабістыя. Некалькі гадоў таму з купляй неабходнага для школы інвентара дапамаглі замежныя спонсары, а цяперашняе нязначнае абнаўленне мэблевага фонду ідзе за кошт адной з аптымізаваных устаноў культуры, якая знаходзілася ў вёсцы, непадалёк ад Аляхновiчаў.

— І яшчэ адчуваем патрэбу ў нотным матэрыяле, — паведамляе спадарыня Фалей. — Нот беларускіх кампазітараў амаль няма, я так разумею, яны слаба выдаюцца сёння. Але выкручваемся, з кімсьці ідзем на наўпросты кантакт. Нас разумеюць, аўтары матэрыял даюць, за што ім дзякуем.

Сёлета Ермалковіч адзначыў сваё трыццацігоддзе ды дзесяцігоддзе прафесійнай творчай дзейнасці. Ён працаваў у Нацыянальным канцэртным аркестры, у Прэзідэнцкім, у ансамблі “Сябры”. Артыстычны асяродак вывучыў дасканала. Раздражняюць яго ў ім “панты на роўным месцы”, адсутнасць культуры сцэны ў некаторых калегаў, калі ні голас, ні добрая песня не могуць схаваць няўменне паводзіць сябе на пляцоўцы, з гледачом, няздольнасць падаць сябе публіцы яшчэ і праз знешняе, касцюм. І людзі адказваюць адпаведна, пераносячы непавагу да канкрэтнага выканаўцы на ўвесь айчынны шоу-бізнес.

— Нас, скажам так, папсавiкоў, не любяць, — канстатуе відавочнае спявак. — І не любяць не за нешта канкрэтнае (калі пачынаеш разбірацца з крытыкамі, дык, аказваецца, і аранжыроўшчыкі ў краіне ёсць, і вакалісты, і аўтары песень, і самі песні), а апрыёры. Усё лепшае, лічыцца, там, за мяжой. У той жа Расіі. І мне зразумелая праславутая крыўда Аляксея Хлястова, вось толькі забараняць нешта, некага нельга, вядома. Я — за канкурэнцыю. Мне нават цікава сваёй творчасцю разбураць міф, што беларускія эстрадныя артысты — гэта нуль. Ва ўсялякім выпадку, я імкнуся да таго, каб і пра мяне, і пра маіх таварышаў па сцэне сталі думаць інакш, больш добразычліва, аб’ектыўна.

І яшчэ адно адкрыццё ад нашага героя:

— Шчыра скажу, жыхары Аляхновiч да мяне ставяцца… па-рознаму. Ведаю, што ёсць тыя, хто мяне папракае ў тым, што я не даю тут бясплатных канцэртаў (але, дазвольце, гэта праца, вы ж не будзеце ў краме браць батон, не заплаціўшы за яго, таму што прадавец — ваш школьны таварыш). Але калі гэта не сольнік, калі гэта ўрачыстае мерапрыемства, значнае для аграгарадка, я выступлю без ганарару, ніякіх пытанняў!

Крык душы перапыніў гук мабільнага — спеваку паступіла замова на выступ. Ад нелюбові да рэалій — адно тэлефанаванне...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"