Рэжысёры не “ідуць да гары”?

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Міжнародныя кінафестывалі як магчымасць для нас
“Адзіны фільм з Беларусі, які быў дасланы на конкурс фестывалю ў Карлавых Варах за апошнія шэсць гадоў, — “Граф у апельсінах” Улады Сяньковай”, — адборшчык вядомага кінафоруму Усходняй і Цэнтральнай Еўропы Ленка ТЫРПАКОВА адным сказам пазначыла прысутнасць беларускага кіно на міжнароднай кінасцэне. Але канстатацыяй у гэтай падборцы матэрыялаў мы не абмяжуемся. Гаворка пойдзе пра індустрыяльную платформу “Лістапада-2016”, Дзень міжнародных фестываляў і актуальныя магчымасці развіцця і фестывальнага пракату ўласных кінапраектаў ды адукацыйны пітчынг. І, дарэчы, усё не так страшна, як падаецца спярша, але не так проста, як можна падумаць.

/i/content/pi/cult/613/13640/4-2.jpg

Ленка Тырпакава (справа) у час прэзентацыі на індустрыяльнай платформе “Лістапада”. / Фота Аліны КАСЦЮКОВАЙ

Варта адзначыць, што ўсё ж такі кінафестываль у Карлавых Варах перасекся з беларускім кінематографам не толькі на прыкладзе работы Улады Сяньковай. У 2005 годзе стужка нашай вядомай дакументалісткі Галіны Адамовіч “Божа мой” не толькі была заяўлена на фестываль класа “А”, але перамагла ў яго конкурсе дакументальных фільмаў. Мяркую, што знойдуцца яшчэ прэтэндэнты на ўдзел у форуме. Тым не менш, тое, што беларусы не надта спрабуюць “штурмаваць” міжнародныя кінаалімпы, — на прыкладзе пляцоўкі ў Карлавых Варах стала не абстрактна, а пацверджана відавочным. З чым тое звязана — зробім здагадкі трошкі ніжэй.

Брэнд і супольны праект

Некалькі словаў пра, уласна, саму слынную кінапляцоўку, якая, хутчэй, падаецца ў нашых СМІ як адносна далёкая вядомая ў свеце кінападзея, чым патэнцыйнае месца для пошуку кантактаў і прасоўвання беларускай кінематаграфіі. Для даведкі: форум у Карлавых Варах сёлета адбыўся ў 52-гі раз. Маленькі курортны горад, вядомы пейзажамі і мінеральнай вадой, штогод у чэрвені — ліпені, часе правядзення падзеі, разрастаецца да памераў, прынамсі, буйнога абласнога цэнтра. На праграму, якая ўключае каля 480 паказаў цягам тыдня, прыязджаюць гледачы з усёй Чэхіі ды з замежжа. Як вам імёны Джуда Лоу, Антоніа Бандэраса, Джона Малкавіча? Курорт курортам, але ў звязцы з фестывалем ён дае надзвычайны эфект: зоркі сусветнага кінематографа, пабываўшы ў Чэхіі, адзначаюць камернасць ды ўтульную атмасферу і — рэкамендуюць фэст калегам.

Акрамя таго, форум у Карлавых Варах — і адна з самых дэмакратычных пляцовак. Да прыкладу, гледачы, каму не па кішэні пасяліцца ў гатэлях, могуць жыць у адмыслова створаным намётавым лагеры, ад якога на пляцоўкі фестывалю пастаянна курсуе аўтобус. “Да нас ездзіць ужо не адно пакаленне гледачоў, якія пазнаёміліся ў лагеры,  — жартуе спадарыня Ленка. — Часам гэта ўжо сем’і разам з дзецьмі”.

Што да рамак праграмы, дык адборшчыкі трымаюць курс на радыкальнае кіно і імкнуцца прадставіць на сваёй пляцоўцы кіно Усходняй і Заходняй Еўропы, Грэцыі і Турцыі, займаючы пазіцыю фэста на скрыжаванні культур. Геапалітычнае становішча, падтрымка дзяржавы і горада — і фестываль прыносіць карысць у тым ліку нацыянальнаму кіно, ствараючы магчымасць для прасоўвання кіно Чэхіі.

Кінаагляд і пляцоўка

— Дарэчы, сёлета пераможцам на форуме стаў фільм венгра Салбача Хайду “Гэта не лепшы час майго жыцця”, зняты амаль без бюджэту, — адзначыла Ленка сістэму крытэрыяў фестывалю. — У стужцы задзейнічаны сям’я Хайду, сябры. Пасля экзаменаў на прэм’еру прыехалі студэнты-аператары, у якіх выкладае аўтар і каго запрасіў працаваць над карцінай. Гэты прыклад паказвае, што кураж і талент могуць апярэдзіць вялікія бюджэты, — падкрэслівае прамоўца.  — Незалежны фільм цалкам здольны перамагчы на форуме.

На фестывалі, акрамя трох конкурсаў — асноўнага ігравога кіно, дакументальнага і дэбютнага, маладых рэжысёраў у адмысловым “Ад Усходу на Захад” спаборніцтве, — працуюць індустрыяльныя платформы. Адна з іх — “Работы ў працэсе” — прадастаўляе магчымасць атрымаць фінансаванне і паслугі па поствытворчасці. “Няма такога стрэсу, як у Канах, Берліне, але ўсе галоўныя ігракі прысутнічаюць: адборшчыкі буйных фестываляў, прадзюсары, агенты,  — распавяла Ленка Тырпакова пра платформу. Таксама з гэтага года на форуме распачала працу адмысловая лабараторыя для падтрымкі эксперыментальных фільмаў. Узнагарода тут прадугледжваецца таксама немалая: 50 000 еўра (пераможца “Работы ў працэсе” атрымоўвае 100 000 еўра). “Калі ласка, дасылайце вашы работы!” — звярнулася сябра шматлікіх міжнародных журы да прысутных падчас прэзентацыі.

Што ж не так?

Вось тут, бадай, самы час пагаварыць пра тое, чаму беларускае кіно ўсё ж такі не даязджае да такіх прэстыжных пляцовак, якія насамрэч надзвычай зацікаўлены ў новым кіно. Па-першае, магчыма, заяўка на ўдзел у фестывалі класа “А” каштуе дорага? Так, тое праўда: напрыклад, каб заявіць сваю работу ў любы з конкурсаў, рэжысёр мусіць заплаціць узнос 50 еўра. Але высветлілася, тая перашкода не з’яўляецца непераадольнай: адборшчыкі часам настолькі зацікаўлены ў кіно новага рэгіёну, што ахвотна ідуць насустрач аўтару, калі ён праяўляе ініцыятыву.

Другая, здаецца, неабходная ўмова, якую цяжка выканаць, — права “першай ночы”. Падобныя буйныя форумы класа “А” патрабуюць прэм’еру — тое неаднаразова можна было чуць ад спецыялістаў. І зноў-такі, міф быў выкрыты імгненна: стужкі, якія прадстаўленыя на міжнародных фестывалях у нацыянальных конкурсах, цалкам легітымныя для падачы, да прыкладу, у тыя ж Карлавы Вары. “Мы нават адмыслова ездзім па розных краінах на нацыянальныя фестывалі, каб знайсці цікавы для нас фільм”,  — распавяла пра сваю працу спадарыня Ленка. І Нацыянальны конкурс на “Лістападзе” становіцца “той самай” пляцоўкай для далейшага шляху карціны. З аднаго боку, пэўны адбор фільм ужо прайшоў, з іншага — за міжнародную прэм’еру тут паказ не лічыцца, што адкрывае далейшыя магчымасці фестывальнага пракатнага лёсу.

Фармат стужкі. Трэцяя перашкода. І, сапраўды, усе конкурсы ды нават панэлі на чэшскім форуме скіраваны прымаць менавіта поўны метр. Нават дакументальнае кіно мусіць мець працягласць не меней за 60 хвілін. Аднак і тут спецыялістка прапанавала іншую магчымасць — Міжнародны фестываль кароткага метра ў Празе, які курыруе яго “старэйшы брат” у Карлавых Варах. І праблема аказалася вырашальнай. Дык у чым жа справа?

А чаму не так?

Справа, аказалася, менавіта ў саміх рэжысёрах, якія мусяць не баяцца і спрабаваць прасоўваць свае праекты на самых розных пляцоўках. Магчымасці ёсць, проста пакуль Магамет рэдка “ідзе да гары”.

— Якія памылкі ёсць у маладых аўтараў?  — адказвае на маё пытанне Ленка Тырпакова. — Не хацелася б каго-небудзь адштурхнуць сваім адказам. Лепш адзначу тое, што прываблівае. Напэўна, у працы мусіць быць энергія, на якую я адгукнуся. Акрамя таго, сучасная тэма, добры сцэнарый. Маладыя рэжысёры мусяць глядзець сучаснае кіно, каб разумець, што адбываецца ў свеце. Гэтая нагледжанасць таксама заўважная. Ды, вядома, не трэба баяцца рабіць штосьці незвычайнае.

Ленка Тырпакова адзначыла, што фестываль у Карлавых Варах імкнуўся развіваць нацыянальную кінаіндустрыю, таму яго магчымасці, у першую чаргу, былі скіраваныя на адкрыццё імёнаў у чэшскім кінематографе. “Лістапад” апошнія гады таксама пазначае гэты кірунак у сваім руху. Ды нават з’яўленне індустрыяльнай платформы — важны крок для дыскусій і прамаўлення актуальных праблем айчыннага кіно. Але ці здольны кінафорум зрушыць цэлую галіну?

— Адзін фестываль, якім бы цудоўным ён ні быў, не выратуе кінаіндустрыю, — дзеліцца Ленка Тырпакова,  — І мы разумеем свае магчымасці. Без падтрымкі дзяржавы, адпаведных захадаў развіццё не атрымаецца. Гэта вялікая праца, якая мае на ўвазе намаганні кола інстанцый, іх фінансавыя і інтэлектуальныя ўкладанні ў кінапрацэс.

У гэтым кантэксце актуальнае пытанне наконт ролі нашых дзяржаўных інстытуцый у прасоўванні беларускага кіно. “Лістапад” не здольны закрыць усе прагалы, і ў гэтым плане зноў агаляюцца болевыя кропкі нашай кінаіндустрыі. І адсутнасць да сёння адпаведнай службы, якая на рэгулярнай аснове, а не час ад часу займалася б адсылкай беларускага кіно на фестывалі. І паўпусты павільён нашай кінематаграфіі ў Канах, ды адсутнасць падобных на іншых буйных кінарынках. Ды і “прасяданне” дыстрыб’ютарскай і прадзюсарскай пазіцый адносна беларускіх праектаў.

Можна спасылацца на аўтараў, але новыя рэжысёры і так прадастаўлены самі сабе; ніхто акрамя абраных фестывальных дырэкцый не дапамагае ім распаўсюджваць іх ідэі і выказванні на міжнародныя кінапляцоўкі. Суб’ект — інстытуцыя айчыннага кінаполя, якая б займалася гэтай справай на пастаяннай аснове, на дадзены момант попрасту адсутнічае. Мы зноў вяртаемся да ідэі Фонда беларускага кіно, неабходнасць у якім выяўляецца з кожным новым крокам у бок міжнароднай кінасупольнасці і кінапрацэсаў. Як хутка ён з’явіцца? Ці рэжысёрам зноў разлічваць толькі на саміх сябе? Індустрыяльная платформа фестывалю “Лістапад” толькі распачала свае жыццё — і адразу праблематызавала нашы пазіцыі ў дачыненні свету, да якіх, здаецца, мы ўжо прызвычаіліся.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"