“Эсперанта” сучаснага мастацтва

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

“Мы выкарыстоўваем навінкі тэхналогій як малпы”
Былы дырэктар легендарнага берлінскага арт-цэнтра “Тахелес” Марцін РАЙТЭР, выстава якога цяпер працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, выглядае на сапраўднага гуру старой добрай контркультуры. Гэта той мастак, які ўсё яшчэ хоча змяніць свет да лепшага — і перакананы, што ведае, як гэта трэба рабіць. Аднак агонь у яго вачах спалучаецца з рахманасцю ды інтэлігентнасцю. Зрэшты, я вырашыў пагутарыць з ім не пра яго погляды на развіццё чалавецтва, але найперш пра беларускую прыроду, творчыя ідэі і саму выставу. І, вядома, пра той знакаміты шасціпавярховік у цэнтры Берліна, які цяпер стаіць спусцелым, прайграўшы бітву за выжыванне ў прагматычным свеце. Без сумневу, ён ужо ўвайшоў у гісторыю не толькі нямецкага, але таксама і беларускага мастацтва. Нехта падлічыў, што ў сукупнасці яго наведала “з творчым візітам” не менш за дзве сотні айчынных аўтараў.

/i/content/pi/cult/613/13644/13-1.jpg— Меркаванні пра “Тахелес” сустракаліся самыя розныя — у дыяпазоне ад “выспы мастацкай свабоды” і да “яшчэ аднаго турыстычнага месца”, дзе можна заўжды купіць наркотыкі. Дык чым жа “Тахелес” быў насамрэч?

— Усім, што вы пералічылі, прычым адначасова! Ведаеце, у жыцці так заўсёды здараецца — кожная рэч мае як добрыя, так і цёмныя бакі, і “Тахелес”, натуральна, не выключэнне. Сапраўды, там сноўдаліся натоўпы турыстаў, ды і драгдылераў нам так і не ўдалося адтуль вытруціць, нягледзячы на ўсе намаганні.

Але, у той жа час, цягам двух з гакам дзесяцігоддзяў “Тахелес” быў месцам плённага суіснавання процьмы творцаў не раўнуючы з усяго свету. І беларускі мастак Алесь Родзін там ужываўся, скажам, з тайваньскім музыкантам. У нас ніколі не ўзнікала непаразумення паміж пакаленнямі, і 60-гадовыя лёгка камунікавалі з тынэйджарамі. Больш за тое, у “Тахелесе” не было розніцы паміж высокай культурай і андэрграўнднай, паміж сур’ёзнымі і дураслівымі рэчамі. На адным паверсе мог выступаць сімфанічны аркестр, а на наступным — грымець панк-канцэрт. У адным будынку змяшчаўся цэлы свет творчасці, прычым заўсёды адкрыты для новага. Думаю, менавіта таму гэты арт-цэнтр стаў такім прыцягальным для наведвальнікаў — іх у нас было больш, чым дзе яшчэ ў Берліне, у сярэднім недзе тысяча штодзень. “Тахелес” ніколі не прыносіў грошай, але шалёны поспех сведчыў за тое, што мы былі на верным шляху. Увогуле, мне вельмі падабаецца, калі людзі вымаўляюць “Тахелес”. На ідзіш гэта значыць “казаць праўду”, і самі словы, напэўна, неяк уздзейнічаюць на свядомасць.

 — А ці магчыма гэта ўсё аднавіць?

— Думаю, у Берліне — ужо не. Бо сам Берлін не той. Кожны час мае сваю асаблівасць, і многае паспела змяніцца. Заўважце, я не кажу адназначна, што ўсё мяняецца менавіта да горшага — зусім не! Берлін усё болей аб’ядноўваецца, у мастацтве развіваюцца новыя неверагодныя з’явы — скажам, на электроннай сцэне, пра якую я шмат ведаю дзякуючы свайму сыну-музыканту. З іншага боку, як і ў вас у Мінску, у нас таксама ўсё больш вырастае парожніх, безыдэйных будынкаў, створаных толькі дзеля таго, каб прыносіць грошы.

— Мінск наогул часта параўноўваюць з Берлінам, прычым не на нашу карысць…

— І дарэмна. Як мне падаецца, у нашым метро людзі выглядаюць куды больш заклапочана, чым літаральна пару гадоў таму. У іх з’явіўся страх перад будучыняй, а калі ты баішся, гэта ўздзейнічае і на твае ўчынкі. А вось калі я прыехаў у Мінск — ужо ў другі раз за тры гады — я заўважыў акурат адваротную тэндэнцыю: вочы маладых тут выпраменьваюць усё больш пазітыўнай энергіі.

— Сучаснае мастацтва ўяўляецца многім як свайго кшталту эсперанта — агульная мова, зразумелая самым розным народам. Ці сапраўды гэта так?

— Думаю, з гэтым можна пагадзіцца. Прынамсі, нам варта паспрабаваць такое паразуменне наладзіць. Але ў гэтай мовы заўсёды будуць розныя акцэнты. Прыкладам, нават электронныя музыканты з Мюнхена гучаць трохі іначай, чым з Гамбурга. У маёй роднай Аўстрыі людзі па-ранейшаму слухаюць аўстрыйскую музыку, чытаюць аўстрыйскую літаратуру, карыстаюцца сваім дыялектам. І гэта выдатна! Мы павінны быць адкрытымі для свету, але пры гэтым захоўваць сваю ідэнтычнасць.

— А ці адчуваеце вы гэтыя адметнасці тут, на Беларусі?

— Гэтым разам мой прыяцель Зміцер Юркевіч запрасіў мяне ў аўтобусную вандроўку (экскурсія па мясцінах Тадэвуша Рэйтана — І.С.), і я быў уражаны тым, якая ў вас цудоўная краіна. Я люблю сваю родную Аўстрыю, я лічу, што яна вельмі прыгожая, што ў нас дужа ветлыя людзі і гэтак далей. Але тут… ну проста “вау!”, поўнае захапленне!

Што мяне асабліва ўразіла, дык гэта некранутасць вашай краіны. Паміж паселішчамі тут — вялізныя незаселеныя прасторы. У Нямеччыне такога даўно ўжо няма, бо шчыльнасць насельніцтва куды большая. І што яшчэ вельмі рамантычна — гэта адсутнасць масавага турызму. Наведваючы цудоўныя месцы кшталту той закінутай сядзібы (сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы — І.С.), вы можаце нікога не сустрэць. У нас там было б прыгожа, дагледжана — і натоўпы наведвальнікаў! А яшчэ я ў захапленні ад вашых азёраў, якія выглядаюць сапраўдным раем. Тое ж возера Свіцязь…

Увогуле, вандроўка нагадала мне маю маладосць — часы, калі і ў Аўстрыі можна было заспець такія самыя мясціны: закінутыя касцёлы, дзікія лясы, азёры, пра якія амаль ніхто не ведае. Тады масавы турызм яшчэ не быў так развіты. Дарэчы, я маю намер вярнуцца сюды ўлетку з сям’ёй — але толькі ў тым выпадку, калі атрымаць візу будзе не надта складана. Зразумела ж, гэтая перашкода моцна даецца ў знакі для нас, цікаўных да вашай краіны замежнікаў.

— Не так даўно ў нямецкай прэсе з’явілася інфармацыя пра тое, што будынак “Тахелесу”, які ўжо пяты год стаіць спусцелы, збіраецца ўзяць пад сваю апеку сусветнавядомы мастак Ай Вэйвэй. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Яны проста спрабуюць камерцыялізаваць тую ідэю, якую ніколі не разумелі. Калі нас выкідалі на вуліцу, “Тахелес” падаваўся гораду непатрэбным, але потым выявілася, што ад той легенды, якую мы спарадзілі, так проста не пазбыцца, і таму было вырашана яе эксплуатаваць. І што з гэтага атрымаецца? Нейкі звычайны арт-цэнтр з моднымі галерэйкамі і майстэрнямі паспяховых мастакоў, дзе кожны метр будзе каштаваць вялізныя грошы. Ахоўнікі, відэакамеры — і ніякіх табе брудных прыбіральняў! Думаю, урэшце, “Тахелес” пераўтворыцца ў нейкі кшталт “Дыснэйлэнду”.

— Гадоў дзесяць таму “Тахелес” быў ці не адзіным у сваім родзе, але не так даўно толькі ў Мінску з’явілася некалькі даволі падобных да яго лофтавых прастораў — і яны ёсць ледзь не ў кожным буйным горадзе…

— І гэта здорава! На пачатку “Тахелес” не разглядаўся як нейкая ўніверсальная мадэль — ён узнік у канкрэтным месцы і ў канкрэтны гістарычны перыяд, адразу пасля падзення Берлінскага мура. Але потым сама ідэя пачала тыражавацца. З’явіліся новыя імпэтныя хлопцы — як, напрыклад, у прасторы “Верх”, дзе цяпер ідзе выстава майго добрага сябра Алеся Родзіна. І я гэтым магу толькі ганарыцца! “Тахелес” ніколі не меў капірайту, таму… бярыце ды карыстайцеся!

— І што, няўжо ў вас няма з гэтай нагоды рэўнасці?

— Я для гэтага занадта малады — мне ўсяго толькі 54! Да ўсяго, я такі псіхотык, які ніколі не сядзіць на месцы. І ў мяне столькі новых ідэй, што чапляцца за старыя папросту нецікава.

— Ваш праект “Лічбавы імператыў” — гэта бінарны код, спалучэнне нулёў ды адзінак, напісаны паверх розных выяваў…

— Я нібыта перагарнуў навыкруткі тую карцінку, якую мы звыкліся бачыць на экране манітора, ды выявіў яе сутнасць. Адна з самых істотных задач мастацтва — зрабіць нябачныя рэчы бачнымі.

— Але ж адкрытая вамі праўда выглядае даволі дэпрэсіўна. Вобразы, якія табе блізкія — напрыклад, фота тваіх дзяцей альбо каханай дзяўчыны — аказваюцца ўсяго толькі наборам лічбаў.

— Гэтая праўда можа падацца дэпрэсіўнай толькі тады, калі мы надта аддаліліся ад сутнасці жыцця. Мая каханая жонка і мае дзеці  — гэта рэальныя людзі. А карцінка, якую ты бачыш на экране, — гэта толькі карцінка. У рэшце рэшт, можна намаляваць партрэт твайго любімага чалавека ад рукі, і там ужо не будзе ніякага бінарнага кода.

— У гэтым праекце, напэўна, даецца ў знакі ваша адукацыя праграміста?

— У пэўнай меры, так. У адрозненне ад многіх, я ведаю, што з сябе ўяўляюць тыя дэвайсы, якімі сучасны чалавек карыстаецца ледзь не кругласутачна. І таму магу казаць пра пэўную пагрозу: калі ты нават не ўяўляеш, як функцыянуе твой смартфон, ён табе не прыналежыць! Прычым заўважце — я проста заклікаю да асцярожнасці, а зусім не выступаю супраць прагрэсу. Мы можам ужываць электронныя тэхналогіі для вырашэння вельмі важных праблем — напрыклад, каб рацыянальна выдаткоўваць энергію і не траціць лішняга. Але сёння мы выкарыстоўваем усе навінкі прагрэсу як сапраўдныя малпы.

— Страх, выкліканы рознымі цывілізацыйнымі праблемамі, спараджае ў мастака разгубленасць: што трэба рабіць, як рабіць — і наогул, ці трэба? Ці варта спрабаваць змяніць свет, альбо лепей замкнуцца ў сваім уласным?

— Думаю, гэта рашэнне ў кожным выпадку вельмі асабістае. Ты можаш рабіць нешта невялічкае на сваёй ніве, і сітуацыя крок за крокам будзе мяняцца. Асабліва калі любыя праблемы ўспрымаць найперш як шанс. Прыкладам, многім не падабаецца вынік выбараў у Амерыцы, але ніхто не разумее, што ён можа прымусіць заходняе грамадства задумацца адносна ўласных прыярытэтаў. Гэта вялікі і ўнікальны шанс, нішто іншае! І страх тут зусім недарэчны. Да таго ж, наўрад ці прыйдзе той дзень, у які ўсе праблемы знікнуць. Наш сусвет увесь час рухаецца, ён ніколі не будзе завершаны, і таму ніколі не наспее той момант, калі ўсё ў парадку. Зрэшты, давайце задумаемся: а што калі раптам такое здарыцца? Ці не памрэм мы тады ад нуды?

Фота Аліны САЎЧАНКА