"Бензін" для “Чарадзея”

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Фольк-рок-оперы патрэбен... Том Соер
Вядома, гэта асабіста маё меркаванне, але жанр рок-оперы і роднасныя яму буйныя формы ад айчыннага вытворцы не карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў меламана. Нават у “залатыя” гады “Песняроў” іх пастаноўкі “Песня пра долю” або “Гусляр” гледачы прымалі з меншым захапленнем, чым звычайныя канцэрты гэтага ВІА. З 1970-х нічога не змянілася. Рэдка, але хто-небудзь замахваецца на маштабныя iмпрэзы, аднак цікавасць да іх у публікі зніжаецца пасля некалькіх першых паказаў. Не, у тэатрах па-ранейшаму ідуць спектаклі, якія можна аднесці да дадзенага музычнага кірунку, узяць, да прыкладу, тую ж сапраўды адвечную “Адвечную песню” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. І ўсё ж такі гэтак доўгае яго сцэнічнае жыццё з’яўляецца, на мой погляд, выключэннем. А вядомы рок-музыкант Раман Арлоў (былы ўдзельнік гуртоў “Буржуазія”, “Чэхаў”, “J:морс” і іншых, адзін з заснавальнікаў праекта “У нескладовае”, лідарам якога ён працягвае быць) рызыкнуў пайсці супраць правілаў: 26 лістапада ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца прэм’ера яго фольк-рок-оперы “Чарадзей”...

/i/content/pi/cult/613/13643/12-1.jpg— Пра тое, што ўзяўся за нешта музычна-глабальнае, ты мне казаў гады з тры таму. Гэта яно?

— Яно. Папярэднікам можна назваць, напэўна, праект 2013 года “Беларусь — святая зямля!” тэлеканала “АНТ”. Я адчуў, што, акрамя песень, магу рабіць і штосьці... больш працяглае па часе. Пра музычны... манументалiзм я тады і задумаўся. Узяў загалоўную тэму з таго праекта як шкілет і пачаў нарошчваць на яго мяса. І нарасціў да такой ступені, што яго — матэрыялу ў цэлым — стала занадта шмат.

— І трэба было, як казала доктарка з фільма “Пакроўскія вароты”, “рэзаць да чортавай мацеры, не чакаючы перытанiтаў!”

— Дакладна: шмат — не заўсёды добра. А з нейкіх выкінутых кавалкаў, верагодна, атрымаюцца песні.

— Калі ты арыентаваўся на нейкія аналагі, дык больш імі былі нашы пастаноўкі ці замежныя?

— Вось якраз прыводзячы ў прыклад шэраг айчынных мюзіклаў, якія выйшлі ў апошнія гады, мяне дасведчаныя галовы папярэджвалі: “Глядзі, Рома, як бы не атрымаўся пшык: і гэты праваліўся, і той, а тут ты такі ўвесь з сябе, лезеш не ў сваю справу”. Праваліліся і праваліліся. Згадваючы Уладзіміра Мулявіна, пры ўсім маім трымценні перад ім, і ён у сваіх прытчах не дасягнуў таго ўзроўню, чаго дамогся, выконваючы, скажам шчыра, савецкую эстраду ды апрацоўкі народных песень. Божа мяне барані параўнаць сябе, маленькага, і такую велічыню, але, значыць, гэтая ніша ўсё яшчэ вольная, прынамсі, для эксперыментаў. У якасці ж прыкладаў я браў нешта англасаксонскае ды франкаў, той жа “Ісус Хрыстос — суперзорка”. Наогул глыбока занурыўся ў гісторыю гэтага музычнага жанру. Тое значыць, я быў гатовы стаць гэткім Томам Соерам, над якім спачатку ўсе смяяліся, а потым дружна прымаліся бяліць плот, гатовы быў стаць новым рухавіком у перазапуску айчыннай індустрыі мюзіклаў. Для мяне гэта сур’ёзны выклік, вельмі адказная спроба выйсці за рамкі таго ладу, у якім мяне прывыклі бачыць. Калі “Чарадзея”, магчыма, аднясуць да нацыянальных праектаў, я буду лічыць сваю місію на гэтай Зямлі выкананай. Дарэчы, я часткова пераклаў лібрэта на англійскую мову, калі што, перакладу на рускую, і ў ідэале разглядаю гэты праект як гісторыю міжнародную.

— Раман, напэўна, не лішнім будзе нагадаць чытачам, Усяслаў Чарадзей (а гаворка якраз пра яго) чаму заслужыў тваёй увагі да такой ступені, што больш ты маўчаць не мог...

— Гэта чалавек, які пад 60 гадоў кіраваў Полацкім княствам. Пры ім яно дасягнула найбольшага росквіту ў сваёй гісторыі. Тое, за што ён ваяваў у XI стагоддзі, сёння як ніколі актуальнае, калі наша краіна знаходзіцца ў цэнтры барацьбы многіх сусветных сіл, калі, каб выжыць, не страціўшы незалежнасць, нам усім трэба сабрацца ў адзіны кулак. І апошняе: Ефрасіння Полацкая — унучка Чарадзея...

— Аўтар матэрыялу ты?

— І музыку, і лібрэта напісаў я. Сам жа і зрэжысіраваў спектакль, спяваю ў ім. Два апошнія гады я супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным цыркам, так што вопыт працы з вялікімі формамі ў мяне ёсць. Плюс прадзюсарства відэакліпаў, сачыненне для іх сцэнарыяў. Плюс генетыка таты (бацька Рамана — пісьменнік, гісторык Уладзімір Арлоў — А.К.).

— А хто ўвасобіць прыдуманае табою?

— Касцюмы (іх спачатку будзе няшмат) стварыла мадэльер Дзіяна Кныш, выпускніца кафедры дызайну Інстытута сучасных ведаў. Студэнты эстраднага аддзялення гэтай жа ўстановы сыграюць другарадных персанажаў, у галоўных ролях — саліст ансамбля “Купалінка” Уладзімір Сцепанкоў, Кацярына Поцюс — асноўная вакалістка гурта “У нескладовае” — і Вольга Касцючэнка, таксама з “Купалінкі”. За відэаэфекты адказваюць навучэнцы ўсё таго ж ІСВ з кафедры дызайну, якія спецыялізуюцца на віртуальным асяроддзі, рэжысёрам шоу выступае Уладзімір Палішчук. Аркестрам стане гурт “У нескладовае”. Будуць “special V.I.P.-stars” — інструменталісты і вакалісты.

— Няўжо хто-небудзь з тых, з каго некалі пачынаўся сенсацыйны калектыў “Ў”, дзе запрошанымі салістамі былі Аляксей Хлястоў, Алег Хаменка, Аляксандр Памідораў, Уладзімір Пугач, Віктар Рудэнка, Яўген Чалышаў, Віталь Артыст, Аляксей Смалякоў, Руся, Ганна Хітрык?!.

— Без каментарыяў, але сюрпрызы абяцаю.

— Канстанцін Бурдаеў з расійскага гурта “Браты Грым”, якога ты прыцягваеш да супрацоўніцтва з “У нескладовае”, ведае аб прэм’еры?

— Ведае. У яго ёсць цікавасць да рок-оперы. Пакуль гэта ўсё, што я магу сказаць.

— Чаму пляцоўкай абраная сама Беларуская дзяржаўная філармонія?

— Таму што ў мяне добрыя партнёрскія адносіны з яе супрацоўнікамі. А, напрыклад, Алег Літвінюк, дырэктар філарманічнага фальклорнага гурта “Купалінка”, яшчэ на самым раннім этапе стварэння твора ў яго паверыў і ўсяляк садзейнічаў таму, каб ён прэзентаваўся на гэтай сцэне. Карыстаючыся выпадкам, хачу назваць яшчэ двух чалавек, не з філармоніі, якія таксама паверылі ў праект: гэта Сяргей Хоміч — першы намеснік старшыні праўлення Другога нацыянальнага тэлеканала і Павел Каранеўскі — намеснік генеральнага дырэктара Сталічнага тэлебачання. Асцярожна спадзяюся, што рок-опера будзе знятая нашым ТБ. Урэшце, хацеў бы выдаць работу на відэаносьбіце, а фрагментарна, кліпамі з часам выкласці ў інтэрнэце.

— Такім чынам, ідэі твае ды тваіх паплечнікаў, а “бензін” чый?

— Праект зараз існуе на невялікія, адносна, сумы, якія рэальна патрабуюцца для пастаноўкі гэтага мюзікла, ахвяраванні вузкага кола партнёраў.

— Суцэльныя сакрэты! Выдай, калі ласка, якія-небудзь дэталі падзеі.

— Канцэптуальна пастаноўка ўяўляе з сябе тэатральна-музычную iмпрэзу — рок-твор з элементамі фольку. У цэнтры сюжэта — Усяслаў Чарадзей, яго апаненты ды ворагі, сябры, але гэта не пераказ летапісу: я пагрузіў у апавяданне вядомых гістарычных беларускіх фiгур, некаторых з дзеючых асоб перанёс у тыя далёкія стагоддзі з сучаснай Беларусі, гэта значыць, з містыкай усё ў парадку. Вакол вызвалення Чарадзея з кіеўскай вязніцы і будуецца фабула: што ён вытрымаў, знаходзячыся ў ёй, у што давялося паверыць, з’яўленне яму дзяўчыны з нашага часу. Гэта будзе паўтары гадзіны “жывога” гуку. Дэкарацый як такіх няма, іх заменіць, як я ўжо казаў, мультымедыя-кантэнт — відэашэраг. У далейшым пастаноўцы, вядома ж, патрэбныя і дэкарацыі, і касцюмы, і харэаграфія ў большым аб’ёме. І іншыя пляцоўкі, бо філармонія гэта перш за ўсё канцэртная зала. Каб ты мяне спытаў, хто ў пастаноўцы на сябе “цягне коўдру” — музыка або тэкст...

— Пытаюся.

— У якісьці момант я канчаткова вырашыў, што тэксты павінны быць лакальныя, славесных “доўгіх кашуль” не мае аказацца, іх лепш замяніць дзеяннем, а яшчэ лепш — музычнымі нумарамі, але — інфарматыўнымі.

— Дазволь напрыканцы рытарычнае пытанне: навошта яно табе трэба? Амаль усе беларускія пастаноўкі падобнага кшталту пры іх, скажам так, бясспрэчнай культурна-ідэалагічнай каштоўнасці камерцыйна былі не вельмі паспяховымі. Табе дастаткова першага?

— Некаторы час таму я жыў у Маскве, ледзь не забыўся на тое, што недзе ёсць радзіма. І — зноў аб містыцы (толькі не смейся) — гэта Усяслаў Чарадзей скрозь стагоддзі працягнуў мне руку і сказаў: “Рома, вяртайся ў Мiнск і зрабі так, каб пра мяне даведалася больш шырокая аўдыторыя. Што я не столькі твар з этыкеткі алкагольнага напою, колькі гістарычная фігура. Ты павінен нешта пра мяне скласці”. І гэта Усяслаў Чарадзей працягвае руку беларусам, як бы кажучы: памятаеце, хто вы ёсць, свае гісторыю, нацыю, зямлю, мову, культуру. У 2029 годзе мы будзем адзначаць тысячу гадоў з дня нараджэння Чарадзея. Спадзяюся, да гэтага часу ў беларускай сталіцы з’явіцца яму помнік…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"