Прадай сябе! Калі здолееш...

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

За гісторыяй, расцягнутай на гадзіну-паўтары на вялікім экране, стаяць месяцы, а часам і гады карпатлівай працы. Вядома, як і ўсялякі прадукт, кіно патрабуе сродкаў, не толькі творчых, але і матэрыяльных. З апошнім у беларускіх кінематаграфістаў справы ідуць пакуль што аб’ектыўна слабавата. “Беларусьфільмаўцы” спадзяюцца на Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў. Незалежным аўтарам і зусім даводзіцца здымаць выключна за свой кошт. Індустрыяльная платформа фестывалю “Лістапад” нагадала яшчэ адзін спосаб, калі годны сцэнарый можна пераўтварыць у кіно — пітчынг.

/i/content/pi/cult/613/13641/5-1.jpgЗаморскі падарунак

Давайце нагадаем, што, уласна, азначае тэрмін "пітчынг". Ён прыйшоў да нас з Захаду, дзе на жаргоне прафесійных кінадзеячаў літаральна азначае “выстаўляць на продаж”. З часам хаатычны пошук грошай на здымкі часцей за ўсё малабюджэтных карцін аформіўся ў рытуал прэзентацыі кінапраекта перад патэнцыйнымі спонсарамі. Па традыцыі, якая склалася, аўтар на працягу пяці хвілін распавядае ўсю неабходную інфармацыю пра фільм, дэманструе рабочыя матэрыялы, спадзеючыся злавіць “на кручок” партнёра для рэалізацыі праекта. Вядома, на плаву застаюцца лепшыя з лепшых.

У краінах постсавецкай прасторы сістэма кінапітчынга з’явілася толькі з сярэдзіны 2000-х. Паступова яе на ўзбраенне пачалі браць фестывалі, а пасля — дзяржаўныя і прыватныя кінаінстытуты. Напрыклад, расійскі “Фонд кіно” і ўкраінскае “Дзяржкіно” на сёння здзейсняюць адбор праектаў на конкурснай аснове, прычым працэдура арганізавана празрыста для грамадскасці і СМІ.

У Беларусі з 2012 года з’явіўся Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, удзельнічаць у якім упоравень з нацыянальнай студыяй “Беларусьфільм”, змаглі і прыватныя кампаніі. Сама працэдура разгляду заявак адбываецца так: аўтар дасылае па заяўленай тэме сцэнарый на пошту Міністэрства культуры, а яго прапанова ўдзельнічае на партале дзяржзакупак. Тое, што інфармацыя пра крытэрыі адбору заявак, склад камісіі аказваюцца цяжкадаступнымі аўтарам і кінасупольнасці, не ідзе на карысць ініцыятыве. І, магчыма, варта прыняць да ўвагі лепшае ад працэдуры таго ж пітчынгу, дзе кожная заяўка і аўтар, а таксама і суддзі — навідавоку.

Паўнавартасна ж карыстацца уласна пітчынгам у Беларусі пачалі "знізу", дзякуючы энтузіястам. Самы свежы прыклад — адукацыйная сустрэча “Documentary hub” у Акадэміі мастацтваў, зладжаная камандай фестывалю “Паўночнае ззянне”. У той час, калі ясныя крытэрыі адбору, агучванне складу журы, публічнае абмеркаванне сцэнарных ідэй сыграла б толькі на карысць працэдуры. Таксама “лакальны” конкурс адбыўся ў 2015 годзе ў рамках творчага праекта “Kinosprint”, дзе журы абрала сцэнарыі кароткаметражных фільмаў на экалагічную тэматыку. Зараз жа за пітчынг грунтоўна ўзяўся “Лістапад”. І, трэба адзначыць, не беспаспяхова.

Пітчынг усяму галава

Вялікая кампанія сімпатычных маладых людзей увечары ў фестывальны чацвер па чарзе выступала. Адны з іх нярвова жартавалі, іншыя — імкнуліся быць сур’ёзнымі, але пры гэтым усе распавядалі, гледзячы на аўдыторыю, важныя для іх рэчы па-англійску. Незнаёмы чалавек прыняў бы гэта прадстаўленне за нефармальныя курсы замежнай мовы і памыліўся б. Менавіта так індустрыяльная платформа “Лістапада” правяла адкрыты адукацыйны пітчынг, у якім удзельнічала 16 праектаў беларускіх рэжысёраў. Куратарамі ў ім выступілі Алекс Шыраеў і Віктар Нурдэншольд, прадстаўнікі міжнароднага праекта “B2B”, які аб’ядноўвае кінадакументалістаў ад Балтыкі да Чорнага мора.

Каардынатар платформы Лізавета Бобрыкава распавяла, што сёння наспела неабходнасць у правядзенні адукацыйных мерапрыемстваў. Стала відавочным, што ў беларускіх рэжысёраў (з-за адсутнасці развітага інстытута прадзюсавання) няма дастаткова багатага досведу прадстаўлення сваіх праектаў на міжнароднай арэне і разумення камерцыйнага патэнцыялу праекта, прынцыпаў работы міжнароднага кінарынку. Адкрыты конкурс акурат і створаны, каб аўтары здолелі прайсці прафесійную падрыхтоўку і якасна змянілі прэзентацыю праекта. Калі апошні плануецца да выхаду на капрадукцыю або міжнародныя фестывалі, гэты момант павінен быць прадугледжаны на ўзроўні ідэі і сцэнарыя.

Што да прадстаўнікоў “B2B DOC”, якія прыязджалі летась на фестываль з прэзентацыяй сваёй ініцыятывы, то іх асноўны інтарэс — наладжванне сувязей і падтрымка праектаў з нашага рэгіёну. Алекс Шыраеў і Віктар Нурдэншольд на практыцы знаёмыя са спецыфікай беларускага фінансавання, развіцця кінаіндустрыі і ўзаемастасункамі з дзяржаўным сектарам у кінасферы. Яны “прынятыя” на міжнародных дакументальных фестывалях, ведаюць, як “зрабіць правільна”, і могуць дапамагчы беларускім аўтарам не толькі словам, але і справай.

Вучым англійскую

Хоць пітчынг насіў дакументальны характар, арганізатары патлумачылі, што ў гэтым не было наўмыснага абмежавання — запрошаныя цьютары спецыялізуюцца на даккіно. Таму было прынятае рашэнне адабраць найлепшыя дакументальныя праекты для дэтальнага разбору і прадаставіць доступ на трэнінг усім удзельнікам, у тым ліку аўтарам ігравога кіно, якія перапрацоўвалі свае праекты на прыкладзе дакументальных фільмаў.

Нюансы адбору. Па словах Лізаветы Бобрыкавай, атрыманыя матэрыялы часцяком не мелі структуры і логікі апавядання. За нагрувашчваннем тэксту складана было ўбачыць саму ідэю і тое ўнікальнае аўтарскае бачанне, якое стала відавочным пры асабістай сустрэчы. “Нават пры наяўнасці добрай ідэі аўтары часцяком не могуць сфармуляваць з яе камерцыйную прапанову, якая інтрыгуе, — кажа каардынатар Індустрыяльнай платформы, пазначаючы “працу над памылкамі”, якую варта наперад правесці рэжысёрам.  — Не разумеюць, што выходзячы на пітчынг, яны не просяць міласціню, а прапаноўваюць уступіць у паўнавартасныя партнёрскія зносіны, карысныя як для аўтара, так і для прадзюсара або прадстаўніка тэлеканала ці фонда”.

Многія праекты ў далейшым могуць не атрымаць належнай падтрымкі і фінансавання ўсяго толькі з-за няўмення пісьмова фармуляваць прапанову яшчэ на этапе яе падачы. Існуюць дакладныя правілы таго, як яна афармляецца і што ў змесце: “longline”, “synopsis”, “director statment” і да таго падобныя. Усё гэта трэба ўмець рабіць, як і размаўляць на англійскай мове — і гэта яшчэ адна ўмова працы на глабальным кінарынку. Так, тры праекты не здолелі ўдзельнічаць у пітчынгу, паколькі аўтары не валодалі на патрэбным узроўні мовай.

Не лічачы гэтых непаразуменняў, непасрэдна сам працэс прэзентацыі прайшоў паспяхова. Высветлілася, што недахопу ідэй у рэжысёраў, якія пачынаюць, няма — праекты сапраўды аказаліся цікавымі і закранулі важныя тэмы. Мяркуючы па рэакцыі, ментары таксама былі прыемна здзіўленыя ўзроўнем праектаў і выказалі жаданне далей іх падтрымліваць і займацца прасоўваннем на міжнародным узроўні.

Аўтарскі фідбэк

Былі адабраныя 5 найбольш перспектыўных работ: “Мастацтва цэнзуры” Максіма Шведа, “Babushka Lost in Transition” Аляксандра Міхалковіча, “У напрамку да цуда!” Кацярыны Маркавец, “Мая Германія” Аляксандра Свішчэнкова і “Звычайнае кіно” Любові Земцовай.

Пасля ж рэжысёры ацанілі атрыманы досвед. Кацярына Маркавец асабліва адзначыла ўцягнутасць у працэс, захопленасць справай ментараў. “Звычайна майстры табе кажуць: “Трэба змяніць назву” — і ты потым доўга думаеш… А Віктар і Алекс самі спантанна генеравалі мноства варыянтаў: “Трэба змяніць назву! А калі назваць так і так. Давай лепш… вось гэта возьмем!” Я была здзіўленая падыходам, калі табе проста дораць варыянты”, — прызналася аўтар. Максіму Шведу трэнінг спадабаўся перш за ўсё магчымасцю працаваць у камандзе. “Камандны дух у прынцыпе ў творчай справе вельмі важны. Ты разумееш, што не адзін такі вар’ят, што ёсць гэткія ж апантаныя энтузіясты і ад гэтага не страшна рухацца далей. Веру, што ў гэтай гісторыі будзе працяг і мы здымем тое, аб чым распавядалі”, — адзначыў рэжысёр, які прэзентаваў праект, што разглядае працоўныя абавязкі камунальнікаў як сучасную форму мастацтва.

Зваротная сувязь, атрыманая ад аўтараў, падштурхоўвае да думкі, што айчыннае кіно сёння развіваецца па прынцыпе не дзякуючы, а насуперак. У такіх, пакуль што не самых камфортных умовах, даводзіцца забывацца на прыродную сарамлівасць і вучыцца стаяць за сябе і ўласныя ідэі. Падаецца, так можна зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі.

Тарас ТАРНАЛІЦКІ, кінааглядальнік