Тэлемост злучыць краіны
У Дзень Перамогі ў абласным цэнтры будзе дзейнічаць тэлевізійны мост “Паклонная гара — Брэсцкая крэпасць”.
У прамым эфіры выступяць беларускія і расійскія артысты. Запланавана дэманстрацыя каля 35 канцэртных нумароў, якія ўбачаць на свята Масква і Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Тэлевізійны мост — яшчэ адзін доказ таго, што Беларусь і Расія заўжды поплеч — і ў гады ваеннага ліхалецця, і ў сённяшні мірны час. Святочныя мерапрыемствы пройдуць гэтым днём таксама ў кожным райцэнтры, у кожнай вёсцы
Брэстчыны.
Віцебшчына
“Песняры” віншуюць ветэранаў
Па краіне крочыць культурная акцыя “Мы — беларусы!”. У яе рамках на сцэне Віцебскага амфітэатра ў Дзень Перамогі перад ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, жыхарамі і гасцямі абласнога цэнтра выступіць Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Папраўдзе святочны падарунак для ўсіх пакаленняў!
Гомельшчына
Подзвіг уславіць хор
У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі з нагоды 63-га свята Дня Перамогі адкрылася музейная экспазіцыя, якая ўшаноўвае подзвіг тых, хто адстаяў мір у свеце. Мужнасць воінаў-вызваліцеляў будзе ўслаўлена, натуральна, і ў час мітынгаў, урачыстых шэсцяў і масавых гулянняў. Упершыню ў святочных мерапрыемствах 9 мая перад жыхарамі горада над Сожам выступіць праваслаўны хор Гомельскай епархіі.
Гродзеншчына
Гасцей прыняла філармонія
Урачыстасці ў Гродне распачаліся яшчэ 8 мая. У гэты дзень вялікі святочны канцэрт прайшоў у Гродзенскай абласной філармоніі. Сваё майстэрства прадэманстравалі прафесійныя ды самадзейныя калектывы і выканаўцы вобласці. 9 мая ўрачыстыя мітынгі і канцэрты адбудуцца ва ўсіх райцэнтрах, вёсках і аграгарадках вобласці. У Гродне мітынг пройдзе на плошчы Леніна. А 11 мая перад жыхарамі абласнога цэнтра і вобласці выступіць Тэатр песні Ірыны Дарафеевай.
Магілёўшчына
Канцэрты на Буйніцкім полі
Асноўныя святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі пройдуць ля абласнога цэнтра — у мемарыяльным комплексе “Буйнічы”. На месцы колішніх жорсткіх баёў з фашысцкімі захопнікамі будуць наладжаны святочныяканцэрты і тэатралізаваныя прадстаўленні з удзелам лепшых прафесійных і самадзейных творчых калектываў Магілёўшчыны. А ў Пячэрскім парку Абласнога цэнтра ветэранаў чакаюць традыцыйныя “франтавыя паляны”.
Наш кар.